ВЕЦЕР
ВЕЦЕР
Знаёміцца ён так — падыходзіць да любога століка ў кавярні і піхае руку, жанчыне ці мужчыну, няважна:
— Вецер. Не псеўданім — сапраўднае прозвішча. Няўдачнік-рыфмаплёт. Непрызнаны геній. Графаман, якіх пашукаць.
І нявопытных, неабазнаных падкупляе тым, забываюцца людцы, што прыніжэнне горшае за гонар, і прымаюць яго ахвотна ў кампанію, запрашаюць прысесці, тым больш ён не халяўшчык, заўсёды са сваім графінчыкам і шклянкай соку.
П’е ён хоць патроху, але часта, забягаючы перыядычна ў кавярню, балазе, работа дазваляе — працуе ён побач, паркоўшчыкам, што, праўда, аніяк не звязана з рамантычным зялёным скверам, а ўсяго толькі з нецікавым і банальным збіраннем грошай з людзей за тое, што яны пакідаюць на стаянцы аўтамабілі. П’е — і не п’янее, адно чым бліжэй да вечара, тым часцей і гучней пачынае мармытаць, бялеючы і сціскаючы зубы:
…Не — я толькі ад лютага ветру,
Я ад ветру схаваўся ў карчму!
Яму гадоў трыццаць. Гэткі мачо, прыгожы, высокі, статны, яму нават аляпавата-нязграбная паркоўшчыцкая спяцоўка пасуе; ён яшчэ трымаецца, але да пары да часу гэта, хутка — ужо на ім напісана, год-два, ну, пяць — і ад яго прыгажосці і кінагеройства следу не застанецца, яшчэ не такіх ламала, перажоўвала і глытала жыццё, і не давілася, сволач, толькі шкуркі выплёўвала.
Амаль кожны вечар прыязджае яго забіраць жонка, дагледжаная такая дамачка, пародзістая, модненькая, абыходзіцца яна з ім лагодна, замірана, ніякага табе крыку, шуму, скандалаў і папрокаў, наадварот, так яна ўжо да яго падлашчваецца — як шкадлівая кошка, толькі што аб ногі не цярэцца, нібы гэта не ён, а яна вінаватая, і хоча цяпер загладзіць гэтую віну, так паддобрываецца, што, гледзячы на яе, не можаш пазбавіцца думкі, што яна яму здраджвае, а ён ведае, і настолькі звыкся з тым, што нават не вельмі перажывае.
— Я не п’яны, — папярэдзіў ён аднойчы, спыніўшыся са сваім графінчыкам і сокам каля майго століка. — Заслужаны дрынк!
— Я і не кажу, што вы п’яны.
— Гэтак, на вы? Тады прысяду? (А сам сядзіць ужо.) Вецер. Сапраўднае прозвішча. Паэт-няўдачнік. Графаман-аматар.
— Ну, калі чалавек так сам пра сябе — ён як мінімум ужо не графаман…
— Дзякую. Добра. Пытанне. Што такое паэзія, а што графаманства? Звычайнага якогась рабацягу-дзядзьку можна назваць паэтам, калі ён стараецца заўсёды гаварыць у рыфму? «Ой, пайду я к магазіну, убачу прадаўшчыцу Зіну, жыць на свеце мне не міла, я куплю сабе чарніла»? Гэта паэзія? Ці прафанацыя?
Я паціскаю плячыма — адкуль я ведаю?
— Тады яшчэ пытанне. (А сам і не пытае, толькі канстатуе.) «Былі ў мяне мядзведзі» — Уладзімір Караткевіч, «Быў у мяне Магнат» — Мікола Гіль, «Была ў сабакі хата» — прымаўка… Дык вось — была ў мяне Аксана.
Мне спяшацца няма куды. За вакном восень, вечар, дождж; куды такой парой на вуліцу, што на той вуліцы рабіць?.. У цёплай кавярні так прыемна, утульна… «У самовара я и моя Маша, а на дворе совсем уже темно, печальный дождь стучит в окошко наше…» — у тэму гучыць з тэлевізара перапеўка, цяпер гэта модна, браць старыя чужыя цудоўныя песні і казлінымі галасамі ўродаваць іх, але гэтая яшчэ па-Божы, не раздражняе. І я, хоць звычайна цярпець не магу такія знаёмствы, а тым больш розныя «цікавыя гісторыі», у якіх «усё так і было на самой справе», цяпер, у такі вечар, ахвотна пагаджаюся сядзець і слухаць — строкат дажджу аб шыбу, галасы за столікамі, песню пра Машу і гэтага самага Ветра.
— …Цяпер то я разумею, — вяртае мяне слых да яго слоў, — каго кахаеш — той і харошы, хто па душы — той і прыгожы… Словам, прыехала Аксана на канікулы да дзеда з бабаю. Але дзед з бабаю — асобная гісторыя, сюжэт у сюжэце… Сачы за думкай, лаві файл.
Ён і праўда зусім не выглядае на п’янага, гаворыць складна, талкова, сказы будуе хоць і залішне па-літаратурнаму, але з мінімумам банальнасцей, «красівасцей».
— Усё, як трэба — лета, вёска, вакацыі, акацыі… Лаўка, пах скошанай атавы… і раса, і зоры, і шпоканне спелых яблыкаў у траву… Жнівень, а адчуванне чамусьці, што чэрвень. Я ў тым годзе скончыў школу, яна — студэнтка. Мне семнаццаць, ёй дваццаць адзін. І я пачынаю карыстацца гэтым — розніцай ва ўзросце — напоўніцу. Яна ж нібыта вінаватая перада мной, што старэйшая. Плюс я адразу ўбачыў, што спадабаўся ёй. Хаця ў першы вечар, калі мы пазнаёміліся, яна была дзікая і дзіўная, напалоханая, яўна штосьці здарылася з ёю ў мінулым, якаясь цёмная, непрыемная гісторыя. Але ўжо ў другі вечар яна ажыла, пачала глядзець на мяне шырока раскрытымі вачыма, з падзякаю, з павагаю, з замілаваннем — так глядзяць на мага, гіпнатызёра, шаптуна, які пры дапамозе слоў-заклінанняў вяртае з небяспечных цянётаў да знаёмага, звыклага, любімага жыцця. Я не распытваў яе ні аб чым, проста бачыў, што ёй са мной добра, што яна адтаяла, акрыяла, і гэтага мне было дастаткова. Жадання дабівацца яе неяк ніколі не ўзнікала, бо я не ўспрымаў усур’ёз ні яе, ні сітуацыі. Яна была для мяне ўсяго толькі гульнёй, баўленнем часу… Цэлае жыццё — сапраўднае! — наперадзе, а гэта так, падрыхтоўка, прэлюдыя, размінка, назапашванне матэрыялу, набыццё вопыту… Аб чым бы яна ні загаварыла, я ўсё пераводзіў у жарт, у сцёб.
Патроху я ўжо і тады бухаў, бо якая б яна ні была падатлівая, як бы вольна з ёю ні пачувалася, усё ж гэта была дзяўчына — невядомы сусвет (тады здавалася), чужароднае цела, іншапланецянка, таму для вядомай смеласці, для падвешанасці языка пажадана было крыху паддаць. Так я і рабіў. З шасці нашых вечароў чатыры прыходзіў п’янаваты. Чытаў ёй:
Часта бывае, што выбраць не ў стане:
злева — гарэлка, справа — Аксана.
Ды ў выпадку тым я нядоўга гадаю,
стары анекдот я тады ўспамінаю:
«Як толькі гарэлка зашкодзіць каханню —
пашлі ты падалей… каханне сваё!»
— Па логіцы — гарэлку трэба паслаць, — тлумачыць Вецер, — а атрымоўваецца — дзяўчыну.
Яна была ў захапленні. Такой пяшчотаю ззялі яе вочы, так аддана яна на мяне глядзела, убірала ў сябе кожнае, нават дурное маё слова. «Божа, які ты таленавіты… Я адразу ўбачыла — ты не вясковы, не просты… Ты разумны, назіральны, начытаны… Я адчуваю, пэўна ведаю, што ў душы ты не кепскі, не жорсткі, а добры, мяккі і ранімы… Проста за гэтай бравадаю ты хаваешся… Нават цынізм твой сімпатычны, не хамскі, як у іншых…»
Што да цынізму, дык сапраўды, хапала яго ў мяне.
Яе дзеда з бабаю звалі Пятро Козыр і Ева. Славутая на ўвесь раён сям’я. У вайну Козыр быў на фронце, Еўка, як і належыць, чакала яго, тут прыходзіць аднекуль аж з Алтая вестка, са шпіталя, што так і так, ваш муж Пятро Пятровіч Козыр цяжка паранены, сляпы, без рук, без ног… Яе нічога не спыніла, сабрала клуначак (як у «Баладзе пра салдата») і ваенным ліхалеццем паперлася — вясковая беларуская цёмная маладзіца — праз увесь Саюз у той Алтай, і дапала-такі шпіталя, дзе высветлілася, што гэта не яе Козыр, проста поўны цёзка, а яе Пятро ваяваў, патрапіў у палон, выжыў у канцлагеры — тым, што кінуў курыць і мяняў цыгарэты, якія ім выдавалі, на лішнюю лустачку хлеба, і так яму пашэнціла, што пасля вайны яго нават не пасадзілі — наадварот, прызначылі лесніком і дазволілі трымаць каня. Кожнае раніцы ў любую пару года Козыр яго запрагаў, Еўка стаяла побач і сачыла за кожным яго рухам — так любіла яго.
Я пацяшаўся і з той паездкі — маўляў, дурная твая Еўка, раз ужо дабралася да Алтая, дык хоць бы скарысталася гэтым, цёзка дарма што скалечаны, але ж да мужчынскіх абавязкаў прыдатны; сцябаўся і з запрагання каня, і з таго, што калі Пятро быў пад мухай, абавязкова, выпраўляючыся ў свой лясны абход, цалаваў на развітанне жонку. «Запрягает Козырь лошадь, — пятнаццаць разоў за вечар мог паўтараць я, — Ева вожжи подаёт, Козырь Еву поцелует, Ева козырем пойдёт», — іншая плюнула б, Аксана ж, добрая, мілая душа, была ў захапленні і ад гэтай дурной цыганшчыны, толькі мякка ўшчувала:
«Божа, як табе не сорамна, які ў цябе ў галаве вецер!» — і глядзела на мяне закаханымі вачыма.
Вецер выпівае свае грамаў сорак — класічны дрынк, глыток соку і працягвае:
— Калі мы развітваліся; яна была такая сур’ёзная, маўклівая, толькі ў канцы сказала: «Ведаю, ты не кахаеш мяне… Але калі не дай Бог нешта здарыцца з табою — не тое што да Алтая, да краю свету дайду, і знайду цябе, і не кіну любога!» У мяне сэрца зайшлося — дзе, калі я знайду такое дзіва, такую дзяўчыну, ды і нашто шукаць, калі вось яна, побач?.. А ўголас сказаў, хіхікнуўшы: «Пешкі прыйдзеш? Босая?»
Зноў дрынк, сок… Вецер пачынае часціць. Я пасля паўзы задаю недарэчнае, абыякавае пытанне:
— Прыйшла?
— Мгу… Як тыя хлопец з дзеўкаю выходзяць з аўтобуса, хлопец культурна падае руку, памагае ёй выйсці, яна — ціхмяна, любоўна: «Ты же смотри, не убегай». — «Да, бля, от тебя убежишь!» Так і ад маёй Аксаны.
— Што?! Вы… хочаце сказаць…
— Ну так. Гэта мая жонка. Якая, як толькі выйшла з ЗАГСа, з міленькай ціхоні ператварылася ў такую дрэнь, якіх пашукаць, якая толькі і ўмее, што з ложка ў ложак скакаць… З кім толькі не здраджвала мне! І развесціся — неяк лянота, ды і не бачу прычын, усё адно наступная будзе такая ж, усе яны аднолькавыя для мяне цяпер. Такія планы, талент, жыццё — усё загубіла! Ды каб не яна, я паэтам мог бы стаць! Што паэтам — чалавекам! У каго яна мяне ператварыла? Дзе падзеўся мой гумар, мой бяскрыўдны цынізм, памяць, цікавасць да жыцця, да людзей, да літаратуры?!
— Ну, чаму, — няўпэўнена кажу я; а што яшчэ казаць у такіх выпадках. — Усё гэта засталося… ёсць і цяпер…
Але ён ужо не слухае. Бялеючы, гледзячы паўз мяне — туды, у сваё лета, дзе сярод акацыяў згубілася яго Аксана, ён ледзь не крычыць:
— Ну чаму мне не было якога знака? Я ж быў малады зусім! Дурны зусім! Дык навучыце! Такім трэба сігналы падаваць, уключаць святло ў мазгах: чырвонае — небяспека, жоўтае — асцярожна, зялёнае — вось тады можна… Я ж не вінаваты! Я думаў, гэта яна святая, наіўная, чыстая, а то я быў у той перыяд наіўны, чысты і… дурны!
Бачыць жонку, яе парасон праплывае за вакном. Аксана ідзе забіраць мужа. Ён падымаецца, хіснуўшыся:
— І натрапіш на гэткую нетру, — мармыча, ці то жонку маючы на ўвазе, ці то сваё незразумелае, пустое існаванне, — бы ў прыдоную чорную цьму… Не — я толькі ад лютага ветру, я ад ветру схаваўся ў карчму!
2009 г.