13. Зноў партызаны

Ледзь скончылася прабыванне ў нашай вёсцы атрада Мядзведзева, як у красавіку 1943 года ў нашай вёсцы нечакана з’явіўся партызанскі атрад Шляхтунова. Гэта была вышкаленая вайсковая часць, якая выглядала больш грозна, чым нават атрад Мядзведзева. Гэтыя «партызаны» таксама былі апрануты ў новую форму. У іх мелася зброя: аўтаматы, кулямёты, супрацьтанкавыя ружжы і нават лёгкія пераносныя мінамёты. Частка атрада была на падводах, частка — верхам.

Шляхтуноўцы стаялі ў нашай вёсцы некалькі дзён. Для мясцовых жыхароў гэта было няпростае выпрабаванне. Маім бацькам адносна пашчасціла, мы ўтрымлівалі аднаго чалавека — камандзіра. Шляхтуноў, як і раней Мядзведзеў, абраў для сябе нашу хату, а наша сям’я, акрамя мяне, часова перабралася ў старую хату. Я заставаўся ў новай разам з камандзірам атрада. Ён адпачываў на ложку, а я на палку за грубкай. Раніцай прыходзіла мама і рыхтавала госцю сняданак. Днём на падлозе я распачынаў нейкія гульні, але ні Мядзведзеў, ні Шляхтуноў на мяне так і не звярнулі ўвагі. Для мяне гэта было крыўдна.

Аднойчы некалькі партызан сядзелі за хатай, грэліся на сонцы, як на дарозе з боку вёскі Далёкае стала бачна група ўзброеных людзей. Гэта маглі быць ці немцы, ці паліцаі, разгледзець было немагчыма, адлегласць да іх была больш за кіламетр. Партызаны ў іх бок далі некалькі аўтаматных чэрг. Мой бацька кінуўся да партызан з крыкам: «Што вы нарабілі, навошта стралялі? Заўтра вы пакінеце вёску на волю лёсу, а паслязаўтра немцы спаляць маю хату». Так яно і здарылася, нашу хату спалілі цераз 20–25 дзён.

Шляхтуноў павёў свой атрад на захад у бок Докшыц. Нам гэта было незразумела, там жа моцны нямецкі гарнізон? У той жа дзень да нашай хаты прыскакалі 20–30 вершнікаў на чале з камбрыгам Дуброўскім. Ён хацеў сустрэцца з Шляхтуновым для нейкіх перамоў, але спазніўся. На нашым гумне яны спешыліся і прыселі на траву адпачыць. Я быў з бацькам у хаце, калі да нас увайшоў партызан, відаць, афіцэр, яго прозвішча — Андрыянаў. Ён прычапіўся да майго бацькі, схапіў за грудкі, стаў пагражаць пісталетам і крычаць, чаму бацька не ў партызанах, чаму яго не забілі немцы, як старшыню калгаса? Я напалохаўся і стаў крычаць. Праз адчыненае акно мой крык пачулі. У хату прыбеглі іншыя партызаны і ўтаймавалі раз’юшанага ваяку. Так я ўратаваў свайго бацьку. Вось так і жылі мы кожны дзень пад страхам.