17. Смерць партызана

У час блакады да адной групы вяскоўцаў далучыўся партызан. Ён заблудзіўся на балотных абшарах, адстаўшы ад свайго атрада, а мясцовасці не ведаў. Да слова сказаць, гэты партызан мне быў добра знаёмы. Ён быў мужам маёй стрыечнай сястры Клаўдзіі. Звалі яго Уладзімірам, родам ён быў з Ленінграда.

Клаўдзія яшчэ да вайны паехала ў гэты горад на працу і там хутка выйшла замуж. За тыдзень да вайны яны прыехалі ў нашу вёску на адпачынак. У нас была вельмі прыгожая прырода: лес, рэчка, лужкі, пакрытыя кветкамі, крыніцы і ручайкі. З кветкі на кветку пераляталі пчолы, чмялі, восы, усялякія матылькі, стракозы… Сярод травы і кветак стракаталі конікі. На ўсе лады спяваліп птушкі. У рацэ вадзіліся рыбы і ракі, а ў лесе раслі ягады, грыбы, арэхі… Зараз нічога гэтага няма. Ужо пасля вайны па плану меліярацыі раку Поню спрамілі, пераўтварылі ў брудную канаву, і ўсё жывое загінула. Дажывае апошнія гады і наша вёска.

Дзядзька Лаўрэн, бацька Клаўдзіі, быў і рыбак, і грыбнік, і цікавы субяседнік. Уладзіміру наша вёска падабалася. Калі пачалася вайна, вярнуцца ў Ленінград магчымасці не стала. Так Уладзімір з Клаўдзіяй і жылі ў нашай вёсцы, пакуль гэта было магчыма. Я часта бегаў да дзядзькі Лаўрэна, каб паслухаць цікавыя аповеды пра вялікі горад Ленінград. Калі з’явіліся партызаны, Уладзімір і Клаўдзія адразу пайшлі да іх. І вось блакада. Убачыўшы знаёмых вяскоўцаў, Уладзімір абрадаваўся, папрасіў вывесці яго з балота, паказаць дарогу. Добраахвотнік адразу знайшоўся і павёў партызана. Праз хвілін 10–15 людзі пачулі адзіночны стрэл. Неўзабаве вярнуўся назад і «праваднік». Ён загадкава сказаў: «Я паказаў яму дарогу куды трэба. Больш ён сюды не вернецца». Як потым высветлілася, адбылося наступнае. Спачатку яны ішлі мірна, размаўлялі. Партызан быў вельмі стомлены. Калі «праваднік» прапанаваў яму дапамагчы паднесці вінтоўку, Уладзімір з радасцю яе перадаў. Ён адчуў палёгку, расслабіўся, згубіў пільнасць. А «праваднік» падлавіў зручны момант і стрэліў у партызана. Смерць наступіла імгненна. Потым, як ні ў чым не бывала, забойца далучыўся да сваёй групы аднавяскоўцаў. Чаму ён так паступіў, якая была ў тым неабходнасць, што яго падштурхнула на злачынства, на што ён разлічваў — я не ведаю. Але адказ на гэтае пытанне далі мне мае аднавяскоўцы, калі прачыталі маю кнігу. Партызаны яго некалькі разоў рабавалі і збівалі. Ён затаіў зло і крыўду на ўсіх партызан. І вось здарыўся выпадак, каб адпомсціць. Партызаны здзекаваліся не толькі над ім, але людзі трывалі, каб выжыць любым коштам.

Пасля блакады партызаны расстралялі злачынцу пасярод вуліцы нашай вёскі. Такі ж лёс чакаў і ўсю яго сям’ю, але партызаны яе не знайшлі. Жонка разам з дзецьмі змагла своечасова ад’ехаць да сваякоў у горад Быхаў, дзе яны і пражылі да канца вайны. Пасля вайны вярнуліся ў Нябышына, але больш іх ніхто не чапаў. Я вагаўся, ці называць прозвішча таго аднавяскоўца, які стаў злачынцам, забойцам, каб не напамінаць яго дзецям і ўнукам пра тую трагедыю мая 1943 года, у якой іх бацька і дзед быў галоўным вінаватым. Палічыў, што можна. У нашай вёсцы ўжо даўно няма яго нашчадкаў. Як расказалі мне вяскоўцы, старэйшы сын памёр у турме. За што ён быў асуджаны, ніхто не ведае. Раней я памылкова лічыў, што ён загінуў на фронце. Малодшы — Уладзімір меў буйны характар, п’янстваваў, учыняў бойкі, за што некалькі разоў сядзеў у турме, дзе і памёр. Яго ўнук (сын Уладзіміра) працаваў міліцыянерам у Мінскім раёне, таксама быў асуджаны. Пра яго далейшы лёс нічога не ведаю. Усе яны насілі мянушку Самсура, прозвішча іх — Ляўко. Але ў вёсцы людзей ведалі і называлі па мянушках.

На жаль, прозвішча забітага партызана Уладзіміра я не ведаю. Што здарылася з Клаўдзіяй, жонкай Уладзіміра, маёй стрыечнай сястрой, даведацца не ўдалося. Яе сляды згубіліся. Пасля вайны ніякіх звестак пра яе мы не атрымалі.