7. Міша
7. Міша
Другі пасля Люды мой мікашэвіцкі сябар Міша меў увогуле 37 гадоў — неверагодная лічба для мяне тадышняга, менавіта з той оперы, дзе «столькі не жывуць».
Пачаць з таго, што ён быў з вышэйшай адукацыяй — скончыў Мінскі інжынерна-будаўнічы інстытут. У Мікашэвічах пакуль не было яму дзе працаваць па спецыяльнасці, і ён цягаў разам з намі бетон, закладваючы такім чынам падмурак свайго будучага інжынерскага кабінета.
Сышліся мы на Мінску. Любая яго згадка пра сталіцу выклікала ва мне захапленне. Тэатр оперы і балета? — хадзіў, і неаднойчы, у «ёперны»… Мінскае мора? — купаўся сто разоў… Мінскія дзеўкі? — была нават адна школьніца, «заколебала меня своим мороженым, да кино, да цветами…»
Усё савецкае ён шчыра ненавідзеў, усе было дрэнь, «калхознае» і «крестовое». Усё заходняе было «супер». Усе вакол былі мудакі, хамы і быдла, і толькі той меў права ўзвысіцца над імі, хто разумеў гэта.
Як проста, ясна і здорава! Гэтыя словы падалі на ўдзячную васемнаццацігадовую глебу.
З хамамі трэба быць хамам, — вучыў Міша, — але памятаць, што сярод быдла выжывае не мацнейшы, а разумнейшы, таму пажадана ўмець прыкідвацца дурнем і ціхай сапай гнуць сваё. «Цёлку» ў першы ж вечар трэба весці ў ложак і толькі там разбірацца, кахаеш яе ці не, не забываючы пры тым, што ўсе яны — тупыя і жорсткія, і розняцца толькі тым, што бываюць худыя, а бываюць тоўстыя. Піць трэба культурна, і толькі гарэлку. Кнігі чытаць падпольныя, забароненыя. Слухаць толькі радыё «Свабода», класічную музыку і рок. Сачыць за сабою, берагчы здароўе як вышнюю каштоўнасць (яшчэ б, у 37 гадоў). Ахайна і пажадана модна апранацца, не шкадуючы на гэта ні грошай, ні часу…
Нават Мінск ён недалюбліваў — відаць, за тое, што не знайшлося там яму месца.
Цяпер я разумею, што мой Міша быў звычайны савецкі мешчанін, псеўда— ці паўдысідэнт, у вялікай ступені ламака, які проста напароўся на ўдзячнага слухача. Да таго ж ён быў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, карацей, педзік, а можа, бісексуал, некаторы час ён карміў мяне літаратуркай, дзе даказвалася, што аднаполае каханне — вышэйшая, «не азмрочаная нічым» сфера. Помню цытату адной з кніг, пра тое, як на Захадзе жонка збірае ўвечары мужу бутэрброды, і ён, «расцеловав на прощание её и детишек, отправляется на всю ночь в притон гомосексуалистов».
Слухаць то я Мішу слухаў, але высновы рабіў свае.
Ён мне пра гомікаў, пра «чыстую мужчынскую дружбу» — а мне ўсё больш хочацца да Люды В…скай!
Ён пра Мінск — «лепш быць першым у правінцыі, чым другім у Рыме», — а мне да салодкай мукі хочацца ў той Мінск, і ў «ёперны», і школьніцы з марожаным!
Ён, ведаючы, што я люблю літаратуру, — «нават думаць забудзь! На што ты ў гэтай краіне разлічваеш, ніколі яны не пасунуцца і не прымуць цябе, і не трэба табе гэта — пісаць пра калгасы і будоўлі!» А ў мяне аж дрыжыкі па скуры: а раптам пасунуцца, і нават возьмуць ды надрукуюць якую-небудзь аповесць пра старшыню калгаса ці брыгадзіра брыгады бетоншчыкаў, я б напісаў такую!..
Ён мне пра армію — «вырваныя гады», «каб там было добра, там бы адны яўрэі служылі», — а мяне і туды, як вяроўкаю, цягнула!