21. У Нямеччыне

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Як я ўжо казаў, частку нашых вяскоўцаў (іх набралася не надта многа) адправілі на працу ў Нямеччыну. Такі лёс напаткаў і сям’ю маёй роднай цёткі Алёшы. Яны схаваліся ў замаскіраванай зямлянцы паблізу вёскі. Калі іх сусед патрапіў у рукі немцаў, то і прывёў іх да гэтай зямлянкі. Лічу, што сям’і цёткі пашанцавала: калі б яны трапілі к паліцаям, іх лёс быў бы трагічным. Разам з цёткай Алёшай у Нямеччыну адправілі яе мужа — дзядзьку Тумаша і дзвюх дачок Веру і Лізу. Дзве другія дачкі, Марыля і непаўналетняя Аня, за некалькі хвілін да гэтага пакінулі зямлянку і накіраваліся ў бліжэйшы лес, што іх і выратавала ад палону. Непаўналетні цётчын сын Ваня, калі пачалася блакада, прымкнуў да партызан, дзе яго сляды і згубіліся. Вось так вайна раскідала сям’ю на тры часткі.

Дзеці — удзельнікі партызанскага руху… Я не ведаю, як да гэтага ставіцца, але мушу сказаць, што гэта бесчалавечна. Дзеці павінны быць разам з бацькамі. Не я першы аб гэтым кажу, што дзяцей, падлеткаў партызаны выкарыстоўвалі як разведчыкаў. Іх пасылалі ў вёскі і мястэчкі, каб дабыць для партызан неабходныя весткі. Разлік быў на тое, што немцы ці паліцаі на дзяцей не звернуць увагі. Хутчэй за ўсё такіх падлеткаў партызанскае кіраўніцтва не заўсёды заносіла ў спісачны склад сваіх атрадаў. Таму, калі яны гінулі, не вярталіся, знікалі, іх ніхто не шукаў. Менавіта так здарылася і з Ваней, сынам цёткі Алёшы. Калі пасля вайны паспрабавалі Ваню знайсці, то высветлілася, што ён нідзе не лічыцца. Ён проста растварыўся.

Дарэчы, хачу расказаць яшчэ пра адзін выпадак, які здарыўся ў час блакады ў вёсцы Нябышына. 11-гадовы Міша Бычок адстаў ад бацькоў і, калі немцы ўжо ўвайшлі ў вёску, кінуўся наўцёкі ў бок ракі Поні. Немцы, убачыўшы, што гэта падлетак, страляць не сталі. Міша не ўмеў плаваць, хоць і быў на 4 гады старэйшы за мяне. Ён дабег да берага ракі і спыніўся. Тут немцы яго і ўзялі.

Пра далейшы лёс Мішы Бычка я нічога не ведаў. Я палічыў, што яго накіравалі на працу ў Нямеччыну. Але ўжо ў наш час, калі нямецкі ўрад стаў выдаваць беларускім грамадзянам кампенсацыю за прымусовую працу ў Нямеччыне ў часы Другой сусветнай вайны, Міша Бычок гэтай кампенсацыі не атрымаў — пра гэта мне сказала мая стрыечная сястра Вера Салянка. Узнікае пытанне, дзе Міша адсутнічаў з траўня 1943 года да канца акупацыі. Высветліць гэта ў яго самога ў мяне не атрымалася. У дзяцінстве я з ім не сябраваў, ён быў старэйшы за мяне, таму і зараз у мяне з ім няма ніякіх адносін. Бываючы ў сваёй вёсцы, я сустракаўся з Мішам Бычком, але гэтыя сустрэчы былі кароткія. Запытацца пра тое, што мяне цікавіць, рашучасці не хапіла. Я разумеў, што ўспаміны пра мінулае не заўсёды прыемныя.

Нечакана тайна Мішы Бычка перастала быць для мяне загадкай. У адной з перадач «Радыё Свабода» гісторык Сяргей Ёрш расказаў, што жыхар вёскі Нябышына падлетак Міша Бычок у час блакады папаў у рукі немцаў, але немцы адразу перадалі яго ў эскадрон Барыса Рагулі. Там да яго ставіліся вельмі добра, ён лічыўся сынам эскадрона. У эскадроне ён прабыў да канца вайны. Магчыма, дзякуючы гэтаму Міша Бычок і застаўся ў жывых. У адрозненне ад партызан Барыс Рагуля ні разу не пасылаў падлетка ў партызанскі тыл, каб дабыць разведдадзеныя, не падвяргаў яго небяспецы.

Была ў Нямеччыне яшчэ адна мая стрыечная сястра, Вера Салянка, дачка дзядзькі Лаўрэна. У час блакады яна адстала ад нашай групы, заблудзілася і трапіла да немцаў.

У 2004 годзе на Вялікдзень я быў у Нябышыне і на некалькі гадзін завітаў да Веры. Яна ўжо зусім старэнькая — 84 гады, дрэнны зрок і амаль не выходзіць на вуліцу. Вера сама завяла гаворку пра Нямеччыну. Яна атрымала кампенсацыю ад нямецкага ўрада і запыталася ў мяне, ці бачыў я «еўра»? Трэба адзначыць, што Вера была прыгожай дзяўчынай, але з нараджэння мела фізічны недахоп, як і яе бацька — яна гарбатая. Працавала Вера ў баўэра хатняй работніцай. Вялікая сям’я гаспадара ставілася да яе з павагай. Яе ні разу не пакрыўдзілі нават словам. Харчавалася яна за адным сталом з гаспадарамі. На святы яны дарылі ёй нейкія падарункі. Часам бралі яе з сабой у тэатр і кіно. У Веры быў свой пакойчык. Спецыяльна для яе наймалі краўчыху, каб пашыць адзенне, якое б рабіла яе горб не надта прыкметным.

У яе не было адчування, што яна знаходзіцца ў няволі. Праўда, быў смутак па дому, па родных мясцінах. Было вялікае жаданне ўбачыцца з бацькамі, братамі, сёстрамі — яна не ведала, які лёс іх напаткаў, як яны перажылі тую блакаду. Ёй хацелася схадзіць у свой лес па ягады і грыбы, выкупацца ў Поні. Яна кажа, што калі б была магчымасць у той час наведацца ў Нябышына да бацькоў, пасля пабыўкі яна б добраахвотна вярнулася ў Нямеччыну да сваіх гаспадароў, можа, не назаўсёды, але вярнулася б.

Тую мясцовасць, дзе была Вера, занялі амерыканцы. Пра амерыканцаў яна ўспамінае з захапленнем. «Усе яны такія пекныя, ветлівыя, далікатныя», — кажа яна. Вера ўпершыню ўбачыла «чорненькіх» салдат. Яе вельмі здзівіла і абрадавала, што сярод амерыканскіх салдат было некалькі беларусаў, было з кім паразмаўляць. Яна некалькі разоў сустракалася з імі. Жонка баўэра ўгаворвала Веру застацца ў іх на нейкі час, пакуль у свеце не стане больш стабільнае становішча. Але Вера рашыла вяртацца дадому. Разам з усімі такімі ж, як і яна. У дзень ад’езду яе праводзіла ўся сям’я баўэра, прыйшлі і яе новыя знаёмыя амерыканскія салдаты. Пры развітанні былі абдымкі, пацалункі, слёзы. «Я ніколечкі не шкадую, што папала ў Нямеччыну. Хоць пабачыла свет, пабачыла, як жывуць людзі ў іншых краінах», — падвяла рысу пад нашай размовай мая стрыечная сястра Вера. «Ну і дзе людзі жылі лепш, там ці ў нас?» — запытаў я. «Не задавай бязглуздых пытанняў», — паставіла мяне Вера на месца.

Але мяне цікавіла яшчэ адно пытанне, і я яго задаў: «Вера, амерыканцы цябе вызвалілі ў красавіку 1945 года, а дадому ты вярнулася толькі на пачатку чэрвеня 1946 года. Чаму ты так доўга дабіралася?» Яна адказала: «Ты ж ведаеш, як гэта рабілася. У амерыканскую зону акупацыі прыбылі прадстаўнікі савецкай адміністрацыі, павіншавалі нас з вызваленнем, з хуткім вяртаннем на Радзіму. Нас размясцілі ў пасажырскіх вагонах. Праваднікі нас сустракалі ветлівымі ўсмешкамі, частавалі гарбатай, было радасна да слёз. Але як толькі мы выехалі з амерыканскай зоны акупацыі і апынуліся ў савецкай зоне, прыветлівасць з твараў праваднікоў знікла. Яны раптам пераўтварыліся ў наглядчыкаў і канваіраў. Нас, як арыштантаў, перагрузілі ў таварныя вагоны-цялятнікі і адвезлі ў фільтрацыйны лагер, дзе цэлы год фільтравалі. Ад Сібіры мяне выратаваў мой фізічны недахоп».

Пасля вяртання дадому Вера ўладкавалася на працу правадніком вагона пасажырскага цягніка. Калі ў яе нарадзіўся сын Аляксандр (Шура), яна звольнілася з працы і вярнулася ў вёску да сваіх бацькоў, стала працаваць паштальёнам. Сын падрастаў, закончыў школу. Пасля школы пераехаў у Мінск, уладкаваўся на працу, але цяжка захварэў і памёр у 40-гадовым узросце. Пахаваны ён на Паўночных могілках. Калі я прыязджаю ў Нябышына, Вера пытаецца ў мяне, ці быў я на магіле Шуры. Я ёй адказваю, што бываю, магіла дагледжана.

Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚

Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением

ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК