5. Першая сустрэча з немцамі
У адзін з ліпеньскіх дзён, на пачатку месяца, мы, вясковыя падлеткі, купаліся і загаралі на пясчаным беразе ракі Поні ў 100 метрах ад моста. Нечакана мы ўбачылі, што з боку Докшыц рухаецца аўтамабільная калона, машын 10–15. Яна мінавала вёску і накіравалася ў наш бок да моста. На першай машыне справа спераду над кабінай развяваўся чырвоны сцяг. Хтосьці крыкнуў: «Нашы!» — і цераз мост мы пабеглі насустрач.
Перад мостам калона спынілася. Мы ўбачылі, што гэта немцы. Яны выйшлі з пярэдняй машыны і са словамі: «Гут, гут», — па-сяброўску хлопалі далонямі па нашых голых спінах. Мы асмялелі, палезлі на падножкі машыны, адчынілі кабіну, націскалі на клаксон, сігналілі. Такія велізарныя машыны мы бачылі ўпершыню. У нашым калгасе была ўсяго адна грузавая машына ГАЗ-АА — палутарка. Немцы не сварыліся на нас, з цікавасцю нас разглядалі, сталі частаваць шакаладам, які мы таксама бачылі ўпершыню. Я быў менш баявіты, апынуўся ў хвасце і мне шакаладу не дасталося. Было крыўдна, на вачах накаціліся слёзы. Убачыўшы гэта, адзін немец дастаў з кішэні губны гармонік і падарыў мне. Потым немцы паказалі рукамі, каб мы вярталіся назад на бераг ракі: «Шнэль, шнэль». Мы пабеглі, а калона прадоўжыла рух у бок Бягомля.
Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚
Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением
ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК