20. Канец блакады
Блакада працягвалася тыдзень, а можа, крыху больш. Увесь гэты час мы хаваліся на балоце. Кожны дзень мы перахадзілі на новае месца. Усе рашэнні на гэта прымаў мой бацька, ён вельмі добра арыентаваўся на балоце. У нашай групе было 13 чалавек: двое мужчын, пяць жанчын, шэсць дзяцей, з якіх самаму малодшаму было 8 гадоў. Мы пілі ваду з ручаёў. Харчы заканчваліся.
Калі «рама» перастала лётаць, мы сталі распальваць агонь. Шукалі птушыныя гнёзды і варылі птушанят.
Мой бацька часам адлучаўся, каб разведаць, што адбываецца ў вёсцы. Гэта было небяспечна, ён мог напароцца на засаду і назад не вярнуцца. Аднойчы, вярнуўшыся з разведкі, бацька сказаў: «Пара дадому, хопіць бадзяцца». Вось тут я і сказаў, што наша хата згарэла. Але бацька ўжо ведаў пра тое. Мы выйшлі з лесу, убачылі сваю вёску. Яна ўцалела амаль уся. І хоць наша хата згарэла, у нас павысіўся настрой. Мы забыліся пра пільнасць і са спазненнем убачылі на ўскрайку вёскі ўзброеных людзей. Да плоту былі прывязаны коні. Уцякаць было позна. Незнаёмцы падалі рукамі знак, каб мы падышлі да іх. Бацька спыніў групу і пайшоў адзін. Следам за ім, быццам хвост, увязаўся і я. Як высветлілася, гэта былі партызаны і сярод іх камісар 1-га атрада брыгады «Жалязняк» Спірыдон Барздыка (пасля вайны я з ім сустрэўся яшчэ раз). Мы падышлі бліжэй. Перад намі адкрылася жудасная карціна: папялішча, на якім ляжала 15–20 абгарэлых чалавечых цел. Мяне апанаваў страх, стала мутарна і я схаваўся за спінай бацькі.
Барздыка складаў «Пратакол аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у вёсцы Нябышына». Ён сам і ўсе астатнія падпісаліся пад пратаколам. Мой бацька ўдакладніў, што гэта злачынства здзейснілі не немцы, а паліцаі. «Якая розніца», — сказаў Барздыка. Калі нас партызаны адпусцілі, мой бацька ідучы сказаў: «Адкуль яны так хутка з’явіліся і дзе яны былі, калі гэтых людзей забівалі?» Зараз на тым месцы няма ні помніка, ні памятнага знака. Так воддаль ад вялікіх гарадоў «ушаноўваецца» памяць ахвяр вайны.