1958

1958

Кніга аб бессмяротным подзвігу

Аб гераічным подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны напісана многа добрых кніг. Кожная з іх у меру сваіх літаратурных вартасцей, у сілу таленту аўтара парознаму займае чытача, уваскрашае ў памяці нялёгкія справы мінулых дзён.

Гэтая ж кніга асаблівая[1]. У ёй няма літаратурнага прыгоства, адсутнічае ўсякая знарочыстасць сюжэта — яна натуральная, як само жыццё. I ў той жа час ні адна, бадай, кніга аб мінулай вайне не здольна так усхваляваць чытача, так захапіць яго ўвагу і выклікаць столькі думак і пачуццяў, як гэты тонкі зборнік апавяданняў аб ашаламляльных падзеях мінулага.

Доўгі час аб удзельніках гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці мала што ведалі людзі. Вельмі ўжо нямнога засталося герояў, сотні іх загінулі пад руінамі фартоў і равелінаў, у фашысцкім палоне, куды яны, параненыя і знясіленыя, былі захоплены ворагам.

Так ішлі гады, зарасталі травой і кустамі руіны крапасных збудаванняў. Народ ведаў толькі, што там у першыя тыдні вайны ішлі жорсткія баі. Пасля вядомы сталі нямногія імёны загінуўшых абаронцаў, аб жывых невядома было нічога.

Але вось пісьменнік, Сяргей Сяргеевіч Смірноў, які напісаў шэраг кніг аб памятных баях Савецкай Арміі, зацікавіўся гэтай малавядомай старонкай гісторыі Айчыннай вайны. Глыбока разумеючы свой пісьменніцкі і грамадзянскі абавязак, ён не стаў карыстацца лёгкім спосабам вывучэння брэсцкай абароны па газетна-часопісных крыніцах, а пачаў упарта шукаць відавочцаў і ўдзельнікаў баёў. Пісьменнік шукаў фактычны матэрыял падзей, а знайшоў, перш за ўсе, герояў. Лёс і справы іх не маглі не хваляваць аўтара, і Сяргей Смірноў паведаміў аб іх людзям. Так, упершыню з радыёапавяданняў пісьменніка стала вядома пра храбрага нампалітрука Самвела Матэвасяна, які ўзначаліў першую контратаку асаджаных, пра хлопчыка Пецю Клыпу, які здзівіў ўдзельнікаў абароны сваім недзіцячым гераізмам, аб подзвігу камандзіра 44-га асаджанага ў крэпасці палка маёра Гаўрылава, аб мужнасці расстралянага немцамі палкавога камісара Фаміна.

Гэта была цяжкая, смяротная барацьба, але абаранялі крэпасць савецкія людзі, якія стаялі насмерць. «У самую суровую, цяжкую для Радзімы гадзіну, — расказвае С. Смірноў, — калі сэрца кожнага савецкага чалавека было поўна глухой трывогі за лёс усяго народа, за лёс сваіх родных і блізкіх, — у гэты самы час крэпасць аказалася наглуха адрэзана, як сцяной, адгароджана ад знешняга свету… Ім не скідвалі з самалётаў боепрыпасаў і харчоў. Аб іх не пісалі ў газетах, не гаварылі па радыё. Радзіма нават не ведала аб тым, што яны вядуць сваю гераічную барацьбу… Так невядомымі героямі, „не дзеля славы, дзеля жыцця на зямлі“, гінулі абаронцы Брэсцкай крэпасці. Іменна так, не захаваўшы для нас ні сваіх подзвігаў, ні нават сваіх імёнаў, безыменнымі радавымі байцамі Радзімы амаль усе яны палеглі на крапасных каменнях»…

Без глыбокага хвалявання немагчыма чытаць многія раздзелы гэтай выдатнай кнігі. Гартаецца старонка за старонкай, і чытач разам з аўтарам становіцца сведкам гераічных подзвігаў абаронцаў крэпасці — байцоў і камандзіраў, пехацінцаў, артылерыстаў, пагранічнікаў. Не менш хвалюючыя і сцэны сустрэч герояў абароны, якія адбыліся ў гонар 15-годдзя баёў у крэпасці. Радзіма, увесь савецкі народ шырока адзначалі слаўную гадавіну. Міністэрства абароны Саюза ССР арганізавала ў Маскве сход грамадскасці сталіцы з удзелам прыбыўшых туды герояў Брэста. Сустрэчы з імі таксама адбыліся ў Мінску і Брэсце. Былыя абаронцы крэпасці наведалі памятныя руіны і раскідалі кветкі на месцах, дзе змагаліся самі і дзе загінулі іх баявыя таварышы. Подзвіг герояў быў высока ацэнены Савецкім урадам. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР маёру запасу Гаўрылаву ў 1957 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Ордэны і медалі атрымалі і многія іншыя ўдзельнікі баёў за крэпасць.

Пісьменнік С. С. Смірноў напісаў выдатную кнігу. Аднак заслуга аўтара не вычэрпваецца стварэннем гэтай кнігі і выяўленнем герояў Брэсцкай крэпасці. Чытачы, радыёслухачы і ўсе савецкія людзі разам з героямі славутай абароны ўдзячныя пісьменніку за тыя яго сапраўды самаадданыя клопаты, якія ён праявіў да лёсу несправядліва зняслаўленых людзей. Намаганнямі аўтара кнігі быў рэабілітаваны і вернуты з далёкай Якуціі ўдзельнік баёў у крэпасці А. I. Філь, датэрмінова вызвалены са зняволення Пётр Клыпа, адноўлены ў радах КПСС Самвел Матэвасян і маёр Гаўрылаў. Гэта была нялёгкая і клапатлівая справа. Пісьменніку давялося вывучыць многія архіўныя матэрыялы, сабраць дзясяткі паказанняў сведак, пісаць, хадайнічаць, выязджаць у розныя раёны краіны. Але, будучы да канца верным справе пісьменнікакамуніста, С. С. Смірноў не шкадаваў сіл і часу, патрачаных на рэабілітацыю людзей, якія не шкадавалі жыцця ў баях за Радзіму.

Савецкі народ у гераічнай барацьбе за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы панёс велізарныя ахвяры. Гэтага нельга забываць дзеля нашай упартай барацьбы за мір, якая немагчыма без горкай памяці аб бедствах мінулай вайны.

[1958]