32. Хвароба за хваробай
Вайна тым часам адсунулася далёка на захад за межы нашай краіны. Пасля таго, як Чырвоная Армія вызваліла нас ад нямецкай акупацыі, паліцэйскага і партызанскага самадурства і бязмежжа, мы неяк расслабіліся. Тут і насунулася на нас новая навала — хваробы. Першай хваробай, якая напала на дзяцей, была свінка. На нашых тварах ад вуха да вуха цераз падбародак утварылася ці нейкая пухліна, ці ацёк. Магчыма, хвароба перадавалася ад аднаго да другога. Але нікога гэта не хвалявала: ні настаўнікаў, ні бацькоў. Ніякай медыцынскай дапамогі мы не атрымлівалі. Мы мелі непрыемны выгляд, адчувалі недамаганне, але хадзілі ў школу. Праз тыдзень я выздаравеў. Не паспелі мы ачуняць ад адной хваробы, як прыйшла новая. На гэты раз шмат дзяцей, у тым ліку і я, перахварэлі на адзёр. У мяне твар і ўсё цела пакрылася чырвонымі плямамі, тэмпература высокая, я адчуваў сябе кепска. Два тыдні я не хадзіў у школу. І зноў ніякай медыцынскай дапамогі не аказвалася. Шмат хто ў вёсцы перахварэў малярыяй, у тым ліку і мой брат Андрэй. Ён змог атрымаць медыцынскую дапамогу. Яму ўжо споўнілася 15 гадоў і ён самастойна схадзіў ў Бягомль за 15 км, каб наведацца ў паліклініку да доктара. Яму прапісалі прымаць пілюлі хіны. Мама нават пафарбавала хінай у жоўты колер фіранкі на вокны з парашутнага шоўку.
Нязносныя пакуты нам прычыняла кароста. Мы, карослівыя, сядзелі на ўроках і ўвесь час чухаліся, сорамна было паказаць рукі, хавалі іх пад сталом. І зноў ніякай медыцынскай дапамогі і ніякіх парад. Выратаваў мяне дзядзька Лаўрэн, узяўшыся за маё лячэнне. Ён добра напаліў лазню, якую зусім нядаўна пабудаваў сваімі рукамі. Дарэчы сказаць, дзядзька Лаўрэн быў майстра на ўсе рукі. Ён мяне абстрыг нагала, я добра прапацеў і абмыўся. У лазні больш нікога не было. Маё чыстае цела з галавы да ног дзядзька Лаўрэн намазаў калёсным дзёгцем. Гадзіны дзве я прасядзеў у цёплай лазні, потым апрануўся ў самае горшае адзенне і два дні прасядзеў у хаце. Потым зноў была лазня. Я адмыўся ад дзёгця і выйшаў з лазні чысты — каросты як не было. Вось такім стаўся для мяне першы пасля вызвалення год. А вайна працягвалася.