7. Першы раз у першы клас

2 жніўня 1941 года мне споўнілася 7 гадоў, трэба было рыхтавацца да школы. Бацькі, не толькі мае, непакоіліся, ці будуць працаваць школы ва ўмовах акупацыі. Але ўсё склалася найлепшым чынам. У жніўні ў нашу вёску наведаліся дзве жанчыны з валасной управы і ўзялі на ўлік усіх дзяцей школьнага ўзросту. Мой бацька яшчэ да вайны набыў мне буквар, сшыткі, алоўкі.

Як я ўжо згадваў, наша школа згарэла ў студзені 1940 года, у самыя моцныя маразы. Для малодшых класаў пабудавалі хату-пяцісценку. Астатнія дзеці хадзілі ў школу за 2 кіламетры ў суседнюю вёску Вітунічы. Такі ж парадак застаўся і пры немцах.

1 верасня 1941 года я пайшоў у першы клас. Ніякай нацысцкай прапаганды ў школе не вялося. Настаўніца ні разу не называла ўслых прозвішчы фашысціх правадыроў Гітлера, Гебельса, Герынга. Яна нас проста вучыла чытаць, пісаць і лічыць. Прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі ні разу не наведалі школу, каб пракантраляваць навучальны працэс.

Але вучыцца нам давялося нядоўга. У лістападзе (зямля ўжо была падмарожана, але снег яшчэ не выпаў) да школы падышла група ўзброеных людзей. Школа стаяла асобна, крыху ў баку ад вёскі, і падысці да яе можна было непрыкметна з боку могілак. Гэта былі чырвонаармейцы, адстаўшыя ад фронту. Іх шмат блыталася ў навакольных лясах. Яны былі брудныя, абадраныя, няголеныя, навялі на нас жах. Магчыма, яны шукалі ежу. У клас увайшлі трое, астатнія засталіся на вуліцы. Яны былі вельмі здзіўлены — ідзе вайна, немцы ўжо пад Масквою, а тут, як ні ў чым не бывала, у школе ідуць заняткі. Такое дапусціць нельга. Адзін з іх, магчыма, старэйшы, схапіў настаўніцу і закрычаў ёй у твар: «Ты фашысцкая прыслужніца, здрадніца!» — і штосьці яшчэ.

Потым ён успомніў пра нас і па-драпежніцку закрычаў: «А вы, фашысцкія ўблюдкі, марш дадому і каб вашага духу тут больш не было!» Яны размаўлялі па-руску. Можна сказаць, што гэта быў для нас першы ўрок рускай мовы і апошні ўрок заняткаў у школе. Мы, напалоханыя, пабеглі дадому, кінуўшы ў школе сваё адзенне, буквары, пісьмовыя прылады. Больш мы ў школу не пайшлі, было небяспечна. Што здарылася з настаўніцай — не ведаю.

У Вітунічах школа працавала да канца вучэбнага года.