ПОШЛАСЦЬ
ПОШЛАСЦЬ
Мне пашэнціла пражыць з ім у адным інтэрнацкім пакоі амаль паўгода, з зімы да летняй сесіі, а раскусіў я яго менш, чым за тыдзень: гэта быў закончаны, завершаны пашляк.
Пошласць сама па сабе адна з горшых чалавечых якасцяў; пашляк і ў сваім сапраўдным, класічным абліччы — не падарунак. Але ўдвая горш пошласць завуаляваная, калі пашляк маскіруецца пад мараліста, калі ён цвярозы, станоўчы, надзелены сякой-такой памяццю, дастатковай для запамінання сентэнцый кшталту «спяшайцеся рабіць дабро», «твор не пра вайну, а пра чалавека на вайне», «людзі створаны для шчасця» («хлеб усяму галава», «беражыце лес ад пажараў»)… Такога не саб’еш з тропу, не зацягнеш на глыбіню, з такім не ўсчыніш дыскусію аб дуалізме таго ж «дабра» — паняцця крайне размытага, адноснага, бо адзін лічыць дабром нарадзіць дзіця, пабудаваць дом і пасадзіць дрэва, а другі — забіць дзіця — напрыклад, абортам, разбурыць дом — каб вызваліць месца для новага будынка, і ссекчы дрэва — бо яно ад старасці і ветру можа паваліцца і нарабіць шкоды…
Напачатку, уражаны гэтым тыпам, які, здавалася, скочыў у жыццё проста са старонак падручнікаў па літаратуры, псіхалогіі і псіхіятрыі, я любіў разыгрываць яго. Мяне забаўляла, што для гэтага таўкача не існуе ў прыродзе, у свеце і ў сусвеце пытання, над якім ён хоць на хвілінку задумаўся б.
— Для чаго мы жывём на свеце? — стараючыся быць сур’ёзным, пытаў я.
— Каб адшукаць чалавека ў чалавеку.
— Што будзе з намі пасля смерці?
— Небыццё і вечная ноч.
— Ці існуюць рай і пекла?
— Яны ў нас саміх. Кожны атрымае па заслугах.
— Што галоўнае ў жыцці?
— Заставацца ва ўсіх абставінах чалавекам.
Гэта нагадвала спірытычны сеанс, дзе я выступаў у ролі спірыта, а наш герой быў духам. Кусаючы вусны, ледзь стрымліваючыся, каб не зарагатаць, радуючыся таму, што ў пакоі паўзмрок і на маім твары нічога нельга ўбачыць, я працягваў «круціць сподачак»:
— Ці ёсць каханне?
— Каханне валодае светам, — імгненна гучала ў адказ.
— Што такое дабро?
— Жыццё дадзена нам на добрыя справы.
Само сабою, як і ўсе падобныя унікумы, ён вёў здаровы лад жыцця, быў ворагам спіртнога і тытуню, называючы першае «атрутай душы», а другое (чамусьці) «ядам для галаўнога мозгу». На маё сціплае пярэчанне, што цыгарэты хутчэй яд для лёгкіх, гэты дурань паблажліва пасміхнуўся і паказаў пальцам у столь:
— Мозг — усяму галава!
Кожную раніцу ён пачынаў з зарадкі, прысядаў, крактаў, напаўняючы пакой рэзкім пахам поту і начнога нямытага цела. Сінія, бязвінна-бяздумныя гузікі вачэй. Стрыжка «пад бокс», скуласта-насаты баксёрскі твар — і зусім не баксёрскае, не спартыўнае, а рыхлаватае, налітае нездаровай паўнатой цела. Яму было ўсяго дваццаць, а сталасць, нават старасць ужо клалі на яго свой адбітак. Ёсць нейкае афрыканскае племя, людзям якога не вядомы такія фазы жыцця, як падлеткавасць і ўзмужанне — яны адразу з дзяцінства, гадоў з васьмі, пачынаюць старэць, прынамсі, тварам і целам; дык ён мог бы сысці ім за неблагога правадыра.
Гардэроб яго складаўся з старэнькага сіняга школьнага касцюма, дзвюх выцвілых ад часу і поту кашуль, трох пар шкарпэтак, заношаных і замытых да таго, што літаральна кожны вечар даводзілася латаць іх — «даваць рамонт», як ён жартаваў, усоўваючы ў шкарпэтку перагарэлую лямпачку; адных і тых жа зімою і летам чаравікаў, адубелых, адпаліраваных дажджом і ветрам, спёкай і сцюжаю, страшэнна слізкіх — у галалёд, ды нават і на проста ўтаптаным сняжку ён падаў некалькі разоў на адлегласці ста метраў, што трэба было прайсці ад інтэрната да вучэбнага корпуса, грымаўся страшна, як падкошаны, адно ўзляталі ўверх ногі — іншы касцей не сабраў бы, ён жа пругка, як мячык, адскокваў ад дарогі і, абціраючыся, атрэсваючыся, толькі пасміхаўся:
— Чуць не ўпаў!
З дому, з вялікай, здаецца, больш за дзесяць чалавек сям’і грошай яму не перападала, затое прывозіў многа бульбы і часнаку. Нават студэнцкая сталоўка была дарагая для яго, і ён гатаваў сабе сам, заўсёды адну і тую ж страву, «супчык» — адвар з бульбы, прыпраўленай часнаком і кавалачкамі таннай, з белымі ўкрапленнямі неапетытнага сала каўбасы. Часнок, цэлымі зубкамі, еў ён і ў прыкуску, называючы яго «часнык», а каўбасу — «кілбаса», і мяне заўсёды раздражняла гэта, як у рускай мове раздражняе наўмыснае булошная, молошная, вверьх… Еў хутка, прагна, ад вялікай колькасці часнаку ікаў, адрыгваў, кожны раз са словамі:
— Прашу пардон!
Наеўшыся, паляпваў сябе па жываце:
— Нажэрся, як дурны на памінках, — і тут жа, пераходзячы на сур’ёзны тон, тлумачыў: — На памінках звычайна не ядуць, туды збіраюцца, каб аддаць апошнюю даніну памяці нябожчыка.
З філалогіяй у яго ўвогуле былі дзіўныя стасункі. Ён не прызнаваў скарачэнняў і абрэвіятур, казаў не кіно, а кінематограф, не метро, а метрапалітэн, не універсам, а універсальны магазін, не эсэсэр, а эсэсэсэр, або нават расшыфроўваў і гэта.
Як ён — такі — паступіў? Ды звычайна, без экзаменаў, як многія, асабліва дзяўчаты, тады паступалі. Калгас даваў накіраванне і браў падпіску, што абавязкова вернешся назад пасля вучобы. Дзеля гэтага трэба было крыху ў тым калгасе папрацаваць. Наш летам пасля школы палоў буракі, і называў гэта — «задзейнічанне ў паляводстве». Маці яго даіла кароў на ферме, ён казаў — «у галіне жывёлагадоўлі», бацька быў звычайным лесніком, і гэта значыла:
— Спецыяліст у лясной гаспадарцы.
Вясною, калі па тратуарах пабеглі вясёлыя брудныя раўчучкі ад расталага снегу, калі прыляцелі і заспявалі шпакі, а на дрэвах пачалі набрыньваць пупышкі, наш герой раптам перастаў рабіць зарадку. І ўвогуле ён змяніўся. Усё больш маўчаў; абкладзены газетамі і канвертамі, памногу штосьці пісаў, машынальна закрываючы напісанае даланёю. Хадзіў нечага на пошту з пашпартам. На яго звычайна гладкім, хоць парасят аб яго бі, лобе з’явілася малюсенькая зморшчынка — прыкметай напружанай разумовай працы.
Зачасціў да яго ў госці нейкі сябрук па імені Юры, зусім малады, прыгожы хлопец, з іголачкі апрануты, не сказаць, каб дурны… Як, дзе яны пазнаёміліся, як сышліся, чаму пасябравалі, чым увогуле кіруецца лёс, зводзячы такіх зусім розных людзей — не ведаю, гэта вечная загадка, якую, мне здаецца, да скону дзён не разгадаць нікому.
Наш ляжаў на ложку ў сваёй любімай позе — рукі за галаву, Юры прысаджваўся побач на табурэтцы. Я сядзеў за сталом спінаю да іх, унураны ў кнігу, і, згараючы ад цікаўнасці, лавіў кожнае слова.
Так — з іх размоў, а з майго падслухоўвання, і стала тайнае яўным. Высветлілася, што за пісьмы ён піша, чаму ходзіць на пошту і куды пачаў знікаць па вечарах… Каханне! Пошукі, як ён прызнаўся сябру, «адданай спадарожніцы жыцця» — праз газетныя рубрыкі знаёмстваў.
Эх, мне б пачытаць тыя пісьмы! Пабыць нябачным сведкам хоць на адным яго спатканні! Дорага б я даў, каб толькі зірнуць на яго абранніцу, не кажучы ўжо, каб паслухаць хоць кавалачак іхняй размовы…
Аднойчы я не вытрымаў, крадком пайшоў следам за ім, цалкам ператварыўшыся ў шпіка, з усімі атрыбутамі: падняты каўнер плашча, насунуты на вочы брыль кепкі, купля непатрэбнай газеты ў кіёску, заварочванне за вугал, калі ён азіраўся… Мяне чакала поўнае фіаска. Ён без усялякай мэты бадзяўся па вуліцах, тупа глядзеў на чужыя балконы, купіў марожанае — хоць было вельмі холадна, пара ішла з рота — і гарачы пончык, перакусіў, спусціўся ў метро, паехаў у Парк Чалюскінцаў і там сядзеў на лаўцы нерухома гадзіну і тры хвіліны (я, змерзлы, прытупваючы, хукаючы на рукі, — за елкаю). Потым паехаў дамоў.
Калі аб’явіўся я, ён паспеў павячэраць і ляжаў на ложку ў сваёй звыклай позе.
Уявіце малюнак: прыцемкі, фортка зачынена, у пакоі застаялы пах шкарпэтак, часнаку і «супчыку», радыё ўключана, а наш дзівак ляжыць — рукі пад галаву, і… марыць. Пра штосьці апетае паэтамі, незямное, веснавое, чыстае, светлае…
Заглянуў Юры. Прымасціўся на табурэтцы, паклаў нашаму руку на лоб, як клапатлівы доктар хвораму, як старэйшы і мудрэйшы брат легкадумнаму малодшаму, як добры бацька любімаму сыну.
— Зайздрошчу я табе, Юры. Ёсць у цябе з кім душу адагрэць.
— Нічога, — суцяшаў сябар. — У цябе ўсё яшчэ наперадзе. А мне не зайздросці. Кажы сабе: магло быць і горш.
— А магло быць і лепш.
— А магло і лепш, — згаджаўся Юры. Тонкія далікатныя пальцы яго пяшчотна церабілі валаскі на чужой мужчынскай галаве.
— Цярпенне, цярпенне… Шукаць, выглядваць, прыслухоўвацца, прымярацца. Была адна — фу, з дзіцям, трэба ты мне. І што яны яшчэ хочуць? Маску я сарваў з іх — нічога пад ёй няма. Усё — не вярнуць.
— Нічога, нічога, ты яшчэ малады.
— Малады, але без барады. (Наш таксама ўмеў адказваць дасціпна, нават у рыфму.) Што ж, трэба вера, цярпенне. Толькі так.
Я пакутаваў не менш за яго. Цікаўнасць раз’ядала мяне, як іржа жалеза. Нарэшце я адважыўся на крайні сродак.
Я пайшоў да самай апошняй — пробаў не было дзе ставіць — шлюхі, вядомай усяму інстытуту, акрамя, канечне, нашага святога героя, і сказаў шчыра, нічога лепшага не прыдумаўшы:
— Света, я заплачу табе сто рублёў (даляраў двесці на тыя, савецкія, грошы), калі ты з ім пераспіш. Мне кроў з носу трэба ведаць, як ён будзе паводзіцца з жанчынаю. Ты перакажаш мне ўсе дэталі, усе яго словы, дзеянні — да кожнай драбнічкі…
— І за гэта — сотку? — аблізнуўшы вусны, недаверліва перапытала Света. — Але навошта табе?
— Мая справа.
Света пайшла. Я толькі-толькі падрыхтаваўся цярпліва чакаць яе на калідоры, як праз дзесяць хвілін яна вылецела з пакоя куляю, задыханая, чырвоная, разгневаная.
— Пайшоў ты са сваімі грашыма!..
— Светка, — лавіў я яе за руку, — ну хоць слова!
Яна спынілася. Працадзіла неахвотна:
— Пачаў чытаць мне Багдановіча…
— Што-о-о?!
— …І, як на зло, верш, які я ведаю і вельмі люблю. А ён ім сабраўся мяне заводзіць. Дык так гнюсна, фальшыва, кожны радок скажаючы, блытаючыся, ставячы абы-як націскі… Усё б я вытрымала, але не гэта!
Адсмяяўшыся, я дастаў з кішэні падрыхтаваныя чатыры дваццацьпяткі і працягнуў ёй:
— Заслужыла!
Яна адвяла маю руку і, гледзячы мне ў вочы, сказала раптам:
— А ведаеш, што я табе скажу? Ты са сваімі эксперыментамі пашляк яшчэ горшы, чым ён, — і, збягаючы па лесвіцы, перад тым, як знікнуць з маіх вачэй (але не з памяці), азірнулася: — Падумай над гэтым добра!
Вось думаю…
1997 г.