19. Ліліт
19. Ліліт
Вясна. Май. Глыбокая ноч. Я адзін. Пакой на другім паверсе. Калі выйсці на балкон, побач цвіце груша. Хрушчы шапочуць у лісці. Груша старая, тоўстая, крывая. Можна працягнуць руку і гладзіць лісце і кранаць квецець…
Стук у дзверы — начны, гучны, чужы! Аж дыханне перахопівае ад злосці і нерваў. На парозе — Кернажыцкая. Ліля Кернажыцкая, беленькая шляхцяначка, цнота хадзячая.
(«И вот в том самом черном фраке, в котором был вчера убит, с улыбкой томною гуляки я подошел к моей Лилит»…)
Абдымае мяне і горача шэпча:
— Як добра, што ты яшчэ не спіш. Усё пішаш? Я жадаю табе… не, я проста ўпэўнена, што ты станеш… незвычайным пісьменнікам! Ты такі… такі…
Потым цалуе мяне.
— Можна, хлопцы залезуць па грушы на твой балкон?
Можна. Адчыняю балкон. Трое. Праходзячы праз пакой, адзін азіраецца і аглядвае мой ложак.
— А дзе баба? Слухай, першы раз бачу, каб хлопец адзін спаў, без бабы…