[ІНтэрв’ю газеце «Літаратура і мастацтва»]

[ІНтэрв’ю газеце «Літаратура і мастацтва»]

— Васіль Уладзіміравіч, «пад заслону» года ў друку паведамлялася пра вашу сустрэчу з чытачамі ў Маскве. Раскажыце, калі ласка, пра гэта больш падрабязна.

— Сапраўды, нядаўна ў Маскве адбыліся два мае выступленні перад чытачамі — у Політэхнічным музеі і Дзяржаўнай бібліятэцы імя Леніна. Абодва гэтыя мерапрыемствы прыемна ўразілі добрай увагай сталічнага чытача да маёй творчасці, даволі грунтоўным веданнем яе. Хаця і нялёгкая гэта справа — на працягу некалькіх гадзін весці гаворку з вялізнай перапоўненай залай, але ўвогуле адчуваеш задавальненне, бо ідзе даверлівая шчырая бяседа аб справе, якая аднолькава цікавіць аўтара і яго чытачоў. Мяне нават трохі здзівіла тая глыбіня зацікаўленасці праблемамі жыцця і літаратуры, якую праявілі масквічы. Аказалася, што ніводны радок, ніводнае слова нашых твораў не праходзяць міма самай пільнай і прыдзірлівай чытацкай увагі, і ўсё ў нашых творах — як несумненныя вартасці іх, так і прыхаваныя хібы — будуць належным чынам ацэнены. Карацей кажучы, у Маскве я меў шчасце сустракацца з самым зацікаўленым, патрабавальным і ўдзячным чытачом, якім можа ганарыцца кожная нацыянальная літаратура.

— Ці не маглі б вы, Васіль Уладзіміравіч, у сувязі з гэтым пасвяціць нас і ў свае ўзаемаадносіны з найбольш блізкімі вам рускімі пісьменнікамі?

— Мой творчы вечар у Політэхнічным музеі вёў вядомы рускі празаік Юрый Бондараў, з якім у мяне даўнія і вельмі сардэчныя адносіны. Ён мой равеснік, у часе вайны служыў у звыклай для мяне стралковай дывізіі, мусіць, таму матэрыял яго кніг на тэму вайны блізкі мне і дарагі. Зноў жа, я адчуваю яго па-сяброўску вельмі зацікаўленае стаўленне да маёй творчасці, якое ён меў выпадак яскрава засведчыць у друку, калі была ў тым патрэба. Да таго ж гэта тонкі і глыбокі мысліцель, публіцыстыку якога чытаць таксама цікава, як і яго мужную таленавітую прозу.

Я мог бы назваць яшчэ нямала старэйшых і маладых рускіх і з іншых рэспублік празаікаў, пераважна былых франтавікоў, з якімі ў мяне даўнія і сяброўскія адносіны. Асабліва гэта датычыць майго пакалення франтавікоў, якіх вельмі не шмат вярнулася з палёў мінулай вайны і яшчэ паменела за пасляваенны час. Няма ўжо маіх сябрукоў, выдатных пісьменнікаў К. Вараб’ёва, В. Земляка, Л. Якіменкі, В, Курачкіна, якія працягваюць жыць хіба у сваіх творах ды ў памяці тых, хто ведаў іх і любіў.

— Пытанне такое, можа, залішне адцягненае: як суадносіцца літаратура, проза, скажам, з выяўленчым мастацтвам у плане служэння грамадству, высокім ідэалам?

— Даўно вядома, што розныя віды мастацтва маюць блізкія, хоць і не зусім выяўныя падабенствы паміж сабой. Ёсць такія падабенствы і ў літаратуры з выяўленчым мастацтвам. Не кажучы ўжо пра агульнасць творчага метаду ці тэматыкі, гэта асабліва датычыць стылю, формы, меры аб’ектывізацыі ці, наадварот, аўтарскага суб’ектывізму ў творах прозы і жывапісу. Вядома, што літаратурны стыль многіх празаікаў, іх моўная манера даюць пэўнае права супаставіць іх з жывапіснай ці графічнай манерай многіх мастакоў, незалежна ад іхняй тэматыкі. Тэматыка можа быць блізкай, а можа і далёкай, нават супрацьлеглай па змесце, а вось стыль можа аказацца падобным.

Мабыць, гэта і зразумела, бо стыль — гэта чалавек, як сказаў Бюфон, а характар чалавека не можа не праявіцца ў справе рук яго. Так, напрыклад, існуе вялікае падабенства творчых манер беларускага пісьменніка У. Караткевіча і фламандскага мастака Брэйгеля. У іх аналагічнае бачанне свету і сходныя мастакоўскія адносіны да жыцця; чытаць гістарычную прозу Караткевіча таксама цікава, як і разглядваць палотны «мужыцкага» Брэйгеля, — пераход ад аднаго да другога не патрабуе ніякай душэўнай перастройкі. Можна нават сказаць, што той, каму падабаецца Брэйгель, з не меншым задавальненнем прачытае і Караткевіча, асабліва яго гістарычную прозу і з яе найперш гісторыю пра мужыцкага Хрыста, які «прызямліўся ў Гародні».

— Як вы ацэньваеце творчыя набыткі беларускай літаратуры за гэты год? Што з новых твораў найбольш імпануе вам асабіста?

— Вядома, я не магу прэтэндаваць на ўніверсальнасць маёй ацэнкі гадавых набыткаў беларускай літаратуры ўжо хоць бы з тае прычыны, што прачытаў далёка не ўсё. А за гэты год у друку з’явілася некалькі добрых, на маю думку, раманаў, якія заўжды нешта значаць для кожнай літаратуры нават з уласцівымі для іх хібамі, якія часам больш важныя для літаратурнай практыкі, чым яе несумненныя поспехі.

З таго, што прачытаў за год, мне падабаецца, напрыклад, ваенны раман В. Хомчанкі, аповесць В. Казько «Суд у Слабадзе», а таксама новая кніга А. Адамовіча, якая неўзабаве будзе друкавацца ў часопісе «Дружба народов». Ва ўсіх гэтых творах (і асабліва ў апошнім) наша мінулая вайна паўстае ў яе самых драматычных аспектах, асэнсаваных глыбокім і ўдумлівым аўтарам.

З вялікай увагай чытаю надзвычай змястоўную кнігу Э. Скобелева «Міраслаў князь дрыговіцкі», у якой, пры некаторай спрэчнасці паасобных момантаў, сабраны вельмі багаты гістарычны матэрыял, пададзены ў вельмі арыгінальнай літаратурнай форме. У нас не шмат такіх твораў, і таму я з гатоўнасцю вітаю кожную спробу ў гэтым напрамку, нават калі яна і не пазбаўлена недахопаў. Ісці першым заўжды трудней, але ж некаму трэба быць і першапраходцам.

— Васіль Уладзіміравіч, як вядома, рыхтуецца да друку ваш чатырохтомны Збор твораў. Што вас у сувязі з гэтым турбуе і хвалюе?

— Так, ужо здадзены ў вытворчасць першы том майго чатырохтомнага Збору твораў. Гэта, безумоўна, радасная падзея ў жыцці кожнага пісьменніка, яна мяне таксама нямала радуе, хаця і нясе з сабой новыя клопаты і немалую адказнасць. Найперш трывожыць думка: а ці будуць цікавыя даўнія (тым болей раннія) мае творы сучаснаму чытачу, што ён там знойдзе блізкага для сябе і сугучнага сённяшняму жыццю? Асабліва што датычыць матэрыялу вайны, праблемы і падзеі якой усё больш аддаляюцца ў глыбіню мінуўшчыны. Зноў жа ў гэтым сэнсе трэба мець на ўвазе, што з часу напісання аповесцей, уключаных у першы том, выйшла нямала выдатных кніг пра вайну розных аўтараў, і гэтая акалічнасць таксама не можа не ўплываць на адносіны сучаснага чытача да твораў, напісаных амаль два дзесяцігоддзі назад.

— Клопат немалы ў вас, Васіль Уладзіміравіч. Акрамя таго, у вас, мабыць, і яшчэ нешта ёсць у творчых планах?

Відавочна, новы 1980 год возьме нямала клопату ў сэнсе падрыхтоўкі наступных тамоў Збору твораў, якія выйдуць у 81-м годзе. Апроч таго, пішу адначасна два новыя празаічныя творы, адзін з якіх — на звыклую для мяне тэму вайны, другі ж — пра нашу сучаснасць. Калі пашанцуе з часам і настроем, дык да канца новага, 80-га года мяркую іх скончыць.

Інтэрв’ю вёў У. Анісковіч.

[1979]