18. «Рэцэнзія-водгук»
18. «Рэцэнзія-водгук»
Ні ў воднай крытыцы свету не прынята чапаць дэбютантаў. Толькі не ў нашай. Наша, падобна, адных дэбютантаў і чапае. І поруч з тым — якое рабалепства перад г. зв. імёнамі, імёнамі, якія, на добры лад і калі ты добры крытык, варта было б размазаць, як кашу па талерцы. Ды Бог з ім. «Крытыкуйце» і далей. Толькі не плачцеся, што ў нас няма твораў-узораў, вартых вашага пяра — сапраўдны крытык разгорнецца і на прыкладзе антыўзораў.
Усе водгукі, якія з’явіліся на маё першае ў жыцці «Сачыненне», былі адмоўныя. Захаваўся адзін. Анатоль Сідарэвіч. «Творы двух дэбютантаў — 23-гадовага студэнта Андрэя Федарэнкі і старэйшага за яго на дваццаць гадоў Г. Станкевіча — надрукаваны ў студзені і ў лютым. Што запомнілася? Фабула (о-о, як вам? Пачатак рамана. Не, далібог, пачынаю верыць, што свет напоўнены знакамі, намёкамі, супадзеннямі…) Федарэнкавага апавядання пра сачыненне. Вучань напісаў самастойнае, арыгінальнае сачыненне. Выкладчыца падумала, што ён яго спісаў, і паставіла вучню „адзінку“. Хацеў бы і я, чытаючы Федарэнкаву публікацыю, не паверыць і спытаць: „Няўжо аўтару ўсяго дваццаць тры гады?“ І ўжо напэўна я не паўтарыў бы памылку тае настаўніцы…»
«Іслач». Нарада маладых пісьменнікаў, 86 год. Яўгені Лецка (пра мяне): «Я думаў, гэта дарослы мужчына, за 50… Вось такія і губяць нашу літаратуру. Яму 23, а піша так, нібыта 83».
Уладзімір Дамашэвіч (дамашняя, добрая душа) — «Федарэнка як музыкант, які не ведае нотаў, бярэ на слых, правярае да таго часу, пакуль не перастане фальшывіць…»
Аднак нам цікава пакуль што іншая музыка — палітэх, туды, туды!