26. Эпілог ІІ часткі

26. Эпілог ІІ часткі

Палкоўнікі, як правіла, лепшыя ваякі за генералаў, а генералы — за маршалаў.

«Адзін далёкі родзіч прыехаў на кватэру з бутэлкай і, як яна была выпіта, папрасіў пазычыць адзін мільён рублёў. Быў дужа здзіўлены, калі я сказаў, што такіх грошай у вочы не бачыў. „Які ж ты тады пісьменнік?“ — папракнуў ён. Сапраўды, жахлівая рэч — страта невядомасці, як пісаў разумны амерыканец Джон Стэйнбек» (В. Быкаў).

У «сярэдняга» пісьменніка заўсёды ёсць фора перад «славутым». Многае яшчэ наперадзе — і сам не ведаеш, і іншыя не ведаюць, чаго ад цябе чакаць, — у адрозненне ад пісьменніка «славутага», які сваю вышыню ўзяў, у якога ўжо ўсё адбылося і застаецца толькі або спачываць на лаўрах, або спускацца ўніз: паўтарацца, выпісвацца, гнаць вал, без надзеі кагосьці чымсьці здзівіць…