35. Эпілог ІІІ часткі
35. Эпілог ІІІ часткі
Заўважана, што розныя споведзі, аўтабіяграфічныя раманы, рэвізіі, успаміны, жыццяпісы, мемуары, межы, падвядзенні рысаў, выбраныя месцы з перапіскі з сябрамі і інш., інш., з’яўляюцца тады, калі пісьменнік пачынае выпісвацца як мастак. Інакш кажучы, у яго творчы крызіс.
І даволі часта пісьменнік, сутыкнуўшыся з такой непрыемнай штукай, палохаецца, перастае ў сябе верыць, пачынае згасаць, слабець, хварэць, співацца і ўрэшце знікае як творца яшчэ пры жыцці, а то і памірае ў прамым сэнсе.
А бывае — і нас, канечне, цікавіць менавіта гэты варыянт, што пісьменніку ўдаецца абдурыць прыроду. Мы маем мноства прыкладаў, калі дзякуючы такім споведзям, такому вымятанню сусекаў, падвядзенню нібыта заключнай тлустай рысы пад сваім ранейшым жыццём і творчасцю ў пісьменніка раптам узнікала другое дыханне, з’яўлялася невядома адкуль энергія, і ўжо на іншым, больш высокім узроўні ён пачынаў ствараць новыя мастацкія рэчы.
Нам да спадобы менавіта гэты варыянт.
Праўда, для пачатку трэба абжыцца ў новым месцы. Агледзецца. Паазірацца. Раскласці свае транты. Асвоіцца ў гэтай субстанцыі, у гэтым невядомым дасюль за-межным свеце.
І калі новыя творы не выспеюць, не з’явяцца, не папросяцца з душы — што ж, будзем суцяшацца тым, што маем. А маем мы тое, што ведаем праўду, і не баімся ўслых яе назваць, і можам спакойна, без шуму і пылу, без лішняга ныцця, скаргаў і запояў (гэтых памінак па самім сабе), без каляровых акуляраў і розных кантактных лінзаў глянуць рэальнаму Жыццю ў вочы.
Бо і проста жыць — замыкаючы пачатак і канец рамана — фізічна існаваць, выжываць у нашым свеце і ў нашых умовах насуперак усяму — гэта, можа быць, і ёсць найвышэйшы на зямлі талент, самая складаная з усіх магчымых навук, творчасць яшчэ тая, мастацтва ўга якое! — прынамсі, ку-у-ды важнейшае за ўменне закруціць сюжэт, выпісаць характар або малюнак прыроды ці зрыфмаваць «паненка — Федарэнка»…
2008–2009 гг.