19. Трагедыя ў вёсцы

Пакуль мы хаваліся на балоце, у нашай вёсцы разгортваліся трагічныя падзеі. Свае хаты пакінулі не ўсе жыхары. На месцы засталіся хворыя і састарэлыя людзі, а таксама тыя, хто не пажадаў расставацца са сваёй маёмасцю. Былі і такія, хто лічыў, што ім нічога не пагражае. Большасць іх схавалася побач са сваімі хатамі ў ямах, у кустарніках, у высокай траве, у бульбяных барознах, і нават на гарышчы сваіх хат. Такіх людзей у вёсцы засталося шмат, але колькі ўсяго, не ведаю.

Калі немцы ўвайшлі ў Нябышына, то першай жывой душой, якую яны ўбачылі, была мая бабуля Наста. Ёй надакучыла сядзець у адзіноце ў сховішчы і яна пайшла ў вёску да сваёй хаты. Тут і сустрэлася з немцамі. Як потым расказвалі людзі, якія назіралі са сваіх сховішчаў за падзеямі і ацалелі, немцы цераз перакладчыка паразмаўлялі з бабуляй, нечым яе пачаставалі і загадалі прайсці па вёсцы і сказаць людзям, каб яны нічога не баяліся. Але гэта было не зусім так. Хоць немцы зачыстку ў вёсцы і не рабілі, але калі яны выпадкова напароліся на некалькіх чалавек, то працаздольных тут жа накіравалі ў Докшыцы для далейшай адпраўкі на працу ў Нямеччыну. Старых і хворых адпусцілі, нікога не забілі.

А мая бабуля так і пайшла вольна па вуліцы, пакуль не зайшла ў хату да сваёй сяброўкі-аднагодкі паразмаўляць. Немцы ўпэўніліся, што ў нашай вёсцы партызанамі і не пахне, падпалілі чатыры крайнія хаты, у тым ліку і нашу, і пайшлі далей у бок Бягомля. Яшчэ раз напомню, што гэтыя хаты спалілі па той прычыне, што ў мінулым месяцы партызаны вялі стральбу з нашага двара па групе немцаў. Убачыўшы пажар, людзі, якія хаваліся побач з вёскай, прадбачліва кінуліся ў лес. Вось якраз у гэты момант я і прыбег да сваёй хаты, каб уратаваць сабачку, але хата ўжо гарэла.

Між тым і ў гэты момант у вёсцы заставаліся жыхары. Праз нейкі час у яе ўвайшлі паліцаі. Іх было не надта многа, чалавек 15–20, можа, крыху больш, і з імі каля дзесятка падвод. Якая мэта была ў іх, можна здагадацца. Яны сталі рабаваць пустыя хаты і грузіць скарб на вазы.

Разам з паліцаямі рабаўніцтвам займалася і адна жанчына. Людзі, якія рызыкнулі і засталіся ў сваіх сховішчах побач з вёскай, здалёк пазналі яе. Гэта была наша нябышынская жанчына Надзя Прахаронак. Да вайны яна пайшла замуж у вёску з недалёкай Заходняй Беларусі. Яе муж якраз і быў начальнікам гэтай паліцэйскай каманды. Жанчына добра ведала хаты, у якіх можна было добра пажывіцца. Людзі, убачыўшы яе, асмялелі: гэта ж наша жанчына! Яны павылазілі са сваіх сховішчаў і накіраваліся да яе, як да выратавальніцы. Яны папрасілі спыніць рабаўніцтва, не здагадваючыся, што падпісваюць тым самым сабе смяротны прыгавор. Надзя была ўпэўнена, што вёска пустая, і гэта сустрэча з людзьмі была для яе нечаканай і непажаданай. Менавіта яна, Надзя Прахаронак, параіла свайму мужу-паліцаю зрабіць так, каб у вёсцы не засталося ніводнага сведкі. Паліцаі абшукалі вёску і яе наваколле. Усіх, каго злавілі, загналі ў пуню. Такіх было не менш 30 чалавек. Потым у пуню кінулі гранату і падпалілі. З пуні чуліся крыкі і плач. Кажуць, што Надзя Прахаронак не пашкадавала і сваіх бацькоў, яны загінулі ў той жа пуні. Хто спрабаваў збегчы, таго застрэлілі. Старых і хворых забівалі на месцы. Такі лёс напаткаў і маю бабулю. У пуні згарэў і стрыечны брат са сваёй няроднай маці. Яму было ўсяго 5 гадоў, ён хварэў. Жанчына засталася з ім, каб даглядаць, і загінула разам. Яе муж Іван Стульбёнак па прозвішчы Ананім са сваімі сынамі Міхаілам і Мікалаем уратаваўся.

Дарэчы, Прахаронак — гэта таксама не прозвішча, а мянушка. Дзеда звалі Прохарам. Старэйшы брат Надзі, Аляксандр, загінуў у партызанах. Пахаваны ён на могілках у нашай вёсцы Нябышына. Памятаю, як труну з нябожчыкам перапраўлялі цераз раку Поня на чаўне, бо мост быў спалены. На яго магіле быў усталёваны замест крыжа слупок з пяціканцовай зоркай зверху. Калі я вучыўся ў школе, мы, вучні, разам з настаўнікамі даглядалі яго магілу. Але школу даўно зачынілі і нават будынак разабралі. Зараз, калі я пісаў гэтыя свае ўспаміны, паехаў у вёску, каб яшчэ раз пабачыць тое месца, удакладніць нейкія дэталі. Але магілу я не знайшоў. Ніхто з жыхароў вёскі таксама не змог ўспомніць, дзе тое месца. Вось такая «памяць» аб канкрэтным партызане Вялікай Айчыннай вайны. Тут назіраецца абыякавасць як жыхароў вёскі, так і мясцовай адміністрацыі.

Другі брат Надзі Прахаронак, Пётра пасля вайны з’ехаў да сваякоў на Украіну. Памятаю, ён называў і горад — Каменскае. Вось такая была вайна: часам свае былі жахлівей, чым немцы. Пра Надзю я больш нічога не чуў, нават не ведаю, ці шукалі яе і яе мужа-паліцая пасля вайны, каб аддаць іх пад суд. Якое ж было маё здзіўленне, калі я пачуў ад аднавяскоўцаў, што Надзя Прахаронак пасля вайны працавала ў леспрамгасе, жыла ў вагончыку разам з лесарубамі і дажыла да глыбокай старасці ў вёсцы Далёкае. Дарэчы, у гэтай вёсцы нарадзіўся і вырас бацька трохразовага алімпійскага чэмпіёна ў веславанні Уладзіміра Парфяновіча. Яго гэтак сама завуць Уладзімір Парфяновіч. Я з ім сябраваў і правучыўся разам з ім у адной і той жа школе з 1-га па 7-ы клас.

Зараз вёска Далёкае ўжо не існуе.