Жыццём абавязаны

Жыццём абавязаны

Якім бы дасканалым ні было наша пісьменніцкае ўяўленне і яго здольнасць дамысліваць, у аснове рэалістычнай творчасці заўжды будуць вопыт, жыццё, выдатныя падзеі эпохі, сведкамі, а яшчэ лепш — удзельнікамі якіх мы былі. У гэтым сэнсе наша Вялікая Айчынная вайна стала не толькі найвялікшым выпрабаваннем у жыцці народа, але і рознабаковай школай народнай мужнасці, акадэміяй жыцця для тысяч маладых людзей, нашых сучаснікаў. Франтавы вопыт многіх з нас, стаўшы першым жыццёвым вопытам наогул, даў пасля выдатны матэрыял для нашай ваеннай літаратуры.

Аднак вядома, што час робіць сваю адвечную справу, і з кожным дзесяцігоддзем усё далей у незваротнае мінулае адсоўваюцца падзеі тых агняных гадоў, туман небыцця ўсё шчыльней засцілае справы і твары людзей, вырваных з таго жыцця вайной. Апроч нас і нашай недасканалай памяці, што яшчэ можа ўтрымаць іх у нашай свядомасці, зберагчы для гісторыі?

Вядома, шмат што можа зрабіць мастацтва.

Аднак мастацтва і літаратура пра вайну, маючы пэўную схільнасць да эпічнага і ўзвышанага, нярэдка мінаюць прыватнае і звычайнае, якімі б характэрнымі яны ні былі. У лепшым выпадку індывідуальнае, згубіўшы сваю канкрэтнасць, служыць хіба што нагодай, зыходным матэрыялам для мастацкіх абагульненняў.

Але як жа тады быць з радавым удзельнікам вайны, які меў свой канкрэтны характар, сваё няхай мала каму вядомае, але рэальнае імя, не праславіўся гучнымі подзвігамі, але ўсё ж крывёю або жыццём зрабіў свой уклад у справу перамогі? Вядома ж, усіх і кожнага не ўвекавечыць нават самай стараннай і працавітай літаратуры ўжо хоць бы па той прычыне, што іх — безліч. Тры беларускія пісьменнікі і сябры — А. Адамовіч, Я. Брыль і У. Калеснік — стварылі цудоўную кнігу, сабраную са сведчанняў сотняў людзей, цудам уцалелых пры масавых фашысцкіх акцыях. Кніга гэта ўнікальная як па сваім змесце, так і па маштабах ахопу. Але і яна далёка не вычэрпвае дадзенай тэмы, таму што як ні стараліся гітлераўскія эйнзацкаманды, сведкаў іх злачынстваў засталося нямала.

Я пра многае ўжо напісаў з таго, што бачыў і перажыў на вайне, але павінен прызнаць, што ўсё напісанае — толькі малая частка майго сціплага франтавога вопыту. Куды больш з яго не знайшло сабе месца ў маёй франтавой прозе, і невядома, ці знойдзе.

Канешне, хацелася б напісаць пра ўсё, каб хоць часткова адплаціць наш неаплатны доўг перад тымі, каго замест нас вырвала з жыцця вайна. Праўда, мабыць, няма неабходнасці ў кожным асобным выпадку брацца за тоўстую кнігу, можа, больш адпаведным іх памяці будзе простае і сціплае апавяданне аб іх салдацкім жыцці.

Так, больш за трыццаць гадоў у маёй памяці жыве вобраз лейтэнанта Пятра Міргарада.

Ён не быў маім сябрам, хутчэй наадварот: я недалюбліваў яго за лішнюю, як мне здавалася тады, гарачнасць, не заўсёды абгрунтаваную прыдзірлівасць старшага начальніка да свайго падначаленага. Канешне, ён валодаў такім правам, бо з’яўляўся камандзірам роты, у якой я служыў узводным. Я не ведаю, дзе ён цяпер, перажыў ці не гэтую вайну або, можа, даўно ўжо склаў сваю неспакойную галаву, але ён выразна бачыцца мне жывым — у сваім апаленым, караткаватым шынялку, шапцы, з аўтаматам на плячы, якім я ўпершыню ўбачыў яго ў тую заінелую снежаньскую раніцу, калі ён падвёў мяне да кароценькага строю майго стралковага ўзвода. Ён прадставіў узвод мне, а мяне прадставіў байцам — хмурым, недаспаным, азяблым, якія чакалі тады спазнелы сняданак. Я хацеў аб чымсьці запытаць байцоў, але ён нецярпліва кінуў: «Ладна, пасля пазнаёмішся. Камандуй! Праз дваццаць хвілін атака!»

Праз дваццаць хвілін была атака, шалёна лупцавалі варожыя кулямёты, а мінныя разрывы чорнымі плямамі за дзесяць хвілін спярэсцілі ўсё поле. Хутка мы заляглі, здавалася, не ў стане болей падняцца. Каб вызначыць шчыльнасць агню, камандзір роты на некалькі секунд ускінуў над сабой малую лапатку, і ў метале яе адразу ж з’явіліся дзве рваныя дзіркі ад куль. I ўсё ж мы ўсталі, паднялі байцоў і атакавалі вёску, на ўскрайку якой у брацкай магіле засталася трэць нашай роты.

Часам нам даставалася і болей.

Дзесьці на правабярэжнай Украіне, непадалёк ад Дняпра, згубілася вёска Севярынаўка, у стэпе пад якой нам суджана было перажыць найгоршае і расстацца.

Відаць, правароніла наша ахова, што ўвогуле было зразумела: у стэпе змяркалася, з аднаго боку дарогі ляжала непрыбранае кукурузнае поле, з другога месцамі цямнелі рэдкія сцірты саломы. Танкі наваліліся на нас нечакана, усе разам адкрыўшы агонь па батальённай калоне, у якой не было нават супрацьтанкавых ружжаў. У марознай прасторы загуло, загрукатала, крыжуючыся і разлятаючыся ў бакі, забліскалі сотні аўтаматных трас, пад якімі ўрассыпную беглі байцы. Танкі, завёўшы маторы, пачалі нас праследаваць, расстрэльваючы на хаду з усяе танкавай зброі. Не шмат каму ўдалося дабегчы да рэдкіх сціртаў, большасць назаўжды палегла на аснежаным полі, але і тых, што апынуліся за сціртамі, хутка дагналі танкі.

Непадалёку ад сціртаў я быў паранены і, імкнучыся адолець апошнія метры да сховішча, ліхаманкава поўз па снезе, цягнучы параненую нагу. Заставалася прапаўзці, можа, сто метраў, як мяне пачаў даганяць танк. Гэта быў не «тыгр» і не «фердынанд» — звычайны, добра знаёмы франтавікам сярэдні «Т-111», але і такога для мяне было дастаткова. Яшчэ здалёку кулямётчык запусціў па мне даўжэзнай чаргой, кулі з рассейваннем прабеглі па снезе, прадзіравіўшы мой шынелак і перабіўшы раменьчык палявой сумкі. Іншыя танкі расстрэльвалі тых, хто яшчэ бег да сціртаў, а гэты, здаецца, надумаўся раздушыць мяне гусеніцай і, трошкі прытармазіўшы, выразна павярнуў у мой бок. Уцячы ад яго я не мог, схавацца не было куды, скорчыўшыся на снезе, я з жахам глядзеў, як ён, скрыгочучы гусеніцамі і гайдануўшыся на павароце, рэзка рвануў да мяне. У маёй свядомасці мільганула адзіная думка: «Канец!», інстынктыўна я падабраў ногі, і тут грымотны выбух скалануў танк. Прыкметна губляючы хуткасць, той прагрукацеў побач, ледзьве не раструшчыўшы мае ногі, толькі ўціснуў у снег полы майго шыняля і нерашуча спыніўся. I тады я ўбачыў ротнага, знаёмая постаць якога мільганула за танкам. Ён нешта крычаў мне і схапіўся за аўтамат — з усіх люкаў машыны ўжо выскаквалі танкісты. I тады я сцяміў, што гэта работа ротнага, які ў апошняе імгненне паспеў кінуць кумулятыўную супрацьтанкавую гранату і падарваць танк.

Потым была доўгая ноч у марозным стэпе, хтосьці мне дапамагаў, мы дабраліся да дарогі, набрылі на фурманку. Міргарада я болей не бачыў.

Нішто так не цанілася на фронце, як таварыская ўзаемавыручка, пачуццё абавязку перад таварышамі, што трапілі ў бяду. Мноства разоў танкісты выручалі пяхоту, пехацінцы — артылерыю, наземныя войскі з паветра апекавала авіяцыя. Прыклады ўзаемавыручкі і высокай адказнасці за сваіх асабліва памятаюцца праз гады.

Неяк пад Луцкам у наш батальён прыбылі два малодшыя сяржанты — Свінцоў і Пронін. Яны былі залічаны ў мой узвод ПТА, які складаўся тады з дзвюх старога ўзору «саракапятак»: Свінцоў — камандзірам гарматы, а Пронін — наводчыкам.

У цяжкіх баях пад Секешфехерварам у Венгрыі здарылася так, што батальён, які вырваўся наперад, аказаўся без артылерыйскай падтрымкі, без танкаў. З супрацьтанкавых сродкаў засталася адна мая «саракапятка». I вось раніцай батальён, які разгарнуўся для наступлення, атакавалі нямецкія танкі.

Іх было нямнога, усяго якіх-небудзь сем штук, і яны не спяшаліся. Батальённы ланцуг залёг на адкрытым, падмерзлым полі, і танкі, паволі пасоўваючыся, пачалі метадычна выбіваць яго, пасылаючы ў кожнага байца па снараду — боепрыпасаў у іх хапала.

Мы таропка развярнулі «саракапятку» на нешырокай прасёлачнай дарозе, што абрасла рэдкім кустоўем, і скрозь яго адкрылі агонь. Але танкі ў адносінах да нас знаходзіліся наўкось у полі, так званы «вугал сустрэчы» снарада з бранёй аказаўся вельмі малы, і ўсе нашы бранябойныя снарады, ярка бліскаючы трасёрамі, разляталіся ад танкаў у бакі. Як заўсёды, у гарачцы бою нам здавалася, што вінаваты наводчык, што ён кепска наводзіць, «мажа»; мы злосна крычалі на яго, і ён, не менш злосна мацюгаючыся, пасылаў снарад за снарадам, і ўсё марна. Пасля дзясятка стрэлаў я кінуўся з канавы да гарматы, як раптам пад самым яе ствалом грымнуў разрыў, і гармата, скокнуўшы ўгору, завалілася набок. Падняўшыся, я адчуў, што паранены: з рукава па пальцах густа палілася кроў. Праз якую хвіліну з шасці чалавек разліку здолелі падняцца толькі двое, у тым ліку і паранены ў плячо Пронін. Мы падхапілі нашу ручную зброю і пад кулямётным агнём пачалі адыходзіць у тыл.

Тым часам, скончыўшы з гарматай і асмялеўшы, танкі падышлі яшчэ бліжэй да батальённага ланцуга, рэшткі якога нават не імкнуліся бегчы, бо бегчы не было куды: ззаду прасціралася адкрытае поле. Але цяпер у адносінах да агнявой пазіцыі гарматы яны аказаліся бокам, бяспечна падставіўшы свае слабыя для снарада барты. Пронін, які ўвесь час мацюгаўся і плакаў, бадай, болей ад роспачы, чым ад ранення, нічога не сказаўшы, раптам выскачыў з-за кустоўя, дзе мы перавязалі адзін аднаго, і пабег да гарматы.

«Саракапятка» добра была пакарэжана, прыцэл разбіты, але ствол і замок былі, мабыць, спраўныя, і Пронін адкрыў агонь. Лежачы ў канаве, мы чулі злыя ягоныя выкрыкі каля гарматы і бачылі, як зноў замільгалі бранябойныя трасы — у барты, пад вежу, па маторах фашысцкіх танкаў. Хутка адзін з іх задыміў, другі стаў разварочвацца, сцелючы па зямлі перабітую гусеніцу. Але вось некалькі танкавых вежаў паспешна развярнуліся ў бок дарогі, і тры амаль адначасных стрэлы з іхніх гармат назаўжды скончылі з нашай «саракапяткай».

Чаму Пронін рашыўся на гэта самаахвяраванне? Пачуццё адказнасці і свайго воінскага абавязку, думаю, кіравала ім.

У сваёй прозе я так і не знайшоў месца ні для Міргарада, ні для Проніна, аб чым не перастаю шкадаваць і цяпер, але і нічога не магу зрабіць. Відаць, усё ж мастацкая проза больш выбарачная па сваёй прыродзе, чым які іншы від мастацкай творчасці. Таму хай гэтыя скупыя радкі будуць маёй сціплай данінай памяці тым, аб кім я заўсёды думаю і каму абавязаны самым дарагім — жыццём.

[1974]