13. Настаўнік

13. Настаўнік

Мы ўвесь час будзем паўтараць — нам, у прынцыпе, цікава («а хоць цікава?», як пытае адна рэдактарка ў аўтараў) — нам цікава, як маленькі дзікун, з такім эмацыйным, неўраўнаважаным характарам, з такой схільнасцю да авантур, без такога цара ў галаве, без малейшага разумення таго, што жыццё — гэта не вясёлая пагулянка, а латэрэя, што яно небяспечнае, гэта хаджэнне па лязу, балансаванне, і ў любую секунду, у кожны міг можна сарвацца ўніз, у нікуды — як ён умудрыўся проста фізічна выжыць, не кажучы пра тое, каб данесці да 45-цігадовай мяжы яшчэ нейкую Божую іскру-жарынку?!.

Трэба была моцная процівага, каб выправіць гэты крэн у галаве. Трэба быў неардынарны чалавек, постаць, філосаф, бацька, дзядзька, брат, сват — карацей, настаўнік.

І такі з’явіўся. Новы герой ўступае на старонкі рамана — настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Вучыў ён не так, як іншыя, вучыў не столькі свайму прадмету (не зубрыць «пан сахі і касы» — касавокі), колькі ўменню выжываць, жыццю ўвогуле, уганяючы ў нас прапісныя ісціны ледзь не сілком, так і кажучы — «дубінаю трэба ўбіваць у вас веды!»

І як жа гэта прыемна, заблукаўшы ў лабірынтах формы і зместу, дайшоўшы ледзь не да абсурду, вяртацца да старых, добрых, вечных сентэнцый і проста лішні раз паўтарыць іх: дуб — дрэва, Андрэй — імя, лета — пара года, Беларусь — наша Радзіма…

«Слова — срэбра, маўчанне — золата».

«Дзве бочкі ехалі, поўная маўчыць, парожняя — бу-бу-бу…»

«Пакорнае цяля двух матак ссе».

«Пішыце так, каб свой почырк маглі рабіраць толькі вы».

Мы помнім («Кнігі»), як ашчаджалі нашы мазгі ад перагрузкі кнігамі; гэты ж наадварот: «Толькі чытанне зробіць вас людзьмі. Чытайце хоць праз сілу, упітвайце, утоптвайце, пакуль мазгі маладыя!»

І, бедны, намучыўшыся з намі, і такое:

«Часала сякера сукаватае бервяно і сама стала тупой!» Сякера — ён, бярвенні — мы…

Усё гэта на цяперашні розум, а тады яго навука здавалася нам непатрэшчынай, дзівацтвам.