[ІНтэрв’ю газеце «Літаратура і мастацтва»]
[ІНтэрв’ю газеце «Літаратура і мастацтва»]
Кожная ўзнагарода, апроч таго, што лашчыць самалюбства ўзнагароджанага, яшчэ і напамінае яму пра абавязкі, і, мусіць, у гэтым яе найбольшы сэнс. Бо пісьменнік амаль ужо не ўладар над тым, што напісана, выдадзена і прачытана дзясяткамі тысяч яго чытачоў, але ён — паўнапраўны распарадца над сваімі планамі, задумамі і іх здзяйсненнямі.
Удастоеныя высокай прэміі мае аповесці напісаны не ў апошні час, і, як бывае ў такіх выпадках, нямала аддаліліся ад аўтара ў многіх сэнсах, аўтарскія ж клопаты — ужо ў будучым, у новым матэрыяле. Хаця, трэба сказаць, што для мяне гэты матэрыял усё той жа — неўміручы подзвіг народа ў небывалай па жорсткасці вайне, якую ён перажыў з гонарам, з сусветнай славай, але і з найвялікімі ахвярамі. Менавіта гэты подзвіг яго і яго ахвяры абавязваюць мастака да многага ў яго працы, а найболей — да праўды.
Чалавечая памяць у яе псіхалагічным сэнсе ўладкавана такім чынам, што найпершай яе ўласцівасцю з хадой часу з’яўляецца адсейванне непрыемнага, цяжкага і схільнасць да добрага, удачлівага, нават камедыйнага. Мабыць, з гэтай прычыны ў апошні час паявіліся вясёлыя фільмы пра вайну, дзе налі хто і гіне, дык гэта ўспрымаецца са светлым смуткам і не ўплывае на святочна-прыўзняты настрой гледача, з якім той прыйшоў у кінатэатр. Не навіна гэткія творы і ў літаратуры. Мусіць, гэта заканамерна з пункту погляду ўсё той жа псіхалогіі, але толькі не сур’ёзнага мастацтва. Паасобны чалавек або група людзей могуць забыць МНОГАЕ з мінулага, мастацтва ж не мае права забыць НІЧОГА. Толькі сукупнасць усіх раўнадзейных і ўсіх рознанакіраваных, уся механіка іх узаемадзеяння і складаюць тое галоўнае, што мы называем праўдай жыцця.
Гэта, вядома, элементарна, не патрабуе доказаў і ўспамінаецца хіба тады, калі ў літаратурнай практыцы мы сутыкаемся з нечаканым адхіленнем у іншы бок пры абсалютнай несумненнасці самых добрых аўтарскіх намераў. I тут, мабыць, справа ў яшчэ адной асаблівасці мастацкай творчасці — у яе суб’ектыўнасці, якая ёсць дабро і зло адначасна і пераадолець якую не дадзена нікому з творцаў. Канечне, найбольшы каардынатар між гэтымі двума пачаткамі — ТАЛЕНТ, яго спрадвечнае імкненне да ісціны. Але талент, як вядома, якасць дужа няўлоўная, лятучая і зменлівая, яе нельга праверыць алгебрай і можна — хіба што працай, творам — канчатковым вынікам творчасці. Да таго ж талент, як казалі ў старыя часы, — ад Бога, і не залежыць ад чалавека, ягонага носьбіта, у той час як усё астатняе — ад чалавечай прыроды і цалкам у нашых руках. Найпершае з гэтага астатняга — грамадзянскае сумленне і працавітасць. Дык будзем жа памятаць пра іх і карыстацца імі спаважна, па-гаспадарску, — як таго заслугоўвае наш гераічны, шматпакутны і працавіты народ.
[1979]