27. Мой бацька пайшоў на фронт

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Пад уражаннем размовы з вяскоўцамі мой бацька на наступны дзень пайшоў у Бягомль да першага сакратара райкама партыі Манковіча. Яны добра ведалі адзін аднаго. Да вайны не аднойчы сустракаліся на раённых нарадах. У час акупацыі Манковіч быў камісарам партызанскай брыгады «Жалязняк». Вярнуўшыся з Бягомля, бацька расказаў, як прайшла сустрэча. Мы сядзелі каля вогнішча і слухалі. Я прывяду ўрывак з яго аповеду, які мне найбольш запомніўся.

Бацька (прывітаўшыся). Сцяпан Сцяпанавіч, я зайшоў да Вас, каб сказаць, што адмаўляюся ад пасады старшыні калгаса. Буду працаваць шараговым калгаснікам.

Манковіч. Мы тут не ў цацкі гуляем. Партыя загадала…

Бацька (перабівае). Прабачце, я — беспартыйны.

Манковіч. Скажы дзякуй, што ты да мяне зайшоў, што я цябе добра ведаю, мог бы загрымець…

Бацька. Сцяпан Сцяпанавіч, не будзем марнаваць час, я для сябе прыняў цвёрдае рашэнне, я настойваю на сваім.

Манковіч (стукнуўшы далонню па стале). На фронт пойдзеш!

Бацька. Я не прыгодзен для службы па стане здароўя. (На Першай сусветнай вайне яго кантузіла, таму ў яго быў дрэнны слых).

Манковіч. Гэта мы будзем вырашаць, годзен ты да службы ці не.

Бацька. Мой узрост не прызыўны.

Манковіч. І з узростам разбярэмся. Людзі за радзіму кроў праліваюць, змагаюцца з фашызмам, а ты прыкрываешся станам здароўя, узростам. Заўтра ў 12.00 быць у райваенкамаце. Я туды патэлефаную.

Бацька працягваў расказ, але мяне паклікаў Міша. Ён паказаў мне каршуна, які спакойна сядзеў на вяршаліне сасны. Міша даваў мне стрэліць ужо шмат разоў. Я нават трапляў у бляшанку з-пад кансерваў. Ён аддаў мне ў рукі карабін і сказаў, каб я пастараўся пацэліць у птушку. Ад мяне залежала, што будзе на вячэру. І я пацэліў, каршун упаў на зямлю. Міша мяне пахваліў. На вячэру мама зварыла бацвінне з птушыным мясам. Каршун быў вельмі тлусты.

Раніцай бацька абняў нас па чарзе і пайшоў у Бягомль, пайшоў не вуліцай вёскі, а аселіцамі, каб не сустракацца з людзьмі. Мы засталіся ў шалашы. З фронту ад бацькі прыходзілі лісты. Мама іх чытала ўслых, а мы, я з братам Андрэем і ўся сям’я дзядзькі Лаўрэна, уважліва лавілі кожнае слова, што бацька напісаў нам з фронту. Часам прыходзілі суседзі і звярталіся да мамы: «Дуня, калі ласка, пачытай нам, што піша Піліп з вайны». Пасля мая 1945 года мы лічылі дні, калі наш бацька вернецца дадому. Але, як высветлілася, СССР і яго непераможная Чырвоная Армія без майго бацькі не маглі разбіць Японію, і яго накіравалі туды.

Ён загінуў 19 жніўня 1945 года ў Манчжурыі пад горадам Мукдэнам.

А старшынёй калгаса прызначылі Мішу Кузьміча. З яго дачкой Клавай я вучыўся ў адным класе.

Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚

Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением

ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК