Замест аўтабіяграфіі

Замест аўтабіяграфіі

Нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ля Кубліч на Полаччыне. З дашкольнага дзяцінства прыахвоціўся да кніжак. Чытаў без разбору ўсё, што трапляла пад рукі. Час без кніжкі здаваўся пустым і нецікавым. Літаратура змалку стала такім важным духоўным фактарам, што з ім не магла раўняцца нават прырода, якая звычайна вельмі шмат значыць у фарміраванні характару вясковага жыхара. Дзяцінства ж выдалася скупое на радасці і труднае, як і ўвесь той час. Часта жылося ў непаладках, нястачы. Пэўна, з прычыны нейкай інстынктыўнай душэўнай самааховы змалку зазнаў цягу ў свет выдуманага, уяўнага, які з часам зрабіўся звыклым прытулкам сярод суровай рэчаіснасці. Майн Рыд, Жуль Верн, Джэк Лондан, а таксама Гайдар, Горкі, Талстой — вось уладары маіх тагачасных дум, тыя, хто запаліў у душы агеньчык надзеі і паклікаў да іншага і светлага. Пазней прыйшло хараство выяўленчага мастацтва, якое захапіла адразу і моцна і прывяло ўрэшце ў Віцебскае мастацкае вучылішча.

Толькі вучыцца там доўга не давялося: у 1940 годзе адмянілі стыпендыі, і гэтая акалічнасць зноў вярнула мяне ў вёску. Невясёлым было тое вяртанне, але з яго пачыналася сталасць.

Перад самай вайной апынуўся ва Украіне, у ліпені — жніўні капаў акопы, з арміяй адступаў да Варонежа, зазнаў шмат трывог за сябе, за Радзіму і за лёс чалавецтва таксама. Пасля быў год звышчалавечага напружання ў вайсковым вучылішчы: дзесяцігадзінныя заняткі, земляныя работы і начныя дзяжурствы на абаронных заводах, якія люта бамбілі немцы. Нарэшце ўсё скончылася паспешлівым выпускам, пагонамі малодшага лейтэнанта і радаснай перспектывай фронту. Аднак на фронце ўсё аказалася куды болей цяжкім і складаным. У першым жа баі загінуў сябра, з якім я прыехаў з вучылішча, нямецкія танкі разграмілі наш полк. Да перамогі было далёка, ваяваць вучыліся трудна, часта на ўласных памылках і стратах. Як нялёгка далася яна нам — наша перамога, аб тым яшчэ не сказалі ўсяго ні гісторыя, ні мастацтва. Відаць, яшчэ не прыйшоў мастак, які здолеў бы ўзняць з глыбіні мінулага ўсю агромністасць людскіх выпрабаванняў. Часам я думаю, што і чалавецтва яшчэ не да канца ўсвядоміла, чаго яно пазбылася ў мінулай вайне, што набыло і колькі каштавалі тыя яго набыткі. Што датычыць мяне, дык даводзілася і наступаць і абараняцца, акружаць і выходзіць з акружэнняў. Быў два разы паранены, ляжаў у шпіталях, ваяваў у артылерыі і пяхоце, якую ніколі не перастану лічыць вялікай пакутніцай і гераіняй вайны адначасна. Аднаго толькі ўласна перажытага хапіла б на многія кнігі. Вайна выдалася неверагодна цяжкай і крывавай. Зрэшты, гэта элементарна і не патрабуе ніякіх доказаў. Сталінград для краіны быў аднойчы ў вайну, а для салдата на пярэднім краі ён здараўся куды як часта. I ўсё ж трэба было намагчыся, каб выжыць і — галоўнае — перамагчы, бо пагібель часам была як здрада жывым. Салдат з усяе сілы павінен быў біцца за сябе і таварышаў, тым самым ён змагаўся за Радзіму, бо сам быў часткай Радзімы і народа, у імя жыцця і свабоды якіх і вялася тая вайна. Затое нічога ў нашым жыцці не магло параўнацца з той радасцю, якую давялося перажыць у самую сонечную вясну Перамогі. Гэта была найвышэйшая ўзнагарода за ўсе пакуты вайны, за пралітую кроў і за слёзы таксама.

Усю вайну і яшчэ дзесяць год пасля яе быў далёка ад Беларусі, але светлы вобраз роднага краю мацярынскай пяшчотай жыў у маім сэрцы. Радзіма клікала ў снах, трывожыла ў марах, напамінала аб сабе паўзабытай матчынай мовай. Першыя апавяданні напісаў у 1951 годзе, знаходзячыся на афіцэрскай службе ў радах Савецкай Арміі. Здарылася тое, мусіць, з прычыны незадаволенасці шмат якімі з кніг аб вайне, пабудаванымі па шырока распаўсюджаных у той час літаратурных схемах. Але тая першая спроба пяра не хутка ўбачыла свет, і не толькі таму, што час быў мала для яе прыдатны, але і па прычыне вечнае неадпаведнасці «должного и сущего», калі ісціна знаходзілася ў занадта высокім бастыёне, каб з першага наскоку ўдалося яе дасягнуць. Пасля напісаў болей, узяўся за аповесці. Некалькі рэчаў лічу няўдалымі, у іншых, здавалася, быў блізка да мэты, на якую нацэліўся. Але цяпер бачу, што ўсё той жа бастыён вялікае праўды аб вайне паранейшаму сурова высіцца ў аблоках мінулага, і каб дабрацца да яго вяршыні, пэўна, мала аднае настойлівасці. I ўсё ж якой бы ні была яна непрыступнай, тая вяршыня, трэба караскацца на яе, бо, як пісаў Генрых Бёль, чалавек перастае быць мастаком не тады, калі стварае слабы твор, а ў той момант, калі пачынае баяцца ўсялякай рызыкі.

[1965]