11. Аперацыя «Мост»

Уздоўж нашай вёскі працякае рака Поня. Цераз раку быў пабудаваны драўляны мост, вышыня якога над вадою была 2–2,5 метра. Немцы шашой Докшыцы — Бягомль, якая праходзіць цераз гэты мост, карысталіся рэдка. Шаша грунтовая, разбітая, лясная, зімой на ёй было шмат снежных заносаў. Але мост быў вяскоўцам патрэбны: для нарыхтоўкі дроў, сена, сувязі е суседнімі вёскамі. І трэба ж, аднойчы ноччу партызаны мост спалілі. Для нашай і навакольных вёсак гэта была калі не трагедыя, дык вялікая нязручнасць. Спаліць яго партызаны маглі бесперашкодна і днём — немцаў і паліцаяў у вёсцы не было, мост не вартаваўся. Каб яго спаліць, не трэба было праяўляць гераізм. Партызаны нанеслі шкоду не немцам, а нам, вяскоўцам. Ды партызанам гэтага не патлумачыш, невядома, дзе іх было шукаць. Пасля таго як мост згарэў, стараста паехаў у Докшыцы на паклон да немцаў. Яны прыслалі спецыяліста і тэхніку. Для адбудовы моста прыйшлі ўсе працаздольныя мужчыны. Толькі ўсё было дарэмна, што вяскоўцы днём будавалі, партазаны ноччу знішчалі. Нарэшце немцы плюнулі на гэтую справу, зімой мы ездзілі па лёдзе, а летам, калі рака мялела, — у брод.

А ў галоўны партызанскі штаб партызаны, відаць, адпраўлялі данясенні, што на акупаванай немцамі тэрыторыі знішчаны «стратэгічны» мост, спынены рух нямецкай тэхнікі на ўсход — рух, якога не было.

На маю думку, так у асноўным праваявалі партызаны ўсю вайну.