5. Страты Беларусі ў Другой сусветнай вайне

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Пытанне даволі складанае, недаследаванае, таму што праўда хаваецца наўмысна, камусьці гэта выгадна. Доўгі час гаварылася, што ў Беларусі загінуў кожны чацвёрты чалавек. Гэта лічба ўспрымалася на веру. Як яна атрымалася, ніякіх тлумачэнняў ніхто не даваў.

У мяне з’явілася жаданне даведацца, у выніку якіх абставін загінула столькі людзей — на фронце, ва ўмовах акупацыі ці неяк інакш. З маёй сям’і вайна забрала 4 чалавек з 7, і ўсе яны загінулі пры розных абставінах. Бабулю Насту забілі паліцаі ў траўні 1943 года, бацька загадкава загінуў у вайне з Японіяй 19 жніўня 1945 года, старэйшы брат Мікалай загінуў у партызанах выпадкова па неасцярожнасці, сярэдні брат Сяргей памёр з голаду ў блакадным Ленінградзе. Маё жаданне даведацца больш дакладна, больш падрабязна пра агульныя ахвяры вайны было марным, бо мае магчымасці абмежаваныя.

У апошні час на самым высокім узроўні была агучана ўжо іншая лічба ахвяр, што за гады вайны загінуў кожны трэці беларус. А колькі загінула ўсяго? Зноў ніякага тлумачэння. Можа, да 70-годдзя Перамогі больш дакладна пералічаць ваенныя ахвяры?

Я пачаў шукаць крыніцы, каб атрымаць хоць нейкія звесткі па гэтым пытанні. Я наведваўся ў бібліятэкі, гартаў старыя падшыўкі газет і часопісаў. Нарэшце ў згаданай кнізе «Саўдзельнікі ў злачынствах» удалося штосьці знайсці. Аўтар запэўнівае, што ў сваёй працы ён карыстаўся архіўнымі дакументамі і матэрыяламі. З кнігі я даведаўся (старонкі 180–181), што гітлераўцы за тры гады акупацыі Беларусі знішчылі 2 219 316 чалавек, што падцвярджаецца табліцай:

Табліца ўражвае сваёй «дакладнасцю»: падлік зроблены да адзінага чалавека. Давайце больш уважліва зірнём на гэтыя лічбы. Мы заўважым, што на тэрыторыі Беларусі забіта, закатавана 810 091 ваеннапалонных. Хто яны, гэтыя ваеннапалонныя? Відавочна, што гэта былі чырвонаармейцы вайсковых часцей Заходняй асобай ваеннай акругі, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі Беларусі. Яны трапілі ў палон на пачатку вайны.

Савецкая сістэма воінскай службы была пастаўлена такім чынам, што прызыўнікі ніколі не служылі на сваёй Радзіме побач з месцамі свайго пражывання. Беларусы служылі на Каўказе, у Сярэдняй Азіі, на Урале, Далёкім Усходзе, толькі не на тэрыторыі Беларусі. На Беларусі неслі службу ўраджэнцы Каўказа, Сярэдняй Азіі, хлопцы з расійскай глыбінкі. Вось тыя 810 091 загінуўшых палонных і былі імі. Сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці было больш за 300 чэчэнцаў. Залічваць усіх на баланс Беларусі не выпадае. Іх падлічыў Генеральны штаб Чырвонай Арміі і звесткі разаслаў у ваенкаматы па месцы жыхарства, так кожная рэспубліка СССР, кожная вобласць вяла падлік сваіх ахвяр. Магчыма, ў гэтай колькасці былі часткова і беларусы. Тады давайце разбярэмся, колькі іх было, і прыплюсуем нашых ахвяр. Я лічу, што 810 091 загінуўшых палонных трэба мінусаваць ад агульнай колькасці загінуўшых нашых грамадзян. Гэта значыць, трэба ўжо прытрымлівацца лібчы загінуўшых у 1 409 225 чалавек. Калі гэта не так, то трэба лічыць румынамі чырвонаармейцаў, загінуўшых пры вызваленні Венгрыі, і нават лічыць немцамі чырвонаармейцаў, загінуўшых у баях на тэрыторыі Германіі. Гэтыя абсурдныя прыклады можна працягваць далей.

Але мне здаецца, што і 1,4 млн. чалавек — лібча завышаная. Сюды залічаны яўрэі, якіх эшалонамі везлі з акупаваных немцамі краін Еўропы ў Беларусь і гут знішчалі. Па дадзеных даследчыка Халакосту доктара гістарычных навук Эмануіла Іофэ такіх яўрэяў было 90 тысяч. Не трэба іх залічваць у ахвяры Беларусі. Яны падлічаны ў тых краінах, адкуль іх вывезлі. Дык дзеля чаго нам двайная бухгалтэрыя? Можа, дзеля таго, каб выдаваць сябе яшчэ большымі пакутнікамі? Калі мінусаваць гэтыя 90 тысяч замежных яўрэяў, то застаецца 1 319 225 загінуўшых беларусаў. Доля знішчаных беларускіх яўрэяў ад гэтай колькасці, па падліках прафесара Эмануіла Іофэ, складае 715 тысяч чалавек. Узнікае пытанне: колькі беларускіх яўрэяў знішчылі савецкія партызаны? А тое, што партызаны, як і немцы, знішчалі яўрэяў — гэта факт. Прывяду для прыкладу вытрымку з працы расійскага гісторыка Барыса Сакалова:

«Как решали “еврейский вопрос” советские партизаны.

Не лучше относились к несчастным и партизаны. Герой Советского Союза подполковник госбезопасности Кирилл Орловский, командовавший партизанским отрядом имени Берия в Беларуси в сентябре 1943 года, рассказывал сотрудникам Института истории Белорусской компартии:

„Организовал я отряд имени Кирова исключительно из евреев, убежавших от гитлеровского расстрела. Я знал, что передо мной стоят невероятные трудности, но я не боялся этих трудностей, пошёл на это лишь только потому, что все окружающие нас партизанские отряды и партизанские соединения Барановичской и Пинской областей отказывались от этих людей. Были случаи убийства их. Например, партизаны-антисемиты отряда Циганкова убили 11 человек евреев, крестьяне деревни Раджалавичи Пинской области убили 17 человек евреев, партизаны отряда имени Щорса убили 7 человек евреев“».

Сярод забітых яўрэяў ёсць сваякі Прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса. Вось што паведамляе сайт Іzrus:

«В начале июня Президент Израиля Шимон Перес получил в подарок архивный документ времён нацистской оккупации Беларуси: расстрельный список, в котором фигурируют имена его родственников и друзей. Это страшное свидетельство Холокоста вручил ему премьер-министр Беларуси Михаил Мясникович, побывавший в Израиле с рабочим визитом. Данный документ, составленный нацистами, содержит список уничтоженных евреев, живших в Воложинском районе. Среди них 22 родственника родителей Переса. Президент Израиля — уроженец беларускай деревни Вишнёво».

Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што яўрэяў знішчалі не толькі немцы і паліцаі, але і савецкія партызаны і нават мірныя «талерантныя» беларусы. Можа, таму і маўчала савецкая прапаганда? Можа, мэты адносна яўрэяў у фашысцкай Германіі і ў СССР часткова супадалі? Вось што аб гэтым піша доктар юрыдычных навук прафесар Аркадзій Лейзераў у сваёй працы: «Некаторыя аспекты адносін савецкага кіраўніцтва к Халакосту на Беларусі…»:

«Як вядома, у часы Вялікай Айчыннай вайны савецкая афіцыйная прапаганда амаль поўнасцю замоўчвала генацыд яўрэяў на акупаваных немцамі тэрыторыях. Паведамленні савецкага Інфармбюро не ўтрымлівалі інфармацыі аб ставарэнні немцамі гета, аб масавых расстрэлах яўрэяў як у гета, так і ў ішых месцах. Калі штосьці і паведамлялася, то вельмі рэдка… У сводках 1942–43 гг. увогуле не было ніводнага паведамлення аб масавых расстрэлах яўрэяў. Менавіта ў гэтыя гады праводзілася татальнае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва…»

А колькі загінула беларусаў без уліку яўрэяў? Атрымліваецца 604 225 чалавек. Яўрэяў нацысты знішчалі толькі за тое, што яны яўрэі, нежалежна ад краіны пражывання. Знішчаць беларусаў? Мне здаецца, такой мэты немцы перад сабой не ставілі. Напрыклад, у маёй вёсцы Нябышына непасрэдна ад рук немцаў ніхто не загінуў. Калі б у іх была мэта нас знішчыць, то яны б гэта зрабілі без усялякіх цяжкасцей. Большасць ахвяр маёй вёскі — ад рук паліцаяў і часткова ад рук партызан. Прашу прабачэння за паўтор, але я яшчэ раз нагадаю лічбы. Ад агульнай колькасці знішчанага мірнага насельніцтва Беларусі на долю яўрэяў прыходзіцца 715 000 ці прыкладна 55 % (выжыла 300–400 тысяч); на долю беларусаў прыходзіцца 604 225 чалавек, ці каля 45 % ад колькасці загінуўшых. Вось тут узнікае шэраг пытанняў к даследчыкам гісторыі акупацыі Беларусі, к прапагандыстам і ідэолагам, к высокім чыноўнікам, якія ўжо больш за 70 гадоў спекулююць лічбамі ахвяр вайны:

Пытанне першае: Якая колькасць насельніцтва загінула ў выніку баявых дзеянняў у прыфрантавой паласе?

А людзі гінулі. Яны аднолькава гінулі ад артылерыйскіх абстрэлаў, бамбёжак як нямецкіх, так і савецкіх. Прычым савецкае камандаванне знішчала мірнае насельніцтва, якое засталося ў нямецкім тыле, мэтанакіравана. Магчыма, я ўжо прыпамінаў Загад Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання № 0428 ад 17.11.1941 года, у якім загадвалася:

«Разбураць і паліць да шчэнту ўсе населеныя пункты ў тыле нямецкіх войск… Для знішчэння населеных пунктаў… кінуць неадкладна авіяцыю, шырока выкарыстаць артылерыйскі і мінамётны агонь, каманды разведчыкаў, лыжнікаў і партызанскія дыверсіённыя групы…»

У такіх умовах мірнаму насельніцтву выжыць было проста немагчыма. На каго спісаны гэтыя ахвяры вайны? Безумоўна, на немцаў.

Пытанне другое: Якая колькасць насельніцтва забіта партызанамі? Партызаны не мелі права не забіваць, наадварот, ім ставілася задача забіваць мірных людзей. Аб гэтым прама сказана ў Загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Сталіна «Аб задачах партызанскага руху» ад 5.09.1942 года. Адной з галоўных задач было: знішчэнне ідэйных ворагаў, якімі былі нацыянальныя дзеячы, асобы, якія працавалі ў акупацыйных адміністрацыях, паліцаі, старасты. Ад партызан патрабавалася нават знішчаць сялян, якія здаюць падаткі акупантам.

І партызаны стараліся дагадзіць сваім крамлёўскім гаспадарам, праяўлялі ініцыятыву. Усіх, хто ўладкаваўся к немцам на працу, каб пракарміцца, аб’явілі «пасобнікамі» акупантаў. Часам забівалі не толькі «пасобніка», а і ўсю яго сям’ю, уключаючы дзяцей. Шмат хто ведае, як партызаны ў вёсцы Дражна 14 красавіка 1943 года спалілі 37 дамоў і забілі 25 чалавек мірных жыхароў. Аб гэтым паведаў журналіст Віктар Хурсік у кнізе «Кроў і попел Дражна». На каго павешаны гэтыя ахвяры? Трэба меркаваць, што зноў жа на нямецкіх захопнікаў. І ці падлічаны гэтыя ахвяры?

Пытанне трэцяе: Колькі знішчана насельніцтва ў выніку карных нямецкіх аперацый, справакаваных партызанамі? Пры жаданні гэту колькасць можна падлічыць. Вёскі, спаленыя разам з людзьмі — вядомы. Спадзяюся, што вядомы. Хаця… я прагартаў шмат матэрыялаў пра мемарыял «Хатынь», шукаў спіс спаленых вёсак. Мяне цікавіла колькасць людзей, знішчаных у кожнай вёсцы і дата знішчэння. Але ўсе крыніцы, з якімі я азнаёміўся, распавядаюць аб чым хочаш, асабліва пра зверствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і нічога канкрэтнага.

Аднойчы я прысутнічаў на мерапрыемстве, дзе паказалі фільм расійскага тэлежурналіста пра Хатынь. Фільм як фільм, нічога новага, спроба выклікаць у гледачоў спачуванне к гаротным беларусам, спроба разварушыць затухаючую нянавісць к нямецкае… Стоп! Пра немцаў у фільме нічога не сказана. Гледачам назойліва навязвалася думка, што Хатынь разам з жыхарамі спалена 118-м паліцэйскім украінскім батальёнам, што вінаватыя ў гэтым украінцы, праклятыя хахлы. У год паказу фільма прэзідэнтам Украіны быў Юшчанка, нелюбімы Масквой. К таму ж Віктар Юшчанка сябраваў з другім заклятым ворагам Масквы — прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі. У сваім змаганні з Кіевам маскоўскі Крэмль не грэбаваў нічым. Вось там і ўспомнілі пра Хатынь, каб з гэтага боку куснуць Украіну. У фільме нічога не сказана, што склад батальёна — гэта былыя салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі, і гэта галоўнае. Але стваральнікі фільма падкрэслівалі тое, што камандзір батальёа і камандзір аднаго са ўзводаў — украінцы і што 118-ы паліцэйскі батальён сфарміраваны на Украіне. На гэта мерапрыемства сабраліся адукаваныя людзі і шмат хто стаў абурацца зместам фільма, назвалі яго бруднай расійскай правакацыяй, каб пасварыць паміж сабой беларусаў і ўкраінцаў.

На паказ фільма быў запрошаны нейкі чыноўнік, які мае дачыненне да мемарыяла «Хатынь». Я запытаўся ў яго, ці ёсць у музеі мемарыяла спіс спаленых вёсак з указаннем даты спалення і колькасці знічшаных людзей. У адказ я пачуў, што ў іх ёсць задумка скласці такі спіс, але гэта вельмі складаная праца, мала звестак, усё амаль забыта. Прыехалі… Падумаеш, сцёрлі з твару зямлі нейкіх 628 вёсак разам з людзьмі. Ці варта гэта памятаць? Для вас пабудавалі цацку — мемарыял «Хатынь», і будзьце задаволены.

Тады я задаў чыноўніку наступнае пытанне, ці ёсць на макетах спаленых вёсак, што ўсталёваны на мемарыяле, даты іх знішчэння і колькасць знішчаных людзей. Ён паглядзеў на мяне здзіўлена і прамовіў, што там няма ні дат ні колькасці забітых людзей, што гэты мемарыял чыста сімвалічны. Складаецца такое ўражанне, што савецкая ўлада рабіла ўсё магчымае, каб трагедыя Беларусі часоў акупацыі была як мага хутчэй забыта, а сучасная ўлада гэту справу працягвае. Пасля партызанскага бязмежжа, З ліпеня 1944 года ўсе кіруючыя пасады ў БССР ад верху да самага нізу назаймалі партызанскія кіраўнікі. А яны добра ведалі, што віна за спаленыя вёскі ляжыць як на немцах, так і на іх сумленні. Вось і патрабаваўся мемарыял, каб людзі ведалі толькі пра Хатынь, а ўсё астатняе забылі.

Цікава атрымліваецца, мы ведаем дату нараджэння і дату смерці Аляксандра Македонскага, які жыў 2360 гадоў таму назад, ведаем імёны яго жонак і дзяцей, а вось што адбывалася ўсяго 70 год таму назад ва ўласнай краіне, не памятаем. Памяць адбіла.

Мной заўважана яшчэ адна заканамернасць, якая сведчыць не на карысць партызан — гэта размеркаванне знішчэння беларускіх вёсак па гадах. Штогод, калі надыходзіць 9 мая, дзень Перамогі, чыноўнікі з высокіх трыбун у сваіх «дзяжурных» прамовах лямантуюць, што нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі 9200 беларускіх вёсак. У 4667 вёсках ад гэтай колькасці часткова знішчана насельніцтва. 628 вёсак знішчаны цалкам з насельніцтвам. А зараз паглядзім, як знішчаныя вёскі размеркаваны па гадам акупацыі:

— 1941 год — знішчана З %

— 1942 год — знішчана 16 %

— 1943 год — знішчана 63 %

— 1944 год — знішчана 18 %.

Усё гэта ад агульнай колькасці спаленых вёсак.

А зараз зірнём на гэтыя лібчы больш удумліва. 1941 год нам паказвае, што немцы не планавалі знішчаць беларускія вёскі і беларусаў. З % — гэта тыя вёскі, якія апынуліся ў зоне баёў. Арганізаваных партызанскіх атрадаў яшчэ не было. Нешматлікія групоўкі, накшталт Міная Шмырова, хоць і наносілі шкоду насельніцтву, але яе было яшчэ нешмат. Загад Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання № 0428: разбураць і паліць усё дашчэнту ў тыле нямецкіх войск, выйшаў толькі 17.11.1941 года.

1942 год стаў ужо больш трывожным. Менавіта ў гэтым годзе на тэрыторыю акупаванай Беларусі былі перакінуты дзесяткі тэрарыстычных груп НКВД, такіх, як група Ваўпшасава. Яны былі надзелены шырокімі паўнамоцтвамі — выносіць пакаранні па свайму вырашэнню. Дзякуючы ім, банды чырвонаармейцаў і партработнікаў, якія блыталіся па лясах, больш-менш былі арганізаваны ў атрады і падлічаны. К канцу 1942 года партызан налічвалася 12 тысяч. Гэта дало свой плён — за год ужо было знішчана 16 % ад агульнай колькасці знішчаных вёсак.

1943 год для Беларусі і беларусаў стаў найбольш трагічным. З восені 1942 года ў акупаваную Беларусь з савецкай тэрыторыі праз лінію фронта пачалі масава перапраўляць рэгулярныя вайсковыя часткі, падрыхтаваныя для правядзення дыверсій і вядзення партызанскай вайны. К канцу 1943 года колькасць такіх «партызан» дасягнула свайго піка — 153 тысячы чалавек. Якраз на гэты перыяд прыпадаюць самыя вялікія страты, якія панесла Беларусь. За 1943 год знішчана 63 % вёсак ад колькасці знішчаных. Савецкая прапаганда заяўляла, а сучасная прапаганда працягвае заяўляць, што на тэрыторыі акупаванай немцамі Беларусі былі створаны партызанскія зоны, дзе была адноўлена савецкая ўлада. Але якую карысць атрымала ад гэтага Беларусь? Падумалася, а што засталося б ад Беларусі, калі б тут было не 153 тысячы партызан, а тысяч 600? У Беларусі, магчыма, не засталося б ніводнай жывой душы.

1944 год — год вызвалення. За апошнія 7 месяцаў акупацыі было знішчана 18 % ад агульнай колькасці знішчаных вёсак. У 1944 годзе колькасць партызан рэзка ўзрасла — да 374 тысяч чалавек. І справа тут не ва ўсенародным уздыме. К гэтаму часу ў беларускіх вёсках засталіся толькі бабы і дзеці. Проста для так званай «рэльсавай вайны» пры правядзенні вайсковай аперацыі «Баграціён» на тэрыторыю Беларусі ў нямецкі тыл дадаткова было перакінута 220 тысяч чырвонаармейцаў (!). Проста ў камандавання фронтам не было спадзявання на тых партызан, якія тут адчувалі сябе ўтульна з 1942 года, хаваючыся ад вайны.

Пытанне чацвёртае: Якаля колькасць беларускага насельніцтва знішчана ўласна немцамі і паліцаямі? На іх совесці ляжыць забойства 715 тысяч беларускіх яўрэяў, гэта бясспрэчна. А вось забойства 604 тысяч беларусаў, якое прыпісалі немцам, я б на іх вешаць поўнасцю не стаў. Гэта агульная партызанска-нямецкая віна.

Пытанні, пытанні, пытанні… Але адказаў на іх няма.

Вышэй я расказаў пра тыя ахвяры, якія панесла мірнае насельніцтва на акупаванай тэрыторыі. Але ж нашы землякі гінулі не толькі там. Хачу нагадаць яшчэ раз, што Другая сусветная вайна для Беларусі, для беларусаў пачалася не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 верасня 1939 года. Таму зноў узнікае шмат пытанняў, на якія хацелася б атрымаць адказы і тлумачэнні. Напрыклад, колькі беларусаў, якія былі ў складзе польскай арміі, загінула ў барацьбе супраць нямецка-савецкіх захопнікаў з 1 па 22 верасня 1939 года? Як мы ведаем, у гэты дзень адбыўся ганебны сумесны парад дзвюх «брацкіх» армій — нямецкай і савецкай.

Сярод жаўнераў, якія трапілі ў нямецкі палон, было 70 тысяч беларусаў. Яны былі інтэрніраваны ў СССР у абмен на палякаў, трапіўшых у савецкі палон. Каму з іх ад гэтага абмену пашанцавала больш? Пытанне цынічнае. Дарэчы, савецкае кіраўніцтва ашукала немцаў, яно перадала ім толькі невялікую частку палонных палякаў, астатніх чакалі турмы, расстрэлы, ГУЛАГ. 46 тысяч палонных беларусаў выселілі ў Казахстан. Колькі ўсяго палякаў і беларусаў было ў савецкім палоне, дакладнай лічбы я не знайшоў. Пасля параду 22 верасня 1939 года савецкіх і нямецкіх войск у г. Брэсце, прысвечанага захопу і падзелу Польшчы, вайна супраць заходніх беларусаў не спынілася і працягвалася да 22 чэрвеня 1941 года. На тэрыторыі Беларусі праводзіліся жорсткія карныя аперацыі. У выніку гэтых аперацый з Заходняй Беларусі ў Сібір, на Поўнач, у Казахстан было дэпартавана, як напісала газета «Народная Воля» (за 4.08.1998 г), 250 тысяч асуджаных і 990 тысяч чалавек, проста папаўшых пад падазрэнне ўлады. Часам людзей высылалі цэлымі сем’ямі.

За той жа перыяд, як сцвярджае Сымон Струменскі ў сваім зборніку «Страты Беларусі», было расстраляна 135 тысяч грамадзян Беларусі. У гэтай колькасці не ўлічаны палонныя беларусы, якія расстраляны разам з палякамі ў адпаведнасці з Пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) «Аб расстрэле ваеннапалонных польскіх афіцэраў, чыноўнікаў, памешчыкаў, асаднікаў» ад 05.03.1940 года. Расстрэлы адбыліся ў красавіку 1940 года ў Катынскім лесе пад Смаленскам, у Старабельскім лагеры пад Харкавам, у Асташкаўскім лагеры Калінінскай вобласці, у ваколіцах Мінска — Курапаты, Дражня, Лошыца, парк Чэлюскінцаў і ў іншых месцах. Колькі ўсяго беларусаў расстраляна ў адпаведнасці з гэтай жахлівай пастановай, невядома.

Чаму мы адракаемся ад нашых суайчынікаў, загінуўшых ад рук НКУСаўцаў, спрабуем выкінуць іх з народнай памяці? Няўжо да нашага часу баімся называць савецкую ўладу злачыннай, бандыцкай, антычалавечай? Пытанняў шмат, а адказаў няма.

Вядома, што на працу ў Нямеччыну было вывезена 377 776 грамадзян Беларусі. Але эта самае можна выказаць крыху інакш: усяго толькі 377 776 грамадзян Беларусі было вывезена на працу ў Нямеччыну. Такое магло адбыцца дзякуючы таму, што ва ўмовах акупацыі такія ўнікальныя аўтарытэтныя структуры, як Беларуская народная самадапамога (БНС), як Саюз беларускай моладзі (СБМ), як Беларуская цэнтральная рада (БЦР) ды іншыя, якія рабілі ўсё магчымае, каб аблегчыць долю насельніцтву ва ўмовах акупацыі. З гэтымі структурамі лічылася акупацыйная грамадзянская адміністрацыя. Генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ спрыяў беларусам і часам пярэчыў органам СС і СД у пытаннях вярбоўкі беларускай моладзі на працу ў Нямеччыну. Ён лічыў, што беларускую моладзь наперадзе чакае шмат важных спраў у будучай незалежнай Беларусі.

Колькі беларусаў загінула на працы ў Нямеччыне — невядома. Яны гінулі ад амерыканскіх і англійскіх налётаў авіяцыі. Справа ў тым, што шмат беларусаў працавала на заводах канцэрна «Юнкерс». А менавіта гэтыя заводы падвяргаліся самаму жорсткаму бамбаванню.

Колькі беларусаў пасля нямецкай капітуляцыі адмовіліся вяртацца на радзіму і з’ехалі ў Англію, Канаду, ЗША, Аўстралію і іншыя краіны? Ёсць звесткі, што такіх 260 тысяч, гэта 68,8 % ад колькасці ад’ехаўшых на працу ў Нямеччыну. А гэта ж таксама нашы страты ў вайну. Хаця з якога боку на гэту справу паглядзець. Магчыма, наадварот, гэта нашы набыткі. З’ехаўшы ў іншыя краіны, нашы землякі сталі вартымі грамадзянамі тых краін, сталі знакамітымі асобамі. Асабіста для мяне не мае значэння, якім чынам яны апынуліся за мяжой, на чыім баку яны былі ў часы Другой сусветнай вайны. Так ці інакш яны — прадстаўнікі нашага народа за мяжой, дзякуючы ім пра нас там ведаюць. Мы павінны ганарыцца імі. Калі б яны вярнуліся на Радзіму пасля 9 мая 1945 года ці засталіся б на Радзіме пасля вызвалення Беларусі, то яны на доўгія гады сталі б вязнямі савецкага ГУЛАГу і зніклі б у ім. Добра, што ў іх хапіла розуму своечасова ад’ехаць у замежжа.

Пасля 22 чэрвеня 1941 года ў першыя дні вайны НКУСаўцы праявілі масавыя расстрэлы вязняў, якія знаходзіліся ў савецкіх турмах на тэрыторыі Беларусі. Такія факты прывёў Сымон Струменем ў зборніку матэрыялаў «Страты Беларусі…»:

— 25 чэрвеня 1941 г. Расстрэл калоны зняволеных Менскай турмы ва ўрочышчы Благоўшчына каля вёскі Трасцянец. Забіта каля 2 тысяч чалавек.

— 26–28 чэрвеня 1941 г. Службоўцы ворганаў НКУС расстралялі каля 2 тысяч палітычных зняволеных, прыгнаных з Менскай ды іншых суседніх турмаў, каля г. п. Чэрвень, ва ўрочышчы Цагельня.

— 6 ліпеня 1941 г. Перад надыходам немцаў ахоўнікі Бярэзінскай турмы НКУС расстралялі яе вязняў (большасць з іх былі сяляне, асуджаныя за крадзеж у калгасе).

— Ліпень 1941 г. Адступаючы з Віцебска пад націскам нямецкіх войскаў ахоўнікі тамтэйшай турмы, дзе былі палітвязні, аблілі яе бензінам і спалілі разам са зняволеннымі.

Гэта ўсё нашы страты. Колькі людзей было знішчана вось такім метадам, невядома. Як падлічаны гэтыя ахвяры, на каго ўскладзены? Няўжо ўсё на тых жа немцаў?

Беларусы змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у складзе армій іншых краін — у англійскай, амерыканскай, канадскай, французскай і іншых. Колькі іх там усяго было, колькі загінула, дзе іх пахаванні, ці ўскладаюць кветкі на іх магілы супрацоўнікі нашых амбасад у тых краінах хаця б раз на год? Вядома, што ў складзе арміі польскага генерала Андэрса змагалася больш за 50 тысяч беларусаў. Армія вызваляла ад немцаў Італію, пры гэтым загінула 1270 нашых землякоў. Якім чынам яны ўлічаны ў агульнанацыянальных стратах Беларусі? Невядома, якія людскія страты панесла Беларусь ад выканання загада Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання № 270, які ваеннапалонных чырвонаармейцаў аб’яўляў здраднікамі і дазваляў арышты іх сем’яў.

З 1,5 мільёна беларусаў, якія ваявалі ў складзе Чырвонай Арміі, загінуў 1 мільён, у іх ліку і мой бацька. Гэта вельмі шмат — 66,3 %. Масавая гібель чырвонаармейцаў-беларусаў прыпадае на 1944 год. Прычына гэтага вядома.

Цёмнай ці белай плямай з’яўляецца савецка-фінская вайна. Гэта кавалак Другой сусветнай вайны. Колькі беларусаў удзельнічала ў гэтай вайне, колькі загінула, колькі замёрзла ў карэла-фінскіх лясах і балотах? Ніякіх звестак пра гэта я не знайшоў.

Калі падлічыць, падсумаваць усе ахвяры Другой сусветнай вайны, то, магчыма, высветліцца, што загінуў не кожны чацвёрты, не кожны трэці, а кожны другі беларус. А можа, наадварот, усяго толькі шосты ці дзесяты.

Беларусь панесла і вялізарныя матэрыяльныя страты. Пра спаленыя вёскі я ўжо прыпамінаў. Разбурана 209 гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу, знішчана 1,2 мільёна будынкаў. Акупанты разрабавалі больш за 10 тысяч фабрык і заводаў, усе калгасы, саўгасы і МТС. Такія звесткі можна адшукаць у афіцыйных паведамленнях. Там можна прачытаць, што Мінск, Віцебск, Магілёў і іншыя буйныя гарады былі разбураны акупантамі на 80 %. Падлічаныя страты склалі 75 млрд. рублёў у коштах 1941 г. Але афіцыйныя крыніцы не дагаварваюць да канца, замоўчваюць той факт, што разбурэнні здзяйснялі не толькі немцы, а і савецкія сілавыя структуры. Дзеянні апошніх былі больш эфектыўнымі. І рабілася гэта не стыхійна, а па загаду зверху. Яшчэ раз напомню некаторыя тыя загады:

— Дырэктыва Саўнаркама ад 20 ліпеня 1941 года: «Не оставлять противнику ни килограмма хлеба, ни капли горючего»;

— Загад Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання ад 17 лістапада 1941 года, які загадаў «разрушать и сжигать дотла все населённые пункты в тылу немецких войск…»

Вось чаму партызаны і «клапаціліся» (правакавалі немцаў), каб тыя 9200 вёсак згарэлі. А савецкая авіяцыя метадычна бамбавала Мінск і іншыя гарады. Асабліва жорсткімі былі бамбаванні, прысвечаныя святочным датам: 8-е сакавіка, 1-е мая, 7-е лістапада. Самыя маштабныя з іх адбыліся 8.03.1942 г. і 1–2.05.1943 г., у выніку якіх былі вялікія разбурэнні, загінулі сотні людзей. Асабліва ўчасціліся бамбаванні ў 1944 годзе. Трэба ўлічваць і тое, што савецкая авіяцыя бамбавала не адміністрацыйныя будынкі, а жылыя кварталы.

У пацверджанне вышэйсказанага хачу прывесці словы доктара гістарычных навук Захара Шыбекі:

«Перад адступленнем Чырвонай Арміі органы ўнутранай бяспекі і вынішчальныя атрады падпальвалі будынкі, каб нічога не пакінуць немцам. Таму пажары пачаліся не толькі ад нямецкіх налётаў, але і ў выніку дзейнасці бальшавікоў. Падчас акупацыі Мінск цярпеў ад бамбардзіровак з савецкай тэрыторыі. Потым гэтыя разбурэнні былі залічаны на рахунак нацыстаў».

(tut.by. Кастусь Лашкевіч, 10.09.2010).

Афіцыйныя крыніцы прыводзяць такія факты, што за часы акупацыі насельніцтва не далічылася 61 % коней, 69 % кароў, 89 % свіней, 78 % авечак. Куды ж яны надзяваліся? У маёй вёсцы Нябышына немцы не забралі ніводнага каня, ніводнай каровы. Так, частка пагалоўя свіней, авечак ішла на падаткі немцам. Але размер падатку быў ад 20 % да 30 % у залежнасці ад колькасці жывёлін у гаспадарцы. Усё, што засталося ад немцаў, з’елі партызаны, яны не цырымоніліся.

Пад «шумок» вайны і СССР абрабаваў Беларусь — на тэрыторыю Расіі былі вывезены амаль усе культурныя і мастацкія каштоўнасці. Пасля вайны назад нічога не вярнулася. Тое, што не наспелі вывезці ў Расію, немцы вывезлі ў Германію. Доктар філалагічных навук прафесар Адам Мальдзіс у газеце «Известия» ад 29.09.2000 года з болем у сэрцы расказаў, што ўсяго ад 1 % да 5 % нашых (беларускіх) культурных, мастацкіх і духоўных каштоўнасцяў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. У першыя дні вайны ў Расію вывезена калекцыя слуцкіх паясоў, крыж Еўфрасінні Полацкай, выданні Францішка Скарынкі, царкоўныя рэліквіі.

Дадатак. Ужо паставіў апошнюю кропку пад сваімі разважаннямі, але на вочы папалася прозвішча яшчэ аднаго з тысяч партызанскага камандзіра, Луніна. Ён мяне зацікавіў і я стаў шукаць пра яго звесткі.

Барыс Мікалаевіч Лунін — ураджэнец Саратаўскай вобласці. На фронце з ліпеня 1941 года. У жніўні 1941 года папаў у нямецкі палон. Утрымліваўся ў канцлагеры ў Драздах недалёка ад Мінску. У сакавіку 1942 года яму ўдалося здзейсніць уцёкі. З такіх жа, як і сам, Лунін арганізаваў невялікі партызанскі атрад. З цягам часу на базе атрада была створана партызанская брыгада «Штурмавая». Яе камандзірам быў прызначаны Барыс Лунін. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Мінскай і Вілейскай абласцей. Я не стаўлю перад сабой мэту распавядаць тут пра «подзвігі» брыгады, толькі скажу, што 1 студзеня 1944 года Барысу Луніну было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны стане вядома, што з сябе ўяўляе гэты партызанскі камбрыг, якія подзвігі ён здзейсніў. Ён не вярнуўся на сваю радзіму ў Саратаўскую вобласць. Гэта быў цэнны кадр на кіруючую пасаду ў пасляваеннай Беларусі. Ён быў прызначаны памочнікам міністра аўтамабільнага транспарту БССР. Праз нейкі час ён пераехаў на сталае месцажыхарства ў Краснадарскі край.

22 ліпеня 1957 года Лунін быў асуджаны ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі па арт. 180 і арт. 214 ч. 2 УК БССР к 7 гадам пазбаўлення волі. У тэксце прытвора сказана:

«Лунін як камандзір партызанскай брыгады і яго падначалены Белік як начальнік асобага аддзела гэтай брыгады пры асабліва ацягчаючых абставінах… злоўжывалі сваім службовым становішчам і з-за асабістай зацікаўленасці незаконна расстрэльвалі і забівалі многіх савецкіх людзей, а Белік, у тым ліку, і няпоўнагадовых дзяцей. Дзеянні Луніна і Беліка выклікалі абурэнне партызан і мясцовага насельніцтва».

Цікава, што следства было распачата адразу пасля вызвалення Мінска па заяве падпольшчыкаў у КДБ. Калі аб гэтым даведаўся Сталін, то ён сказаў: «Подумаешь, кого-то партизаны расстреляли. На то они и партизаны». Справу прыпынілі. Пасля смерці Сталіна справу аднавілі і давялі яе да канца. Акрамя гэтага суд звярнуўся з хадайніцтвам у Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР аб пазбаўленні Луніна Б. М. звання Героя Савецкага Саюза і ўсіх узнагарод. Лунін Барыс Мікалаевіч Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 26 лістапада 1957 года пазбаўлены звання Героя Савецкага Саюза і ўсіх дзяржаўных узнагарод у сувязі з асуджэннем за воінскія злачынствы.

Што тут сказаць? На маю думку, не толькі Луніна, але амаль кожнага партызанскага камандзіра можна прыцягнуць да адказнасці за злачынствы, здзейсненыя супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі. І нават не варта ўдакладняць, кім тэрыторыя акупавана. Часам у так званых партызанскіх зонах насельніцтва адчувала сябе значна небяспечней, чым пад немцамі. Такія прыклады я ўжо прыводзіў. Менавіта таму, калі ЕНС, а потым БЦР фарміравалі БСА і БКА, самае значнае папаўненне паступіла за кошт насельніцтва з партызанскіх зон. Так людзі ратаваліся ад партызанскага «вызвалення», ад партызанскага бязмежжа.

Яшчэ адзін «беларускі» партызан, Радзіён Ахоцін, ураджэнец рэспублікі Марый Эл. Хто тут толькі не партызаніў. Перад вайной старшы лейтэнант Ахоцін служыў у Беларусі недалёка ад Полацка. Калі пачалася вайна, ён пападае ў акружэнне. З акружэнцаў Ахоцін арганізаваў партызанскі атрад. Можна адшукаць крыніцы, у якіх сказана, што атрад нанёс ворагу вялікія страты. Якія гэта страты? Чытаем: знішчана 672 шпіёны і здраднікі. Што гэта за здраднікі? Няцяжка здагадацца, што гэта сем’і паліцэйскіх, у тым ліку і дзеці, сем’і стараст і ўсе тыя, хто ўладкаваўся к немцам на працу, ды іншыя. Гэта яшчэ адзін доказ, што галоўнай мішэнню для партызан было мірнае насельніцтва.

На сайте Westki.info нарэшце ўбачыў матэрыял пра партызанскага камандзіра, выхадца з Беларусі. Падумалася, вось яна — светлая пляма сярод партызанскага бязмежжа. Ну як жа пра яго не расказаць.

Фёдар Маркаў, а менавіта пра яго ідзе гаворка, нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Качанішкі Пастаўскага раёна. Навучаўся ў настаўніцкай гімназіі ў Свянцянах. У 1934 годзе ўступіў у КПЗБ. У 1936 годзе арыштаваны польскай паліцыяй за антыдзяржаўную дзейнасць. Турэмны тэрмін адбываў у лагеры «Бяроза Картузская». У верасні 1939 года вызвалены Чырвонай Арміяй. Савецкая ўлада, якая прыйшла ў Заходнюю Беларусь, прызначыла Фёдара Маркава на пасаду старшыні Свянцянскага райвыканкама. Пасля 22 чэрвеня 1941 года ўцякаў на ўсход разам з Чырвонай Арміяй. У раёне Бранска яго спынілі і накіравалі ў школу НКВД на курсы дыверсантаў. Пасля заканчэння курсаў яго ў складзе групы пераправілі праз лінію фронта на тэрыторыю Пастаўскага раёна. Чытачы, мяркую, ужо зразумелі, што гэта такі ж самы, як і ўсе, прамаскоўскі партызан.

Група пад кіраўніцтвам Фёдара Маркава здзейсніла шэраг дыверсій. Самай гучнай была дыверсія, ад якой уздрыгнуўся ўвесь Пастаўскі раён, якая адбылася 20 мая 1942 года каля вёскі Лынтупы. Дыверсанты з засады абстралялі нямецкую легкавую машыну. У выніку загінулі два высокапастаўленыя нямецкія афіцэры. Акупанты ўзялі ў закладнікі ні ў чым не вінаватых 200 жыхароў вёсак Шудоўцы і Лынтупы, якія былі бліжэй к месту засады. Немцы паабяцалі адпусціць закладнікаў, калі будуць выдадзены злачынцы, якія забілі нямецкіх афіцэраў. Але ж Фёдар Маркаў і зладзіў засаду для таго, каб справакаваць немцаў на рэпрэсіі супраць насельніцтва. Немцы чакалі выдачы злачынцаў, а злачынцы ў гэты самы час распівалі самагонку, абмывалі поспех. Былы курсант школы НКВД Раманаў у сваіх успамінах напісаў:

«Нас обучали провоцировать немцев, чтобы они совершали более жестокие репрессии и таким образом увеличивали количество партизан».

У выніку немцы расстралялі 200 чалавек мясцовага насельніцтва.

За забойства двух нямецкіх афіцэраў і знішчэнне 200 чалавек мірнага насельніцтва Ф. Маркаў атрымаў узнагароду. Яго група была пераўтворана ў партызанскі атрад імя Суворава, камандзірам якога ён стаў. З цягам часу на базе атрада была створана партызанская брыгада імя Варашылава. Яе камандзірам быў прызначаны Фёдар Маркаў.

У 1943 годзе Цэнтральны штаб партызанскага руху аддаў загад сваім партызанам прыступіць к раззбраенню польскіх партызан АК. У гэты працэс уключылася і партызанская брыгада імя Варашылава. Колькі ўсяго польскіх атрадаў АК абяззброіў камбрыг Маркаў, такой лічбы не знайшоў. Але ёсць звесткі, як ён абышоўся з першым такім атрадам. Гэта адбылося 26.08.1943 года. Пасля здачы зброі камбрыг Ф. Маркаў звярнуўся к палякам (магчыма, гэта былі заходнія беларусы) са словамі: «Никому из вас ничего не будет. Я вам даю слово чести советского офицера». Чаго варта тое «слово чести…» стане вядома вельмі хутка. Ужо на наступны дзень 50 чалавек польскіх партызан — салдат і афіцэраў — былі расстраляны. Потым было расстраляна яшчэ 30 чалавек. Астатнія не сталі чакаць трагічнага канца, уцяклі.

Брыгада Ф. Маркава бязлітасна тэрарызавала насельніцтва Пастаўскага і Мядзельскага раёнаў. Вось што сведчыць жыхарка Пастаўскага раёна Адэля К. (блогер Gienek):

«Уначы да нас у дом уварваліся партызаны і ў грубай форме, карыстаючыся нецэнзурнымі выразамі, патрабавалі выдаць веласіпед. Калі я сказала, што веласіпеда ў нас няма, то камандзір стукнуў мяне рукаяткай пісталета па галаве. Кроўю заліло мне ўвесь твар. Другі партызан вынуў з вінтоўкі шомпал і пачаў біць мяне па спіне. Пасля збіцця зрабілі ператрус. Забралі прадукты, каштоўнасці, жаночую споднюю бялізну, адзенне, адрэзы тканіны».

Вось яшчэ адно сведчанне жыхара вёскі Руда Пастаўскага раёна Францішака Драгуна:

«Бальшавіцкія партызаны вельмі народ прыгняталі. Прыходзілі п’яныя, усіх выганялі на двор, ставілі да сцяны, а самі што хацелі, тое і забіралі — нават апошнюю свінню ці курыцу, не кажучы ўжо пра карову ці каня. Пагражалі нам, білі і здзекаваліся. Потым, калі яны ўхадзілі, забіралі бацьку і нас і загадвалі перайсці чыгунку на другі бок. Пасля нас яны пераходзілі самі. Партызаны баяліся падарвацца на міне ці натыкнуцца на нямецкую засаду».

Партызанам было не да немцаў. Пакуль насельніцтва ламала галаву, як выжыць, партызаны п’янствавалі, вялі разгульнае жыццё. Мала таго, што яны пры налётах на вёскі гвалцілі жанчын, дык яны яшчэ праводзілі «мабілізацыю» дзяўчат у свае шэрагі ці проста іх сілком уводзілі ў лес. Так у атрадзе Ф. Маркава было 116 маладых жанчын, прычым толькі 9 з іх мелі нейкія пасады. Астатнія вымушаны былі служыць уцехай для партызанскай вярхушкі. На сучаснай мове гэта азначае, што дзяўчаты, маладыя жанчыны павінны былі даваць сексуальныя паслугі. Штосьці перападала і шараговым партызанам. Сам Фёдар Маркаў сумесна пражываў з няпоўнагадовай дзяўчынай. Ёй, можна сказаць, пашанцавала, таму што Ф. Маркаў меў прыемны выгляд. А што адчувалі жанчыны, якія былі вымушаны быць сужыцелькамі камісара 1-га атрада брыгады «Жалязняк» Спірыдона Барздыка. У яго была на рэдкасць брыдкая морда, жахлівей не прыдумаць. Я асабіста сам яго бачыў.

Партызанскае бязмежжа настолькі стала распаўсюджаным, што нават «галоўны партызан» Панцеляймон Панамарэнка ў сваёй чарговай справаздачы Сталіну паведаміў пра «марадзёрства, неабгрунтаваныя расстрэлы і рэпрэсіі ў адносінах да насельніцтва, непрыстойныя адносіны да жанчын ў вёсках, працяглае адседжванне, імкненне пазбегнуць сустрэч з праціўнікам».

Нягледзячы на гэта партызаны атрымлівалі званні Герояў Савецкага Саюза, за два-тры гады вырасталі ад лейтэнанта да палкоўніка ці нават генерала.

Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚

Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением

ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК