24. «Трыолет»
24. «Трыолет»
Складальнік буклета меў рацыю «з высокай духоўнасцю і няспынным пошукам ісціны». Канечне, цяпер такія людзі — атавізмы, выкапні, і мне самому ўжо слаба верыцца, што яны некалі — не так даўно! — існавалі.
Фіналам да «Гарадскога сшытка».
Дзяўчына, якую ўсе звалі «пана», альбо «паненка» (можа, і прататып Лены), узяла ў мяне магнітафон і не аддае каторы дзень. І дзверы не адчыняе. Бяру блакноцік, аловак, каб пакінуць запіску, стукаю — звыклае маўчанне. І тады замест запіскі складваецца наступнае:
Вельмішаноўная паненка!
Як шкода, што няма Вас дома.
Да Вас заходзіў Федарэнка:
Як шкода, што няма Вас дома!
За трыолет прабачце дрэнны —
Мне кепска без магнітафона…
Вельмішаноўная паненка,
Як шкода, што няма Вас дома!
Алесь Бяляцкі доўга рагатаў: «Прыдумаць жа такое!» Асабліва яго смяшыла рыфма: паненка — Федарэнка.