30. Жыццё працягваецца
Бацька пайшоў на фронт, а мы — мама, брат Андрэй і я засталіся ў шалашы. Жыццё працягвалася. Але якое гэта было жыццё? Гады акупацыі ў параўнанні з ім маглі здацца раем. Нас чакалі цяжкія выпрабаванні. Знайшоўся бацька Мішы, і мой стрыечны брат разам са сваім карабінам пакінуў наш шалаш. Мы пазбавіліся хоць і мізэрнага, але мяснога рацыёна, які ён здабываў для ўсіх нас. Маму і брата Андрэя штодзённа ганялі на калгасную працу. За гэта нічога не плацілі, толькі ставілі палачкі-працадні. І людзі імкнуліся іх зарабіць, таму што была ўстаноўлена гадавая норма выпрацоўкі працадзён. За невыкананне нормы існавала пакаранне.
Кожную раніцу брыгадзір Іллюк Спічонак заходзіў у кожную хату і даваў загад, каму на якую працу трэба ісці ў гэты дзень. Так, майму брату ён часта казаў: «Андрэй, сёння пойдзеш прычэпшчыкам на трактар, а ты, Дуня — выкідваць гной з кароўніка». Гэта была вельмі цяжкая праца — катарга. Палеткі пуставалі, таму што па віне партызан не было магчымасці восенню 1943 года пасеяць азімыя, а вясной 1944 года — яравыя. Фармальна партызаны лічылі, што ўраджай можа дастацца немцам. Як будзе выжываць насельніцтва, іх не турбавала. Тое, што ўдалося пасадзіць на сваіх палетках, не вырасла без дагляду. Наперадзе нас чакала халодная і галодная зіма, і яшчэ больш галодная вясна.
З Бягомльскай МТС прыгналі калёсны трактар ХТЗ, пачалі араць поле, рыхтваліся да сяўбы азімых. Мы, падлеткі, пільна сачылі, калі будуць араць поле, дзе раней расла бульба. Мы збіралі марожаную гнілую бульбу, якую называлі «лагуны», таму што лупіна лёгка здымалася. З такой бульбы мама пякла ляпёшкті, якія былі вельмі цвёрдыя і чорныя. Але тады здавалася, што яны вельмі смачныя. У першыя пасляваенныя гады ўдосталь наеліся травы. У ежу ішло ўсё: свірэпа, кветкі канюшыны, шчаўе і іншыя расліны.
Сем’і, у якіх былі мужчыны, пачалі будаваць сабе хаты. Першым пабудаваўся Аляксей Ляўко. Ён быў добрым цесляром. Пабудавалі сабе хаты Пётра Кузьміч, Кастусь Шульгат, Міша Кузьміч, Мікалай Бычок, Іллюк Спічонак. Мы, як і шмат іншых сямей, заставаліся жыць у шалашах і часовых пабудовах. На двары ўжо стаяла сярэдзіна жніўня 1944 года. Пара было рыхтавацца да школы. Мая хросная мама Юстына была добрай швачкай. У яе нейкім цудам збераглася даваенная швейная машына, і яна пашыла мне штаны з нямецкай маскіровачнай плашч-палаткі.
На ўзлесках, уздоўж дарог мы збіралі адзенне і абутак, кінуты чырвонаармейцамі ці немцамі, нават драныя, без падэшвы. Падэшвы мы высякалі і выстругвалі з асінавых чурэк па форме і размеру ног і цвікамі прыбівалі да халяваў. У такім абутку хадзіць было нязручна, але іншага выйсця не было. Трэба дадаць, што абутак мы адзявалі на босую нагу, шкарпэтак не было. Аднойчы Міша Сідарчук, Сяргей Ціт, я і Віця Цяпкоўскі ў чарговы раз абшуквалі наваколле вёскі. Я і Віця былі аднагодкі, а Міша і Сяргей — на два гады старэйшыя.
Тут трэба патлумачыць — Міша, мой лепшы сябра, быў сынам Сідара Маскалейчыка і маёй хроснай маці Юстыны. З-за імя бацькі ён атрымаў мянушку — Сідарчук. Тое ж самае атрымалася з Сяргеем. Яго прозвішча Кукуля, а Ціт — гэта імя яго бацькі. Ціт быў кепскі гаспадар, яго сям’я жыла бедна. Але пры савецкай уладзе такія людзі былі ў пашане. Я лічыў, што ў нашай вёсцы не было ніводнага камуніста, але вяскоўцы мяне запэўнілі, што Ціт быў камуністам. Партыйнасць яго не ўратавала, яго арыштавала НКУС у 30-х гадах мінулага стагоддзя, адвезлі ў Мінск і там яго сляды зніклі назаўсёды.
Самым спрытным і кемлівым сярод нас быў Віця. Ён прапанаваў схадзіць на балота, паглядзець, ці паспелі журавіны. На балоце нас чакала незвычайная знаходка, мы знайшлі парашут. У Віці быў кішэнны нож, мы парашут разрэзалі на 4 часткі. Нашы маці пашылі з іх блузы, кофты, фіранкі.