ПАМАРАК
ПАМАРАК
Восень, цямнее рана. У хаце стыла, няўтульна, а выпаліць грубку — шкода дроў, невядома яшчэ, якая зіма будзе. Антоля накінула куфайку, сыпнула ў кішэню пару жмень гарбузовых семак, замкнула хату і пайшла цёмнай гразкай вуліцай на другі канец вёскі, да сяброўкі Евы, — «гуляць».
Каб ведала, якая навіна яе чакае, якою бядою для яе гэты візіт прыкінецца, — лепш мерзла б у няпаленай хаце, у тэлевізар, ці ў цёмнае акно, ці ў белую столь глядзела б, а й за дзверы не выйшла б. Але хто ж умее ўгадаць напярод?
Ідзе Антоля, сунецца па гразі. Цёмна — ног не відаць, вусцішна, ні адзін сабака не брахне. Аж чуе, нехта насустрач — чэп, чэп. Дарма, што цямень, а Антоля адразу прызнала:
— Гэта ты, Еўка?
— А то ты, Антолю?
— Я. Я да цябе.
— А я да цябе!
Да Антолі бліжэй, толькі ж сорамна за стылую хату.
— Маладзіца, каля мяне столькі гразі, што чобаты грузнуць… Мо ў твой бок сушэй.
Завярнуліся, прыйшлі да Еўкі, паскідалі ў парозе запэцканыя боты, паздымалі куфайкі. У Евы чыста, цёпла, пасярод падлогі — вялікі, звязаны з квятастых абрэзкаў круг-палавік, на крузе кот ляжыць і хрыкае. Антолінага ката не тое што на падлогу — на печ не загоніш; бывала, як пачуе мароз, дык у самую печ залазіць. Адграбе лапай засланку, залезе і грэецца каля чыгуноў.
— А гэта што? Як бы пір? — застыла Антоля, убачыўшы на стале пачатую бутэльку «Кагору», дзве талеркі, дзве чарачкі. — Зяць хіба прыязджаў?
— Ой, не пытай, маладзіца! Не зяць, — Еўка чамусьці засаромелася, аж прыкрыла хусткаю рот. — Я ж і ішла да цябе рады прасіць…
У Антолі заблішчэлі ад цікаўнасці вочы. Вёска невялікая, тут кошка акоціцца, і то навіна.
— Дык хадзем туды, — запрасіла Еўка, пратупала ў большую хату — маленькая, зграбная, тоўсценькая, адно калываецца трохі з боку на бок, як качка. З малых гадоў дэфект, а мужчынам, наадварот, такая хада даспадобы. Толку, што яна, Антоля, і высокая, і роўная, бы дзяржак, ідзе — не кіўнецца, хоць шклянку вады на галаву стаў — не разалье, а ніхто не паквапіўся, не ўзяў, так і звекавала адна.
Еўка ўключыла тэлевізар, Антоля прысела на зэдлік, прытулілася да гарачай грубкі, высыпала на край зэдліка семкі:
— Бяры, — прапанавала, знарок хаваючы цікаўнасць, нібы кожны дзень тое і рабіла, што давала людзям рады.
— Ай, зубоў на іх шкода! — адмовілася Еўка, а ў самой толькі два ўстаўныя, і то кутнія. Засмяялася нечаму свайму, паківала галавою: — Гэта ж Кузьма прыходзіў, — сказала, сама дзівячыся такой падзеі.
— Чаго?
— Сысціся хоча. От выдумаў…
— Папраўдзе?! — Антоля нават прыліплую да губы лушпайку з семкі выцерці забылася. — А як жа… у яго ж Наста нядаўна памерла!
— Як нядаўна… У Пакровы акурат год.
Еўка ўсё пасміхалася і ківала галавою. А Антоля, агаломшаная, уставілася ў тэлевізар, у якім дон Хуліо каторую ўжо серыю ўпрошваў Сільвію пайсці за яго, глядзела, слухала і нічога не разумела. Як жа так?.. Што ж гэта будзе?.. Яны ж з Еўкаю аднолькавыя. Адзінокія. Яны ж і зрабіліся сяброўкамі, бо Еўка пахавала чалавека і як бы зраўнялася з Антоляй, ім ужо не было чаго дзяліць. Хай у Еўкі дачка, зяць, унукі — але ж далёка, у горадзе, гады ў рады наязджаюць…
I хіба кепска ім было адным? У Еўкі — карова, у Антолі — паплоўчык. Прыйдзе Кузьма, скосіць, яны абедзве раструсяць, высушаць, пераносяць памалу ношкамі да Еўкі ў хлеў. Малака, сыроваткі, сыру, само сабою, хапае абедзвюм. Бульбу трэба садзіць — Кузьма возьме каня. Паарэ адной і другой, пасадзяць… Капаць трэба — Еўка сама ідзе да Антолі, яшчэ й зяця з дачкою вядзе, калі тыя падгадалі прыехаць. Пакапаюць сабе і Кузьме памогуць. Трэба біць кабана — дамовяцца, каму перш, каму пазней. Кузьма заколе, разбярэ, — лепшыя кавалкі нясуць адна адной, і Кузьме перападае. А то, у якое-небудзь невялікае свята, калі можна лёгкую работу рабіць, надумаюцца, пойдуць да Кузьмы, памыюць падлогу. Пабеляць столь.
А хіба кепска ім было «гуляць», вось як цяпер? Калі цёпла, відно — пасядзець на лавачцы перад хатаю, калі цёмна — кіно паглядзець у тэлевізары… Тую ж Кузьмову Насту, калі яна яшчэ была жывая, абгаварыць: як яна «за сваім гора век не знае», «жыве, бы ў Бога за пазухай»… А потым, калі ў адзін год памерла Наста — «рак з’еў», — яны з той жа шчырасцю, з якой абгаворвалі, і пашкадавалі яе, і паплакалі, і абмылі… На памінках, цэлы дзень на нагах прастаяўшы, нагатавалі ўсяго, і на дзевяці былі, і на саракавінах…
Само жыццё зводзіла іх пад старасць у гэты трохкутнік: Антоля — Еўка — Кузьма. Жывіце, памагайце адно аднаму, інакш і быць не можа. I вось табе маеш. Яны пабяруцца, а ёй, Антолі, куды адной? Галавою ў пельку?..
Антоля страпянулася:
— І што ж ты надумала?
— Што ж я яму скажу, маладзічка, — у яго свае дзеці, у мяне свае, прыедуць, я ж сваім больш захачу даць, а ён сваім…
— Ідзі, маладзіца! — горача пачала ўпрошваць Антоля. — Хіба ж ты не знаеш яго дзяцей? Яны ж не п’юць, не кураць, як той казаў, баяцца дыхнуць на чалавека, хіба ж яны табе слова суперак скажуць?
— Ой, не знаю, не ведаю… А есці не так зварыш, мо ён да чаго іншага прывык, то думай, як дагадзіць…
— Што яму ўжо там выварваць — як ні згатуеш, усё лепш, чым ён сам!
Еўка пачырванела і сказала цішэй:
— Ён жа мужчына, хвароба іх знае, што ў іх там на ўме… Яшчэ ў ложак захоча.
— Дык што за канец свету, калі захоча?
— Адчапіся! Я ўжо забыла, што да чаго… Баюся.
У тэлевізары донна Сільвія, сарамліва схіліўшы чорную галаву, упарта адказвала дону Хуліо, што ёй трэба ўсё абдумаць як след. Дон Хуліо не адставаў.
— Дык гэта як, вы і распісвацца будзеце? — пацікавілася Антоля. — I пярсцёнкі мо ў вас будуць?
— От не балбачы! — засердавала Еўка. — Пярсцёнкі… Ты ж хаця маўчы, бо я твой язык знаю.
— Цю! Калі я ўжо каму што гаварыла? — От сказала табе адной, каб пасмяяцца.
— А які тут смех, маладзіца? Ідзі — дэй.
Вярталася Антоля да хаты тою ж гразкай цемраю. I што за доля такая, думала, век адна, як тычка пры дарозе, у Еўкі дзеці і ўнукі, у Кузьмы дзеці і ўнукі, а ўсё мала… У каго е — таму й Бог дае…
З таго вечара заселі гэтыя словы стрэмкаю ў галаве. Звіняць у вушах, як начны камар, што і не кусае, і не адчапляецца, адно дзынчыць і дзынчыць, бы насланнё якое. Каб хоць работа была, лягчэй было б. А так — якая работа ў познюю восень? Ну, вугаль з печы, з грубкі выграбці, занесці высыпаць на ярка-зялёную, пасля атавы ўжо, траву паплоўчыка. Ну, хату падмесці. Кабана, курэй пакарміць — вось і ўся работа. Соткі падпараныя, агарод пусты, толькі пачарнелыя, паламаныя цыбукі кукурузы тырчаць паўз мяжу. Холадна, пахмурна і раніцаю, і ўдзень, а чуць пад вечар — ужо і цёмна.
Да Еўкі хочацца — пагаварыць, распытаць, — а нельга. Пасвараныя сяброўкі. Не вытрымала Антоля, на другі ж дзень расказала ўсім у краме:
— Гэта ж вяселле ў нас скора можа быць!
— А дзе ж у нас маладыя?
— Ёсць маладыя…
Еўцы пераказалі, тая засердзілася, вядома, а Антоля і сама да яе цяпер паткнуцца баіцца.
Мо тыдзень, ці пару тыдняў прайшло з той размовы, як раз, пад вечар ужо, Антоля стаіць на дварэ. Падвязвае драцянкаю плот да шула, якое абгніло ў зямлі так, што на адным стрыжні жыве, вось-вось паваліцца. Аж бачыць — ідзе Кузьма, згорбіўся, накульгваючы, і вядзе за повад Еўчыну карову, а ззаду Еўка, падганяе дубцом. Антоля прысела, стаілася. Прайшлі, і не зірнулі, адно карова павярнула да яе галаву.
I без таго горка было, але ўсё думалася: а мо раптам пашэнціць? Мо пагавораць людзі — дэй; Кузьма сабе астанецца, Еўка сабе, памірацца і зноў будуць жыць, як жылі. А цяпер так адзінока, так моташна зрабілася, што хоць ты галасі.
Каб папраўдзе Кузьма з Еўкаю вяселле рабілі — на легкавых машынах, як Антоля ў тэлевізары бачыла, з пярсцёнкамі, з фатографам — і то не было б так крыўдна, як пасля гэтай каровы на паводчыку…
Зусім раскісла Антоля. Запусціла сябе. Ні есці не можа, ні спаць, ні работу рабіць — адно ходзіць, туляецца па хаце, па дварэ і думае, думае. Абы-што ў галаву лезе. Уключыць кіно, каб думкі перабіць, — а ў кіно зноў дон Хуліо ўпрошвае Сільвію… Здаецца, каб пайшоў да каго, ды выгаварыўся, выліў усё з душы, дык і палягчэла б. Але каму ты пра такое скажаш? Смяяцца будуць, разнясуць па вёсцы, Еўцы перакажуць… Як п?марак хто накінуў!
Да таго Антоля дайшла, што нават распранацца перастала, так і клалася ў куфайцы. Ці так, ці інакш, усё адно сну няма. Накрыецца зверху коўдраю, пад бок кот падлезе, грэе трохі, і добра.
Глянула раз у люстэрка — а людцы мілыя, сама спужалася. Счарнела, ссівела, высахла ў цёску, толькі вочы блішчаць, бы ў труса.
— Яна гэта, Еўка, п?марак нейкі накінула!..
Успомніла Насту — і яе ж Еўка абгаворвала, і яе, пэўна, звяла ў магілу. Слова нейкае знае, каб яе жытка не знала. Але ж не будзе па-твойму. Ратавацца трэба!
А як ратавацца? Пажыла Антоля на свеце, любую работу знала рабіць, а самага галоўнага, самага важнага — як памаракі здымаць — так і не ўведала. Патрэбы не было. Усё думалася — ат, гэта з другімі такое бывае, не са мною. Вось і кусай цяпер локці, сохні, марней, спі ў куфайцы…
Ведала, што стрыгуць нейкую поўсць, у сабакі, ці ў авечкі, піхаюць пад страху… Яшчэ след неяк іголкаю бяруць… Жыта неяк завязваюць у вузел… А якія словы пры гэтым казаць? Як стрыгчы, як вязаць, як запіхваць? Усё ж гэта ўмець трэба!
Успомніла Антоля, чула неяк, што жыве ў горадзе бабка не бабка, а маладзіца, якая галаву лечыць і памаракі здымае. Але зноў — у сваіх жа не будзеш распытваць, дзе тую маладзіцу знайсці. Пачні цікавіцца, уміг раскусяць, разнясуць, што «памарачная» яна, раз да знахаркі хоча…
Думала Антоля дзень, і ноч, і вось што надумала. Цішком, сама сабе паедзе ў горад, ніхто яе там не ведае. Пакруціцца на вакзале, на базары, падгадае часіну ды і папытае: так і так, скажа, сястра захварэла, ці дзеверка, мо вы, людцы добрыя, тут жывяце, дык ведаеце адрас…
Як надумалася, так і павесялела. Нагрэла вады, вымылася ў балеі, прычасалася, новую хустку дастала, сабрала ў сумку грыбоў белых сухіх нізку, мо з паўкіло, цыбулі вязанку, кус сала, узяла пенсію нерасходаваную за тры месяцы.
Ужо як выходзіла, крыху развідняла; убачыла — плот упаў, заваліўся ў двор, згніло-такі шула. Усё адно да аднаго, але хай, не да пло та, калі самой ратавацца трэба.
Добра было думаць, а прыехала ў горад, вылезла з аўтобуса на вакзале — у каго папытаць, як да каго падступіцца? Гэта ж не падыдзеш, не бухнеш у лоб: «Дайце мне адрас знахаркі», — трэба ж здалёку пачаць, абзнаёміцца, абгаварыцца, а ўжо тады як бы неўзнарок, як бы і патрэбы вялікай няма, а так сабе, успомнілася да месца: «А мо вы ведаеце, ці знаеце, хто б падказаў…»
Ніхто на Антолю пазіраць не хоча. Нікому няма справы да яе. Сунулася туды, сюды, да прыпынку падышла. Стаіць збоку мужчына, у паліто, у шапцы, з перавітай шпагатам зялёнай навагодняй ялінкай каля ног.
— Скажыце, як мне праехаць… — і засаромелася Антоля, ніяк не можа гутарку завязаць.
— Куды праехаць?
— У… паліклініку! — надумалася раптам само сабою.
— А тут ехаць не трэба, — ахвотна стаў тлумачыць мужчына. — Ідзіце гэтай вулічкай уніз, уніз…
Хіба ж Антоля сваёй раённай паліклінікі не ведае? Але абазвалася, дык мусіць ісці. Як пайшла Антоля, азірнецца — стаіць мужчына, глядзіць ёй услед. Так, азіраючыся, і дайшла да паліклінікі, маленькай, драўлянай. Увайшла ў сярэдзіну. На калідоры мала людзей, перад рэгістратурай зусім нікога няма. Антоля прытулілася да батарэі.
— А вы да каго? — аклікнула яе раптам дзяўчына з акенца рэгістратуры.
— Я так сабе зайшла, — разгубілася Антоля.
— Запісвайцеся, цётка, пакуль людзей мала, — параіла дзяўчына. — Што ў вас сама больш баліць?
— Ох, мая доня, усё баліць, і галава, і спаць не магу…
— Вось бачыце. Я вас да тэрапеўта запішу, у яго зараз няма нікога. Толькі распраніцеся.
Запісала, талончык, картачку падала. I так расчуліла Антолю гэтая ўвага, што аж даўкі камяк падняўся ў грудзях і слёзы да вачэй падступілі:
— Дай жа табе Бог, донечка… — і не дагаварыла, пабаялася, што заплача зараз.
Здала паліто ў гардэроб, сумку з сабою ўзяла. Знайшла кабінет. Пастукала, прасунулася ў дзверы.
Сядзіць за сталом малады мужчына, у белым халаце, у акулярах. Піша. Падняў галаву:
— Сядайце, — паказаў на табурэтку. — Ну што з намі такое?
— Галава мне вельмі моцна баліць, мо якое даўленне, ці што. Не сплю, не ем, — пачала Антоля, а даўкі камяк не праходзіць, цісне і цісне пад грудзі. Слязьмі просіцца прарвацца…
— Закасайце рукаво.
Абкруціў руку траскучай матэрыяй, «пажмакаў» грушаю:
— Даўленне ў вас нармальнае. Я вам, цётка, выпішу снатворнага, а ад галавы — цытрамону.
— Ох, мой галубок, хоць чаго-небудзь выпішыце, хоць труцізны, каб ужо выпіць, ды мо хто абмые ды закапае, каб гэтая галава дурная не балела! — і не стрымалася, усхліпнула. I яшчэ раз, і яшчэ — і вось ужо плача, аж плечы трасуцца.
Доктар адклаў ручку, паглядзеў на яе ўважліва.
— У вас ёсць хто з радні? — ціха, яшчэ больш мяккім голасам спытаў.
А Антоля раве, слова сказаць не можа, — раўчуком плыве! Доктар падхапіўся, наліў з графіна вады ў шклянку, падаў:
— Ану, перастаньце, што гэта яшчэ за навіны!
— Няма… галубок… нікога! — усхліпваючы, каўтаючы ваду і слёзы, хутчэй пачала расказваць Антоля — каб толькі доктар не сердаваў, даў ёй выгаварыцца. — Адна, як палец! Была падруга, ды замуж пайшла другі раз, бо чалавек яе памёр, а ў таго Кузьмы, за каго яна пайшла, жонка памерла, Наста, якраз год на Пакровы было…
I кажа, і кажа ўсё падрад:
— Не сплю, не ем, чалавеча, я ўжо думала, мо які памарак накінулі на мяне…
А доктар слухае, не перабівае. Выслухаў усе і сказаў:
— Цяпер зразумела. Вашая хвароба ад таго, што вы сябе дужа моцна шкадуеце, падаграваеце ўвесь час гэтае шкадаванне і яшчэ больш самі сябе растраўляеце.
— Ох, шкадую, бо хто ж мяне яшчэ пашкадуе?.. Вы вунь вады падалі — і то мне як лягчэй!
Доктар узяў чысты рэцэптурны бланк:
— Выпішу я вам не снатворнага, а вельмі харошых таблетак, мезапам называюцца, супакойваюць нервы. Спачатку трохі санлівасць будзе, а потым усе пройдзе, павесялееце, а што спаць пачняце, дык гэта я вам гарантую.
Вось жа залатыя людзі бываюць на свеце!.. Мала, што так хутка і лёгка памарак зняў, дык яшчэ і таблеткі харошыя выпісаць хоча… Антоля раптам схамянулася — сумка ж каля ног стаіць, вось варона, так чаго добрага і забыцца магла б, і панесла б усё назад. Схапіла сумку, бухнула прама на стол перад доктарам.
— Што гэта? — адхіснуўся той.
— Грыбкоў трохі, цыбуля, сала — вазьміце, прашу вас! Вы мне такую работу зрабілі, — Антоля, як вылечылася, пасмялела, ужо настойваць не баіцца. — Грыбы хоць вазьміце, пабачце толькі якія, адзін у адзін!
— Схавайце зараз жа, яшчэ зойдзе хто… — а ўбачыў грыбы, прыцішэў. Узважыў нізку ў руцэ, азірнуўся на дзверы: — Ну, раз вы настроіліся, дык пакладзіце самі, вунь туды, у шафу, на сярэднюю паліцу…
— Усё класці?
— Ну, і цыбулю яшчэ… А вось сала забярыце, катэгарычна!
Шчаслівая — угаварыла-такі, пераканала чалавека, не пагрэбаваў, — Антоля хутчэй да шафы, апаражніла сумку, хацела цішком і сала пакласці, ды пабаялася. Трэба меру знаць.
Зусім другім чалавекам, чым калі заходзіла, выйшла з кабінета, і з паліклінікі. Хоць на свет белы глянуць можна, а то ж было не дай Бог…
На вакзале, пакуль чакала аўтобуса, загаварыла першая да суседзяў — адной маладзіцы з чалавекам. Яны здалёку прыязджалі на базар па парасяты, ды спазніліся, добрых разабралі, адзін брак застаўся. Антоля паспачувала, параіла на другі раз, што калі ёсць ім у горадзе ў каго пераначаваць, дык трэба звечара ехаць, бо цяпер добрае парася купіць — праблема.
— А я ж захварэла была, — падзялілася яна. — Але вельмі добры доктар папаўся, уміг даў рады, — і так проста гэтыя словы ў яе выйшлі. З кожным бывае, хварэла і вылечылася, не трэба больш людзей саромецца і нячыстую сілу шукаць.
Тое, што маладзіца з чалавекам была, дык цяпер Антоля ані не зайздросціла і не шкадавала сябе. Побач шчасце — толькі не для яе, як тое кіно пра дона Хуліо і Сільвію: здаецца, і чутно, і відно, і блізка — экран можна памацаць, а чужое, далёкае-далёкае, немагчымае…
У аўтобусе ўжо ўспомніла, што таблетак купіць забылася, і аптэка ж была на вакзале. Хай, мо ўжо другім разам калі.
Не заходзячы да сябе, як толькі з аўтобуса, перш-наперш кінулася на той канец вёскі — да Кузьмы. Няма нікога, хата на замку. Антоля — на другі канец, да Еўкі. Аж, не даходзячы да сваёй хаты, яшчэ здалёк бачыць — ідзе там нейкая работа. Антоля бліжэй — і вачам не верыць: новенькі плот амаль гатовы, Кузьма шула ўкапаў, прыбіў новую жэрдку, цяпер дошкі мацуе, а Еўка збоку стаіць, цвікі падае.
Антоля як была, так да яе:
— Мая ты галубка, а я ж думала…
— Цішэй ты, — цыкнула Еўка. Адышліся ў двор: — Ён дарма што кажа — глухі, — кіўнула на Кузьму, — а што не трэба, уміг пачуе. Я ж не паспела табе сказаць тады, што да яго нейкая баба з Залозак, таксама ўдава, сваталася, у прымы хацела пераманіць… А каб я не перахапіла і ён пайшоў? Што б мы без яго рабілі? Ты ж знаеш, які мой зяць, дарма што разумны, а на работу нікудышны, ён жа ні араць, ні малаціць, ні каня запрэгчы, ні кабана забіць… А гэты будзе нам мужчынаю, адзін на двох. Я ж і рабіла з такім, як той казаў, прыцэлам…
Так і прайшоў у Антолі памарак, дзякуючы добрым людзям. Зняўся сам сабою, як і не было яго. Хоць пад старасць, а і ёй шчасце выпала.
1998 г.