2. Пачатак вайны
Прыкладна 15 верасня 1939 года ў нашу вёску ўступіла і размясцілася тут вайсковая часць Чырвонай Арміі. Гэта былі вершнікі і нейкі абоз. Іншай тэхнікі: гармат, танкаў, аўтамабіляў— я не бачыў. На нашым гумне, якое пачыналася за хатай, і на выгане за вёскай было пастаўлена шмат палатак. Чырвонаармейцы чамусьці ўсе былі ў касках. У стасункі з вяскоўцамі, нават з намі, дзецьмі, яне не ўступалі, мабыць, каб не выдаць ваенныя сакрэты. Да палатак нас не падпускалі, калі я спрабаваў наблізіцца, вартавы спыняў мяне воклічам: «Стой! Назад!» А мне так хацелася пабываць унутры палаткі.
Таму за ўсім гэтым я назіраў праз плот са свайго двара. Мне запомніліся брызентавыя вёдры, з якіх чырвонаармейцы паілі вадой сваіх коней, і круглыя шчоткі для чысткі поўсці. 17 верасня раніцай на зямлю лёг вельмі густы туман, бачнасць была на 2–3 крокі. Калі туман парадзеў, то я ўбачыў, што наша гумно апусцела. Ні чырвонаармейцаў, ні палатак там ужо не было. Я пабег на тое месца, дзе стаялі палаткі, і знайшоў там з дзесятак драўляных лыжак. Мабыць, чырвонаармейцы іх у спешцы забылі, не заўважылі ў траве і тумане. Лыжкі былі пафарбаваныя ў светла-карычневы колер і пакрыты лакам. Яны былі зусім новыя і пахлі пакостам. Калі мама ўбачыла маю знаходку, чамусьці не абрадавалася, а, наадварот, напалохалася. Яна загадала мне палажыць лыжкі на месца, таму што чырвонаармейцы могуць вярнуцца за імі. Я зрабіў гэта з нежаданнем і вартаваў іх, каб хто іншы не забраў. Але чырвонаармейцам было не да лыжак. Яны пайшлі ў бок мяжы з Польшчай, адна калона — на Гняздзілава, другая — на Восава. Страляніны мы не пачулі, пераход мяжы адбыўся мірна. А тымі лыжкамі, якія я зноў прынёс у хату, уся наша сям’я карысталася вельмі доўга.
Хоць мяжа была ліквідавана, нашым вяскоўцам яшчэ доўгі час не дазвалялася наведаць сваіх сваякоў і знаёмых у Восаве, Докшыцах і іншых месцах Заходняй Беларусі. Калі мы, мой тата і я, у першы раз наведаліся ў Восава, то аслупянелі. Мы ўбачылі там чыстую роўную вуліцу, светлыя, добрыя хаты, двары, агароджаныя штакетнікам і прыгожа пафарбаваныя, стрэхі хат, пакрытыя чарапіцай ці ацынкаванай бляхай. У нашай савецкай вёсцы Нябышына стрэхі былі саламяныя, двары агароджаны як папала. Мяне больш за ўсё ўразіла тое, што на вуліцы Восава я не ўбачыў кароў і іх ляпёшак. Вуліца ў нашай вёсцы была цалкам забруджана, асабліва раніцай, калі кароў выганялі ў поле. Убачыўшы ўсё гэта, мой бацька сам сабе тады сказаў: «Вось табе і польскі прыгнёт».
А тое, што заходніх беларусаў НКУСаўцы пагналі на расстрэл у Катынь і Курапаты, што заходніх беларусаў эшалонамі адпраўлялі ў савецкі ГУЛАГ за Урал і ў Запаляр’е, ні мой бацька, ні я не ведалі.
Другая сусветная вайна для беларусаў пачалася 1 верасня 1939 года, але мы, усходнія беларусы, гэтага не заўважылі і не адчулі. І вайну тую супраць нас распачалі два агрэсары, два хаўруснікі — Сталін і Гітлер.
Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚
Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением
ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК