7. Рэха вайны (30 год пасля…)

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Знарок не прыдумаеш

У савецкія часы дзень 22 чэрвеня 1941 года стараліся не ўзгадваць, надта непрыемныя ўспаміны савецкаму рэжыму навявала гэтая дата. 22 чэрвеня 1971 года ніхто ні па радыё, ні па тэлебачанні, ні ў газетах не напомніў, што гэта за дзень.

Я ў той час служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння (РВСП), меў званне капітана. Раніцай звычайна ракетны полк строілі для разводу на заняткі. Але ў гэты дзень было па-іншаму. Адрозненне было ў тым, што на пляц вывелі аркестр. Такое адбывалася толькі ў дні дзяржаўных свят. А гэта ж быў звычайны дзень, сярэдзіна тыдня. Пастраеннем палка займаўся начальнік штаба, прозвішча яго ўжо не памятаю. Бачым: да пляцу набліжаецца камандзір палка палкоўнік Палузваў. У двух кроках за ім, крыху лявей, ідзе зампаліт маёр Ігін. Начальнік штаба падаў адпаведныя каманды і пад аркестр пайшоў насустрач. Камандзір выслухаў даклад, выйшаў на сярэдзіну перад строем і гучна прамовіў: «Здравствуйте, товарищи!» Мы, як гэтага патрабаваў статут, дружна адказалі на прывітанне. Далей камандзір палка прамовіў: «Віншую вас са святам — 30-й гадавінай нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз!» Мы спачатку разгубіліся ад нечаканага віншавання, але потым дружна адказалі трохкратным «Ура!».

Сэнс віншавання, нарэшце, дайшоў да зампаліта. Ён ухапіўся за рукаў кіцеля камандзіра і ўзрушана кажа: «Таварыш палкоўнік, апамятайцеся. З чым гэта вы віншуеце?» Нам усё гэта чуваць. Камандзір абурана адкінуў руку маёра Ігіна і ўзвышана дадаў: «Так, так, я не абмовіўся. Калі б Германія не напала на Савецкі Саюз, мы б яе не перамаглі і ў нас не было б свята — Дня Перамогі». Потым мы ў гонар дня нападу Германіі на Савецкі Саюз пад аркестр прайшлі ўрачыстым маршам. Гэты анекдатычны выпадак, відавочцам і ўдзельнікам якога я быў, з вуснаў у вусны распаўсюдзіўся па ўсёй дывізіі і выйшаў за яе межы. Калі мы збіраліся ў курыльні або за сталом, хто-небудзь успамінаў: «А памятаеце, як палкоўнік Палуэктаў?..» — і пачынаўся рогат.

З маёрам Ігіным я жыў па суседстве на адной лесвічнай пляцоўцы. Аднойчы я запытаўся ў яго, ці быў працяг таго віншавання? Ён адказаў, што непрыемнасці былі, справай займаліся і палітаддзел, і асобы аддзел. Хутка маёр Ігін атрымаў чын падпалкоўніка. Палкоўніка Палуэктава перавялі ў Маскву, ён стаў генералам.

30-годдзе з Дня Перамогі

Мае прыгоды, звязаныя з вайной, працягваліся. Напярэдадні 30-годдзя Дня Перамогі палітработнікі прыдумлялі шэраг мерапрыемстваў на ваенна-патрыятычную тэматыку. Зампаліт вайсковай часці, у якой я нёс службу, даведаўся, што ў часы вайны я жыў у акупацыі. Ён запытаўся ў мяне, ці сустракаўся я з немцамі, што я ведаю пра партызанскі рух. Я адказаў, што шмат ведаю і пра тых, і пра тых. Зампаліт запланаваў маё выступленне на гэтую тэму перад салдатамі. У межах адведзенага мне часу я расказаў сваю праўду пра вайну, пра немцаў, пра жыццё ва ўмовах акупацыі. Змест майго выступлення хтосьці данёс нампаліту, і ён запрасіў мяне ў свой кабінет. Трэба сказаць, што зампаліт быў прыстойны чалавек, і ён тактычна, нават па-бацькоўску, параіў мне быць больш асцярожным у сваіх выказваннях, праўда ў некаторых выпадках можа нанесці шкоду. Гэта быў 1975 год.

Да 30-годдзя з Дня Перамогі высокім камандаваннем было загадана ў кожнай казарме зрабіць стэнд, на якім адлюстраваць удзел у Вялікай Айчыннай вайне бацькоў тых салдат, якія праходзяць службу ў гэтай казарме. З гэтай прапановай я звярнуўся да салдат, і шмат хто з іх адклікнуўся на маю просьбу. Малодшы сяржант Жальскіх сказаў, што яго бацька змагаўся супраць немцаў у шэрагах французскага Супраціўлення і ў яго ёсць фатаграфіі. Каб сэканоміць час, я здолеў арганізаваць яму тэлефонную размову з бацькам. Хутка малодшы сяржант Жальскіх атрымаў з дому пакет. Фатаграфіі былі не любіцельскія, а прафесійныя, і, што самае галоўнае, яны былі каляровыя. На здымку быў вельмі статны мужчына, апрануты ў французскую ваенную форму, на грудзях красаваліся французскія ўзнагароды — ордэны і медалі. Мой стэнд атрымаўся на славу. На стэндзе былі планшэты з фотаздымкамі сваякоў іншых салдат. Перад святам Перамогі камандаванне правяло агляд казарм.

Мой стэнд быў прызнаны лепшым, і я нават атрымаў падзяку. Пасля свята да мяне ў казарму наведаўся прадстаўнік асобага аддзела маёр Фёдараў. Да мяне ён прыехаў упершыню, што мяне здзівіла і насцярожыла. Ад штаба нашай вайсковай часці ды майго падраздзялення было 43 кіламетры. Мы прывіталіся. Фёдараў прайшоўся па казарме і прыпыніўся каля стэнда, прысвечанага Дню Перамогі, паглядзеў фотаздымкі, прачытаў тэкст, сказаў, што зроблена добра, і развітаўся са мной. Праз 3–4 дні ў маё падраздзяленне нечакана заявілася камісія ў складзе двух падпалкоўнікаў, якіх суправаджалі сакратар парткама маёр Дзмітрый Пахучы і той жа «асабняк» маёр Фёдараў. Як потым высветлілася, маёр Фёдараў зрабіў запыт у архівы КДБ, каб адшукаць «справу» на грамадзяніна Жальскіх. Звесткі з архіва паступілі ў асобы аддзел дывізіі. А звесткі былі наступныя: чырвонаармеец Жальскіх трапіў у нямецкі палон. Калі з’явілася магчымасць, ён уступіў у Рускую вызваленчую армію, якую фарміраваў генерал Уласаў. Асабіста я «справу» Жальскіх не чытаў, таму ўсіх падрабязнасцяў не ведаю. Пра ўсё гэта я кажу са слоў маёра Пахучага.

Праз нейкі час Жальскіх уцёк з арміі Уласава і ўступіў у французскае Супраціўленне. Французы яго прынялі прыязна. У шэрагах французскага Супраціўлення ён праявіў сябе як мужны, храбры, знаходлівы воін, што бачна па яго шматлікіх узнагародах, якія ён атрымаў ад Францыі. У 1946 годзе ён добраахвотна вярнуўся на радзіму ў СССР. Радзіма з ім абышлася крута, прамым ходам накіравала ў ГУЛАГ, дзе ён правёў доўгіх 8 гадоў. Яго вызвалілі ў 1954 годзе. Вось такі лёс напаткаў бацьку малодшага сяржанта Жальскіх.

Таму камісія і прыбыла ў маё падраздзяленне. Асабліва актыўнічалі падпалкоўнікі. Я так і не зразумеў, ці яны былі з КДБ, ці проста палітработнікі. Яны не назваліся, а я не мог патрабаваць ад іх паказаць пасведчанні, бо яны прыбылі ў суправаджэнні прадстаўніка нашай вайсковай часці. Пачалася разборка. Адзін з іх сказаў у мой бок, якую сувязь я ўбачыў паміж французскім Супраціўленнем і Днём Перамогі, якое дачыненне ўвогуле мае Францыя да гэтага нашага святога дня? Я адказаў, што Францыя і шмат іншых краін былі нашымі саюзнікамі. Нават у складзе Чырвонай Арміі існавала французскае авіяпадраздзяленне «Нармандыя-Нёман». Маёр Пахучы прыклаў палец да сваіх вуснаў, падаў мне знак, каб я як можна менш размаўляў, а больш ківаў галавой у знак згоды з камісіяй. На мяне пасыпаліся абвінавачванні: як я мог такое дапусціць — уласаўца выдаваць за героя, што я згубіў рэвалюцыйную пільнасць, дапусціў палітычную блізарукасць, апалітычнасць — стандартны набор абвінавачванняў для таго часу.

Было сумна і смешна. Але трэбы было рабіць сур’ёзны выгляд і слухаць гэтую бязглуздзіцу, паказваючы ім кукіш у кішэні. Потым у мяне запатрабавалі «Кнігу ўліку асабовага складу падраздзялення». Сталі яе правяраць. Мы тую кнігу называлі «Кніга штатнага раскладу». У ёй былі пералічаны ўсе пасады і асобы, якія іх займалі, з кароткімі біяграфічнымі данымі. І вось падпалкоўнік натыкнуўся на салдата, нацыянальнасць якога была — немец.

«Якім гэта чынам у асобарэжымным падраздзяленні апынуўся немец?» — уставіўся на мяне правяральшчык. «Яго да нас не з ФРГ заслалі, гэта наш савецкі немец з Казахстана», — адказаў я. «Вы тут мне не жартуйце, ён, магчыма, з паволжскіх немцаў, высланых у Казахстан. Ніхто не ведае, што там у яго галаве», — абурана сказаў падпалкоўнік. «Прэтэнзіі не да мяне. Не я вырашаю, дзе каму служыць. Мне прыслалі салдата, мая задача навучыць яго воінскай прафесіі, якой бы нацыянальнасці ён ні быў. Дарэчы, гэта лепшы салдат падраздзялення», — не здаваўся я. Падпалкоўнік па «Кнізе ўліку…» працягваў знаёміцца з маімі падначаленымі. Раптам ён падскочыў са стула, быццам яму ў задніцу пырнулі шылам. «Да тут асінае гняздо!» — закрычаў ён, наткнуўшыся на запіс: «Камандзір аддзялення малодшы сяржант Кох». Я не магу ведаць, якія асацыяцыі і фантазіі ўзніклі ў галовах гэтых правяральшчыкаў. Магчыма, ім прыпомніўся Эрых Кох, стаўленік Гітлера, гаўляйтар Украіны, кат украінскага народа. Раптам гэты малодшы сяржант Кох сваяк таго Коха? Магчыма, ён у гэтай казарме стварыў таемную камеру катаванняў і па начах катуе салдат. Якраз тады ў арміі квітнела дзедаўшчына.

Падпалкоўнікі, перабіваючы адзін аднаго, няслі ўсялякую бязглуздзіцу. Я іх не слухаў, а чакаў, калі гэты цырк скончыцца. Калі іх слоўны запас быў вычарпаны і яны нарэшце спыніліся, я ім патлумачыў, што малодшы сяржант Кох — украінец. Чалавек не вінаваты, што яму дасталася такое прозвішча. Камісія забрала планшэт са стэнда з фотаздымкамі «ўласаўцаў» і ад’ехала.

На наступны дзень паступіў загад: малодшага сяржанта Жальскіх і шараговага салдата (немца, прозвішча не памятаю) адправіць для праходжання службы ў іншую вайсковую часць. Я пазбавіўся самага лепшага свайго салдата. Малодшы сяржант Кох застаўся на месцы. Вось такім чынам для мяне абярнулася святкаванне 30-й гадавіны Перамогі. Трэба адзначыць, што з боку камандавання часці па гэтым выпадку ў мой адрас папрокаў не прагучала.

Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚

Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением

ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК