20. Наташа

20. Наташа

Атрымаў ганарар. Нешта каласальнае па тых часах.

«Замочка». Прастаўляю чамусьці не хлопцам, а дзеўкам. П’ем гарэлку і шампанскае. Я адзін, першакурснік, іх штук шэсць дзевак, усе з пятага курса. Зрэшты, мяняюцца пастаянна, адна выходзіць, другая заходзіць, у вачах ужо калейдаскоп ад іх. Нехта мыецца ў душы, цурчыць вада. Кагось ванітуе ў туалеце.

Я не паспяваю выпіць, як дзявочыя рукі цягнуцца да мяне і ўвесь час падліваюць. Потым тыя ж рукі абвіваюцца вакол маёй шыі. Магнітафон, дыскета з нейкім арабскім дзікім акцэнтам. «Натаська… лублу… спамінаю…»

Наташка раве на маіх грудзях.

— Магла б нарадзіць яму, а зрабіла аборт, б… такая! Цяпер была б пра яго памяць! А так — адна дыскета! Хоць ты ў… гэтую дыскету засунь!

У мяне грудзі мокрыя ад слёз, шчокі — ад слюняў, пацалункаў… Вільгаць, бульканне спіртнога, шум вады, вады…

— Давай пажэнімся? Ты будзеш пісаць, я хадзіць вакол цябе на дыбках…

— /…/

— Прыдурак! Я ж, прайшоўшы такое, не гляну больш ні на кога! Я ж на цябе маліцца буду! Дзяцей табе нараджаю, казёл!..