22. Псіхааналіз
22. Псіхааналіз
Дык, можа, вось для чаго я пісаў?
Можа, тут наадварот — не прасцей, а крыху глыбей? Можа, не на паверхні, не ў матэрыяльна-вонкавым (слава, чытачы, грошы, СП і інш.), а ў прыхаваным, ірацыянальным справа?
Дзявочы інстытут, дзявочы факультэт… Абшчага дзявочая… Які магутны раздражняльнік! Якое моцнае, увесьчаснае трэба было яму супраціўленне!
Дык, можа, прычыны пісання былі зусім не зямныя, не шаблонныя, а — лячэбна-прафілактычныя, так сказаць — псіхатэрапеўтычныя? Можа, я проста ратаваўся літаратураю? Можа, гэта была самаабарона арганізма? Своеасаблівая разгрузка, крык болю і тупат ножкамі дзіцяці, якое стукнулася і якому баліць?
Жаданне ўцячы ў душ, у пакой, у літаратуру, замкнуцца, зачыніць усе дзверы і вокны, каб нічога не чуць, не бачыць, акрамя выдуманага свету, акрамя штучна створанага жыцця, дзе ўсё не так, усё інакш…
Якое раздолле для псіхааналізу! Вось дзе размахніся, каса, разгарніся, плячо! Якая спакуса ва ўсім гэтым пакалупацца, зашыцца ў яго, нырнуць з галавой! Памацаць і паспрабаваць на зуб розныя псіхааналітычныя тэорыі!..