6. Ці дачакаемся мы праўды?
Гісторыя Другой сусветнай вайны ў савецкай інтэрпрэтацыі — суцэльная хлусня. Патрабуецца дэталёвая інвентарызацыя. Гісторыкі савецкага накірунку лямантуюць: не дазволім перапісваць гісторыю вайны! Але ж яе спачатку трэба праўдзіва напісаць, вярнуць яе нам. Трэба аддзяліць усялякае мемуарнае шалупінне і пакінуць праўду, якой бы горкай яна ні была.
На першым з’ездзе беларусаў свету акадэмік Радзім Гарэцкі сказаў у сваім дакладзе:
«…Больш усебаковай і аб’ектыўнай ацэнкі патрабуе партызанскі рух Беларусі ў час Другой сусветнай вайны. Ен заключыў у сабе не толькі гераічнае, што ўсяляк высвечваецца, а і трагічнае, што ўсё яшчэ зацямняецца, проста замоўчваецца. Так, ён мала выконваў адзін з важнейшых абавязкаў, а менавіта — бараніць насельніцтва Беларусі ад вынішчэння рознага роду карнікамі, а ў шэрагу выпадкаў нават садзейнічаў гэтаму».
Гэта было сказана ў 1993 годзе. Я ўдзячны акадэміку. З яго вуснаў я пачуў тое, што доўгія гады выношваў у сабе. Мне тады падумалася, што лёд крануўся, што высновы акадэміка Гарэцкага падхопяць і працягнуць іншыя. Але заварушыліся, паднялі галовы былыя партызанскія функцыянеры, рынуліся бараніць свой міт аб заступніцтве за простых, мірных беларусаў.
Знішчаны школьныя падручнікі па гісторыі, выдадзеныя ў першай палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У апошні час распачата беспардонная спекуляцыя тэмай вайны і перамогі. Слухаеш некаторыя афіцыйныя прамовы і складаецца ўражанне, што прамоўца кіраваў дывізіямі, арміямі, франтамі, распрацоўваў вайсковыя аперацыі, натхняў войскі на подзвігі, браў Берлін. Узнікае жаданне зняць ордэн Перамогі з помніка Перамогі і пачапіць яго на грудзі прамоўцы.
Пачалася новая хваля прыватызацыі перамогі. Так, мы пранеслі на сваіх плячах цяжар вайны, перацярпелі шмат пакут, панеслі вялікія страты. Але не трэба перабольшваць унёсак Беларусі ў справу разгрому нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Чырвоная Армія больш чым напалову складалася з цёмнаскурых і вузкавокіх салдат. Тыя беларусы, якіх мабілізавалі ў 1944 годзе, загінулі на працягу 1–2 месяцаў. Іх ледзь хапіла на некалькі разведак боем. Перамога над Германіяй дасягнута агульнымі намаганнямі ўсіх краін свету. Брэсцкую цытадэль, якой мы так ганарымся, абаранялі воіны розных нацыянальнасцяў, там загінула 300–350 чэчэнцаў, пра якіх сёння не ўспамінаюць.
Чырвоная Армія вызваліла краіны Усходняй Еўропы ад фашызму, для народаў вызваленых краін гэта была вялікая радасць, але яна была нядоўгай. На змену карычневай чуме прыйшла чырвона-карычневая. Васіль Быкаў у артыкуле «Горкі смак Перамогі» («Народная газета» ад 07.03.1995) пісаў:
«Мы меркавалі, што вызваляем еўрапейскія народы ад фашызму, не падумаўшы, што нясём ім новае зняволенне…»
Савецкая акупацыя праіснавала 45 гадоў. Толькі гарбачоўская перабудова і галоснасць паспрыялі вызваленню. Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў варты таго, каб яму пры жыцці ў гэтых краінах былі ўсталяваны помнікі, як цару-вызваліцелю.
Чым больш аддаляе нас час ад Другой сусветнай вайны, ад дня Перамогі, тым больш падымаюцца новыя хвалі хлусні. У дзяржаўных СМІ толькі і чуеш напышлівую балбатню пра ўсенародны ўздым на барацьбу супраць ворага, пра самаахвярнасць, пра суцэльны гераізм на фронце і ў тыле. Але давайце зірнём праўдзе ў вочы. Які ж гэта гераізм, калі за першы год і асабліва за першыя месяцы вайны ў нямецкі палон трапіла 3,7 мільёна савецкіх салдат і афіцэраў? Чаму такая процьма не засланіла сабой краіну? Калі быў у гады вайны суцэльны ўздым, гераізм, патрыятызм, дык як тады мог з’явіцца загад стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандвання № 270, які аб’яўляў здраднікамі не толькі салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў нямецкі палон, але і чальцоў іх сем’яў? Калі лічыць, што кожная сям’я складалася з 4–5 чалавек, дык атрымліваецца, што ў СССР аказалася ў час вайны ад 25 млн. да 30 млн. здраднікаў! Што ж гэта была за дзяржава, у якой мы жылі?
Калі быў у гады вайны ўсенародны ўздым, патрыятызм, гераізм, то як мог з’явіцца на свет загад наркама абароны СССР І. Сталіна № 227 ад 28 ліпеня 1942 года, які атрымаў назву «Ні кроку назад!». Гэты загад прадпісваў стварыць заградатрады НКВД, узброеныя кулямётамі, аўтаматамі і іншай зброяй. Атрады размяшчаліся ў тыле часцей, прызначаных для атакі. Пры спробе адступіць заградатрады адкрывалі агонь па сваіх. Акрамя таго, загад даваў санкцыі на стварэнне штрафных рот і батальёнаў. Загад прадпісваў расстрэльваць перад строем трусаў і панікёраў. У адпаведнасці з загадам № 227 такіх было расстраляна (слабанервовых прашу не чытаць, перагарніце старонку) 954 тысячы савецкіх салдат і афіцэраў!
Такі «патрыятызм» у страшным сне не мог прысніцца. Што ж гэта за дзяржава такая? Што ж гэта за кіраўнікі дзяржавы, што аддавалі такія бесчалавечныя загады? Гэта нелюдзі. Любога салдата, які замарудзіўся і апошнім падняўся ў атаку, расстрэльвалі, каб запалохаць іншых. Загад з’явіўся ў канцы ліпеня 1942 года. Вайна працягвалася ўжо больш за год, быў назапашаны вялікі вопыт яе вядзення. Але патрыятызму, запалу ў арміі не было. Што ж гэта за армія, якую ў атаку, у наступленне трэба падымаць і гнаць наперад пры дапамозе заградатрадаў?
Кожнаму военачальніку і шараговаму салдату вядома, што армія, якая наступае, нясе значна большыя страты, чым тая, якая трымае абарону. А што адбывалася на самай справе? Чырвоная Армія, якая трымала абарону, у баях за кожны горад несла незлічоныя страты. Звычайна армія пакідае горад ці тэрыторыю, каб зберагчы сваю жывую сілу і тэхніку, перагрупавацца і чакаць праціўніка на новых рубяжах абароны. Але тут нават гаворка не ішла, каб берагчы жыццё сваіх салдат і афіцэраў для будучых баёў. Абараняючы Смаленск, Чырвоная Армія згубіла 1,5 мільёна чалавек. Пад Ржэвам і Вязьмай яшчэ 1,5 мільёна. У баях за Маскву загінула каля мільёна чалавек. К восені 1941 года ад той часці Чырвонай Арміі, якая была выстаўлена супраць немцаў, засталося 7 % асабовага складу. Аднак і немцам патрэбна была перадышка. Становішча Чырвонай Арміі пад Масквой палепшылася, калі з Далёкага Усходу сюды прыбылі свежыя арміі, якія трымалі там на выпадак агрэсіі з боку Японіі.
Не трэба скідваць з шаляў вялікую бескарыслівую дапамогу, якую аказалі СССР Злучаныя Штаты Амерыкі. Чырвоная Армія мела шматкратную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы над нямецкай арміяй. Па віне бяздарнага кіраўніцтва гэта перавага была згублена ў першыя месяцы вайны. Калі мы вядзём размову пра дапамогу, то прыпамінаем толькі амерыканскія аўтамабілі «Студэбекеры». Але ж ЗША бесперабойна пастаўляла для СССР танкі, самалёты, іншае ўзбраенне, выбуховыя рэчывы. Я не буду называць канкрэтныя лічбы дапамогі, скажу толькі, што яны астранамічныя.
Акрамя таго, ЗША пастаўлялі ў СССР прадукты харчавання. Чырвоная Армія галадала. Мой стрыечны брат Аляксандр Капылоў пачаў вайну сувязістам. Ён мне расказваў, што кармілі іх вельмі кепска — раз у двое сутак. Усе думкі былі накіраваны на тое, дзе і як знайсці ежу, хадзілі з працягнутай рукой, а бывала, і рабавалі мясцовае насельніцтва. Прэзідэнт Рузвельт, сенат і ўрад ЗША прынялі ў той час пастанову абмежаваць у забеспячэнні прадуктамі ўласны народ, каб за кошт гэтага арганізаваць пастаўкі для СССР. Я не магу назваць лічбу, колькі мільёнаў тон прадуктаў харчавання было пастаўлена, але ў СМІ прагучала інфармацыя, што гэтага хапіла б, каб паўнавартасна карміць 3-мільённую армію на працягу трох гадоў. На жаль, факт амерыканскай дапамогі замоўчваецца.
На абарону Масквы былі перакінуты вайсковыя фарміраванні з Сярэдняй Азіі. Там былі размешчаны вялікія сілы, бо Сталін баяўся, каб сярэднеазіяцкія рэспублікі не паспрабавалі аддзяліцца, выкарыстаўшы цяжкае становішча СССР. Унутраныя ворагі для Крамля былі небяспечней вонквых. Толькі з 1929 года супраць савецкай улады адбылося 730 паўстанняў, у тым ліку і ў арміі. Салдаты-сяляне адкрыта заяўлялі, што ў выпадку вайны яны не будуць абараняць СССР. Пра гэта гаварылася ў перадачы «Особая папка» на канале ТВЦ 22.03.2004 года.
Каб прадухіліць крах СССР, Сталін, ратуючы сваю скуру, вёў перамовы з Гітлерам аб спыненні вайны. Пасярэднікам перамоў была хаўрусніца Гітлера — Балгарыя. За спыненне вайны Сталін даў згоду добраахвотна аддаць Германіі Украіну, Беларусь, Прыбалтыку, Бесарабію, Букавіну, Карэльскі перашыек (гл. кнігу ваеннага гісторыка Д. Валкагонава «Ленін»). Дарэчы, сатрап Ленін, ратуючы сваю ўладу, у 1918 годзе ўжо здаваў нас немцам па Брэсцкім міры. І вось зноў усё магло паўтарыцца.
Але Гітлер адхіліў прапанову Сталіна. Гэтыя тэрыторыі і так ужо былі пад нямецкай акупацыяй. А калі б Гітлер пагадзіўся? Як бы склалася гісторыя Беларусі, у якім бы накірунку яна развівалася? І што казалі б нам сёння ветэраны? І ці ведалі б мы тады — па волі Сталіна, якога яны ўхваляюць, саміх ветэранаў?
У апошні час беларускія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны паднялі лямант вакол помніка маршалу Жукаву. Ім не церпіцца ўсталяваць яго ў цэнтры Мінска. Але якія адносіны мае Жукаў да Беларусі? Так, ён служыў на нашай тэрыторыі ў якасці камандзіра палка. Ну і што? Такіх камандзіраў праз Беларускую ваенную акругу прайшлі тысячы, можна натыкаць помнікаў на кожным квадратным метры. Жукаў нарадзіўся ў Калужскай вобласці. Калі яго землякам патрэбны такі помнік, няхай яны і ставяць. А мы павінны шанаваць сваіх знатных землякоў, у тым ліку военачальнікаў.
Ні ў Мінску, ні ўвогуле на тэрыторыі Беларусі ўсталёўваць помнік Жукаву не варта. Беларусь была здана немцам за месяц, а сталіца рэспублікі горад Мінск — на шосты дзень вайны. Вызвалялі Беларусь доўгіх 3 гады 1 месяц і 5 дзён. Маршал Жукаў ваяваў не розумам, а колькасцю. Ён заваліў нямецкія траншэі трупамі савецкіх салдат. На аднаго забітага нямецкага салдата прыпадае (па афіцыйных дадзеных) 10 савецкіх. Але гэта не дакладная, а значна заніжаная лічба. Перад 60-годдзем Дня Перамогі, якое пампезна адсвяткавалі ў Расіі і Беларусі, у адной з тэлеперадач было сказана, што да нашага часу лічацца без вестак зніклымі больш 6 (шасці) мільёнаў салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі! Куды ж яны дзеліся? Яны загінулі, іх проста ніхто не лічыў. Магчыма, гэта быў злосны намер. Сем’ям без вестак зніклых салдат і афіцэраў не плацілі пенсій, пазбаўлялі іх ільгот. Гэта ж астранамічная эканомія для бюджэту краіны…
У мяне няма намеру пакрыўдзіць ветэранаў ВАВ, абразіць іх пачуцці, адносіны да мінулага, для іх гераічнага. Яны мужныя людзі, ім пашчасціла выжыць у той мясарубцы. Здароўя ім, няхай жывуць доўга! Я ўсяго толькі іх заклікаю зірнуць праўдзе ў вочы. Новыя пакаленні нашых людзей маюць права і павінны ведаць усю праўду пра Другую сусветную вайну, якой бы тая праўда горкай ні была. Калі мы нашу моладзь будзем выхоўваць на хлусні, то яна, моладзь, будзе наступаць на тыя ж самыя граблі.
Памятаю, як па расійскім тэлеканале «ТБ» 23.06.2000 года паказалі дакументальную кінастужку «Перамога. Адна на ўсіх». Сталін арганізаваў паміж Жукавым і Коневым спаборніцтва, хто першым увойдзе ў Берлін. Савецкіх маршалаў у пагоні за славай нішто не магло спыніць. Кожная пядзя зямлі на подступах да Берліна прапітана крывёю савецкіх салдат. На шляху адной з дывізій да Берліна сустрэўся дот, у якім знаходзіўся кулямётны разлік з двух нямецкіх салдат. Гэтую перашкоду можна было абысці з флангаў, каб не трапіць пад кулямётны агонь, і наступаць далей. Разумны камандзір так бы і зрабіў. Але паступіў безагаворачны загад — захапіць дот. Батальёны, палкі па некалькі разоў падымалі ў атаку і кідалі на дот, але нямецкі кулямёт працаваў безадказна. Мясцовасць перад амбразурай была завалена трупамі салдат. Ад гэтага жудаснага відовішча нямецкі кулямётчык звар’яцеў, кулямёт замоўк. Але і ў атаку падымаць ужо не было каго, падраздзяленне амаль усё загінула. Вось такія «таленавітыя» камандзіры былі ў Чырвонай Арміі.
Абвінавачваць у неапраўданых стратах камандзіраў сярэдняга і ніжэйшага звяна несправядліва. Яны не мелі права ўносіць змены ў загады камандзіраў больш высокага рангу. Для прыкладу. Перад фронтам дывізіі была добраўмацаваная вышыня з шматлікімі агнявымі пунктамі. За вышынёй — вёска, у якой размяшчаліся немцы. Немцы не збіраліся здаваць ні вышыню, ні вёску. Батальёны і палкі дывізіі некалькі разоў кідаліся на штурм, хадзілі ў атаку, але безвынікова. Гінулі і салдаты, і камандзіры. І вось на 7 гадзін раніцы наступнага дня быў прызначаны чарговы штурм. Камандзір палка паставіў задачу захапіць вышыню нядаўна прызначанаму на пасаду камандзіру батальёна. Атака — пасля 15-хвіліннай артылерыйскай падрыхтоўкі.
Але камандзір батальёна ўсё вырашыў па-свойму. Пад покрывам ночы батальён непрыкметна падкраўся да вёскі. Часавых ліквідавалі ціха. Потым па сігналу байцы адначасова ўварваліся ў хаты. Сонныя немцы былі знішчаны без адзінага выстралу. Савецкіх байцоў уразіла тое, што немцы, знаходзячыся на перадавой, спалі на чыстай бялізне. Пакончыўшы з немцамі ў вёсцы, батальён з тылу атакаваў вышыню і без асаблівага шуму захапіў яе. Усе агнявыя пункты немцаў былі падаўлены. У 6 гадзін раніцы, за гадзіну да атакі, камандзір батальёна далажыў камандзіру палка аб захопе вышыні і вёскі. Вы думаеце, што камандзір батальёна за праяўленую ініцыятыву атрымаў узнагароду? Як бы не так. Батальёну было загадана пакінуць вышыню і вёску, вярнуцца на зыходныя пазіцыі і чакаць, як было запланавана, сігналу для атакі. Камандзіра батальёна адхілілі ад пасады, пазбавілі афіцэрскага звання і накіравалі ў штрафную роту. Гэта шараговы выпадак, якіх было вельмі многа…
Пасля таго як Германія капітулявала, адбылася сустрэча паміж маршалам Жукавым, фельдмаршалам Мантгомеры (Англія) і генералам арміі Эйзенхаўэрам (ЗША). У размове Эйзенхаўэр запытаўся ў Жукава, як яму так хутка ўдалося захапіць Берлін. Вакол Берліна, на далёкіх і блізкіх подступах да яго суцэльныя мінныя палі, на якіх падарвалася некалькі амерыканскіх салдат. Саюзнікі спынілі наступленне. Вельмі крыўдна гінуць, калі вось-вось закончыцца вайна. Так думалі і шараговыя амерыканскія салдаты, і генералы, і галоўнакамандуючы генерал арміі Эйзенхаўэр, і прэзідэнт ЗША. Але ў нас было ўсё па-іншаму.
Маршал Жукаў адказаў Эйзенхаўэру, што які сэнс жалець салдат, калі ведаеш, што гэта апошні штурм. Жукаў на міннае поле, на верную смерць кінуў мотастралковую дывізію. У жывых ад дывізіі засталіся адзінкі… Так быў пракладзены праход праз міннае поле. Там, дзе прайшла дывізія, на зямлі засталіся ляжаць тысячы забітых і сцякаючых крывёю, параненых салдат і афіцэраў. Параненым, пакалечаным, кантужаным медыцынскай дапамогі ніхто не аказваў, не было часу. У пракладзены мінны праход адразу пайшлі танкі. Яны давялі справу да канца, гусеніцамі перамалолі косці і мёртвых і жывых і змяшалі іх з зямлёй. Магчыма, усе яны папалі ў спіс без вестак прапаўшых. Для маршала Жукава жыццё салдата, афіцэра, генерала было нішто.
За ўсю Другую сусветную вайну загінула 307 тысяч англійскіх салдат і афіцэраў. Гэта ў тры разы меней, чым іх страты ў Першую сусветную вайну. Страты амерыканскай арміі ў Другой сусветнай вайне склалі 250 тысяч салдат і афіцэраў. Страты савецкай арміі незлічоныя. Па афіцыйных дадзеных спачатку яны склалі 7 мільёнаў чалавек, потым — 8 мільёнаў, зараз абвяшчаецца, што ваенныя страты Чырвонай Арміі склалі каля 10 мільёнаў чалавек. Але і гэта лічба значна заніжана. Толькі ў баях за Берлін загінула каля мільёна савецкіх салдат і афіцэраў. Такі ж самы малюнак назіраўся ў баях за іншыя гарады.[5]
Гледзячы на тыя падзеі з пазіцыі сённяшняга дня, мне не зразумела, для чаго Сталін, Жукаў, Конеў так напіналіся, каб першымі захапіць Берлін. Па-першае, амерыканцы не збіраліся яго браць штурмам, бо яны пазбягалі вялікіх неапраўданых страт. Па-другое, захапіўшы Берлін, савецкае кіраўніцтва ўсё роўна вымушана падзяліла горад на 4 часткі акупацыі паміж саюзнікамі, паднесла ім яго на сподачку.
Некалькі слоў аб тым, як падпісваўся акт аб капітуляцыі Германіі. Ён быў падпісаны 7 мая 1945 года. З амерыканскага боку акт падпісаў генерал Сміт, з боку СССР — генерал Суслапараў, з боку павержанай Германіі — генерал Йодль. Акт уступіў у сілу ў ноч з 7 на 8 мая. 8 мая радаваўся ўвесь свет. Звесткі дайшлі да Крамля. Там абурыліся. Хто пасмеў свавольнічаць?! Амерыканцы, каб уцешыць Жукава, каб не дражніць звера, не сталі пярэчыць супраць яшчэ аднаго падпісання акта аб капітуляцыі Германіі. З боку СССР падпісаў надменны маршал Жукаў, з боку Германіі — фельдмаршал Кейтэль. Але гэта падзея ўжо не іграла ніякай ролі, ніхто ў свеце, акрамя СССР, яе не заўважыў.
Трэба адзначыць, што Сталін не выказаў асаблівай радасці, што ў вайне з Германіяй пастаўлена апошняя кропка. Ён быў не супраць паваяваць яшчэ, бо вайна з самага пачатку ішла не па яго сцэнарыі. Ён збіраўся першым знянацку, без аб’яўлення вайны напасці на Германію і за кароткі тэрмін дайсці да Берліна. Жукаў і Цімашэнка падрыхтавалі план вядзення вайны. СССР меў шматкратную перавагу над Германіяй у жывой сіле і ва ўзбраенні. Але атрымалася ўсё наадварот. «Лепшы сябра» Сталіна папярэдзіў падзеі, напаў першым і вельмі хутка дайшоў да Масквы.
Пасля Параду Перамогі, які адбыўся ў Маскве ў дажджлівы дзень 24 чэрвеня 1945 года, пра Дзень Перамогі не ўспаміналі 20 гадоў — да 9 мая 1965 года. З гэтага моманту галоўнай дзеючай асобай у Вялікай Айчыннай вайне стаў чарговы генсек ЦК КПСС Леанід Брэжнеў. На яго грудзях з маўклівай згоды сённяшніх ветэранаў пачапілі ордэн Перамогі. Цяпер ужо самай галоўнай вайсковай аперацыяй стаў не штурм Берліна, а высадка дэсанта на бераг Цэмескай бухты каля Новарасійска і захоп там невялікага плацдарма плошчай у 30 кв. км. Плацдарм некалькі разоў наведаў начальнік палітаддзела 18-й арміі палкоўнік Брэжнеў. Як пачалі пісаць гісторыкі, менавіта тая аперацыя была лёсавызначальнай для далейшага ходу вайны!
Як з цягам часу ўсё мяняецца! Бо зараз нам даводзяць, што паваротным пунктам у ходзе вайны была бітва на «Лініі Сталіна» пад горадам Заслаўем на подступах да Мінска, бітва — якой не было.
Які эпізод вайны ні возьмеш — усюды хлусня. Возьмем, прыкладам, блакаду Ленінграда. Не для людской памяці, а па ідэалагічных меркаваннях, для турыстаў, як нейкую выставу, пабудавалі Піскароўскія могілкі. А на тым месцы, дзе праводзіліся самыя масавыя пахаванні, пасля вайны заклалі парк Перамогі. Кроны дрэў у ім разрасліся, трава на газонах сакавітая, квітнеюць клумбы — зямля ўгноена… Нашчадкі памерлых і выжыўшых прагульваюцца па алеях парка і, магчыма, не падазраюць, што пад іх нагамі сотні тысяч людскіх парэшткаў. Улада рабіла і працягвае рабіць усё, каб сцерці вялікія страты з памяці. У Ленінградзе ёсць яшчэ адно змрочнапамятнае месца — цагельны завод. У часы блакады ён працаваў як крэматорый. Спачатку ў пячах завода штодзённа спальвалі па 800 цел. Потым, па загадзе першага сакратара Ленінградскага абкама КПСС Жданава, норму спальвання давялі да 1500 трупаў за суткі. Попел з печаў вывозілі ваганеткамі і выгружалі ў катлаван, з якога да блакады здабывалі гліну. Катлаван, ці кар’ер, меў вельмі ўнушальныя размеры. Пасля вайны яго запоўнілі вадой, уладкавалі бераг, пабудавалі пляжы, зоны адпачынку — атрымалася прыгожае возера. Зараз там адпачываюць, купаюцца, загараюць, п’юць піва пецярбуржцы. Няўжо ім невядома, што дно гэтага возера пакрыта тоўстым слоем святога попелу? На тым месцы, дзе стаяў цагельны завод, пабудавана станцыя метро «Парк Перамогі». Уваход у метро знаходзіцца якраз там, дзе стаялі печы.
Якая колькасць людзей загінула ў блакадным Ленінградзе, дакладна невядома. Да вайны ў горадзе прыжывала З мільёны чалавек. На момант ліквідацыі блакады засталося ўсяго 500 тысяч.
Эвакуіравана людзей з Ленінграда было не надта многа. Гэта быў у асноўным персанал навукова-даследчых устаноў. У Ленінград рынулі бежанцы. Па розных ацэнках, іх колькасць складала ад 2 да З мільёнаў чалавек. Яны і сталі паміраць першымі. Бо былі без дакументаў, без месца працы, ім не выдаваліся картачкі на атрыманне пайкоў. Блакаду можна было зняць на год раней.
Чаму я так падрабязна пішу пра блакадны Ленінград? Таму што ў гэтым пекле памёр мой родны брат Сяргей. Дзе яго магіла — невядома. Крэмль не спяшаўся з дапамогай блакаднаму Ленінграду.
* * *
Разам з «рукой дапамогі» СССР вырашаў свае далёка ідучыя планы. А калі здаралася, што насамрэч акупаваным народам была патрэбна хуткая дапамога і яны яе прасілі, СССР не спяшаўся яе аказаць. Так здарылася з Варшаўскім паўстаннем. Камандаванне Чырвонай Арміі, якая была ўжо побач з Варшавай, раўнадушна назірала ў біноклі, як немцы распраўляліся з паўстанцамі.
Як вызвалялася сталіца Чэхаславакіі Прага — гэта цэлая захапляльная гісторыя, у якой замешана Руская вызваленчая армія (РВА) генерала Уласава.
13 сакавіка 1945 года 1-ю рускую дывізію гэтай арміі пад камандаваннем генерал-маёра Сяргея Бунячэнкі нямецкае камандаванне перакінула да Берліна, дзе ішлі кровапралітныя баі. Але генерал Бунячэнка адмовіўся выконваць загады нямецкага камандавання, аб чым 13 красавіка аб’явіў усяму асабоваму складу сваёй дывізіі. Прывітанне «Хайль Гітлер» было заменена на звычайнае прыкладанне рукі да галаўнога ўбору. Дывізію, а разам з Уласавым і ўсю армію, генерал Бунячэнка павёў на поўдзень. 2 мая дывізія спынілася на прывал у 50 км. ад Прагі. У той жа дзень у штаб дывізіі прыбыла чэшская дэлегацыя і праінфармавала Уласава і Бунячэнку, што ў Празе рыхтуецца паўстанне супраць нямецкіх акупантаў, прасілі дапамогі. Паміж Уласавым і Бунячэнкам па гэтым пытанні спачатку паразумення не было. З мая 1945 года дывізія займалася раззбраеннем нямецкіх гарнізонаў. Немцы ўласаўцам супраціву не аказвалі. Нямецкія салдаты і унтэрафіцэры адразу былі адпушчаны, а афіцэраў адпусцілі на наступны дзень. 4 мая амерыканская армія па прыказу генерала Эйзенхаўэра пачала наступленне ў Чэхаславакіі. Да Прагі было не надта далёка.
Спадзеючыся на амерыканцаў, у 11 гадзін 5 мая пачалося Пражскае паўстанне. Немцы пачалі жорстка яго падаўляць. Да Прагі пачалі рухацца эсэсаўскія часці. Паўстанне сцякала крывёй. ЧНС — Чэшскі нацыянальны савет зноў звярнуўся за дапамогай да Уласава. Амерыканцы гатовы былі аказаць дапамогу, але савецкае камандаванне забараніла ім гэта рабіць. Ялцінскімі пагадненнямі была вызначана мяжа, на якой саюзнікі павінны былі спыніцца. Чырвоная Армія была далёка і дапамагаць паўстанцам яна, як звычайна, не збіралася. На гэты раз генералы Уласаў і Бунячэнка прыйшлі да высновы, што паўстанцам трэба тэрмінова аказаць дапамогу. Армія рушыла на Прагу. 5 мая рыдыё паўстанцаў перадала: «Абаронцы Прагі! Мужна трымайцеся, напружце апошнія сілы! Нам на дапамогу рухаецца армія генерала Уласава!» Напрыканцы дня армія ўвайшла ў Прагу. За 6 і 7 мая армія ачысціла Прагу ад немцаў, спыніла моцныя часці эсэсаўцаў, якія наступалі на Прагу. Прага была вызвалена. Уласаўцаў радасна сустракала насельніцтва. На танках уласаўцаў было напісана: «Смерць Сталіну, смерць Гітлеру».
Але большасць у ЧНС складалі прамаскоўскія камуністы. Яны былі напалоханы тым, што супрацоўніцтва з уласаўцамі скампраметуе іх перад СССР. 7 мая яны прынялі рэзалюцыю, каб уласаўцы пакінулі горад. Вось так функцыянеры ЧНС аддзякавалі ўласаўцам за вызваленне сталіцы ад немцаў. Раніцай 8 мая дывізія ў апошні раз прайшла па вуліцах Прагі, пакідаючы яе. Людзі плакалі, прасілі ўласаўцаў не пакідаць горад. Прагу зноў адразу занялі фашысты. ЧНС ім не перашкаджаў, хаця насельніцтва, дзякуючы Уласаву, было ўжо добра ўзброена. Чэхі вызвалілі палонных немцаў, якіх у палон захапілі ўласаўцы. Па дамоўленасці з ЧНС, немцы папоўнілі свае запасы зброі, харчавання і ў гэты дзень, 8 мая, пакінулі горад. 9 мая 1945 года ў свабодную Прагу ўвайшла Чырвоная Армія. Савецкае камандаванне было абурана тым, што чэхі далі магчымасць пакінуць горад спачатку ўласаўцам, а потым немцам. Савецкія военачальнікі прывыклі браць гарады, заваліўшы іх трупамі сваіх салдат і мірнага насельніцтва, пакінуўшы пасля сябе руіны. Вінаватых знайшлі хутка. Былі арыштаваны кіраўнікі паўстання і ЧНС. У поўным складзе — каго расстралялі, каго адправілі ў ГУЛАГ. А многія нашы ветэраны і зараз носяць медаль «За взятие Праги».
Уласаўцы шукалі паратунку ў амерыканцаў, але тыя не прапусцілі іх у сваю зону. Дзень 17 мая стаў апошнім днём арміі Уласава. Амерыканцы далі магчымасць савецкім часцям акружыць яе. Пачалася крывавая расправа. Чэхі-сведкі расказвалі і пісалі ў сваіх успамінах, што расправа над уласаўцамі — самае жахлівае, самае жудаснае, што ім давялося бачыць за гады Другой сусветнай вайны. Генерала Уласава і Бунячэнку адвезлі ў Маскву, дзе вынеслі смяротны прысуд.
У савецкай зоне акупацыі Германіі фашысцкія канцлагеры працягвалі дзейнічаць. Ва ўласнасць НКУС ад гестапа перайшло 11 канцлагераў. Аднак гэтага было недастаткова, адчыніліся новыя. Нават працягвалі дзейнічаць канцлеры з такімі злавеснымі назвамі, як Бухенвальд і Заксенхаўзен, іх зачынілі самымі апошнімі ў 1950 годзе. Вязні заставаліся там тыя ж самыя, што і пры Гітлеры — антыфашысты.
Да 1945 года яны сядзелі ў нацысцкім Бухенвальдзе, а пасля 1945 года — у савецкім Бухенвальдзе. Вонкавую ахову неслі савецкія салдаты, унутраная ахова складалася з шараговых эсэсаўцаў, начальнікамі аховы былі афіцэры СС. Савецкі рэжым ведаў, на каго цалкам можна абаперціся. Савецкім вязнем канцлагера Фюнфайхен быў Эвальд Пік, родны брат будучага прэзідэнта ГДР Вільгельма Піка. Пасля перамогі па ўсёй Германіі ішлі арышты. Асаблівае паляванне пачалося на падлеткаў. Тысячы нямецкіх падлеткаў ад 12 да 18 гадоў былі кінуты ў канцлагеры. Арыштоўвалі цалкам школьныя класы. Допыт арыштанта працягваўся 1–2 хвіліны. Для прыкладу, следчы задае арыштанту пытанне: «Газеты чытаеш, радыё слухаеш?» «Ja, ja», — адказвае напалоханы арыштант. Следчы запісвае ў пратакол: «Арыштаваны сцвярджае, што займаўся нацысцкай прапагандай».
Яшчэ прыклад. Следчы пытаецца ў чарговай ахвяры, на якой пасадзе той працуе. «Эсбанфюрэр», — чуецца адказ. А праз «фюрэр» — дарога ў канцлагер. Следчы не стаў удакладняць, што эсбанфюрэр — гэта ўсяго толькі кіроўца трамвая.
Больш падрабязна пра гэта можна прачытаць у «Московских новостях» за 06.06.1993 года.
У нямецкае рабства было прымусова вывезена каля 380 тысяч беларусаў. Нямецкі бок ужо ў наш час прызнаў сваю віну і нават усім пацярпелым выплаціў кампенсацыю. Хацелася б даведацца, колькі тысяч ці мільёнаў немцаў было вывезена на працу ў СССР пасля акупацыі Германіі? Можа, хтосьці скажа, што такога не было і быць не магло? Было. За 1945–1946 гады на працу ў СССР было прымусова вывезена каля мільёна нямецкіх жанчын. Колькі іх выжыла ў савецкіх умовах і вярнулася ў Германію? Колькі было вывезена мужчынскага насельніцтва? Гэта і сёння таямніца.
Хачу закрануць яшчэ адно пытанне. За ўсю вайну ў маёй і ў навакольных вёсках немцы не згвалцілі ніводнай жанчыны. Пасля капітуляцыі Германіі маршал Жукаў дазволіў войску на некалькі дзён разгул. Для немцаў гэта былі самыя жахлівыя, самыя цяжкія дні за ўсю вайну. Савецкія салдаты і афіцэры азвярэлі, забівалі мужчын і падлеткаў, гвалцілі жанчын і непаўналетніх дзяўчынак. Бязмежжа савецкіх салдат і афіцэраў набыло велізарны размах. Колькі адбылося згвалтаванняў, невядома, можна толькі здагадвацца. У другой палове 1945 года нямецкія жанчыны з Усходняй Германіі зрабілі больш за 800 тысяч абортаў. Яны не жадалі нараджаць дзяцей, зачатых гвалтоўна.
Паверце, я не імкнуся ў сваіх нататках паказаць савецкую армію ў цёмных фарбах. Я толькі хачу параўнаць паміж сабой тых і другіх. Калі ты асуджаеш злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то, ступіўшы на іх зямлю, пакажы сябе з лепшага боку, пакажы свой хвалёны гуманізм, з павагай стаўся да жанчын. Яны ж ні ў чым не вінаватыя, з павагай стаўся да культуры краіны, якую вызваліў ад фашызму. Інакш які ж ты вызваліцель? Ты такі ж самы вандал, цемрашал, захопнік, садыст, кат. Папытайце нашых ветэранаў, хто з іх гвалціў? Ніводны не прызнаецца, сорамна перад дзецьмі і ўнукамі.
Між тым, тыя 800 тысяч абортаў можна лічыць як афіцыйна зафіксаваную колькасць нямецкіх жанчын, згвалтаваных савецкімі ваякамі. Але гэта лічба недакладная. Тысячы немак не вытрымалі здзекаў, сораму, абразы, гвалту і скончылі жыццё самагубствам. Іншыя былі забітыя. Некаторыя, зразумела, не зацяжарылі. Можна меркаваць, што было згвалтавана больш за мільён нямецкіх жанчын. Былі выпадкі калектыўнага гвалтавання нямецкіх жанчын узводам, ротай. Каб спыніць урэшце гэта дзікунства, маршал Ракасоўскі аддаў загад гвалтаўнікоў, рабаўнікоў расстрэльваць перад строем вайсковых часцей. Пра ўсё гэта падрабязна і не аднойчы было расказана ў тэлеперадачах «Вайна стагоддзя», «Другая сусветная ў колеры», «Асвенцым», «Сталінград» і іншых на тэлеканале «Ніstory».
У нямецкім палоне былі англійскія, амерыканскія, французскія, канадскія, аўстралійскія і іншых краін ваеннаслужачыя. Кіраўніцтва гэтых краін дбала пра сваіх людзей, якія апынуліся ў бядзе. Усе дзяржавы, акрамя СССР, выконвалі Жэнеўскае пагадненне аб утрыманні ваеннапалонных. Ваеннапалонныя гэтых краін па лініі Чырвонага Крыжа рэгулярна атрымлівалі пасылкі, у якіх быў набор: сыр, каўбаса, тушонка мясная і ласасёвая, згушчанка, шакалад, кава, канцэнтрат сокаў і іншая дробязь. Што цікава, немцы не перашкаджалі супрацоўнікам Міжнароднага Чырвонага крыжа пастаўляць пасылкі ваеннапалонным. Палонным афіцэрам дазвалялася насіць воінскія знакі адрознення.
А як адчувалі сябе нямецкія салдаты і афіцэры ў савецкім палоне? Цэласнага матэрыялу я не знайшоў. Трапляліся нейкія абрывачныя звесткі. Я не змог даведацца, колькі нямецкіх салдат і афіцэраў было агулам у савецкім палоне. Пад Сталінградам трапіла ў савецкі палон, па звестках розных крыніц, ад 90 тысяч да 115 тысяч. З гэтай колькасці выжыла і вярнулася ў Германію ўсяго толькі 5 тысяч, ці ўсяго толькі ад 4,3 % да 5,5 %. У нямецкім жа палоне выжыла 63 % савецкіх салдат. Няцяжка падлічыць, што смяротнасць у савецкіх канцлагерах была ў 12 разоў вышэй, чым у нямецкіх.
Па вуліцах Масквы правялі калону ваеннапалонных немцаў. «Заваёўнікі» прайшлі па Маскве спакойна, падтрымліваючы строй. Не ведаю, чаго гэтым улада хацела дабіцца. Магчыма, разлічвала, што людзі будуць услых выказваць пракляцці, абразы ў бок палонных немцаў, пляваць, кідаць камяні. Людзі глядзелі на гэтую шэрую масу палонных моўчкі і нават са спачуваннем. Некаторыя падбягалі да калоны, перадавалі клункі з ежай. І такіх людзей было шмат. Немцы бралі тыя перадачы з рук масквічоў спакойна.
Я адмоўна стаўлюся да гэтай акцыі савецкага кіраўніцтва — прагнаць палонных немцаў па вуліцах Масквы. Каб учыніць здзек з бездапаможных палонных, шмат розуму не трэба. Са сваіх грамадзян савецкая ўлада здзекавалася яшчэ больш бязлітасна. Гэта лішні раз даказвае, што савецкі і фашысцкі рэжымы падобныя адзін да аднаго, як блізняты-браты.
* * *
Я абяцаў яшчэ раз вярнуцца да падзей савецка-фінскай вайны. Тэму пра савецка-фінскую вайну савецкая ўлада трымала за сямю пячацямі. Толькі ў часы гарбачоўскай перабудовы, і асабліва пасля распаду СССР, усё выйшла наверх.
Вайна пачалася 30 лістапада 1939 года, скончылася 12 сакавіка 1940 года. Падрабязна пра савецка-фінскую вайну расказала газета «Комсомольская правда» за 12 і 14.11.1989 год. Падчас гэтай вайны, з даклада Молатава, загінула 49 тысяч савецкіх салдат, ранена 159 тысяч («Известия» за 02.06.1992 года). З «Народнай газеты» за 11–13.03.1995 года можна даведацца, што за 105 дней фінскай кампаніі Чырвоная Армія страціла 74 тысячы забітымі, 17 тысяч зніклымі без вестак, 198 510 чалавек параненымі і абмарожанымі. Па ацэнках заходніх гісторыкаў, страты СССР у той вайне — 217 тысяч забітымі, 17 тысяч зніклымі без вестак. «Комсомольская правда» за 14.11.1989 года прывяла такія даныя: страты Чырвонай Арміі забітымі складаюць 272 тысячы чалавек. Сталін на нарадзе каманднага складу сказаў: «Наша няўменне ваяваць абышлося нам у гэтай вайне ў 500 тысяч чалавек». Калі Сталін назваў такую лічбу, то трэба меркаваць, што сапраўдныя страты Чырвонай Армі ў 105-дзённай савецка-фінскай вайне былі значна большыя.
Памятаю, З ліпеня 1984 года я са сваёй жонкай Нінай гуляў у парку імя Горкага. Горад Мінск быў у святочным убранні. Мы сядзелі на лаве, слухалі музыку, елі марожанае. Да нас, на свабоднае месца, падсеў мужчына. Было бачна, што ў яго ёсць жаданне паразмаўляць, выказацца. Ён сказаў, што 3 ліпеня 1944 года ніякага вызвалення горада не адбывалася. З 30 чэрвеня на 1 ліпеня немцы скрытна, без адзінага выстрала пакінулі горад. Толькі раніцай, калі людзі ішлі на працу, высветлілася, што на вуліцах няма нямецкай тэхнікі, няма немцаў, іх установы апусцелі. 1 і 2 ліпеня горад жыў свабодна, не было ні нямецкай, ні савецкай улады.
«А дзе ж былі падпольшчыкі? Яны ж у склаўшыхся абставінах павінны былі выйсці з падполля, адкрыцца перад людзьмі і распачаць арганізацыю жыццядзейнасці ў горадзе?» — падумаў я, але прамаўчаў. «Ніякага падполля ў Мінску не было», — сказаў ён, быццам бы прачытаўшы маё маўклівае пытанне. Далей з яго слоў мы даведаліся, што мінчане радаваліся вызваленню заўчасна. 3 ліпеня на горад наляцела савецкая авіяцыя і ўшчэнт разбамбіла яго. Бамбілі жылыя кварталы, загінула шмат людзей. Усё гэта ён бачыў на свае вочы, перажыў сам. Мы слухалі, але ў размову з ім не ўступалі — раптам гэта нейкая правакацыя? У той час я быў савецкім чалавекм і праз нейкі час пра гутарку забыўся. У галаве былі іншыя турботы. Пасля працы трэба было матацца па горадзе, каб атаварыць харчовыя і прамтаварныя талоны. Такой была савецкая рэчаіснасць.
Наступіў 1994 год — чарговая круглая дата з дня вызвалення Мінска. Мінск святкаваў. А на расійскіх тэлеканалах у гэты самы час успаміналі пра вайсковую аперацыю «Баграціён». У адной з тэлеперадач выказаў свае ўспаміны расійскі ветэран-лётчык. Ён расказаў, што да вайны служыў пад Мінскам, а жыў з сям’ёй у самім горадзе. Калі пачалася вайна, сям’я не змагла эвакуіравацца і засталася ў Мінску.
Калі пачалося вызваленне горада ў 1944 годзе, авіяполк, у якім ён служыў, быў нацэлены на Мінск. Пра лёс сваёй сям’і ён нічога не ведаў. 1 ліпеня авіяразведка данесла, што ў Мінску праціўнік не заўважаны, немцы змаглі пакінуць горад непрыкметна. Высокае начальства абуралася, што немцы змаглі ўлізнуць з-пад самага носа. Шараговыя лётчыкі радаваліся, што горад не трэба будзе бамбіць, будзе менш разбурэнняў. Штаб пачаў распрацоўку плана бамбёжкі другіх беларускіх гарадоў, якія знаходзяцца далей на захадзе, — Баранавіч, Гродна, Брэста і ішых. І тут нечакана раніцай 3 ліпеня полк атрымаў загад бамбіць Мінск, прычым бамбіць жылыя кварталы, адміністрацыйныя будынкі — не чапаць. Шараговыя лётчыкі не разумелі, для чаго бамбіць горад, які немцы пакінулі двое сутак таму. Сухапутныя арміі нават не сталі заходзіць у сталіцу Беларусі, а хутчэй кінуліся на захад даганяць праціўніка. Абмяркоўваць загад, пярэчыць начальству было небяспечна. Гэты лётчык бачыў са свайго самалёта дом, у якім засталася яго сям’я. І на гэты дом ён скідваў бомбы.
Што было далей — не вадаю. На жаль, тэлевядучы аддаў мікрафон другому ветэрану. І тут я ўспомніў таго незнаёмага з парку Горкага, з якім давялося сустрэцца ў 1984 годзе. Два ўдзельнікі вайны расказалі адно і тое ж у розны час. Прычым яны грамадзяне розных краін, не ведаюць адзін аднаго.
Мая стрыечная сястра Ніна Капылова ўвесь час акупацыі пражыла ў Мінску. Пры сустрэчах я пакрыху выцягваў з яе звесткі пра тое, як яна перажыла акупацыю. Мая цікаўнасць да 3 ліпеня 1944 года ў Мінску распалілася.
Калі пачалася вайна, Ніне споўнілася 23 гады. Яна была прывабная прыгожая дзяўчына. Таму я запытаўся, як паводзілі сябе немцы, як ставіліся да маладых жанчын. Яна адказала, што не чула, каб немцы прыставалі да жанчын ці кагосьці згвалцілі. Мінск быў не надта вялікім горадам, і калі нешта здаралася, на наступны дзень усе пра тое ведалі. На паштовае аддзяленне, дзе яна працавала, штодзённа наведваліся дзесяткі немцаў. Яны адсылалі паштоўкі, пісьмы, бандэролі, пасылкі. Ніна сказала, што наслухалася іх «Darf ich herein», «Guten Tag», «Bitte», «Danke schon», «Auf wiedersehen». Але мяне больш за ўсё цікавіў дзень З ліпеня 1944 года. Я сказаў, што гэты дзень, напэўна, быў самы радасны. Яна адказала, што, наадварот, гэта быў самы жахлівы дзень. Савецкая авіяцыя разбамбіла горад.
Удалося знайсці яшчэ адно падцверджанне, што савецкая авіяцыя бамбіла Мінск пасля таго, як немцы яго ўжо пакінулі. Аб гэтым можна прачытаць у кнізе Васіля Якавенкі «Прывіды Шанхая над Свіслаччу». Гэта кніга не мастацкі твор, яна складаецца з эсэ, з гутарак аўтара з канкрэтнымі людзьмі. Вось што сказаў Уладзімір Папруга, былы Галоўны дзяржаўны інспектар Мінгарвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, архітэктар (старонка 59):
«…Афіцыйная версія сарамліва даводзіць, што падчас Другой сусветнай вайны гістарычны цэнтр быў цалкам знішчаны. Спецыялісты ведаюць, што гэта няпраўда. У Мінску за ўсю вайну не адбылося ніводнага вулічнага бою. Разбурэнні тут былі не большыя за разбурэнні іншых еўрапейскі гарадоў… Дадам адно, што Мінск бамбавала наша авіяцыя пасля таго, як немцы ўжо пакінулі горад. Такая недарэчнасць».
Як бачыце, той факт, што Мінск бамбавала савецкая авіяцыя, калі немцы ўжо пакінулі горад, агучыў чыноўнік. Чыноўніку можна верыць. Гэта ж не выпадковы суразмоўца, а супрацоўнік Мінгарвыканкама, хоць і былы. У яго быў доступ к архіўным дакументам.
Ці дачакаемся мы праўды? Яшчэ ў 1967 годзе рэдактар «Военно-исторического журнала», доктар гістарычных навук Мікалай Паўленка ў размове з начальнікам Галоўнага палітупраўлення СА і ВМФ Епішавым падняў пытанне аб праўдзе ў гістарычнай навуцы. На што Епішаў адказаў: «Кому нужна ваша правда, если она мешает нам жить» (часопіс «Огонёк», 1989, № 25).
Як бачыце, усё вельмі проста: праўда… праўда аб вайне, праўда аб партызанскім руху замінае жыць тым, хто трымае ў сваіх руках уладу і манапольна карыстаецца дабротамі жыцця.
Так, Германія вінавата. Але чаму працягваецца маўчанне пра вінаватасць СССР? Мы адзіная рэспубліка, зараз незалежная краіна, якая ў выніку Другой сусветнай вайны страціла значную частку сваёй тэрыторыі. Як мы ведаем, вайна пачалася 1 верасня 1939 года. Германія ў саюзе з СССР напала на Польшчу. Ускосна гэта быў напад і на Беларусь, паколькі значная частка беларускіх земляў знаходзілася па віне бальшавіцкай Расіі ў складзе Польшчы. Шмат беларусаў служыла ў польскім войску. 10 кастрычніка 1939 года СССР нанёс новы удар па Беларусі. Па распараджэнні Сталіна Літве былі перададзены старажытная сталіца Беларусі Вільня і Віленскі край. У адпаведнасці з тым жа распараджэннем да Літвы адышлі Свянцянскі раён і часткі тэрыторый Відзаўскага, Астравецкага, Ашмянскага, Пастаўскага, Свірскага і Радунскага раёнаў. Беларусь у адначассе згубіла 2750 кв. км. сваёй тэрыторыі з насельніцтвам 457 500 чалавек.
З прамоў на высокім узроўні часта можна пачуць, што Беларусь атрымала сваю дзяржаўнасць з утварэннем БССР. Але якая ж гэта дзяржаўнасць, калі, не пытаючыся ў гэтай дзяржавы, не пытаючыся ў яе вышэйшага органа ўлады — Вярхоўнага Савета БССР, яе тэрыторыі звычайным распараджэннем дыктатара былі перарадзены іншай краіне? Гэта была самая звычайная вайна СССР супраць Беларусі. Пасля таго як і сама Літва апынулася пад савецкай акупацыяй, 25 жніўня 1940 года па распараджэнні з Крамля Вільня стала сталіцай Літоўскай ССР. Крэмль даў нам зразумець, што з Вільняй і Віленскім краем мы развіталіся назаўсёды. Бязлітасная вайна СССР супраць Беларусі на гэтым не спынілася. Настаў 1944 год. Да канца ліпеня Беларусь поўнасцю была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трэба было б радавацца. Але 20 верасня 1944 года Сталін нанёс яшчэ адзін удар па Беларусі. Ён перадаў у склад Польшчы Беластоцкую вобласць і 3 раёны Брэсцкай вобласці. Дык якія ж мы пераможцы? Ці ёсць тут чым ганарыцца? СССР разграміў Беларусь больш адчувальна, чым Германію.
Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚
Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением
ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК