9. Наша вёска ва ўмовах акупацыі

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Як я ўжо сказаў, наш калгас перастаў існаваць. Да гэтага ён праіснаваў гадоў 10–12. Яшчэ свежай была памяць людзей, як іх раскулачылі, сілком загналі ў калгас, а некаторых выслалі ў Сібір. Былі рэпрэсаваны Бобрык Дзяніс, Бобрык Аляксандр, Цецяронак Іван, Цецяронак Змітрок, Маскалейчык Даніла. Быў рэпрэсаваны і змагар за калгасы Кукуля Ціт. З яго сынам Сяргеем я сябраваў. Ніхто з іх назад не вярнуўся, сляды іх згубіліся дзесьці ў турэмных падвалах. Пашанцавала толькі Бобрыку Мірону, які вярнуўся з высылкі дадому.

І вось зноў, цяпер ужо з рук акупантаў, людзі атрымалі зямлю ў сваю ўласнасць, сталі гаспадарамі. Немцы абклалі ўсе двары цвёрдым падаткам у выглядзе здачы збожжа, жывёлы, фуражу. Мы своечасова ўбралі ўраджай 1941 года. Трэба адзначыць, што гэта быў ураджай калгасны, усіх тонкасцяў яго падзелу не ведаю. Нам дастаўся вялікі палетак жыта, а таксама па некалькі сотак ячменю, аўсу, гароху. Здаецца, бульбу, грэчку і лён не дзялілі, магчыма, ўсё гэта немцы забралі цалкам.

Але бульба ў нас была свая. Перад вайной прысядзібныя ўчасткі былі па 60 сотак, і мы іх звычайна засявалі бульбай. Я дакладна не ведаю памер падаткаў, якія здаваў мой бацька немцам, але добра памятаю, што для сябе заставалася значна больш, падаткі нельга было назваць рабаўніцкімі.

Памятаю, як аднойчы бацька запрэг каня, закінуў на павозку трох авечак, папярэдне звязаўшы ім ногі, і павёз іх здаваць у Докшыцы. Я вельмі абрадаваўся, калі ён мяне ўзяў з сабой. На прыёмным пункце нам выдалі квітанцыю і нават грошы за здадзеных авечак. Грошы мой бацька браць адмаўляўся, таму што гэта былі савецкія купюры. Ён палічыў, што над ім пажартавалі. Загадчык прыёмнага пункту запэўніваў, што савецкія грошы ў хаду нараўне з акупацыйнымі маркамі, і параіў нам зайсці ў краму. Насамрэч, мы купілі соль, цукар, крупы і штосьці яшчэ, неабходнае ў гаспадарцы. Усё гэта мы пагрузілі на воз і паехалі дадому. Пасля гэтага людзі сталі даставаць савецкія грошы са сваіх сховіш і смела імі карыстацца.

Яшчэ мы здавалі немцам па кабану ў год, але акрамя гэтага была магчымасць і для сябе гадаваць па аднаму-два кабаны. Трэба прызнаць, што нямецкая адміністрацыя не кантралявала, якое ў гаспадарцы гадуецца пагалоўе жывёлы. Акрамя каровы, цяля, свіней мы гадавалі 15–20 авечак. Калі да акупацыі мы маглі дазволіць сабе мяса толькі па вялікіх святах: на Каляды, Вялікдзень, Тройцу, Дзяды — то ва ўмовах акупацыі мы маглі дазволіць сабе мяса кожны дзень.

Немцы да нас у вёску амаль не наведваліся. Мы — дзеці — не адчувалі таго, што жывём пад акупацыяй. У вёсцы быў усяго адзін паліцай, 18-гадовы хлопец з мясцовых, бяскрыўдны. Калі немцы і прыязджалі ў вёску, то да старасты. Але такое здаралася не так і часта. У часы акупцыі нам, дзецям, для гульні заставалася менш часу: калі хочаш заможна жыць, трэба шмат працаваць. І мы, падлеткі, таксама ўключыліся ў працу. Бацька браў мяне ў поле. Я ў 7–8-гадовым узросце навучыўся ўпраўляцца з канём і нават умеў баранаваць ворыва. Таксама я збіраў камяні на сваіх палетках, утварылася цэлая крушня з тых камянёў.

Так мы адносна спакойна пражылі да канца 1941 года, увесь 1942 год. Ужо з канца 1942 года сталі распаўсюджвацца чуткі пра партызан, адна трывожней другой. Мы заставаліся ў сваёй вёсцы да жніўня 1943 года.

Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚

Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением

ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК