Пасляслоўе
«Ці дачакаемся мы праўды?» — так называецца адзін з раздзелаў маіх успамінаў і разважанняў. Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ведаюць праўду і маглі б яе паведаць, з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. Тыя, хто яшчэ з намі, не жадаюць адкрыць акопную праўду. Міты аб вайне: пра ўсенародны ўздым, пра масавы патрыятызм, пра «За Родину, за Сталина» — ім больш даспадобы, ім праўда не патрэбна. У іх адзінае жаданне — спакойна дажыць свой век у гонары і славе.
Пакідаюць гэты свет і тыя людзі, дзяцінства якіх прыпала на гады вайны. Мне ў 1941 годзе споўнілася 7 гадоў. Усю вайну я пражыў ва ўмовах акупацыі і тое-сёе ведаю і помню. У адрозненне ад ветэранаў я жадаю, каб аб Другой сусветнай вайне была напісана праўда, якой бы горкай яна ні была. Часам раздаюцца галасы: «Не дазволім перапісваць гісторыю вайны!» Але ж гісторыя Другой сусветнай вайны адносна Беларусі яшчэ не напісана. Так, існуюць нейкія разрозненыя ласкуты, а ў асноўным гэта прыдуманыя прыгожыя міты.
На шчасце, некаторыя ўдзельнікі Другой сусветнай вайны сталі знакамітымі пісьменнікамі, не спалохаліся напісаць пра суровую акопную праўду вайны. Яны пакінулі для нас і для наступных пакаленняў незабыўныя яркія творы. Гэта Віктар Някрасаў, Грыгорый Бакланаў, Віктар Астаф’еў і наш Васіль Быкаў. Але, хоць яны дэталёва апісалі вайну, гэта не гісторыя, гэта мастацкая ваенная літаратура.
Ёсць і гісторыкі і пісьменнікі, якія праўдзіва асвятляюць гістарычныя падзеі, даносяць да нас праўду пра нашу мінуўшчыну: Леанід Лыч, Віктар Чаропка, Захар Шыбека, Анатоль Тарас, Алег Трусаў, Уладзімір Арлоў і іншыя. З замежных беларусаў, з творамі якіх я знаёміўся, у гэты шэраг я паставіў бы Янку Запрудніка, Юрыя Туронка.
З вялікай цікавасцю я прачытаў кнігі расійскіх гісторыкаў-даследчыкаў Марка Салоніна, Барыса Сакалова, а таксама Віктара Суворава.
На маю думку, веданне намі айчыннай гісторыі знаходзіцца яшчэ ў больш горшым становішчы, чым веданне роднай беларускай мовы. Носьбіты роднай мовы пакуль што ёсць. Гэта ў першую чаргу частка беларускіх пісьменнікаў, журналістаў, мастакоў, навукоўцаў, гэта значная частка моладзі. Ёсць шмат чыноўнікаў, якія добра ведаюць родную мову, але не рызыкуюць размаўляць на ёй, каб не згубіць пасаду, чакаюць свайго часу. Ведаюць і берагуць родную мову частка беларусаў замежжа. Мы павінны ведаць і шанаваць сваю мову, ведаць сваю гісторыю і ганарыцца ёй. Наша гісторыя — адна з багацейшых і самых трагічных.
Хачу выказаць падзяку ўсім, хто дапамагаў мне выдаць кнігу «Нябышына. Вайна». Гэта ў першую чаргу паэт Яўген Гучок. Я рад нашаму з ім знаёмству. А адбылося яно ў 2008 годзе, дзякуючы міліцыі Савецкага РУУС г. Мінска. Гэта якраз быў год 90-годдзя БНР. Дата юбілейная, а ўлада Мінска горад к гэтаму дню не ўпрыгожыла, не прыдала яму святочны выгляд. Я вырашыў выправіць становішча — упрыгожыць кавалак вуліцы Сурганава налепкамі з выявамі гарба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга. Праца спорылася, я адчуваў натхненне. Але хтосьці з жыхароў суседніх дамоў убачыў, што я займаюся крамольнай справай, і патэлефанаў у міліцыю. Побач з плошчай Бангалор да мяне з двух бакоў па тратуары пад’ехалі два міліцэйскія экіпажы і затрымалі. За гэта мяне аштрафавалі на 5 базавых велічынь, што на той час складала 175 тысяч рублёў. Пра мой «подзвіг» напісала газета «Народная Воля», якую чытае Яўген Гучок. Праз гэту заметку мы і пазнаёміліся. Менавіта Яўген Гучок падштурхнуў мяне выдаць кнігу.
Хачу выказаць падзяку журналісту, выдаўцу Віктару Харсіку, які вельмі ўважліва аднёсся да майго рукапісу, адчуў, што напісана праўдзіва і шчыра. Вялікі дзякуй галоўнаму рэдактару «Народнай Волі» Іосіфу Паўлавічу Сярэдзічу і ўсяму рэдакцыйнаму калектыву за публікацыю кнігі на старонках газеты. Мая падзяка Яўгену Лецку, журналісту і краязнаўцу, за тое, што зрабіў маю кнігу «Нябышына. Вайна» сусветна вядомай. Дзякуючы яму яна публікуецца ў часопісе «Беларуская думка», Нью-Ёрк, кнігу можна прачытаць у нумарах часопіса 67 за сакавік, 68 за верасень 2012 года, 69 за сакавік, 70 за верасень 2013 года. Дзякуй «Радыё Свабода» і яго журналістам за распаўсюд інфармацыі пра маю кнігу і што адбывалася вакол яе.
Вялікі дзякуй усім, хто званіў і дасылаў лісты падтрымкі як асабіста мне, так і ў газету «Народная Воля» і хто абмяркоўваў маю кнігу на форумах у інтэрнэце. Гэта Анатоль Палонскі, журналіст з г. Брэста; гэта Уладзімір Мікалаевіч Парфяновіч, бацька шматразовага чэмпіёна алімпійскіх гульняў, свету, СССР па веславанню Уладзіміра Парфяновіча; гэта Павел Каролік са Слоніма, Мікалай Кукса з Івянца, Кастусь Шыталь з Докшыц, Мікола Канаховіч з Пружан, Васілій Шабалтас з Асіповіч, Канстанцін Сярдзюк з Бабруйска, Э. і Ф. Тобіны са Смалявіч, Дзяніс Рабянок з Калінкавіч, Леанід Аксельбант з Мінска, Уладзімір Кузаўко з Брэста, Генадзь Качаргін з Віцебска, І. Ляшко з Косава, В. Ямбаеў з Магілёва, Міхась Крыловіч з Мінска, Анатоль Мотуз з Брэста і дзесяткі іншых. Тут прысутнічае ўся геаграфія Беларусі.
Вялікі дзякуй Анатолю Беламу (памёр 14.11.2011 г. Вечная яму памяць), Анатолю Валахановічу, сябрам клуба «Спадчына», што яны ацанілі маю працу і ўзнагародзілі Граматай.
Вялікі дзякуй маім замежным чытачам: Наталлі Бондар, г. Жытомір, Украіна; Марыне Кайзер-Баброўскай, г. Алма-Аты, Казахстан; Валерыю Дашкоўскаму, г. Чыта, Расія; Ларысе Пфунд, Германія і іншым.
Знайшліся аматары, якія перакладаюць кнігу «Нябышына. Вайна» на рускую мову. Адзін з іх: Паша Лебеда. Вось што ён напісаў пра кнігу:
«Меня эта простая книга потрясла… своей правдой той войны, когда самыми большими врагами белорусов были партизаны и полицаи. Именно так об этом говорили нам, детям, старшие, пережившие войну».
І яшчэ Паша Лебеда напісаў пра маю кнігу:
«Здесь доля золота в сотни раз превышает долю пустой породы».
Хачу сказаць вялікі дзякуй усім тым маім прыхільнікам, чытачам маіх успамінаў «Нябышына. Вайна», хто проста паціснуў мне руку і сказаў усяго некалькі слоў у маю падтрымку. Я нават уявіць сабе такое не мог, што шаноўны акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі пацісне мне руку і скажа: «Дзякуй за смеласць». Усяго два словы, але якія значымыя для мяне — яны прыдалі мне ўпэўненасці ў сваёй праўдзе, якую я выклаў у кнізе «Нябышына. Вайна».
Гэта адбылося ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук у красавіку 2010 года. Там была сустрэча з айцом Аляксандрам Надсанам, на якой удзельнічаў Радзім Гарэцкі і прысутнічаў я.
Алег Анатольевіч Трусаў, кандыдат гістарычных навук, старшыня Таварыства беларускай мовы, сказаў пра маю кнігу наступнае: «Лепшага пра вайну, чым гэта кніга, не чытаў».
Мастак Алесь Цвіркуноў завітаў да мяне на кватэру, каб атрымаць кнігу «Нябышына. Вайна». Я быў рад гэтаму знаёмству.
Хачу выказаць падзяку паэту Генадзю Мікалаевічу Бураўкіну, які падтрымаў мяне і ў нашай размове даў мне некалькі слушных парад, калі я і надалей прадоўжу штосьці пісаць.
Мая падзяка Васілю Цімафеевічу Якавенку за падтрымку.
Не магу не выказаць падзяку і сваім апанентам: Анатолію Адоньеву, Аляксандру Пестракову, Івану Пярэдню, ветэранам, якія пратэставалі супраць маіх успамінаў і «Народнай Волі». Стаяць у пікеце — гэта не той узрост, нават калі яны і «няўдзельнікі». Сваімі пратэстамі, тэлепаказамі, скаргамі, інтэрв’ю, артыкуламі яны зрабілі добры «піяр» маёй кнізе. Пра яе даведаліся ўсе, нават лянівыя. Дабавілася шмат цікавага матэрыялу, які дае магчымасць дапоўніць кнігу.
І апошняе. Хачу вярнуцца да папярэджання, якое атрымала «Народная Воля». Мяне здзівіла тая валтузня вакол маёй кнігі: скаргі, экспертызы, суды… Я ж напісаў не навуковую працу, не манаграфію, не доктарскую дысертацыю, не падручнік для школ і ВНУ. Гэта ўсяго толькі ўспаміны і разважанні шараговага грамадзяніна. Чаму такі перапалох? Такія заўвагі можна знайсці ў любой кнізе, газеце, часопісу і ўсё забараніць, пазачыняць. І да чаго тады мы прыйдзем?
Ілля Копыл