4. Структуры грамадзянскай адміністрацыі ва ўмовах акупацыі

Пра нямецкую грамадзянскую адміністрацыю на тэрыторыі акупаванай Беларусі ў сваіх разважаннях вышэй я ўжо прыпамінаў. Нейкія паралельныя структуры кіравання з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва ці з эмігрантаў, якія сталі вяртацца ў Беларусь пасля яе акупацыі, немцы ў першыя месяцы вайны ствараць не спяшаліся. Яны спадзяваліся на паспяховае завяршэнне «бліцкрыгу» і адкладвалі вырашэнне гэтага пытання па канец вайны з СССР. Калі стала зразумела, што «бліцкрыг» не адбыўся, у Беларусі былі створаны розныя структуры, якія займалі нішу паміж нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй і мірным насельніцтвам. Гэта такія структуры, як БНС, БСА, СБМ, БЦР ды іншыя. Трэба адзначыць, што ўсіх тых грамадзян, хто супрацоўнічаў з немцамі, з акупацыйнай уладай савецкая прапаганда аб’явіла здраднікамі. На гэтых людзей партызаны і падпольшчыкі распачалі паляванне, забівалі іх без суда і следства. Зараз замест слова «здраднік» часцей ужываецца слова «калабарант», на французскі манер. Звесткі пра дзейнасць вышэйназваных структур да маёй вёскі, вёскі Нябышына, не дайшлі, таму пра іх мы нічога не ведалі. Пра БНС, БСА, СБМ, БЦР я ўпершыню даведаўся напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі прачытаў кнігу В. Раманоўскага «Саўдзельнікі ў злачынствах», выдавецтва «Беларусь», 1964 год. Змест кнігі ад пачатку да канца пранізаны лютай нянавісцю да ўсіх тых беларусаў, якія нейкім чынам прымусова ці добраахвотна, супрацоўнічалі з акупацыйнай адміністрацыяй, ці проста ўладкаваліся на працу, каб выжыць. «Стаўленнікі акупантаў…», «гітлераўскія найміты…», «нікчэмныя лакеі фашызму…», — так гэтых людзей характарызуе аўтар кнігі, выконваючы заказ савецкай прапаганды.

БНС — Беларуская народная самапомач

Гэта самая першая арганізацыя, якая стала дзейнічаць на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Яе дзейнасць пачалася ў кастрычніку 1941 года. Першым яе кіраўніком быў Іван Ермачэнка. В. Раманоўскі ў сваёй кнізе «Саўдзельнікі ў злачынствах» называе Ермачэнку «махровым белагвардзейцам», закаранелым агентам германскага фашызму, заклятым ворагам беларускага народа. Мяне зацікавіла гэтая асоба і я стаў шукаць хоць якія-небудзь звесткі. Я не буду спыняцца на падрабязнасцях біяграфіі Івана Ермачэнкі, а прывяду толькі асноўныя вехі яго жыцця. Нарадзіўся ён 13 траўня 1894 года ў вёсцы Капачэўка Барысаўскага павета Мінскай губерніі, у сялянскай сям’і. Удзельнік Першай сусветнай вайны. У 1914 годзе скончыў школу прапаршчыкаў. У часы грамадзянскай вайны ў Расіі знаходзіўся ў белай арміі, у гушчы падзей — быў ад’ютантам генерала Врангеля. Ратуючыся ад крывавай разні, якую ў Крыму падрыхтавалі бальшавікі і Міхаіл Фрунзэ, Бела Кун і Разалія Зямлячка, Ермачэнка іміграваў у Турцыю. І зрабіў ён гэта своечасова. Разам з Чырвонай Арміяй у Крым прыйшоў «красный террор».

У Турцыі Іван Ермачэнка далучыўся да беларускіх суполак. К гэтаму часу ён ужо насіў пагоны палкоўніка. У 1921 годзе ўрад БНР прызначае яго сваім прадстаўніком у Канстанцінопалі, а потым і генеральным консулам на Балканах. Яго намаганнямі былі заснаваны консульствы БНР у Балгарыі і Югаславіі. У 1922 годзе Ермачэнку прызначаюць на пасаду намесніка міністра замежных спраў БНР, урад якой месціўся ў Коўне. Пасля пераезду ў Прагу Ерамачэнка паступае, а ў 1929 годзе заканчвае медычны факультэт Карлава ўніверсітэту. Тут ён знаходзіць час, каб удзельнічаць у выданні часопісу «Іскры Скарыны» і працуе ў палітычных партыях. У 1938 годзе Іван Ермачэнка арганізуе беларуска-нямецкае супрацоўніцтва. Нічога кепскага ў гэтым я не бачу, з немцамі супрацоўнічаў і савецкі ўрад. Як мы зараз ведаем, СССР і Германія разам развязалі Другую сусветную вайну, як заклятыя хаўруснікі.

Як я вышэй ужо сказаў, у кастрычніку 1941 года Ермачэнка ўзначаліў БНС на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Гэта дабрачынная арганізацыя, перад якой была мэта аказваць дапамогу тым беларусам, што пацярпелі ад ваенных дзеянняў і таксама ад панавання савецкага і польскага рэжымаў. Гэтым дзейнасць БНС не абмяжоўвалася. Планавалася дапамога, і яна аказвалася, у адбудове нашай краіны, зруйнаванай чужынцамі, у развіцці і пашырэнні беларускай культуры. Трэба адзначыць, што БНС узнікла не на пустым месцы. На тэрыторыі Германіі знаходзілася 70 тысяч беларусаў. Гэта тыя беларусы, якія служылі ў польскім войску і ў верасні 1939 года папалі ў нямецкі палон. На маю думку, немцы праявілі да іх гуманнасць, што не перадалі іх савецкаму боку пасля падзелу Польшчы. Інакш бы савецкае НКВД у адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5.03.1940 года расстраляла б у Катыні не 21 857 чалавек, як сведчаць архівы, а на 70 тысяч больш. Рэжым утрымання палонных беларусаў быў не надта жорсткім, што давала магчымасць наладзіць для іх дапамогу ў пытаннях аб’яднання і ўладкавання на працу. На гэта адгукнуліся эмігранты першай хвалі, якія пражылі ў Германіі ўжо па 15–20 гадоў. Іх намаганнямі ў лістападзе 1939 года ў Берліне было адчынена Беларускае прадстаўніцтва. А ў сярэдзіне 1940 года Мікола Шкялёнак, які па адукацыі быў юрыстам, дамогся дазволу ад Берліна на заснаванне БКС — Беларускага камітэта самапомачы. Першапачаткова планавалася назваць арганізацыю Беларускім нацыянальным камітэтам. Але нямецкія ўлады такую назву забаранілі, таму што гэта магло нашкодзіць савецка-нямецкай дружбе. Суполкі БКС былі створаны як на тэрыторыі Германіі, так і ў акупаваных немцамі краінах.

Ерамачэнка быў заснавальнікам і кіраўніком БКС у Празе. Калі немцы акупавалі тэрыторыю Беларусі, ён прыступіў да стварэння такой арганізацыі і тут. Ён быў мэтанакіраваным, палітычна незалежным чалавекам, карыстаўся аўтарытэтам сярод эміграцыі, меў добрыя стасункі з уплывовымі асобамі Берліна. Пасля перамоў рэйхсміністр усходніх акупаваных тэрыторый Розенберг даў згоду на дзейнасць БНС на тэрыторыі Беларусі, а Ермачэнку прызначыў яе кіраўніком. Дарэчы, сам Альфрэд Розенберг нарадзіўся 12 студзеня 1893 голаў горадзе Рэвеле Расійскай імперыі. Зараз гэта горад Талін, Эстонія. Увосень 1910 г. паступіў у Вышэйшую тэхнічную школу горада Рыгі. Але закончыць вучобу не паспеў, у 1915 годзе разам з сям’ёй эвакуіраваўся ў Маскву. Ішла 1-я сусветная вайна і нямецкі фронт наблізіўся да Рыгі. Тут працягнуў вучобу, увосень 1917 года закончыў МВТУ з дыпломам інжынера-архітэктара. Прыхільна ставіўся да бальшавікоў. У лютым 1918 года вярнуўся ў Рэвель, дзе хацеў уступіць у нямецкую армію, але яго не прынялі, як рускага. Розенберг пераехаў у Германію. І вось ён — рэйхсміністр.

Але я адхіліўся ад галоўнай тэмы, прашу прабачэння ў чытачоў. Вернемся ў акупаваную Беларусь. Ермачэнка распачаў актыўную дзейнасць. БНС займалася зборам грашовых і матэрыяльных сродкаў, прадуктаў харчавання, зімовай вопраткі і абутку. Аргіназацыя, акрамя аказання матэрыяльнай дапамогі пацярпелым ад вайны, займалася ўстановамі аховы здароўя. І што вельмі важна, БНС спрыяла і дапамагала выдавецкай справе, дастаўляла і распаўсюджвала друкаваную прадукцыю па ўсёй Беларусі. Гэта былі кнігі, часопісы, газеты на роднай беларускай мове.

Хацелася б больш падрабязна расказаць пра дзейнасць БНС, але я паставіў перад сабой іншую мэту. Я проста імкнуся выказаць свае адносіны, сваё асабістае стаўленне да падзей таго часу і да асоб — удзельнікаў тых падзей.

Ермачэнка не з’яўляўся аднаасобным кіраўніком БНС. Была створана рада, у склад якой уваходзілі такія вядомы асобы, як Ян Станкевіч — намеснік кіраўніка, Вінцэнт Гадлеўскі, Радаслаў Астроўскі, Вацлаў Іваноўскі, Антон Адамовіч, Уладзіслаў Казлоўскі, Надзея Абрамава, Франц Кушаль ды іншыя.

Непасрэднай працай займаліся спецыяльна створаныя аддзелы, якіх было 12. Вось некаторыя з іх: адміністрацыйны, сацыяльнай дапамогі, аховы здароўя, школьніцтва, жыллёвы, жаночы, дзіцячы, культуры, прапаганды, судовы, ваенны… Нават гэты няпоўны пералік аддзелаў паказвае, наколькі разнастайнай была дзейнасць БНС. Для вырашэння важных маштабных пытанняў праводзіліся з’езды. Так, на пачатку 1942 года адбыўся з’езд усіх лекараў Беларусі. На ім была прынята пастанова стварыць лекарскую прафесійную арганізацыю — прафсаюз, адчыніць беларускі медыцынскі ўніверсітэт, арганізаваць матэрыяльную дапамогу мясцовым дактарам.

БНС утрымлівала шмат шпіталяў, займалася рассяленнем людзей, якія не мелі жылля, арганізоўвала прытулкі для дзяцей, якіх вайна пазбавіла бацькоў. Было ўладкавана да 10 тысяч такіх дзяцей.

У ліпені 1942 года адбыўся з’езд БНС. Дэлегаты з’езду дамагаліся ўнясення зменаў у Статут, каб зацвердзіць права БНС на самакіраванне. Аў сакавіку 1943 года на чарговым з’ездзе БНС быў распрацаваны Мемарандум з патрабаваннем поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння беларускага ўрада і войска, выхаду са складу СССР і аб’яўлення яму вайны. Трэба адзначыць, што Гаўляйтар Беларусі Вільгельм Кубэ прыхільна ставіўся да БНС, усяляк падтрымліваў яе дзейнасць. Але і над Кубэ і над Ермачэнкам сталі згушчацца хмары. Савецкая прапаганда імкнулася павесіць на Гаўляйтара ўсе злачынствы, якія адбываліся ў Беларусі і да якіх ён не меў дачынення. Наадварот, ён не пагаджаўся з органамі СС і СД у пытанні па знішчэнню яўрэяў, пярэчыў. Тады кіраўніцтва СС і СД увогуле перастала паведамляць нямецкай грамадзянскай адміністрацыі пра плануемыя карныя акцыі. Вільгельм Кубэ настолькі стаў замінаць нямецкім спецслужбам, што з сакавіка 1943 года СС і СД сталі рыхтаваць аперацыю па яго ліквідацыі. Акупацыйная ўлада сваім распараджэннем ад 18.03.1943 года абмежавала дзейнасць БНС, пакінуўшы ёй толькі пытанні аховы здароўя і матэрыяльнай дапамогі. А ў красавіку 1943 года Ермачэнку адхілілі ад усіх пасад і выслалі за межы Беларусі, у Прагу. Пасля забойства Вільгельма Кубэ к яго бліжэйшаму атачэнню, куды ўваходзіў і Ермачэнка, спецслужбы ставіліся з недаверам. Гестапа Ермачэнку арыштавала, але праз нейкі час вызваліла. У 1945 годзе ён з’ехаў у Нямеччыну. Уваходзіў у склад БЦР. У 1948 годзе з’ехаў у ЗША, пражываў у Флорыдзе, працаваў пекарам. Ён адзін з заснавальнікаў «злучэння беларусаў ЗША». Памёр 25 лютага 1970 года.

БНС працягвала працаваць, хоць нямецкія ўлады значна абмежавалі сферу яе дзейнасці. Новым яе кіраўніком з 30 чэрвеня 1943 года быў прызначаны бургамістр Мінска Вацлаў Іваноўскі. Ён, як і яго папярэднік, імкнуўся праяўляць самастойнасць, наколькі гэта было магчыма. На сваіх пасадах ён служыў у першую чаргу насельніцтву, а не акупацыйнай уладзе.

Вацлаў Іваноўскі карыстаўся аўтарытэтам як сярод эміграцыі, так і ў мясцовага насельніцтва. Ён працягваў змаганне за аўтаномію Беларусі. Калі б ён дасягнуў гэтай мэты, то быў бы першай кандыдатурай на пасаду кіраўніка краіны. Яго рашучасць, настойлівасць у вырашэнні беларускага пытання не надта падабалася немцам. Ім не патрэбна самастойная ці аўтаномная Беларусь, як была ім не патрэбна БНР у 1918 годзе.

7 снежня 1943 года на Вацлава Іваноўскага быў здзейснены замах, яго забілі. Партызаны і падпольшчыкі тут жа паспяшылі запісаць тое забойства ў свой актыў. Забіць «здрадніка», «нямецкага прыслужніка» — лічылася гераічным учынкам. За гэта можна было медаль атрымаць і нават ордэн, у залежнасці ад рангу ахвяры. Але на думку некаторых гісторыкаў, у гэтай справе назіраецца нямецкі след.

Пасля таго як газета «Народная Воля» надрукавала мае ўспаміны, мне патэлефанаваў адзін рэжысёр з кінастудыі «Беларусьфільм», прозвішча называць не буду, і папрасіў сустрэцца. Сустрэліся. Ён звярнуўся да мяне з прапановай даць згоду на стварэнне фільма па матэрыялах маёй кнігі з маім удзелам для тэлеканала «Белсат». Каб падмацаваць мой давер да яго і яго прафесійнасці, рэжысёр перадаў мне дыскі з ужо зробленымі тэлефільмамі. Адзін з фільмаў быў пра Вацлава Іваноўскага. Я перагледзеў яго некалькі разоў. Асабліва ўразілі мяне сцэны пахавання. Каб правесці свайго бургамістра ў апошні шлях, сабралося ўсё насельніцтва Мінска. Немцы не перашкаджалі. На маю думку, калі б Вацлаў Іваноўскі быў «здраднікам» і «нямецкім прыслужнікам», як сцвярджала савецкая прапаганда, людзі на яго пахаванне не прыйшлі б.

А ўдзельнічаць у тэлездымках я адмовіўся.

29 кастрычніка 2010 года, у Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, у складзе групы я наведаў месцы пахаванняў тых ахвяр. Я ўпершыню пабачыў магілу Вацлава Іваноўскага. Для мяне было вялікай нечаканасцю, што яго магіла ўцалела за савецкім часам, калі ўсё знішчалася, знішчалася людская памяць. Тут, у магілы адбыўся невялікі мітынг. Выступоўцы, а гэта былі вядомыя гісторыкі, пісьменнікі, мастакі і проста неабыякавыя людзі расказалі пра яго жыццёвы шлях. У яго адрас прагучалі добрыя і цёплыя словы. Вацлаў Іваноўскі — вядомы палітычны і грамадскі дзеяч Беларусі.

Ён нарадзіўся 7 чэрвеня 1880 года ў Гродзенскай вобласці. У 1899 годзе паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. Пасля заканчэння вучобы застаўся ў ім працаваць, стаў таленавітым вучоным. К 1913 году ён ужо доктар тэхнічных навук, дацэнт. Акрамя навуковай працы ён займаўся і палітычнай дзейнасцю. Выступоўцы на гэтым мітынгу паведалі, што Вацлаў Іваноўскі быў энергічным арганізатарам. Ён з’явіўся адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў партый Беларуская рэвалюцыйная грамада, а потым Беларуская сацыялістычная грамада. Калі імператар Расіі Мікалай Другі выдаў Указ ад 12 снежня 1904 года, якім скасаваў ранейшыя абмежаванні ў карыстанні мясцовай мовай на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю, Вацлаў Іваноўскі скарыстаў гэты момант. Ён заснаваў у Пецярбургу першае легальнае беларускае выдавецтва, якое назваў «Загляне сонца і ў наша аконца». Яно праіснавала з 1906 па 1916 гады. Выдавецтва выдавала газеты, часопісы, кнігі, падручнікі на беларускай мове. Вацлаў Іваноўскі лічыў, што пашырэнне беларускай адукацыі, фарміраванне нацыянальнай свядомасці — гэта будзе моцным падмуркам будучай дзяржаўнай незалежнасці. З 1918 года Вацлаў Іваноўскі становіцца міністрам адукацыі ва ўрадзе БНР.

Пасля заключэння так званай Рыжскай мірнай дамовы 1921 года, у выніку якой Беларусь была падзелена паміж РСФСР і Польшчай, Вацлаў Іваноўскі пераехаў у Варшаву. З 1922 па 1939 год ён на пасадзе прафесара Варшаўскага палітінстытута. У 1939 годзе, калі Польшча была акупавана Германіяй і Савецкім Саюзам, Вацлаў Іваноўскі пераехаў у Вільню, дзе працаваў выкладчыкам Віленскага ўніверсітэта. Пасля акупацыі немцамі тэрыторыі Беларусі, Вацлаў Іваноўскі ў лістападзе 1941 года прызначаны бургамістрам горада Мінска. У выступах тут над магілай была дана ацэнка яго дзейнасці, што гэта быў лепшы граданачальнік Мінска. Мяне ўразіла тое, што Вацлаў Іваноўскі быў адным з лідэраў падпольнай Партыі беларускіх нацыяналістаў, падтрымліваў тайныя сувязі з Арміяй Краёвай. Гэта было небяспечна. Немцы маглі дагадвацца пра яго падпольную дзейнасць. Магчыма, гэта было адной з прычын, што яго забілі.

На магіле Вацлава Іваноўскага звычайны помнік, якіх шмат можна ўбачыць на любых могілках. Гэта вертыкальная бетонная пліта, на якой замацавана шыльда з тэкстам… На маю думку, такая асоба, як Вацлаў Іваноўскі, кіраўнік горада Мінска ў вельмі складаны час нашай гісторыі, які зрабіў значны ўнёсак у справу беларускага нацыянальнага адраджэння, варты ўсталявання на галоўнай плошчы сталіцы Беларусі манументальнага помніка.

З той паездкі па месцах пахаванняў ахвяр савецкага і фашысцкага рэжымаў запомніўся яшчэ адзін момант. Гэта наш прыпынак у Крыжа, які ўсталяваны на мяркуемым месцы расстрэла ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Калі мы прыехалі сюды, нас ужо чакалі прадстаўнікі нейкіх спецслужб. Але мітынг у Крыжа адбыўся, было шмат выступоўцаў. Усё здымалася і запісвалася на тэлекамеру спецслужбы.

Вінцэнт Гадлеўскі — каталіцкі святар, кіраўнік нацыяналістычнага беларускага падполля ў часы нямецкай акупацыі, ідэолаг беларускай нацыянальнай ідэі. Ён быў адным з самых аўтарытэтных, самых буйнейшых дзеячаў Заходняй Беларусі ў 1930-х гадах пад польскай акупацыяй.

Вінцэнт Гадлеўскі нарадзіўся 16 лістапада 1888 года ў вёсцы Шурыны Ваўкавыскага павета. У 1912 годзе закончыў Віленскую духоўную семінарыю. Пасля гэтага паступіў у Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію, якую закончыў у 1916 годзе. Накіраваны на службу ў кафедральны касцёл горада Мінска. Ён быў удзельнікам Усебеларускага з’езду 1917 года, уваходзіў у склад рады БНР. Пасля Рыжскай дамовы пераехаў на Віленшчыну. За нацыянальную дзейнасць у 1925 і 1927 гадах арыштоўваўся польскімі ўладамі. Пасля агрэсіі супраць Польшчы і яе раздзелу паміж Германіяй і СССР Вінцэнт Гадлеўскі застаўся пражываць у Вільні. Ён быў ініцыятарам стварэння Беларускага нацыянальнага фронту, выдаваў газету «Беларускі фронт».

Калі двое хаўруснікаў, двое драпежнікаў шчапіліся паміж сабой — Германія не стала чакаць, калі СССР нападзе на яе, напала на яго першай, Вінцэнт Гадлеўскі прыбыў у акупаваную немцамі Беларусь. Ён стаў займацца справамі адукацыі, таму яго прызначылі на пасаду галоўнага інспектара беларускіх школ. Гэта давала яму магчымасць свабодна наведваць любыя раёны акупаванай Беларусі. Але яго цікавіў не толькі вучэбны працэс, хоць гэта было важнай сферай яго дзейнасці. Галоўным было тое, што ён ствараў нацыянальны супраціў як нямецкаму, так і савецкаму акупацыйным рэжымам. Вінцэнт Гадлеўскі быў кіраўніком БНП — Беларускай незалежнай партыі. Партыя хутчэй за ўсё магла складацца з тых грамадзян Беларусі, якія так ці інакш працаўладкаваліся ў немцаў. Вінцэнт Гадлеўскі актыўна выступаў супраць угону насельніцтва на працу ў Германію. Нямецкая адміністрацыя спачатку папярэдзіла яго і прапанавала пакінуць Беларусь і з’ехаць у Рыгу. Але ён адмовіўся. У канцы 1942 года ён быў арыштаваны і загінуў у засценках гестапа.

Новым кіраўніком БНС пасля смерці Вацлава Іваноўскага быў прызначаны Юры Сабалеўскі. Але арганізацыя к гэтаму часу была вельмі аслаблена, яе дзейнасць была абмежавана, а з 1 сакавіка 1944 года яна згубіла сваю самастойнасць, пераведзена ў падпарадкаванне БЦР.

У падсумаванне вышэй сказанага хачу яшчэ раз падкрэсліць, што БНС згуляла значную ролю ў жыцці мірнага насельніцтва ва ўмовах акупацыі, памагла выжыць, ацалець, асабліва ў гарадах і буйных мястэчках. Падмацую гэтыя свае высновы ссылкай на матэрыялы гісторыка — даследчыка часоў акупацыі. У «Народнай газеце» за 1.07.1993 года было надрукавана вельмі грунтоўнае даследаванне кандыдата гістарычных навук на той час Галіны Кнацько «Мінск у гады акупацыі». У гэтым даследаванні няма эмоцый, а ёсць спасылкі на архіўныя дакументы, ёсць табліцы, канкрэтныя лічбы. З гэтага матэрыялу бачна, якую велізарную працу выконвала БНС: бытавыя ўмовы жыцця Мінчукоў, выплаты пенсій, арганізацыя харчавання, медыцынскае абслугоўванне, дзіцячыя ўстановы, арганізацыя прытулкаў і бясплатных абедаў для бяздомных і шмат што іншае.

Трэба адзначыць, што нямецкая акупацыйная ўлада пакінула ў Мінску савецкія парадкі. Дзве палітычныя сістэмы — савецкая і нацысцкая былі настолькі падобны адна на адну, што нават можна было нічога не мяняць. Каб не ваенныя дзеянні, не разбурэнні, насельніцтва нічога не заўважыла б. Дзейнічалі савецкія пашпарты, прапіска, аплата камунальных паслуг, аплата лістоў непрацаздольнасці, тыя ж самыя памеры заробкаў і пенсій, тыя ж кошты на тавары першай неабходнасці. Савецкія грошы хадзілі нароўні з акупацыйнымі дойчмаркамі. Працавалі прадпрыемствы і ўстановы, людзі як і раней хадзілі на працу. Мая стрыечная сястра Копыл Ніна, дачка дзядзькі Банэдыка, перад вайной працавала ў 5-м паштовым аддзяленні горада Мінска, на тым жа месцы працавала і ў гады акупацыі, а потым і пасля вайны да выхада на пенсію.

Праўда, у маёй вёсцы Нябышына змены адбыліся: падзялілі калгас на дробныя гаспадаркі. Але шмат якія крыніцы сведчаць, што немцы ў некаторых мясцовасцях калгасы збераглі.

БСА — Беларуская самаахова

Ідэя стварэння БСА належала кіраўніку БНС Івану Ермачэнку. Ён уваходзіў у бліжэйшае атачэнне Гаўляйтэра Беларусі, таму і Вільгельм Кубэ захапіўся гэтай ідэяй. Не пярэчыў гэтаму і Карл Цэнер — кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі. 29 чэрвеня 1942 года на паседжанні рады БНС Вільгельм Кубэ абвясціў аб стварэнні «Беларускага корпуса самааховы». Ён падкрэсліў, што задача БСА — барацьба з партызанамі. З гэтай нагоды быў падрыхтаваны «Зварот да беларускага народа», пад якім паставілі свае подпісы Іван Ермачэнка, Вінцэнт Гадлеўскі, Вацлаў Іваноўскі ды іншыя. Кіраўніком БСА быў прызначаны Ермачэнка, які меў ваенную падрыхтоўку, удзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскай войн, а начальнікам штаба — падпалкоўнік Я. Гулько. Для непасрэднай арганізацыі БСА была створана спецыяльная камісія. У яе склад увайшлі Іван Ермачэнка, Юліян Саковіч, Іван Касяк, Франц Кушаль ды іншыя. Праект арганізацыі БСА распрацаваў дэталёва і прафесійна беларускі ваенны дзеяч Франц Кушаль. Па яго плану першапачаткова самаахова павінна была складацца з З дывізій з іх дыслакацыяй у Мінску, Баранавічах і Вілейцы. Фактычна Іван Ермачэнка, кіраўніцтва БНС пры падтрымцы Вільгельма Кубэ падрыхтавалі ўмовы для стварэння Беларускай арміі. Але нямецкія спецслужбы напалохаліся канцэнтрацыі беларускіх узброеных фарміраванняў у адным месцы і кардынальна змянілі праект Франц Кушаля. Было дазволена трымаць у кожным павеце ўзброеныя падраздзяленні БСА ад роты да батальёна. Пачаўся набор добраахвотнікаў. За кароткі тэрмін было сфарміравана 20 батальёнаў, у якіх налічвалася ад 15 тысяч да 20 тысяч чалавек. У Мінску былі адчынены афіцэрскія курсы, у якіх прайшлі навучанне 270 афіцэраў. Усе яны — беларусы. Таксама было падрыхтавана некалькі тысяч унтэр-афіцэраў з беларусаў.

Кіраўнікі БНС, БСА Іван Ермачэнка, Вацлаў Іваноўскі, Франц Кушаль, Барыс Рагуля і іншыя імкнуліся стварыць сапраўдную, моцную, нацыянальную армію, якая была б патрэбна для будучай незалежнай Беларусі. Асабіста ў мяне не павернецца язык, каб называць гэтых людзей здраднікамі, нямецкімі прыслужнікамі, калабарантамі. На маю думку, гэта патрыёты. Яны як маглі ў тых складаных умовах змагаліся за Беларусь, за беларускае насельніцтва. І калі ў сакавіку 1943 года на з’ездзе БНС было прынята патрабаванне аб самастойнасці Беларусі, немцы ўбачылі ў гэтым пагрозу сваім інтарэсам. А праз месяц ад нямецкіх улад паступіў загад аб расфарміраванні БСА. Усе падраздзяленні Беларускай самааховы былі перападпарадкаваны іншым ведамствам.

СБМ — Саюз беларускай моладзі

У маёй вёсцы Нябышына такой арганізацыі не існавала, хоць моладзі было шмат. Кожная сям’я, за выключэннем нямногіх, мела па трое-чацвёра дзяцей. Да нас нават не дайшлі чуткі пра СБМ. Таму ўласнага досведу пра гэты Саюз не маю, прышлося шукаць звесткі ў даступных крыніцах. Чытаць савецкія прапагандысцкія дакументы бессэнсоўна, там мала праўды, там больш злосці і абразы. Вось цытата з кнігі «Саўдзельнікі ў злачынствах», аўтар В. Раманоўскі, выдавецтва «Беларусь», Мінск, 1964 год:

«Акупанты і іх памагатыя спрабавалі стварыць антысавецкую нацыяналістычную маладзёжную арганізацыю, так званы „Саюз беларускай моладзі“ („СБМ“). Гэты „саюз“, па задуме гітлераўцаў, павенін быў аб’яднаць маладых людзей з тым, каб выхаваць іх у фашысцкім духу, а пасля прыцягнуць да ўзброенай барацьбы супраць Савецкай краіны. Захопнікі пры дапамозе гэтай арганізацыі спадзяваліся папоўніць свае воінскія і ахоўныя фармірванні…»

СБМ заснаваны ў чэрвені 1943 года. Дзейнічала арганізацыя легальна з дазволу і пры падтрымцы акупацыйных улад. Сябрамі СБМ была моладзь ва ўзросце ад 10 да 20 гадоў. Савецкая прапаганда залічыла ўсіх сяброў СБМ у здраднікі. Мне здаецца, што і зараз нічога не змянілася. Вельмі дзіўна, як гэта можна 10-гадовага падлетка і тым больш дзяўчынку лічыць здраднікам? Я перагартаў шмат крыніц пра гэту арганізацыю, але не знайшоў пацвярджэння, што моладзь выхоўвалася ў фашысцкім духу. Такая мэта перад СБМ не стаяла. Выхаванне ў антыбальшавіцкім духу — тут можна было б пагадзіцца. Але ж і гэта не нагаджалася. Магчыма, немцы глядзелі на моладзь СБМ, як на будучых сваіх прыхільнікаў і памочнікаў. Аднак трэба ўлічваць тое, што СБМ стваралі не немцы, а беларускія дзеячы, якія знаходзіліся як у Нямеччыне, так і ў Беларусі. Яны ставілі мэту, каб праца СБМ была накіравана на абуджэнне нацыянальнай свядомасці ў моладзі і патрыятычнага пачуцця адказнасці за сваю Айчыну. Моладзь СБМ вучылі любіць Беларусь, яе мову, культуру. Вось знайшоў у інтэрнэце дакумент СБМ, які называецца: «Дзесяць запаветаў юнака і юначкі». Прывяду некалькі вытрымак з гэтага дакумента:

Любі свой народ і родны край…

Вывучай слаўную мінуўшчыну свайго народа…

Шануй сваю родную мову, родныя песні і казкі і дбай аб развіцці і пашырэнні беларускай культуры.

Дбай аб здароўі і чысціні свайго цела і сцеражыся п’янства, курэння і разбэшчанасці…

Шануй і любі працу…

Будзь мужным і гордым змагаром за свае ідэалы…

Трымай высока свой гонар…

Шануй старэйшых…

…Памятай, што ты будучы грамадзянін, вучыся сумленна жыць, шчыра працаваць і мужна змагацца…

Памятай, што шчасце, гонар і слава Бацькаўчыны вышэй і даражэй за дабрабыт і жыццё адзінкі і хто памірае за Бацькаўшчыну, той вечна жыве ў яе народзе!

(Часопіс «Жыве Беларусь!», № 1 1943 г.)

У гэтых Запаветах я не ўбачыў ні здрады, ні фашызму. Я упэўнены, што стваральнікі «Маральнага кодэксу будаўніка камунізму» трымалі ў сябе на стале «Дзесяць запаветаў юнака і юначкі».

Колькі ўсяго было сяброў СБМ, дакладнай лічбы я не знайшоў. Розныя крыніцы называюць іх колькасць ад некалькіх дзесяткаў тысяч да 100 тысяч. У мяне больш даверу да лічбы, якую назвала Вераніка Катковіч, адна з кіраўніц юначак СБМ — гэта 45 тысяч чалавек.

Сябры СБМ падзяліліся на тры групы па ўзросту:

— ад 10 да 14 год — малодшыя юнакі і юначкі;

— ад 15 да 18 год — юнакі і юначкі;

— ад 19 да 20 год — старэйшыя юнакі і юначкі.

Штосьці нагадала мне, што падобны падзел існаваў пры савецкім ладзе. Толькі ў СССР муштраваць дзяцей пачыналі з дзіцячага садка. Потым акцябраты, піянеры, камсамольцы. У адрозненне ад СБМ, у камсамоле ўзрост знаходжання ад 14 да 28 год.

Даводзілася чуць і чытаць, быццам СБМ быў вярбоўшчыкам моладзі на працу ў Нямеччыну. Так, такая праблема існавала. Але калі з Берліна паступіла прапанова пераўтварыць СБМ у такога вярбоўшчыка, Кубэ не пагадзіўся з гэтым. Ён быў перакананы, што беларускую моладзь чакаюць больш важныя справы на Бацькаўшчыне. У гэтых юнакоў і дзяўчат былі самыя светлыя памкненні, патрыятычныя. Яны дбалі пра незалежнасць Беларусі і шчыра верылі, што такое магчыма ва ўмовах нямецкай акупацыі. А як жа не верыць, калі гэтаму спрыяў сам Вільгельм Кубэ, генеральны камісар акругі «Беларусь». Гэтым самым былі выратаваны дзесяткі тысяч маладых беларусаў ад адпраўкі на працу ў Нямеччыну. Праўда, частка моладзі СБМ ад’ехала туды па вярбоўцы — гэта, па розных крыніцах, ад адной да 5 тысяч чалавек. Для іх былі арганізаваны курсы па авалоданню новай, а можа і першай у жыцці, прафесіяй. Пасля курсаў усіх размеркавалі на працу — юнакоў у канцэрн «Юнкерс», а дзяўчат у войскі супрацьпаветранай абароны. Юнакі замянілі на заводах немцаў, якіх мабілізавалі на фронт. Трэба адзначыць, што над гэтымі нашымі суайчыннікамі не стаялі наглядчыкі з палкамі і пражывалі яны не ў бараках за калючым дротам. Пасля працоўнага дня ў іх быў вольны час, яны маглі збірацца разам. Тут таксама дзейнічалі структуры СБМ, нават выпускаўся часопіс «Малады змагар».

Дарэчы, я яшчэ нічога не сказаў пра кіраўніцтва СБМ. Кіраўнікоў не проста прызначалі, а спачатку іх рыхтавалі ў вучэбных цэнтрах. Вышэйшае кіраўніцтва і кіраўнікі СБМ акруг праходзілі падрыхтоўку ў Берліне. На кіруючыя пасады маглі прызначацца асобы, старэйшыя за 20 гадоў.

Такім быў Міхась Ганько. Ён нарадзіўся 28 лютага 1918 года ў Маладзечанскім павеце. Скончыў Маладзечанскую гімназію. У 1938 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт. Вучобу хугчэй за ўсё ён не закочыў, магчыма, перашкодзіла вайна. У 1939–1941 гадах працуе настаўнікам у Маладзечанскім раёне. У траўні 1941 года яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Калі пачалася вайна, ён з першых дзён на фронце. У ліпені 1941 года пад Псковам трапіў у нямецкі палон. Беларускія дзеячы, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, у Нямеччыне і ў іншых акупаваных краінах Еўропы, наведвалі лагеры ваеннапалонных і, дзякуючы свайму аўтарытэту і сувязям, вызвалялі беларусаў з палону. Быў вызвалены з палону і Міхась Ганько, пастараўся ў гэтым актыўны дзеяч беларускай эміграцыі журналіст Акінчыц. Міхася Ганько накіравалі на вучобу ў школу прапагандыстаў. Пасля вучобы на пачатку 1942 года яго накіравалі ў Мінск на пасаду супрацоўніка аддзела прапаганды Генеральнага камісарыята. 22 чэрвеня 1943 года Міхась Ганько быў прызначаны кіраўніком СБМ. Ён быў вопытным прапагандыстам, умелым кіраўніком. У кароткі тэрмін ён арганізаваў кіруючы штаб СБМ і стварыў адпаведныя структуры ў акругах. Ім былі арганізаваны курсы падрыхтоўкі кадраў СБМ, ён сам кантраляваў вучэбны працэс, выступаў з лекцыямі. Міхась Ганько быў выдаўцом і рэдактарам часопіса «Жыве Беларусь!». У верасні 1944 года быў уключаны ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Міхась Ганько загінуў у маі 1945 года ў Празе, пры якіх абставінах ён загінуў, звестак знайсці не ўдалося.

Другі кіраўнік СБМ Надзея Абрамава, яна займалася жаночай часткай арганізацыі. Нарадзілася ў 1907 годзе на Міншчыне. Закончыла Мінскі медыцынскі інстытут, навучалася на педагагічных курсах.

У часы нямецкай акупацыі працягвала працаваць лекарам. З сярэдзіны 1942 года працавала ў Беларускай народнай самадапамозе, узначальвала сектар дапамогі дзецям. 22 чэрвеня 1942 года прызначана галоўным кіраўніком жаночай часткі СБМ. Арганізавала курсы для кандыдатак на кіруючыя пасады, чытала лекцыі на тэмы маралі, здароўя, сям’і. Надзея Абрамава была супрацоўнікам часопіса «Жыве Беларусь!». З сярэдзіны 1943 года ўведзена ў склад Рады даверу. Удзельнічала ў працы Другога Усебеларускага кангрэсу, які адбыўся 27 чэрвеня 1944 года. Дарэчы, Міхась Ганько выступаў з прамовай на гэтым кангрэсе.

Летам 1944 года Надзея Абрамава эвакуіравалася ў Нямеччыну. Працягвала займацца грамадскай працай, аднавіла кіруючы штаб СБМ. Выпускала часопіс «Вучэбны лісток». У верасні 1944 года ўвайшла ў склад БЦР.

Памерла 18 лютага 1979 года ў горадзе Мюнхене, Нямеччына.

Пасля вызвалення Беларусі Чырвонай Арміяй ад нямецкіх захопнікаў лёс сабраў СБМ склаўся па-рознаму. Шмат хто з іх пакінуў Беларусь разам з немцамі, а потым эміграваў у ЗША, Канаду, Аўстралію ды іншыя краіны і сталі там вартымі грамадзянамі тых краін. Многія засталіся ў Беларусі, змагаліся ў шэрагах Чырвонай Арміі. Але гэта іх не выратавала. Па іх следзе ішоў СМЕРШ, іх сустракаў ГУЛАГ. Частка СБМаўцаў пайшла ў лес, у падполле, працягвала змагацца з бальшавікамі за незалежнасць Беларусі.

СБМ, які на тэрыторыі Беларусі праіснаваў крыху больш года зрабіў вялікі ўплыў на беларускую моладзь. Моладзь зразумела, што ў беларусаў была свая краіна, свая дзяржава, каб яе аднавіць, к гэтаму трэба рыхтавацца. Зноў прыпомнілася мая стрыечная сястра Ніна Саракалетава. Яна ўвесь час акупацыі жыла і працавала ў Мінску. Яна мне паведала, што да вайны ў Мінску немагчыма было пачуць беларускую мову. А калі хто і размаўляў, то ад такіх людзі кідаліся ўбок. А за часы акупацыі амаль усе загаварылі па-беларуску. Гэта заслуга СБМ і тых беларускіх дзеячаў, якія вярнуліся на Радзіму з прыходам акупацыі.

Калі З ліпеня 1944 года ў Мінску была адноўлена савецкая ўлада, то кіраўнікоў рэспублікі, партыйных функцыянераў, магчыма, ахапіў жах — 25-гадовая праца ВКП(б) — НКВД была дарэмнай. Усяго за тры гады акупацыі Беларусь зноў стала беларускай. Трэба было штосьці рабіць. Але савецкая ўлада здольная толькі на правядзенне рэпрэсій. І рэпрэсіі ўзмацніліся. На сайце Радыё Свабода 31.07.2013 г. быў змешчаны матэрыял:

«У 1944 годзе ў Беларусі пачалася маштабная аперацыя НКВД з мэтай ліквідацыі ў заходніх раёнах узброенага падполля. Усяго за год было арыштавана амаль 100 тысяч чалавек. Забіта пры супраціве 3200 змагароў з савецкай уладай».

Тут жа змешчаны дакументальны фільм «Беларускі рэзыстанс». Я паглядзеў гэты фільм пра мужных людзей, сапраўдных патрыётаў Беларусі і быў вельмі ўзрушаны. І вайсковыя аперацыі супраць змагароў і змаганне супраць бальшавіцкай улады ў Беларусі працягваліся да пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Колькі ўсяго рэпрасавана пасля вайны «нямецкіх прыслужнікаў», колькі людзей забіта — такой лічбы знайсці не ўдалося.

У інтэрнэце знайшоў звесткі, што наклад кнігі Юрыя Туронка «Людзі СБМ» быў канфіскаваны ў офісе адной грамадскай арганізацыі. Прайшло 68 год, як закончылася вайна, а ўлада да гэтага часу працягвае змагацца з 10–20-гадовымі дзяўчынкамі і юнакамі, палохаецца нават упамінання пра іх. Улада незалежнай Беларусі змагаецца з юнымі патрыётамі, якія ў гады акупацыі змагаліся за незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны.

Асабіста я нават думкі не дапускаю, каб сяброў СБМ залічыць у здраднікі. Яны былі адданымі патрыётамі сваёй краіны — Беларусі. Мы імі павінны ганарыцца. Наша сённяшняя свядомая моладзь працягвае іх справу.

Беларуская цэнтральная Рада — БЦР

Спачатку была створана Беларуская рада даверу. Гэта адбылося 27 чэрвеня 1943 года. Старшынёй Рады быў прызначаны бургамістр Мінска Вацлаў Іваноўскі. У яе склад уваходзілі прадстаўнікі БНС А. Калубовіч і Ю. Сабалеўскі, прафсаюзны дзеяч К. Рабушка, ад СБМ М. Ганько і Н. Абрамава, а таксама па аднаму прадстаўніку ад кожнай акругі.

Дзейнасць Рады даверу заключалася ў актыўным удзеле яе членаў у нарадах і паседжаннях кіраўніцтва Генеральнага камісарыята Беларусі. Галоўнай мэтай Рады даверу было стварэнне больш-менш бяспечных умоў існавання насельніцтва ў часы акупацыі. Часам яны ўдзельнічалі ў распрацоўцы планаў і метадаў правядзення аперацый супраць прамаскоўскіх партызан і падпольшчыкаў, якія значна ўскладнялі жыццё людзей ва ўмовах акупацыі. Не выключаецца, што Рада даверу вяла антыбальшавіцкую прапаганду. Быў створаны шэраг газет і часопісаў як «Менская газета», «Беларуская газета», «Жыве Беларусь!» ды іншыя. Галоўнай мэтай Рады даверу было ўтварэнне беларускай дзяржавы, няхай гэта пакуль што пад пратэктаратам Германіі. Гэта быў бы значны падмурак на будучыню. Пры Радзе даверу было створана Навуковае таварыства на чале з Вацлавам Іваноўскім, мэтай якога было згуртаванне навукоўцаў дзеля адбудовы Бацькаўшчыны.

БЦР — Беларуская цэнтральная рада — створана на базе Рады даверу ў снежні 1943 года. Прэзідэнтам БЦР быў Радаслаў Астроўскі. 1-м віцэ-прэзідэнтам быў Мікалай Шкялёнак, 2-м віцэ-прэзідэнтам — Юры Сабалеўскі. У падпарадкаванне БЦР былі перададзены: школьныя справы, Беларускае навуковае таварыства, культура, сацыяльная апека, моладзевыя справы, ваенныя справы. Кіраўнікамі былі прызначаны: Францішак Кушаль — ваенныя справы, С. Кандыбовіч — фінансы, Аўген Калубовіч — культура, А. Сакрат — школа, Міхась Ганько і Надзея Абрамава — моладзевыя справы, Павел Свірыд — юрыдычныя і рэлігійныя справы.

Беларускія дзеячы і Рады даверу і БЦР у часы акупацыі адыгралі станоўчую роль. Яны спадзяваліся, што БЦР стане паўнавартасным урадам незалежнай Беларусі.

БКА — Беларуская краёвая абарона

Была створана ў лютым-сакавіку 1944 года па загаду прэзідэнта БЦР Радаслава Астроўскага і выконваючага абавязкі генеральнага камісара Беларусі фон Готберга. Узначальвала БКА Галоўнае камандаванне. Камандзірам прызначаны Францішак Кушаль. Фарміраванне ішло за кошт добраахвотнікаў і мабілізацыі. Колькасць жаўнераў дасягнула 25 тысяч чалавек. Было сфарміравана 45 батальёнаў па 450–500 чалавек у кожным. Афіцэры рыхтаваліся на курсах у Мінску, жаўнеры — па месцы службы. Службовай мовай была беларуская. Астроўскі і Кушаль выставілі немцам умову, што батальёны БКА будуць змагацца толькі на тэрыторыі Беларусі і толькі з ворагамі беларускага народа. Таму галоўнай мэтай БКА было змаганне супраць прамаскоўскіх партызан. Пад уплывам наступлення Чырвонай Арміі частка жаўнераў БКА перайшла на бок партызан. Але на іх месца прыбывалі добраахвотнікі з так званых партызанскіх зон, папаўнялі шэрагі БКА. Яны адчулі на сабе, што такое савецкія партызаны, што часам яны горш за немцаў. Пасля 27 чэрвеня 1944 года немцы сталі пакідаць Мінск. Перад камандзірамі батальёнаў БКА стаяў выбар, ці адступаць разам з немцамі ці заставацца на радзіме. Кожны жаўнер прымаў рашэнне сам за сябе. Такі падзел адбыўся. Частка людзей засталася дома. Разам з немцамі на захад пайшло каля 10 тысяч жаўнераў. На пачатку 1945 года з застаўшыхся батальёнаў БКА была створана 1-я Беларуская грэнадзёрская брыгада «Беларусь». Пазней брыгада была перафарміравана ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь». Яе камандзірам па-ранейшаму заставаўся Францішак Кушаль. У красавіку 1945 года камандаванне дывізіі прыняла рашэнне перайсці на бок амерыканцаў. Былі праведзены перамовы, вызначана месца пераходу. Для гэтага трэба было захапіць мост праз раку і прарваць нямецкую абарону. Дывізія задачу паспяхова выканала і строем пад бела-чырвона-белым сцягам прыбыла к амерыканцам. Гэта адбылося 30 красавіка 1945 года.