26. Вяртанне дадому

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

На наступны дзень пасля прыходу Чырвонай Арміі мы адправіліся ў сваю вёску. Ад Забар’я да Нябышына — гадзіна хадзьбы. Маёмасці ў нас амаль не было, усе рэчы мы наелі ў руках. Нам здавалася, што ў мінулым засталіся ўсе пакуты акупацыі, жыццё на балоце, партызанскае і паліцэйскае рабаўніцтва, голад, холад, хваробы, страты блізкіх людзей. Як жа мы памыляліся.

Мы падышлі да берага ракі Поні і ўбачылі роднае Нябышына. Яно было спалена да тла. Увосень 1943 года мы пакінулі вёску цэлай. У першую блакаду немцы спалілі 4 крайнія хаты, у тым ліку і нашу за тое, што з нашага двара партызаны адкрылі страляніну ў іх бок. Хто на гэты раз спаліў усю вёску, ці немцы, ці партызаны, невядома. Людзі нават спрачаліся, хто з іх здзейсніў тое злачынства. Вёска мела стратэгічнае значэнне для немцаў, ім было выгадна, каб яна заставалася цэлай. Пад прыкрыццём вёскі, яны маглі ўшчыльную наблізіцца да ракі Поні з боку Докшыц, пераправіцца на правы бераг і стварыць прамую пагрозу партызанам. Партызаны добра ведалі пра гэту небяспеку. Каб засцерагчыся, ім было выгадна спаліць вёску. Гэтым самым далягляд для іх пашыраўся да 2 км. Немцы ў гэтым выпадку ўжо не маглі падысці непрыкметна да ракі.

Нарэшце мы прыйшлі на сваё папялішча. Яно ўжо зарасло травой. Мы паставілі свае рэчы і самі прыселі на зямлю. Бацька сказаў: «Нічога, адбудуемся. Галоўнае — мы жывыя, хоць і не ўсе». Ен меў на ўвазе смерць Мікалая. Пра лёс Сяргея мы яшчэ нічога не ведалі. Гэта быў мой сярэдні брат. «Я паставіў перад сабой мэту — выжыць і вас зберагчы. І мы гэтага дасягнулі, — прадоўжыў свой маналог бацька. — Гэта большае геройства і мужнасць, чым абстраляць з засады нямецкую машыну ці забіць немца з-за вугла».

Потым, ужо будучы дарослым, калі я ўспамінаў гэтыя бацькоўскія словы, я пагаджаўся з імі. Мне, напрыклад, не зусім зразумела, для чаго было таму ж Аляксандру Матросаву закрываць амбразуру сваім целам. Каб падавіць агнявы пункт праціўніка, ёсць шмат іншых метадаў. Але самы каштоўны герой — гэта мёртвы герой. На яго прыкладзе палітработнікі выхоўвалі сотні, а можа, тысячы новых смяротнікаў з асяроддзя піянераў і камсамольцаў, учорашніх школьнікаў і студэнтаў. Дарэчы, такіх смяротнікаў, як Аляксандр Матросаў, і да яго і пасля яго было шмат, але не кожны з іх станавіўся героем — то прозвішча не падыходзіць, то не той нацыянальнасці, то не тая партыйная або класавая прыналежнасць.

Але вернемся да папялішча. Бацька азірнуўся наўкола, а потым бадзёра прамовіў: «Хопіць марнаваць час, пачынаем будаваць жыллё». Ён узяў у рукі сякеру і высек некалькі жардзін, лес быў побач. На гумне ў нас цудам уцалела капешка саломы. Да канца дня мы пабудавалі прасторны, утульны шалаш. Вечарам да нас завітаў мой стрыечны брат Міша Стульбёнак. Калі быць дакладней — Міша Ананій, Стульбёнак — гэта вясковая мянушка, яе паходжанне мне невядома. Мішу мы з ахвотай прынялі ў свой шалаш, месца хапіла ўсім. Ён прыйшоў да нас з непустымі рукамі. На правым плячы ў яго вісеў нямецкі карабін, а на левым — вялікая торба з патронамі. Той карабін нас здорава выручаў, Міша вельмі хутка стаў трапным стралком. Ён страляў птушак, забіваў зайцоў і нават пры дапамозе стрэлаў глушыў рыбу. Я збіраў шчаўе ці свірэпу, і з усяго гэтага мама варыла вельмі смачную ежу. Міша і мяне навучыў, як абыходзіцца са зброяй і метка страляць. Дарэчы, Мішу ў той час было 14–15 гадоў.

На наступны дзень да нашага шалаша прыехала раённае начальства з Бягомля. Чыны загадалі майму бацьку: «Прыступай да працы, падымай калгас, цябе ад пасады старшыні калгаса ніхто не адхіляў». Як мне помніцца, размаўлялі злосна, у адказ нічога не далі сказаць. Але як калгас падымаць? Няма ні мужчын, ні коней, ні інвентару, ні насення. Замест хат і гаспадарчых будынкаў засталіся адны папялішчы. Як толькі чыноўнікі з’ехалі, адразу да нас прыбег мой сябра Лёня, сын старасты Кастуся Шульгата, і разгублена звярнуўся да майго бацькі: «Дзядзька Піліп, прыехалі НКУСаўцы забіраць нашага тату». Мой бацька пабег яго ратаваць. Пра гэта я ўжо вышэй пісаў.

У той жа дзень мой бацька сабраў людзей, каб параіцца з імі, што рабіць далей, як падымаць калгас. Я быў разам з ім. На вуліцы ляжала тоўстае бервяно, і людзі садзіліся на яго. Каму не хапіла месца, сядзелі на траве. Тут былі старыя людзі, калекі. З тых, каго я запомніў, сярод іх былі Нікіфар, дзядзька Лаўрэн, Салянка Цімафей, Пётра і Міша Кузьмічы, Сідар і Змітрок Маскалейчыкі, Мікіта, Косця Паўловіч, дзед Барыс, Бычок Мікалай, Спічонак Іллюк, Ляўко Аляксей, Іллюк Нямы. Ён на самой справе быў нямы, таму ў яго і была такая мянушка. Як яго разумелі людзі і як ён іх разумеў—не ведаю. Працаваў ён нараўне з усімі. У яго была вельмі прыемная жонка, у іх нарадзіліся нармальныя дзеці. Быў тут яшчэ Бікмулін, яго імя не памятаю. Усе яго звалі — Куба, але гэта хутчэй за ўсё — мянушка. З яго сынам, Наілём, я вучыўся ў школе ў адным класе. Гэта была адзіная ў вёсцы татарская сям’я, якая пражывала тут спрадвеку. Прыйшло сюды шмат жанчын. Мой бацька расказаў людзям пра візіт раённага начальства. Выслухаўшы яго, людзі абурыліся. Дзядзька Лаўрэн сказаў: «Піліп, няўжо зноў у нас будзе гэты ненавісны калгас, зноў галеча? Мы нават пры немцах жылі лепш, пакуль не з’явілася гэта партызанская нечысць». Усе разам загаманілі. Гэтыя жорсткія словы вырашылі лёс майго бацькі.

Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚

Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением

ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК