З. Новы паварот у вайне
Напрыканцы 1939 года некалькі нашых вяскоўцаў забралі на фінскую вайну, у тым ліку і нашага суседа Косцю Паўловіча. Праз нейкі час ён, паранены і абмарожаны, вярнуўся дадому.
22 чэрвеня 1941 года Германія напала на СССР. Магло адбыцца і наадварот. І Сталін і Гітлер чакалі зручнага часу для нападу адзін на другога.
Аб тым, што пачалася вайна, вёска даведалася ад майго бацькі. У той час у нас не было электрычнасці, не было радыё, не было аўтобуснага руху. Адзіны тэлефон быў толькі ва ўправе калгаса. Патэлефанавалі з Бягомля, перадалі, што пачалася вайна. Што рабіць, як быць далей, нічога не сказалі, сувязь парушылася і больш яна з раённым цэнтрам не аднавілася. У нашым двары вечарамі сталі збірацца вяскоўцы. Надвор’е было цёплае, але ўсе былі адзеты не па-летняму, быццам бы ўжо ніколі больш не вернуцца дадому. Людзі былі напалоханы, гаманілі напаўголаса. Нам, дзецям, было незразумела, чаму дарослыя так напалоханы вайной. Мы ж кожны дзень гулялі ў вайну і нічога жахлівага ў гэтым не бачылі. Мы з цікавасцю яе чакалі разам з дарослымі, каб уключыцца ў гэтую агульную «гульню».
Можа, праз два-тры дні сталі чутны выбухі і былі бачны трывожныя зарніцы ў напрамку Докшыц. Потым гэтыя выбухі сталі перасоўвацца на поўнач, паўночны ўсход і зусім заціхлі дзесьці на ўсходзе. Мой бацька называў невядомыя мне гарады — Полацк, Віцебск, Лепель, Барысаў, куды, на яго думку, пасунуўся фронт.
У 1941 годзе мы так і не адчулі, што такое вайна. Мужчыны ўсе засталіся дома, на вайну нікога не забралі, мабілізацыя спазнілася. Апынуліся на вайне толькі тыя вяскоўцы, якія ў гэтыя дні былі па нейкіх справах у раённым цэнтры Бягомлі. Іх там проста пахапалі і павезлі на Барысаў. Сярод іх апынуўся і наш сусед Зміцер Маскалейчык, шафёр калгаснай палутаркі. Ён прайшоў амаль усю вайну і толькі ў канцы быў лёгка паранены.
Так склаліся абставіны, што праз нашу вёску ў 1941 годзе не адступала Чырвоная Армія, не наступалі немцы, не ішлі натоўпы бежанцаў, не гналі статкі буйной рагатай жывёлы на ўсход, каб яны не дасталіся ворагу. Нашу вёску не бамбілі, не абстрэльвалі з гармат, немцы не ўрываліся ў нашы хаты, нікога не забівалі, не рабавалі, не гвалтавалі. І калі, будучы дарослым, я чытаў творы пра вайну, бачыў кінастужкі, мая свядомасць уступала з гэтым у супярэчнасць. Я пражыў усю вайну ў акупацыі і добра ведаў, як усё адбывалася ў адной, асобна ўзятай вёсцы.