18. Субяседаванне
18. Субяседаванне
Лёгка сказаць — вырвацца.
Трэба не проста з’ехаць упрочкі. Трэба была абавязкова вышэйшая навучальная ўстанова, і абавязкова звязаная з літаратураю, бо залежнасць ад яе была ўжо куды мацнейшай, чым ад таго ж спіртнога.
Як гэта зрабіць? Без грошай, без блату, без «чырвонага дыплома», без накіравання? У кожнае ВНУ каля дзесяці чалавек на месца. Плюс гуманітарныя ВНУ патрабуюць, каб меў нейкае дачыненне да творчасці (а ўся мая «творчасць» — сіні канверт ды два вершыкі ў раёнцы, і тыя згубіліся). І тут, як не раз яшчэ здарыцца ў жыцці, памагла армія, радок з характарыстыкі: «активно сотрудничал с „Боевым лиском“, некоторое время являлся редактором его…»
З гэтым радком узнікаў адзін з сотні шанс быць — не, не дапушчаным да экзаменаў, не стаць абітурыентам, а ўсяго толькі слухачом на падрыхтоўчым аддзяленні. І нават ім зрабіцца няпроста, трэба прайсці «субяседаванне». Тры прадметы: гісторыя? нямецкая? — не памятаю. Апошняя — літаратура. «Паднятая цаліна». Пашэнціла. «Всерьёз собрались Рваные шчупать Советскую власть…» Выдатна, пяць. Тры пяцёркі. (Як Бунін ніколі не змог прывыкнуць да савецкага правапісу, так я ніколі не прывыкну да цяперашняй дэбільнай дзесяцібалкі.)
Выйшаў на вуліцу. Іншымі вачыма агледзеў гэты горад, іншымі вушамі яго пачуў, іншымі ноздрамі ўдыхнуў яго паветра…
Вечар, цягнік, купэ, толькі я і нейкая жанчына. Дастаю пляшку «чарніла», набулькваю поўную, 250 грамаў шклянку, спакойна выпіваю да дна. І раптам жахлівы стогн:
— О-ох, Божа мой мілы, Божа літасцівы! Што ж гэта робіцца на белым свеце?!