3.?

3.?

Значыць, выпадак? Усё залежыць ад выпадку?

Добра. Але ж нават у межах амплітуды гайдання гэтага маятніка: пашэнціла — не пашэнціла, варта і трэба жыць. А як на войнах, а колькі людзей пераносяць яшчэ не такое гора — і жывуць!

Не важна, колькі разоў ты ўпаў, важна, колькі падняўся.

Парадуйся Парыжу, перацярпі бальніцу і займайся тым, чым і да гэтага займаўся: пішы. Рабі тое, да чаго ляжыць душа, што ў цябе, як ты лічыш, лепш за іншае атрымліваецца, у чым ты бачыш сваё прызванне — а там як карта ляжа, там аддацца на волю закону: пашэнціла — не пашэнціла.

Тым больш мне тады было пад сорак, некаторыя празаікі толькі пачынаюць у такім узросце. У мяне ўсё ж быў вопыт, вера ў літаратуру як у доктара, веданне, як яна можа лячыць, даючы гэтае чароўнае забыццё — любы выпадак, любую падзею: смерць, нараджэнне, жаніцьбу, развод, радасць, гора, хваробу, старасць, беднасць і занядбанасць, славу і багацце — усё можна раскласці па палічках, растлумачыць, пераплавіць у мастацкія вобразы і супакоіцца.

Аднак нешта зламалася ва мне. Па інерцыі я яшчэ дацягваў пачатае старое, але ўжо неахвотна, без энтузіязму. Літаратура раптам згубіла ранейшыя фарбы і гукі. Я не бачыў стымулу пісаць далей. Не ведаў, пра што, для каго і навошта?

Але як жа так?

На літаратуру было пастаўлена ўсё. Яна была чымсьці вечным, непарушным, адзіным, што мела сэнс у жыцці, больш таго — яна была вышэй за жыццё, бо была самадастатковай, значыць, не магла быць пераможана нічым, і ў сваю чаргу, з’яўляючыся своеасаблівым «страхавым полісам», павінна была аберагаць ад любога выпадку, любой нечаканасці.

І вось гэтая страхоўшчыца, ратавальшчыца, самадастаткоўшчыца адыходзіць з першага плану на невядома які. Перастае памагаць. І да яе з’яўляюцца апатыя і агіда.

Трэба было тэрмінова разабрацца з гэтым. Інакш усё губляла сэнс. Інакш я проста не змагу пісаць далей, адпаведна, і жыць.

Пра тое, каб знайсці літаратуры замену, я не дапускаў і думкі. Я адчуваў, што нічога ў свеце больш не паможа — толькі магчымасць выбіцца зноў на знаёмыя каляіны.

І я ліхаманкава пачаў ўспамінаць, дзеля чаго я рабіў гэта раней. Чаму мне так падабалася выдумляць мастацкія творы? Што вадзіла рукою столькі гадоў? Пісаў ад няма чаго рабіць? Для стварэння «галерэі нацыянальных тыпаў»? Шукаў «станоўчага героя»? Ці хацеў стаць «прарокам», якімсьці «народным», ці нейкім лаўрэатам?

А можа, гэта быў звычайны пісьменніцкі стандартны набор? Чытачы? Слава? Грошы?