37. Гуманітарка
Дзіва, але і ў нашу вёску даходзіла амерыканская гуманітарная дапамога. Аднойчы старшыня калгаса Міша Кузьміч уручыў мне ватоўку, якую зараз бы назвалі курткай. Яна была светла-жоўтага колеру, велікаватая, але цёплая. Я яе насіў некалькі гадоў. Потым брат Андрэй прынёс мне боты. Яны былі карычневага колеру, халявы брызентавыя, а ніз скураны. Некалькі разоў нам даставаліся кардонныя каробкі з харчовымі наборамі. Сярод харчовых прадуктаў, якія мне запомніліся, была бляшанка павідла, бляшанка салёных арэшкаў, 3-кілаграмовая бляшанка гарохавай (а можа, соевай) мукі, яечны парашок, аскарбінавая кіслата і кава ў аднаразовых пакеціках з фальгі. Атрыманне гуманітаркі было радаснай падзеяй.