4. Смерці няма?

4. Смерці няма?

Калі ўспамінаю сябе чатырох-, трох-, асабліва двухгадовага — чым далей туды, да нараджэння, тым робіцца больш жудасна: вісіш як на валасінцы, як маятнік гайдаецца: усведамленне таго, што навокал — назад, у цемру «да-нараджэння». Гады ў два гэта пачалося. Клыпаю-бягу некуды, зямля такая блізкая, трава такая высокая, сонейка такое вялікае — і раптам думка: я жыву, існую, ВЯРНУЎСЯ, я зноў ГЭТА бачу, а яшчэ зусім нядаўна так баяўся паміраць, будучы ўпэўненым, што гэта небыццё, тлен, чарната… Нічога, аказваецца, падобнага! І жаданне затрымаць гэты свет і гэтае святло фізічна, ручкамі ў яго ўчапіцца, рапластацца, упасці, не даць зямлі выкруціцца з-пад сябе… І звон у галаве, і правал у памяці, і зноў нечалавечы страх смерці і небыцця — вяртанне ў той кашмар, які суправаджаў усё ПАПЯРЭДНЯЕ жыццё, асабліва апошні яго перыяд.

Спатыкаюся, падаю, стукаюся аб цвёрдую зямлю, раву-захліпваюся на ўвесь двор, але не ад болю, не ад крыві, што льецца з носа — ад жаху вяртання ў гэтае новае жыццё, якое таксама будзе захінута ценем смерці, у якім таксама ў канцы давядзецца паміраць… Я раву ад жудасці, што хутка забуду (я ведаю) гэты боскі перыяд — пераход з аднаго жыцця ў другое.

Потым часы вяртання назад, у амаль небыццё, у пячорны стан, пайшлі радей, пробліскі шырыліся, большалі і разам з жахам вяртання назад, праваламі ў цемру я пакрысе пачынаў асвойтвацца ў гэтым новым-старым свеце, прывыкаючы да яго — прывыкаючы і да таго, што ён у чарговы (каторы па ліку?) раз скончыцца.

Відаць, такое ж адчуванне ў вар’ятаў: пробліск, жаданне утрымаць, жудасць, што ўтрымаць немагчыма, што зямля пад нагамі сплывае, і — правал назад, у цемру, у кашу ў галаве.

Два хлопчыкі так міла гуляюць, шчабечуць, раптам адзін ні з таго ні з сяго разбягаецца — у лужыну скок, абпырскаў нядаўняга сябрука гразёй і пабег, не азіраючыся. Гэты плача, а той і невінаваты. Адбылося зацямненне, кароткае замыканне ў мазгах, «змяшэнне жанру» — пераходны стан усведамлення рэальнасці і пячорных рэфлексаў.