10. Начны візіт

У снежаньскую ноч 1942 года мы пачулі грукат у шыбу, а затым у дзверы. Бацька запаліў лямпу, запытаў: «Хто там?», «Свае, адчыняй», — пачулася з вуліцы. У хату ўвайшло 10–12 чалавек, іх выгляд быў бандыцкі. Я напалохаўся і пачаў моцна плакаць. «Заткніце яму рот!» — закрычаў адзін з іх. Потым яны запыталіся, ці ёсць у вёсцы немцы. Бацька адказаў, што іх няма і не бывае, можа адзін-два разы на месяц прыедзе патруль у дзённы час і ўсё. Старэйшы сказаў: «Нам патрэбна адзенне, абутак, харч». Мама хутка падрыхтавала яешню, парэзала сала, каўбасу, хлеб, паставіла на стол салёныя грыбы, капусту — усё, што было. Ці то ў жарт, ці ўсур’ёз адзін запытаўся: «А дзе самагонка?» Але самагонкі ў нас не было. Пасля «трапезы» бацька аддаў ім боты, ватоўку, штосьці яшчэ. Але партызанам гэтага было мала: убачылі бацькаў кажух — забралі, сушыліся каля печкі валёнкі — забралі. Бацька ўпрошваў не забіраць кажух і валёнкі, селяніну без іх зімой вельмі цяжка пражыць. Старэйшы са злосцю прамовіў: «Зараз я цябе прыстрэлю, і не патрэбны табе будуць ні кажух, ні валёнкі».

Настрой у партызан сапсаваўся. «Дзе харчы?» — звярнуўся да мамы адзін з партызан. «Дык я ж вас пакарміла», — адказала яна. Пачуўшы гэты, як ім здалося, наіўны адказ, партызаны раз’юшыліся. Яны патрабавалі адчыніць клець, забралі сала, каўбасы, кумпякі — усё, што можна было несці і колькі можна было панесці. Гэта было звычайнае рабаўніцтва.

Нам пашчасціла, што ў іх не было транспарту і нават рэчавых мяшкоў. У нас засталося збожжа, бульба, у хляве стаяла жывёла. Пасля гэтага здарэння прадукты харчавання мы трымалі ў розных месцах, у тайніках. І вопратку на віду не трымалі. Мой бацька вельмі шкадаваў кажух і валёнкі.

Для параўнання хачу сказаць, што за ўвесь час акупацыі ў нашу хату ўсяго аднойчы зайшоў немец. Гэта было ў студзені 1942 года. Ён пераступіў парог і прамовіў: «Матка, яйка», — і чакаў, стоячы на палавіку ля дзвярэй. Са спалоху мама схапіла кошык з яйкамі і паднесла немцу. «Найн, найн», — сказаў ён і паказаў пяць пальцаў. Мама паклала на яго далонь 5 яек, ён сказаў: «Данке», — і выйшаў з хаты.

Праўда, у верасні 1941 года цераз нашу вёску ішла румынская часць. Яна прыпынілася на кароткі адпачынак. Румыны распалілі паходную кухню, але, відаць, у іх не было чаго закінуць у кацёл. Яны хадзілі па дварах і, не зважаючы ўвагі на гаспадароў, лавілі курэй. Курынае кудахтанне раздавалася па ўсёй вёсцы. Я і мая бабуля Наста сядзелі ў гэты час на прызбе сваёй хаты і назіралі за гэтым спектаклем. Бабуля ціха абуралася, а мне было смешна. Некалькі кур не далічыліся і мы.

Пасля начнога візіту партызан спакойнае жыццё скончылася. Кожную наступную ноч мы сустракалі з трывогай.