34. Дзень Перамогі

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Якім ён запомніўся? Справа ў тым, што я яго ўвогуле не памятаю. Мне зараз нават давялося пацікавіцца, які гэта быў дзень тыдня. 9 мая 1945 года была серада. У гэты дзень усе мы былі на занятках, але настаўнікі нам не абвясцілі, што мы нарэшце дачакаліся дня перамогі. Магчыма яны пра гэта не ведалі. Звесткі пра тое, што немцы капітулявалі, да нашай вёскі дайшлі значна пазней. У нас не было радыё, яно з’явіцца ў нашых хатах праз 10–15 гадоў. Звесткі пра перамогу, пра канец вайны наша вёска сустрэла без бачнага трыумфу. Да гэтага часу амаль кожная сям’я атрымала пахаронкі.

Калі нашу вёску вызваліла Чырвоная Армія, усіх вяскоўцаў, хто быў у партызанах, забралі на фронт, нават непаўналетніх. Відаць, камандаванне палічыла так, што калі падлетак партызаніў са зброяй у руках, то яго можна кідаць у бой без ваеннай падрыхтоўкі. У першым жа баі амаль усе яны загінулі. Аб гэтым расказаў жыхар суседняй вёскі Старое Запонне. Я сам чуў яго расказ. На жаль, яго імя не памятаю, а вось прозвішча забыць нельга: Клоп. З яго сынам Анатолем я вучыўся ў адным класе і некалькі разоў быў у іх хаце. Клоп выжыў на вайне. Ен быў сталага ўзросту і таму яго накіравалі ў тылавое падраздзяленне. Дарэчы, і мой бацька папаў у тое ж самае падраздзяленне. У мяне ёсць фатаграфія, на якой мой бацька і Клоп разам, разам яны прайшлі да канца вайны.

Вось што расказаў Клоп, калі вярнуўся дадому з вайны: нашу мясцовасць Чырвоная Армія вызваліла ў першыя дні ліпеня 1944 года. Партызаны свае функцыі вычарпалі, засталіся без працы. Яны спадзяваліся, што іх распусцяць па дамах, асабліва мясцовыя, сярод якіх было шмат 16–17-гадовых падлеткаў і людзей сталага ўзросту. Многія не ведалі, што з іх сем’ямі.

Але спадзяванні былі марнымі. Прыбылі прадстаўнікі СМЕРШа, і ўсё стала на свае месцы. Паводзілі яны сябе вельмі нахабна. Уражанне было такое, быццам бы ўчарашнія партызаны, якія мелі неабмежаваную ўладу над насельніцтвам, раптам папалі у палон к ворагу. Партызан пастроілі і абяззброілі. Вакол стаялі байцы СМЕРШа, аўтаматы трымалі напагатове. Партызанскія начальнікі і камісары кудысьці зніклі. Шараговых партызан падзялілі на дзве часткі. Адна частка — тутэйшыя, другая — усе астатнія. На тутэйшых склалі спісы і пад канвоем накіравалі на фронт. Нашых землякоў на перадавой лініі нават не перапранулі ў ваенную форму, не кожнаму выдалі зброю. З іх сфарміравалі батальён і правялі разведку боем. Для гэтай мэты, як правіла, выкарыстоўваліся штрафныя батальёны. Разведка боем праводзіцца для таго, каб выявіць агнявыя пункты праціўніка. З такога бою жывымі не вяртаюцца. Клоп закончыў свой расказ, яго чакалі гаспадарчыя справы.

Такім чынам, савецкая камандаванне пераўтварыла нашых землякоў у гарматнае мяса аднаразовага карыстання. Мусіць, таму дзень перамогі (я наўмысна пішу з малой літары) для многіх жыхароў нашай вёскі хутчэй за ўсё стаўся днём смутку. Дый на дзяржаўным узроўні гэты дзень не ўпамінаецца як свята. Упершыню пра яго гучна напомнілі толькі 9 мая 1965 года. Гэта было зроблена пад асобу Л. І. Брэжнева, якога 14 кастрычніка 1964 года абралі Першым сакратаром ЦК КПСС. Трэба было тэрмінова паказаць яго вядучую роль у Вялікай Айчыннай вайне.

Што тычыцца нашай сям’і, то мы шчыра радаваліся перамозе. Мы лічылі дні, калі вернецца з вайны наш бацька. Але не дачакаліся.

Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚

Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением

ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК