34. Кантрастныя межы, або «У люстэрка паглядзі»
34. Кантрастныя межы, або «У люстэрка паглядзі»
Ёсць межы асноўныя, усім зразумелыя, шаблонныя: паміж небыццём — маленствам, маленствам — дзяцінствам, дзяцінствам — падлеткавасцю, падлеткавасцю — юнацтвам, юнацтвам — сталасцю, сталасцю — старасцю, старасцю — смерцю (небыццём).
Аднак поўна яшчэ межаў некантрастных, паўтанальных, невыразных. Пра аднаго і таго ж чалавека, якому 40 гадоў, можна сказаць «малады чалавек», «мужчына ў росквіце гадоў», «здаровы бугай», а можна пра яго ж — «дзядзька на пятым дзесятку», «малады дзед», «лепшае сваё ўжо аджыў»…
«Мужчына ўсведамляе гэты працэс (старасці) толькі тады, калі па звычцы пачынае „клеіць“ маладую дзеўку, а тая яму: „Ты на сябе ў люстэрка паглядзі, казёл стары!“
Гляне — і праўда, казёл, аб чым і раней здагадваўся, але што стары — нечаканасць»… (А. Аблажэй).
Вось яшчэ ў чым справа. Канечне, і ў гэтым. На мяжы 45 гадоў чалавек проста старэе. І, натуральна, нічога дзіўнага ў тым, што творчасць у якасці псіхатэрапіі перастае памагаць. Яна сутыкаецца з новым, невядомым дасюль перыядам: сталасці, пачатку старасці.
Скончыўся запас уражанняў, вычарпаўся матэрыял, разам са смерцю маці памерла маленства, якое падпітвала душу, разам з лавінай сыходаў старэйшых пісьменнікаў знік стымул, які жывіў розум і фантазію… Узніклі новыя пытанні і запатрабавалі новых адказаў. А я аказаўся не гатовы. На той выпадак хапала іншых — маці, братоў, сватоў, старэйшых калег-пісьменнікаў, увогуле старэйшых за мяне знаёмых і незнаёмых людзей, якія мяне заўсёды акружалі, якіх было так многа! Вось хай яны і думаюць, і ўсё на сваіх плячах нясуць, і «куда идти в лесу» гукаюць.
…І праўда — ішоў сабе лесам, сярод такіх мілых, родных, надзейных, сваіх з маленства бярозаў ды соснаў… Дзе трохі задумваючыся, дзе весела пасвістваючы, дзе нагінаючыся над грыбам, дзе зрываючы кветку, дзе задзіраючы галаву на неба, дзе спатыкаючыся аб корань… Ішоў па жыцці, мала пра што дбаючы, а калі ўзнікалі праблемы, дык адносна лёгка спраўляўся з імі пры дапамозе паперы і ручкі.
А лес усё радзеў, радзеў… І вось разлыпіў вочы — і ўбачыў, што лесу вакол амаль няма, азірнуўся — а ззаду толькі пні ды чэзлыя, хворыя дрэўцы, а наперадзе — цаліна, пустка, парослая быльнягом ды чартапалохам, за якімі, праўда, новы лес, але да яго ўжо не дапасці… А хочаш не хочаш — ісці трэба, а так неахвота, так страшна, бо «мы не хотим шагать — нам хочеться гулять!»