25. Вызваленне
Дакладна не магу сказаць, колькі часу мы жылі вольна — без немцаў і без партызан — можа, тыдзень, можа, два, а можа, і больш. Я ўжо поўнасцю ачуняў ад хваробы і выходзіў гуляць на вуліцу. Часта я бегаў к маяку, які знаходзіўся ў лесе з паўкіламетра ад Забар’я. Зараз я назваў бы яго геадэзічным пунктам. У вышыню ён дасягаў 20–25 метраў. Упершыню я ўбачыў яго яшчэ зімой, а потым адшукаў яго. Маяк знаходзіўся на ўзгорку. Ен стаяў на 4 апорах, к верху звужаўся, меў выгляд піраміды і меў некалькі пляцовак на рознай вышыні. Між сабой яны былі злучаны лесвіцамі. Я ўзлазіў на самую верхнюю пляцоўку і захапляўся цудоўным краявідам. Я часова забываўся пра тое, што ідзе вайна, дзесці гараць вёскі, гінуць людзі, ды і мне самому пагражае небяспека. Пра тое, што я бегаю к маяку і залажу на яго, я нікому не хваліўся — ні сябрам, ні старэйшаму брату Андрэю, ні бацькам. Інакш маю свабоду бацькі маглі абмежаваць. Гэта была мая тайна.
У адзін ясны цёплы дзень у вёску Забар’е ўвайшла часць Чырвонай Арміі. Было шмат салдатаў, аўтамабілі-«студэбекеры», гарматы, кацюшы і некалькі танкаў. Дзякуй Богу, вёску не абстрэльвалі, вызваліцелі ўвайшлі ціха і мірна. За ўвесь час акупацыі ў Забар’і не згарэў ніводзін дом. Жыхары вёскі сустракалі Чырвоную Армію стрымана. Я не бачыў, каб людзі кідаліся да вызваліцеляў у абдымкі з пацалункамі, каб кідалі на браню букеты палявых кветак, каб выходзілі насустрач з чыгунком гарачай бульбы ці збанком малака. Ды і не было з чым сустракаць. Партызаны выграблі ўсё да апошняга кураняці, да апошняга зерня.
Людзі моўчкі глядзелі на ваенную калону цераз платы сваіх двароў. Калона прайшла праз вёску Забар’е і спынілася перад вёскай Туменцы, да якой было ўсяго з паўкіламетра. Мне вельмі хацелася паглядзець на «кацюшы» зблізку, і я пабег туды. У лічаныя хвіліны ля ваеннай тэхнікі сабраліся падлеткі дзвюх суседніх вёсак. Нам пашанцавала. З адной устаноўкі салдаты знялі брызентавы чахол і сталі рыхтавацца зрабіць залп у бок Вітуніч і Нябышына. Потым камандзіры параіліся паміж сабой і залп адмянілі. Устаноўку зачахлілі, і калона рушыла далей.
Вось такім я запомніў дзень нашага вызвалення.
Магчыма дзесьці было інакш, больш урачыста. Такое магло быць там, дзе акупацыя не была такой працяглай, як у нас, дзе людзі не іспыталі, што азначае быць адначасова і пад немцамі, і пад партызанамі, не былі такімі замардаванымі, як мы.
Людзі, якія не бачылі вайны, судзяць аб ёй па мастацкім фільмам, якіх багата створана пасля вайны і ставараецца ў наш час.
Чым далей час аддаляе нас ад той вайны, тым больш з’яўляецца мітаў і няпраўды аб ёй.
Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚
Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением
ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК