Публікацыя кнігі ў «Народнай Волі»

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Але гэта толькі пачатак, усе падзеі — наперадзе. Кнігу прачытаў галоўны рэдактар газеты «Народная Воля» Іосіф Сярэдзіч і захапіўся ідэяй друкаваць яе ў сваёй газеце. І вось рашэнне прынята. Тэкст кнігі «Нябышына. Вайна» друкаваўся з нумара ў нумар на працягу месяца, з 26-га лютага па 29-е сакавіка 2010 года. У рэдакцыю сталі паступаць лісты ад чытачоў. Адзін журналіст мне сказаў, што ні на адну з публікацый у рэдакцыю не паступала столькі лістоў-водгукаў, як на публікацыю «Нябышына. Вайна».

Вось некаторыя з іх:

«Здравствуйте, уважаемый Илья Копыл. С нетерпением ждал каждого номера газеты, и не читал, а пил каждую страничку вашего текста. Я много раз ходил по партизанским местам, і меня всегда поражала нестыковка воспоминаний партизанских командиров в официальной прессе с тем, что я слышал от местных жителей, переживших войну. Ваша работа высвечивает то трагическое время и всё расставляет по своим местам».

Канстанцін Сердзюк, г. Бабруйск

«Уважаемая редакция, хочу выразить благодарность за публикацию воспоминаний о войне Ильи Копыла, из которых я узнала для себя много нового. В частности о том, кто такой был Ваўпшасов, чьё имя носит одна из улиц столицы. К сожалению, очень многие наши улицы носят имена тех, по чьей вине было пролито много крови, тех, кто не достоин народной памяти. Но наши власти упорно делают из них героев, скрывая истинную правду о них и их „подвигах“».

Разалія Рубінчык, пенсіянерка, г. Мінск

«В редакцию газеты „Народная Воля“ Илье Копылу.

Благодарю за смелость, ум, ваш поступок, что вы описали, что видели и слышали о войне. Читая, мне казалось, что пишете не вы, а я».

Іван Ляшко, г. Косава, Івацэвіцкі раён

«Мы з жонкай маладзейшыя за паважанага І. Копыла адпаведна на 2 і 5 гадоў. Усю тую вайну перажылі ў вёсках Верхамень Смалявіцкага раёна і Прыступаўшчына Дзяржынскага раёна. Усё добра помнім. І маглі б апісаць нават больш жудасныя сцэны, чым гэта зрабіў аўтар „Нябышына. Вайна“.

Зрэшты, і нашым сем’ям немцы зрабілі менш шкоды, чым бандыты з суайчыннікаў.

Прыдбаўшы нейкім чынам у Смалявічах 3 запалкі, маці не паспела распаліць печ, як назло ў хату ўварваліся бандыты: „Отдавай, сука, спички!“ Суседка Ганна выдала. Скарыстаўшы момант, маці кінула запалкі мне на печ. Я іх хуценька схаваў між ног пад жывот і залез у куток. І вось, моцны прамень электрычнага ліхтара ўдарыў мне ў вочы, а востры канец штыка ўпёрся ў мой пуп: „Давай сюда, гадёныш, спички, заколю!“ І валасатай лапай выдраў тыя тры запалкі. Наша хата і надалей засталася стыць і без цяпла і без святла».

Э. Тобін, Ф. Тобіна, п. Смалявічы

«Дзень добры шаноўны спадар Ілля Копыл!

Я — Мікалай Куксо, як і Вы — дзіця вайны (1930 года нараджэння). З вялікай цікавасцю і сумам чытаў Ваш праўдзівы аналітычны аповед аб 2-й сусветнай вайне з выкарыстаннем фактычнага матэрыяла з вёскі Нябышына, а факты — упорная рэч!

Мяне вельмі ўразіў Ваш заключны раздзел, дзе многія ўжо вядомыя факты былі сабраны ў адно месца і былі зроблены адпаведныя правільныя вывады».

Мікалай Куксо

«Рэдактару „Народнай Волі“.

Хачу Вам паведаміць, што ў вёсцы Дальняе Запольскага с/с Бялыніцкага раёна ў часы вайны адбылася наступная падзея: п’яны партызан пачаў стральбу з вінтоўкі па нямецкаму самалёту. Праз некаторы час прыляцелі самалёты і знішчылі вёску. Людзі ўсю вайну жылі ў зямлянках. Сведка тых падзей і цяпер жыве ў гэтай вёсцы. Гэта Ліпай Зося. Ёй ўжо больш за 100 гадоў. Жыве яна са сваёй нявесткай, засталіся ўдваіх на ўсю вёску. К ёй прыязджаў карэспандэнт раённай газеты „Зара над Друццю», цікавіўся. Але газета пра гэты выпадак не пісала».

Ямбаеў В. Ю., г. Магілёў

«Хачу выразіць праз газету падзяку і нізкі паклон Іллю Копылу за яго праўдзівае апавяданне, надрукаванае ў „Народнай Волі“ пад загалоўкам „Нябышына. Вайна“. Спадар Копыл Ілля расказаў хоць і горкую, але праўду пра партызан, якія былі горшыя за немцаў, грабілі і рабілі засады на немцаў каля вёсак, тым самым навадзілі кару немцаў на нявінных сялян, дзе ў выніку палілі вёскі немцы. Таксама раскрыў аўтар праўду пра савецкіх генералаў, што яны не цанілі жыццяў савецкіх салдат і гналі на доты, дзе можна было абыйсці з флангаў і г. д. Асабліва раскрыў аўтар прадажнасць Сталіна, які хацеў дамовіцца з Гітлерам у самы крытычны час для Савецкага Саюза на замірэнне».

Крыловіч Міхась, г. Мінск

«…А вот воспоминания моей матери, в начале войны которой исполнилось 14 лет: „От партизан страдали гораздо больше, чем от немцев. По ночам спать боялись. Партизаны приходили постоянно, забирали всё подчистую: одежду, обувь, продукты. Даже нательные крестики детей умыкнули. Вместе с кожухом, валенками, салом партизаны унесли и мамино платье“».

Галіна Гапановіч, дачка ветэрана

«В „Народной Воле“ о событиях времён ВОВ, мы, послевоенное поколение, узнаём неискажённые эпизоды жизни гражданских людей на оккупированной территории. Хорошо запомнил, как люди плохо отзывались о партизанах. Мне думалось, что это в нашем регионе они бездействовали, а в других регионах республики убивали фашистов на каждом шагу. Оказалось, нет.

Партизаны отряда „За Родину“ по ночам делали рейды по сбору продовольствия, избивали за сотрудничество и сочувствие немцам. Мой тесть Лагуто В. Д., участник ВОВ, прочитал „Нябышына. Вайна“, воскликнул: „Написали сущую правду про партизан. Я сколько живу после войны, такое прочитал впервые…“»

Анатоль Кавальчук, г. Лоеў

«Пачаў выпісваць вашу газету. Прачытаў дакументальную аповесць Іллі Копыла „Нябышына. Вайна“. Вельмі добра, што прыйшоў час, калі людзі не баяцца пісаць праўду аб мінулым.

У час вайны, у 1941 годзе мне было 7 гадоў, і ўсё, што адбывалася ў тыя і ў наступныя гады, я помню выразна. Прачытаная аповесць ажывіла ў маёй памяці малюнкі мінулага, яны быццам ажылі і заварушыліся. Жылі мы тады ў вёсцы Курыцічы на Петрыкаўшчыне. Майго бацьку на вайну не ўзялі, яму ў ваенкамаце выдалі „белы білет“. Ён моцна кашляў і пляваў крывёю. Слова туберкулёз у нашай хаце не гучала, гаварылі чахотка ці сухоты.

Пачалася вайна. Паявіліся немцы і партызаны. 1942 год, зіма, маразы стаялі моцныя. Неяк ноччу ў вакно нашай хаты пастукалі. „Хто там?“ — спытаў бацька, падышоўшы да дзвярэй. „Свае, адчыняй“. Дзверы раскрыліся, у хату ўвалілася 8 мужчын. „Гаспадар, запальвай лямпу“, — загадаў адзін. Я спаў на печы, выглянуў з-за каміна. З другой палавіны хаты ў дзвярах паявілася постаць маці.

„Хазяйка, стаў на стол усё, што ёсць. Хазяін, пакуль баба будзе рыхтаваць закуску, даставай самагонку“.

Мая дзіцячая душа інтуітыўна адчувала, што ад гэтых злых дзядзькаў нічога добрага мы не дачакаемся.

„Садзіцеся, калі ласка, да стала“, — сказала маці.

Прычапіліся да бацькі з пытаннем: чаму ён не на вайне. Бацька растлумачыў, што ў яго белы білет. Галоўны партызан падняўся з-за стала, паставіў сярод хаты доўгую лаўку і загадаў, дастаўшы з вінтоўкі шомпал: „Лажыся спіной уверх. Я табе пакажу белы білет! Я што, …тваю маць, должан за цябе родзіну зашчышчаць? — і стаў біць бацьку шомпалам. „Дзядзечкі, за што вы б’еце майго татку?“ — заенчыў я. „Брысь адсюль, сучаня, а то і табе пападзе“, — і ён пнуў мяне нагой у бок, і зноў прыняўся за бацьку.

„Міленькіе, за што вы б’еце майго мужа?“ — Не вытрымала маці. „Адыйдзі, баба, — і загадаў: Сцяпан, выведзі кабету на двор“. Галоўны яшчэ разы тры сцебануў бацьку: „А цяпер уставай, будзешь ведаць, як ад фронту дызертыраваць“.

Адчыніліся дзверы, у хату ўвайшоў той, што вывеў маці і сказаў: „Сідарэнка, схадзі і ты, баба смачная, не пашкадуеш“. Праз некаторы час ён вярнуўся з заплаканай маці.

Партызаны прадаўжалі піць і весяліцца, робячы выгляд, што нічога такога не здарылася. Выйшлі яны ад нас ноччу. Забралі ўсё сала, цыбулю, грыбы. Так партызаны паступалі не толькі з намі. Усе ў нашай вёсцы партазан пачалі баяцца. Яны ваявалі больш з насельніцтвам, чым з немцамі.

Прыйшла пара вешчы назваць сваімі імёнамі. Я, малалетак, ведаю такія выпадкі, калі немцы з сялянамі вялі сябе больш прыстойна, чым партызаны».

Шабалтас Васілій, г. Асіповічы

«Уважаемый главный редактор, я с большим интересом читал в Вашей газете рассказ Ильи Копыла „Нябышына. Вайна“. Без сомнения это честный и правдивый рассказ очевидца.

В войну мне было 13–15 лет и я тоже был свидетелем, как выживала деревня в годы войны. Особенно ярко и правдиво описал И. Копыл действия партизан. И в нашей деревне не так боялись немцев, как партизан. Не немцы, а партизаны забирали домашний скот, продукты питания и вообще всё, что сподобалось. Избили 70-летнего старика за то, что он не отдавал гармошку.

Но самое страшное — партизаны убивали ни в чём не повинных людей. Так в конце 1942 года и весной 1943 года в нашей деревне партизаны схватили и убили 5 совсем молодых людей, из них 3 учителя: Архипенко Яков Иванович, Римарев Гавриил Асонович, Руденко Павел, Шиленков Захар Алексеевич, Римарев Павел Асонович.

В соседней деревне Кирово схватили директора школы Корицкого, набросили на шею верёвку и тащили через деревню, пока не умер».

Рымарев Николай, г. Минск

«Вялікі дзякуй „Народнай Волі“ і яе аўтару Іллі Копылу за публікацыю „Нябышына. Вайна“. Такую праўду аб вайне мала хто пісаў. Толькі такія мужныя творцы як наш Васіль Быкаў, ці рускія пісьменнікі Віктар Астаф’еў, Рыгор Бакланаў гаварылі аб тым, што насамрэч перажыў народ падчас страшнай трагедыі. Што да жыцця насельніцтва на акупаваных тэрыторыях, то гэта было ледзь не табу. У савецкі час лічылася, што ўсе, хто быў на акупаванай тэрыторыі — гэта ворагі.

З’яўленне ўспамінаў Іллі Копыла падымае заслону над схаванай праўдай. Тым больш цікава, што аўтар згадвае былыя падзеі, якія ўрэзаліся ў памяць вясковага хлапчука, які на сваіх дзіцячых плячах разам з дарослымі выносіў жудасці той трагедыі. Я і сам знаходзіўся на акупаванай немцамі зямлі тут у Мінску ўсе 3 гады. Мне было 12 гадоў. Аб чым піша І. Копыл, бачыў на ўласныя вочы…»

Міхаіл Дубаўцоў, г. Мінск

«Здравствуйте, уважаемая редакция „Народнай Волі“ и уважаемый Илья Копыл.

В 1-й год войны я видел немцев раза 3–4. Они приходили в нашу деревню Панишевщина и обращались к жителям: „Матка, яйка“. Но в 1942 году события коренным образом изменились. Однажды ночью пришли к нам трое „партизан“ и требовали отдать корову. Родители отказались. Тогда они избили моих родителей, взломали сарай, забрали корову.

Как-то зашёл к нам „партизан“ с юным „партизаном“, лет 10–12. Взрослый стоял с оружием, а юный партизан делал обыск под печью, в шкафу, в койках и забирали то, что считали нужным».

Бацяноўскі Іван, г. Мінск

«Напярэдадні 65-й гадавіны заканчэння 2-й сусветнай вайны ідзе вельмі інтэнсіўная прапаганда той „гераічнай барацьбы савецкага народу“ супраць гітлераўскай Нямеччыны. Але ў гэтай прапагандзе значна больш хлусні, чым той праўды. Усё гэта падаецца нейкім агулам, казёншчынай, без усялякай канкрэтыкі, і замоўчваннем той жудаснай праўды, той трагедыі, якая выпала на долю беларусаў у прыватнасці. За пасляваенны час выдадзена мільёны і мільёны кніг пра тую вайну, але праўды пра чалавечыя лёсы там і паловы няма.

Што ж тычыцца так званага партызанскага руху на Беларусі, дык гэта навогул белая пляма і яна бадай больш за ўсё засакрэчана. І вядома чаму, бо сучасная пракамуністычна-расейская ўлада баіцца раскрыцця той праўды, якую тварылі так назоўныя партызаны над мірным бяззбройным насельніцтвам. І як бы ні хавалі праўду, усёроўна яна навідавоку, бо ёсць яшчэ жывыя сведкі таго, што амаль кожная спаленая вёска на Беларусі справацыравана партызанамі. З гэтай нагоды даўно пара нашым навуковым даследчыкам дэталёва правесці падрабязнае даследаванне па канкрэтнаму факту кожнай спаленай вёскі падчас 2-й сусветнай вайны на Беларусі…

Але вернемся да канкрэтнага выпадку таго далёкага і трагічнага часу. Наша сям’я тады жыла ў вёсцы Шані. Немцы заязджалі ў вёску нярэдка, але вёска жыла ціха і мірна. Немцы насельніцтва не рабавалі, нікога не забівалі, наадварот, прывозілі ў краму соль, запалкі, газу, мыла і ішы тавар, неабходны селяніну. Яны былі зацікаўлены, каб людзі працавалі на ўласных палетках і плацілі адпаведныя падаткі.

Першае гора ў нашу сям’ю, па расказу маіх бацькоў, прыйшло ў ноч на дзень Раждества Хрыстова 1943 года, гэта значыць у ночь з 9-га студзеня 1943 года. Мне на той момант было ўжо трошкі больш за 4 гады, майму браціку толькі каля 2 гадоў. У тую ноч наша сям’я праснулася ад звону разбітай шыбы, потым грукат у дзверы, лаянка незнаёмых людзей на расейскай мове. У хату ўварваліся толькі двое „партызан“, а астатнія засталіся ў двары. Наставіўшы вінтоўкі, бацьку і маці ў ніжняй бялізне паставілі да сцяны. Маці паспела ўзяць на рукі браціка, а я, як старэйшы, стаў побач з маці, ухапіўшыся ад страху за яе начную сарочку.

Кожны ведае, што заўсёды дбайны селянін перад Новым годам закольвае вепрука. Таму адразу тыя бандыты з лесу сталі патрабаваць ад бацькі паказаць, дзе схаваны цабэрак з салам, кумпякі, каўбасы і г. д. Бацька ўсё ім аддаў. Потым тыя партызаны вынеслі з клеці мяхі з мукою, грэчкай, просам. У той жа самы момант другія „партызаны“ ўжо гаспадарылі ў хляве, звязалі дзве авечкі — і ўвесь гэты нарабаваны скарб паклалі на сані. Яны прыехалі аж на 3-санным абозе. Бацька потым казаў, што бачыў усяго 5 тых бандытаў.

Але справа на гэтым не скончылася. Бандыты забралі бацькаў кажух і валёнкі. Бандыты чамусьці ведалі, што ў бацькі ёсць хромавыя боты, хромавая тужурка і добрыя святочныя нагавіцы. Усё гэта было надзейна схавана. Бацька да апошняга не збіраўся ўсё гэта аддаваць партызанам. Але бандыты, настойліва пагражаючы, патрабавалі ім аддаць усё. Адзін з іх сказаў, што калі бацька не аддасць добраахвотна ім названыя рэчы, то першым застрэліць гэтага шчанюка, тычучы ў мае дзіцячыя грудзі ствол вінтоўкі. Потым падымае ствол вінтоўкі вышэй маёй галавы і страляе ў сцяну. Што было далей, я на той момант ужо не памятаю. Потым маці сказала, што я адразу ўпаў і страціў прытомнасць. Але самае страшнае для нашай сям’і было тое, што я ад таго страху анямеў. Наогул перастаў размаўляць. (Вылечыў немец, доктар-знахар. Мова паступова вярнулася.) Бацька таму немцу-чараўніку вырашыў заплаціць двума, сваім і матуліным, залатымі пярсцёнкамі. Але той немец-чараўнік катэгарычна адмовіўся браць плату.

Пасля той зімы 1943 года яшчэ шмат нацярпеліся страху, бо кожнае з’яўленне партызан у вёсцы магло скончыцца трагедыяй для вяскоўцаў.

Савецкія партызаны-камуністы не шкадавалі нават дзяцей, а фашысты іх лячылі».

Кахановіч Мікола, г. Пружаны

Вось такія лісты чытачы «Народнай Волі» дасылалі ў рэдакцыю. Трэба адзначыць, што большасць аўтараў лістоў — састарэлыя людзі, якія перажылі акупацыю, будучы падлеткамі. Усё, аб чым яны пішуць, гэта асабісты досвед. Газета друкавала мае ўспаміны, людзі з захапленнем іх чыталі, саперажывалі, пісалі і тэлефанавалі як у рэдакцыю, так і асабіста мне. 26 сакавіка 2010 года выйшаў апошні нумар «Народнай Волі» з маімі ўспамінамі. Усё было ціха, і раптам, праз тыдзень, як гром з яснага неба — пікет!

Пра пікет я даведаўся адразу. У мяне была сустрэча каля ўніверсама «Рыга» з пісьменнікам, журналістам Яўгенам Лецкам. Якраз у гэты самы час зазваніў мой мабільнік, званіла карэспандэнт «Радыё Свабода» Галіна Абакунчык. Яна запыталася ў мяне, ці ведаю я, што зараз адбываецца перад рэдакцыяй «Народнай Волі»? Я нічога не ведаў. Яна мне і расказала, што актывісты ветэранскіх арганізацый праводзяць пікет каля рэдакцыі «Народнай Волі». Яны пратэстуюць супраць публікацыі ў газеце маіх успамінаў «Нябышына. Вайна». Пікет дазволены ўладамі. Галіна Абакунчык папрасіла мяне, як аўтара публікацыі, пракаментаваць гэтую акцыю ветэранаў. Вось мой каментар карэспандэнту «Свабоды», ён маецца на сайце (архіў за 6.04.2010 г.):

«Ветэраны прывыклі жыць паводле прыгожых мітаў і яны працягваюць у гэтых мітах жыць. Мне на хатні тэлефон тэлефанаваў адзін ветэран і казаў: як жа вы маглі напісаць такі бруд перад Днём Перамогі. Вы ж, маўляў, маглі прыйсці да нас у саюз афіцэраў ці саюз ветэранаў. Мы б селі за круглы стол і ўсё б абмеркавалі. Я яму адказаў, што ў вас было 65 гадоў для круглых сталоў, чаму вы не абмяркоўвалі? Але ёсць і іншыя званкі, мне тэлефануюць людзі з усёй Беларусі, запрашаюць у госці. Яны кажуць, што ў іх вёсках адбывалася тое ж самае — па ўсёй Беларусі. Таму я нічога не шкадую, бо я напісаў праўду».

Ветэраны-пікетоўцы, якіх было чалавек 30–40, трымалі ў руках плакаты: «Позор фальсификаторам истории!», «Долой клевету», «Ветераны против лжи!», «Нацизм не пройдёт!» ды іншыя. Што цікава, калі я пазнаёміўся са зместам плакатаў, то злавіў сябе на думцы, што я згодзен з іх зместам. І я і, спадзяюся, мільёны людзей як у Беларусі, так і за яе межамі супраць хлусні, супраць паклёпу, супраць нацызму. Безумоўна, я падтрымліваю плакат: «Позор фальсификаторам истории!» Разам з Вамі, шаноўныя ветэраны, я гатовы паставіць тых фальсіфікатараў да ганебнага слупа. Нельга і шкодна выкладаць у школах і ВНУ гісторыю, якая грунтуецца на мітах і хлусні і не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Але бяда ў тым, што вы, ветэраны-пікетоўцы, сваім пікетам якраз і абараняеце фальсіфікатараў гісторыі.

У гэты ж самы дзень, калі адбываўся пікет ветэранаў, а гэта было 6 красавіка 2010 года, «Радыё Свабода» запрасіла мяне паўдзельнічаць у перадачы «Начная Свабода». Я пагадзіўся. Галоўная думка, якую я выказаў у размове з карэспандэнтам Свабоды, была наступная: «У часы акупацыі адбываўся генацыд беларускага народа з двух бакоў, як з боку немцаў, так і з боку партызан, прычым вядучая роля належала партызанам».

На наступны дзень на мяне абрынуўся шквал тэлефонных званкоў, не змаўкалі і хатні тэлефон і мабільны. У гэты ж дзень мяне запрасілі на «Радыё Свабода» правесці онлайн-канферэнцыю. Вось яе матэрыял, ніякіх правак я не рабіў:

Мікола:

«Ці вам не сорамна красавацца адзетым у ўніформу маёра акупацыйнай Чырвонай Арміі, ці вы проста не разумееце што робіце?»

І. Копыл:

«Я ў Чырвонай Арміі не служыў, я служыў у Савецкай Арміі. Гэта вялікі адрэзак маёй біяграфіі. Я не збіраюся ад яго адмаўляцца. Асабіста я, ды і ніхто з маіх калег-афіцэраў, ніколі не адчувалі, што мы — акупанты. Я проста вывучаў салдат выконваць свае абавязкі. Акрамя таго я сам нёс баявое дзяжурства ў ракетнай пускавой шахце. У шахце прайшла большая частка маёй службы. Таму мне не сорамна за маю «ўніформу». Я афіцэр і, магчыма, дзякуючы гэтаму статусу я зараз на „Радыё Свабода“ адказваю на ваша пытанне».

Язэп, г. Мінск:

«Спадар Ілля, з вялікай цікавасцю прачытаў публікацыю вашай кнігі ў „Народнай Волі“, карыстаючыся нагодай хачу выказаць Вам і рэдакцыі „Народнай Волі“ шчырую падзяку і даведацца, ці выйдзе ваш твор асобнай кнігай?»

І. Копыл:

«Вялікі дзякуй Вам, Язэп за добрыя словы. Кніга ўжо выйшла напрыканцы мінулага года, але наклад невялікі. Я ўсё раздаў на прэзентацыі».

Николай, г. Минск:

«Если б НКВДисты не пикетировали офис „НВ“, я бы не узнал о такой хорошей и правильной книге. Благодарность автору».

I. Копыл:

«Дзякуй, Мікалай, за добрыя словы. Калі выйшла кніга, пра яе даведаліся некалькі сотняў людзей. „Народная Воля“ пашырыла гэта кола зацікаўленых людзей да дзесяткаў тысяч. Пікет ветэранаў зрабіў маю кнігу вядомай на ўвесь свет. Інфармацыя ёсць на шмат якіх сайтах у Інтэрнэце».

Ветэран, г. Мінск:

«Шаноўны спадар Ілля! Ваша публікацыя выклікала буру эмоцый. Вас, пацана, якому ў вайну было 7 гадоў, папракаюць тыя, хто пакінуў вас на заклание ворагу. Наша „баявая“ армія адкацілася і пакінула беларускіх хлапчукоў зведаць усе цяжкасці лёсу. Тыя бравыя ветэраны, якім у вайну і пасля яе хапала і хапае здароўя, павінны былі цаной свайго жыцця не дапусціць акупацыі. Але дзе яны былі тады, чаму не палеглі на полі бітвы? Заткнуць рот дзіцяці прасцей, чым адказаць на гэта пытанне. Маўчаць усе, хто ведае праўду пра вайну. Здзіўляе і наша „ідэалогія“. „Адшукалі“ сякеру пад лавай: знайшлі ворага ў ваенным пацану, падлетку, які на свае вочы бачыў тое, што было».

І. Копыл:

«Дзякуй, шаноўны Ветэран за ваша меркаванне. Вы сказалі вельмі слушна, я з вамі згодзен».

Виктор, г. Барысаў:

«Я могу представить живых свидетелей войны в Борисове, которым было по 10–14 лет на тот момент и они прекрасно помнят всё происходящее в реальности. Как относились партизаны к мирному населению и что они делали! И это всё подтверждается: грабежи, унижения жителей деревень и т. д. И пусть они скажут, как и что происходило. Своему народу надо верить и об этом говорить правду. Когда свой народ уничтожал своего. Не стоит об этом забывать. А те, кто пикетирует по заявкам „Народную Волю“ и высказывают свою точку зрения, пусть выступят на страницах „НВ“ и расскажут о себе, как они, которым сегодня 60–65 лет, защищали Родину и что они видели?»

I. Копыл:

«Я з вамі згодзен, шаноўны Віктар. Сведак той вайны яшчэ шмат, хто быў падлеткамі. Але іх застаецца ўсё менш і менш. Шаноўны Віктар, калі сярод іх ёсць вашы знаёмыя, сваякі, паразмаўляйце з імі і напішыце ў „Народную Волю“. Так пішацца гісторыя. Гэта застанецца ў памяці».

Вячак, г. Берасьце:

«Спадар Ілля, перш за ўсё хачу выказаць вам падтрымку. Як пры Саветах так і сёння ўлада цкавала тых, хто кажа праўду. І дзякуючы такім, як вы, яе не схаваць пад кіпаю ілжы.

Маё першае пытанне. На вашу думку, хто пікетаваў рэдакцыю „НВ“ і што гэта за ветэраны? 2-е пытанне. Што рабілі партызаны ў ВАВ на Беларусі, а што Народная самаабарона? 3-е пытанне. Што рабіць, каб гісторыю ВАВ (без усялякай хлусні) разгледзелі на самым высокім узроўні і пачалі друкаваць у дзяржаўных газетах?»

І. Копыл:

«Хто аргіназаваў пікет, дакладна не ведаю. Але я не аднойчы бачыў, як ветэранаў падвозілі на аўтобусах на падобныя акцыі. Гэта былі пенсіянеры, не абавязкова ветэраны ВАВ, сабралі тых, каго можна было сабраць.

Што рабілі партызаны? На маю думку, змагацца супраць немцаў, гэта была не галоўная іх задача. На маю думку, калі прааналізаваць, як палілі Хатынь, усяго 619 вёсак, то можна прыйсці да высновы, што галоўнай мэтай партызан было правакаваць немцаў на рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва. Гэта прымушала насельніцтва папаўняць шэрагі партызан і давала магчымасць савецкаму рэжыму пераключыць увагу сусветнай супольнасці з уласных злачынстваў на злачынствы немцаў. Самаабарона была створана ў сакавіку 1944 года, калі вы маеце на ўвазе БКА. Яна не паспела як мае быць развярнуцца. Пасля вызвалення Беларусі БКА працягвала змагацца супраць Чырвонай Арміі за межамі Рэспублікі. Што тычыцца БСА — Беларускай самааховы, то яна была створана ў чэрвені 1942 года, а вясной 1943 года была распушчана. Яна абараняла вёскі ад партызан, але немцы не жадалі ўзбройваць насельніцтва».

Мікола, г. Мінск:

«У сваёй кнізе вы ставіцеся з нянавісцю да партызан, да немцаў — з сімпатыяй. Галоўная думка твора: „Маскоўскі рэжым“ стварыў партызанскі рух для таго, каб з дапамогай правакацый ажыццявіць генацыд беларускага народу рукамі немцаў. Маўляў, партызаны рабілі ўсё магчымае, каб беларускія вёскі былі спаленыя, а немцы хіба толькі клюнулі на нажыўку. Як вы на фоне гэтага можаце пракаментаваць тое, што немцы праводзілі не толькі карныя экспедыцыі, а яшчэ ад пачатку вайны будавалі канцлагеры, дзе памірала мірнае насельніцтва; што паводле плана „Ост“ павінна быць знішчана 75 % насельніцтва Беларусі?»[6]

І. Копыл:

«Шаноўны Мікола, калі ў вашым пытанні прыбраць пытальнік і паставіць кропку, то гэта і будзе мой вам адказ. У сваёй кнізе я не стаўлюся з сімпатыяй, ці антыпатыяй, ці з нянавісцю ні да немцаў ні да партызан. Прайшло шмат часу, усе гэтыя пачуцці прытупіліся. Я проста пішу аб тым, што бачыў і як усё гэта ацэньваю асабіста. Пра злачынствы немцаў ужо пішуць амаль 70 гадоў. Надышоў час казаць і пра злачынствы прамаскоўскіх партызан».

Мікола, г. Мінск:

«Тым, хто пытаецца, што за ветэраны такія пікетавалі, раю паглядзець сюжэт АНТ. Яромін, у якога бралі інтэрв’ю, дагэтуль пісаў ужо ў Совбелку і падпісаўся як „партызан 100-й брыгады імя Кірава“».

І. Копыл:

«Я Савбелку не чытаю. Дзякуй за падказку, зазірну».

Wojsza:

«Пане маёру, не ўпершыню чую на „РС“ Вашыя выказванні пра нашу Радзіму — Літву — і мяне яны вельмі ўсцешваюць. Бо ўважаю і паўсюд адкрыта дэкларую сябе за літвіна, і на перапісы-2009 — з сям’ёю, з сябрамі ды іхнымі сем’ямі запісаліся літвінамі. Здаровейка пану літвіну і крэўным ягоным!»

І. Копыл:

«Дзякуй за пажаданні. Кіраўнікі Беларусі — і савецкія і сучасныя — з лёгкасцю адракаюцца ад нашай тысячагадовай гісторыі, аддаюць яе суседнім краінам. Калі нас будзе большасць, то мы ўсё згубленае вернем».

Уладзімір, г Мінск:

«Кідаецца ў вочы, што ў тых „ветэранаў“ усе надпісы па-расейску. Пэўна гэта не беларускія партызаны? Здзіўляюся з гэтых старых людзей… Чым лямантаваць каля чужой ім газеты, лепш напісалі б сваё бачанне тых часоў і надрукавалі ў сваіх газетах: ці „Савецкая Б…“ ці ў „Товарище“. А спадара І. Сярэдзіна прашу іх камуняцкую хлусню не друкаваць, бо не таму я падпісваўся на „Народную Волю“, каб чытаць нейкі вздор. Друкуйце больш такіх цікавых і шчырых твораў, як успаміны Копыла, Шаранговіча, Садоўскай».

І. Копыл:

«Дзякуй, Уладзімір. Справа ў тым, што тыя ветэраны ўжо свае міты напісалі. Больш пісаць няма чаго. Зараз ім трэба тыя міты бараніць».

Миронов Константин:

«Спасибо Илье Копылу за те слова правды, что он говорит!»

I. Копыл:

«Дзякуй, Канстанцін, за падтрымку».

Цікаўны:

«А ці ёсць вашы равеснікі, якія падзяляюць вашы погляды на вайну?»

І. Копыл:

«Шаноўны Цікаўны, маіх равеснікаў, якія маюць тыя ж самыя погляды на вайну, як і я, вельмі шмат. Калі выйшла мая кніга, мне штодзённа паступалі званкі падтрымкі. Але гэта было не так шмат, бо кніга мела наклад толькі 100 асобнікаў. Калі ж „Народная Воля“ перадрукавала маю кнігу, то яе прачыталі дзесяткі тысяч чалавек. На мае тэлефоны штодня паступаюць званкі падтрымкі, усе пытаюцца, дзе можна набыць кнігу. Больш за 20 званкоў было ад людзей, якія запрашалі мяне да сябе ў госці ў свае вёскі, і абяцалі распавесці ўласныя гісторыі, каб я потым напісаў кнігу пра тое, што перажылі яны і іхнія вёскі ў часы вайны. А калі адбыўся пікет каля рэдакцыі „Народнай Волі“, на мяне абрынуўся шквал званкоў, у тым ліку з іншых краін свету. І ўсе пыталіся, дзе набыць маю кнігу. Людзі цікавяцца, ці будзе другое выданне. Але я выдаў кнігу за свае грошы. На другое выданне грошай у мяне няма».

Віктар, г. Менск:

«Ці былі вы ў КПСС? Як вы ставіліся да камуністычнай ідэалогіі? І як ставіцеся цяпер?»

І. Копыл:

«Шаноўны Віктар, я быў афіцэрам Савецкай Арміі і я абавязаны быў быць сябрам КПСС. У яе шэрагах я прабыў 29,5 гадоў. Выйшаў з яе за год і тры месяцы да ГКЧП. І я ганаруся сваім учынкам, тым, што зрабіў гэта тады. Калі я зрабіў гэты ўчынак, то адчуў вялікую палёгку, нібыта я пазбавіўся ад нейкага ярма. У той час я займаў інжынерную пасаду ў ваенным прадстаўніцтве аднаго з заводаў г. Мінска».

Юля:

«Вы жылі на мяжы двух сістэм да 1939 года. Ці быў нейкі яскравы ўспамін малога хлапчука таго перыяду».

І. Копыл:

«Да польскай мяжы ад маёй вёскі, што знаходзілася на савецкім баку, было 6 кіламетраў. На мяжы нічога незвычайнага не адбывалася. Што рабілася на тым баку, мы нічога не ведалі. Адзінае, што мне запомнілася, што ў нашай хаце часта бывалі памежнікі. Яны прыходзілі да майго бацькі, які быў старшынёй калгаса, вырашаць свае пытанні. Часам яны нават распачыналі са мной розныя дзіцячыя гульні».

Сергей Кн. г. Минск:

«Большое спасибо за Вашу книгу. К сожалению наши старики-свидетели уходят от нас, а они ещё много чего могут рассказать. Нужно дать им слово, а не этим военным „политрукам“ и бывшим НКВДешникам. Газета никогда не опубликует все воспоминания — у неё места не хватит. Я думаю, что следовало бы открыть сайт или ЖЖ (журнал), в котором люди могли бы оставлять свои воспоминания или воспоминания своих родителей (знакомых) о войне. Без всякой цензуры публиковать все воспоминания. Пришло время говорить правду о той войне, а не повторять сталинско-коммунистический взгляд на Вторую мировую».

I. Копыл:

«Стварыць такі сайт было б вельмі добра. Пра другую сусветную вайну трэба яшчэ шмат чаго сказаць. Многія ветэраны праўду не жадаюць казаць і слухаць, бо ім зручней жыць у мітах, якія яны самі для сябе і стварылі. Калі судзіць па лістах і званках, якія я атрымаў (а іх былі сотні), то ў людзей ёсць што сказаць…»

Павел:

«Шаноўны Спадар, скажыце, калі ласка, чаму ж Вы выйшлі з камуністычнай партыі аж толькі ў 1991 годзе? Вядома, што паважаныя асобы пачалі гэта адважна рабіць з 1988 года. Ці прымаеце Вы прынцыпы і метады працы гэтай партыі і ці гатовы былі б за яе аддаць сваё жыццё?»

І. Копыл:

«Шаноўны Павел, па-першае, я выйшаў з КПСС не ў 1991-м годзе, а 1 чэрвеня 1990 года. Быў удзельнікам выбараў 1990 года, калектыў 8-га цэха МЭМЗа вылучыў мяне кандыдатам у дэпутаты Менгарсавета. Я агітацыю правёў з партыйным білетам у кішэні і пад бел-чырвона-белым сцягам. На сустрэчах з выбаршчыкамі мне задавалі пытанне, чаму я, член КПСС, сяджу пад бел-чырвона-белым сцягам, і чаму б мне не выйсці з КПСС. На што я адказаў, што буду знаходзіцца ў КПСС, пакуль у мяне будзе магчымасць разбураць гэтую партыю знутры. У сярэдзіне 1990 года заставацца ў КПСС ужо мне было немагчыма, і я пакінуў яе шэрагі».

Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚

Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением

ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК