[ІНтэрв’ю БелТА]

[ІНтэрв’ю БелТА]

— Для мяне паказ «Апошняга шанца» на купалаўскай сцэне — падзея вельмі важная, хвалюючая. У час работы калектыву над п’есай я часта бываў у тэатры. Сцэнічныя вобразы нараджаліся на маіх вачах, і я шчыра ўдзячны рэжысёру спектакля Валерыю Мікалаевічу Раеўскаму, акцёрам Леаніду Рыгоравічу Рахленку, Галіне Кліменцьеўне Макаравай, Паўлу Васільевічу Кармуніну і іншым за выдатнае ўвасабленне галоўнай ідэі п’есы. Яе раскрыццю, эмацыянальнай напоўненасці спектакля дапамагае арганная музыка Сяргея Картэса і мастацкае афармленне, зробленае Барысам Герлаванам.

Гэта чыста аўтарскія ўражанні. Здаецца, што іх падзяляюць і гледачы, якія так цёпла прынялі спектакль.

Цяпер з хваляваннем чакаю новага нараджэння сваёй першай п’есы — у МХАТ. Спектакль, як прынята гаварыць у тэатры, ужо «на выхадзе». Яго вырашэнне адрозніваецца ад купалаўскага, і гэта натуральна, паколькі розныя рэжысёрскі почырк, традыцыі калектываў, афармленне, выканаўцы. Але адзіным застаецца лёс герояў-падпольшчыкаў, іх паядынак з гестапа. У гэтым паядынку раскрываюцца характары савецкіх людзей, іх ідэйная перакананасць, вера ў перамогу, якія даюць ім сілы з гонарам вытрымліваць усе выпрабаванні.

Для мяне, пісьменніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, вельмі важна, што калектывы двух лепшых тэатраў краіны прысвячаюць гэты спектакль 30-годдзю Перамогі над фашызмам.

[1974]