1. Беларусы ў Другой сусветнай вайне

Гэта ўжо не ўспаміны, а мае меркаванні, мае высновы, мой погляд на падзеі Другой сусветнай вайны. Гэта маё ўласнае, можа павярхоўнае, можа, у чымсьці недакладнае, але ўсё ж такі даследаванне.

У першую чаргу трэба адзначыць, што беларусы ўступілі ў Другую сусветную вайну 1 верасня 1939 года, калі на Польшчу, у склад якой уваходзіла значная частка Беларусі, напала гітлераўская Германія. А 17 верасня на Польшчу напаў СССР, хаўруснік Германіі. У складзе польскай арміі было шмат беларусаў. Беларусы змагаліся і за Польшчу, і за Беларусь. Германія і СССР у аднолькавай меры з’яўляюцца вінаватымі ў распальванні самай крывавай, самай бесчалавечнай вайны XX стагоддзя. 22 верасня 1939 года ў Брэсце адбыўся сумесны ваенны парад савецкіх і нямецкіх войскаў, прысвечаны разгрому і падзелу Польшчы. Парад прымалі з нямецкага боку генерал Гудэрыян, з савецкага боку камбрыг Крывашэін. Яны абмяняліся сцягамі. Гудэрыян уручыў Крывашэіну фашысці сцяг, а ўзамен атрымаў савецкі сцяг. Цікава, у якіх музеях зараз знаходзяцца гэтыя «рэліквіі»? Пасля параду палонных палякаў і беларусаў накіравалі ў савецкія канцлагеры, а потым расстралялі ў Катыні і іншых месцах.

Пасля савецкай акупацыі заходніх абласцей Беларусі, супраць заходніх беларусаў пачаліся поўнамаштабныя масавыя рэпрэсіі. У газеце «Народная воля» за 4.08.1998 г. прыведзены наступныя даныя: з верасня 1939 года па 22 чэрвеня 1941 года з Заходняй Беларусі на савецкую тэрыторыю (у Сібір, на Поўнач, у Казахстан) было дэпартавана:

— ваеннапалонных — 46 тысяч;

— грамадзян (мужчын), абвінавачаных органамі савецкай улады — 250 тысяч;

— іншых грамадзян, сем’яў абвінавачаных, людзей, папаўшых пад падазрэнне — 990 тысяч.

Да гэтага трэба дадаць, што за той жа перыяд было расстраляна 135 тысяч чалавек. Як можна, узважыўшы ўсё гэта, лічыць дзень 17 верасня днём вызвалення заходніх беларусаў ад польскага прыгнёту?! Наадварот, пасля «пераможнага» параду, супраць нашых суайчыннікаў працягвалася поўнамаштабная вайна. 19 чэрвеня 1941 года, усяго за тры дні да нападу Германіі на СССР, з Беларусі на Усход была адпраўлена апошняя партыя беларусаў колькасцю 22 тысячы чалавек. Гэта больш за 300 бітком напоўненых вагонаў-цялятнікаў, каля 20 эшалонаў. Толькі 22 чэрвеня 1941 года спынілася тое бязмежжа з боку савецкага рэжыму.

Пачалася так званая Вялікая Айчынная вайна. Паняцце «айчынная» — спрэчнае. Так, беларусы змагаліся за сваю Айчыну. Але за яе змагаліся і тыя, хто быў на баку Чырвонай Арміі, і тыя, хто быў на баку немцаў. Апошнія наіўна спадзяваліся, што з рук немцаў можна было атрымаць незалежнасць сваёй Айчыны — Беларусі. Яны ў другі раз наступілі на адны і тыя ж граблі. Так на пачатку XIX стагоддзя нашы продкі таксама спадзяваліся, што Напалеон падорыць ім на сподачку незалежнае ВКЛ. Тады таксама беларусы былі і ў войску Напалеона і ў войску Кутузава.

Які ўнёсак зрабілі беларусы ў ход Другой сусветнай і Вялікай Айчынай вайны? Калі нас вызваліла Чырвоная Армія з-пад акупацыі, мой бацька сказаў, што нас можна лічыць героямі, пераможцамі. Мы перамаглі, перахітрылі смерць. На нас была накіравана зброя з двух бакоў — з боку немцаў і з боку партызан. Мы лавіравалі між імі і ім назло выжылі ў неверагодных умовах. Можа, мой бацька меў рацыю, што Беларусь існуе ў першую чаргу дзякуючы той частцы насельніцтва, якая здолела выжыць ва ўмовах акупацыі.

Па даных дзяржаўных СМІ, у складзе Чырвонай Арміі змагалася ад 1,3 мільёна да 1,5 мільёна беларусаў. Загінула ад гэтай колькасці ад 800 тысяч да аднаго мільёна чалавек, сярод іх і мой бацька. Чаму такія вялікія страты, гэтае пытанне я ўжо вышэй закранаў.

Беларусы не надта імкнуліся ваяваць. У архіве Генеральнага сакратара ЦК КПСС (Асобая папка), які быў рассакрэчаны першым прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным, захоўваецца даклад Панамарэнкі Сталіну. Сталін трымаў Беларусь пад асобым кантролем. Ён добра ведаў гісторыю, ведаў, як беларусы ліхаманілі імперыю: паўстанне Тадэвуша Касцюшкі 1794–1795 гадоў, паўстанне 1830–1831 гадоў, паўстанне Кастуся Каліноўскага 1863–1864 гадоў.

Сталін не мог дараваць беларусам утварэнне БНР і Слуцкае паўстанне. Калі немцы акупавалі Беларусь, Сталін выклікаў Панамарэнку і загадаў яму падрыхтаваць даклад пра становішча ў Беларусі. Гэты даклад лёг на стол Сталіну ў верасні ці кастрычніку 1941 года. З даклада можна даведацца, што з 3,335 мільёна чырвонаармейцаў, якія здаліся ў нямецкі палон у першыя месяцы вайны, беларусы складаюць 1,5 мільёна, ці 40 адсоткаў. (Усяго ў нямецкі палон за 1941–1945 г. папала 5,754 мільёна чырвонаармейцаў.) Далей з даклада Панамарэнкі можна даведацца, што эшалоны з мабілізаванымі беларусамі, якіх везлі на ўсход для фарміравання і папаўнення воінскіх часцей, па дарозе разбягаліся, і эшалоны на месцы прызначэння прыбывалі амаль пустымі. Колькі было такіх эшалонаў, колькі было такіх уцекачоў, нашых землякоў — мне невядома. Безумоўна, архіўныя дакументы з «Асобай папкі» генсека асабіста я сам не чытаў, у сваіх руках яе не трымаў, не гартаў яе выцвілыя старонкі. Аб усім гэтым я даведаўся з тэлеперадачы журналіста, гісторыка Леаніда Млечына на тэлеканале ТВЦ. 50-хвілінная перадача, прысвечаная падзеям на Беларусі 1941 года, была паказана 28.06.2004 года.

Але ж беларусы змагаліся, і змагаліся не толькі ў складзе Чырвонай Арміі і прамаскоўскіх партызан. Шмат беларусаў змагалася ў партызанскіх атрадах Арміі Краёвай, якія дзейнічалі як на тэрыторыі Польшчы, так і на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Беларусы змагаліся і ў складзе Арміі Краёвай пад камандаваннем польскага генерала Андэрса, якая дзейнічала на тэрыторыі Італіі і ў Паўночнай Афрыцы. У бітве за Монтэ-Касіна загінула 264 беларуса, за Балонію — 287 беларусаў, за Ларэту — 234. Агулам у Паўночнай Афрыцы і ў Італіі загінула 1583 беларуса ці ўраджэнца Беларусі. Больш падрабязна аб гэтым можна азнаёміцца ў часопісе «Беларускі гістарычны зборнік» № 17.

Шмат беларусаў было ў складзе польскіх фарміраванняў пад брытанскім камандаваннем. Яны ваявалі ў Францыі, Бельгіі, Галандыі, Нарвегіі, Нямеччыне і ў іншых краінах. Усяго ў войску саюзнікаў змагалася ад 24,5 тысячы да 35 тысяч беларусаў.

У арміі Андэрса ў Італіі змагаўся і наш знакаміты зямляк Пётра Конюх. На прывалах паміж баямі ён для жаўнераў спяваў беларускія песні. Пры бітве за Монтэ-Касіна быў паранены ў бядро — вайна для яго закончылася. Ен атрымаў ваенную стыпендыю на навучанне ў Акадэміі мастацтваў Італіі, якую бліскуча закончыў. Пётра Конюх стаў сусветна вядомым спеваком.

У заключэнне хачу сказаць, што сцвярджаць, быццам бы Беларусь адыграла вядучую ролю ў разгроме фашысцкай Германіі і вызваленні Еўропы з-пад акупацыі, я б не стаў. У той час Беларусь не была самастойнай дзяржавай, не мела ўласнай арміі. Яна была прыдаткам СССР і сама нічога не вырашала. Другая справа, што Беларусь, нароўні з Польшчай, найбольш пацярпела ад вайны, панесла вялікія разбурэнні і страты. Але тыя разбурэнні і страты Беларусь панесла як па віне нямецкіх захопнікаў, так і па віне савецкага рэжыму.

Хачу адзначыць, што і мы, тая частка насельніцтва, якая апынулася пад нямецкай акупацыяй — героі. Героі таму, што ў неверагодна складаных умовах змаглі выжыць. Кожны пражыты дзень, асабліва пачынаючы з 1943 года, калі пачалося партызанскае бязмежжа — подзвіг. Але савецкая ўлада гэтага не ацаніла — мы сталі нядобранадзейнай часткай насельніцтва.