Наша трывожная памяць

Наша трывожная памяць

У дні, калі ўсенародна адзначаецца дзень нашай перамогі, мы, былыя франтавікі, ні на хвіліну не маем права забыцца пра тых, хто цяпер мог быць з намі, але каго даўно ўжо няма на зямлі. Болей за трыццаць гадоў назад яны ў апошні раз упалі на траву і засталіся ляжаць там. Жывучы толькі ў нашай салдацкай памяці.

Усім, каму давялося ваяваць на тэрыторыі Венгрыі, добра вядома, якой цаной далася нам свабода гэтай цудоўнай краіны. Шмат якія яе геаграфічныя назвы, будучы памянёны ў кампаніі франтавікоў, дзейнічаюць як заклінанне, як своеасаблівы пароль. Што абуджае нялёгкія ўспаміны і выклікае ў памяці вобразы, навек звязаныя з вайной. I хоць мінула з тых часоў шмат гадоў, гэтыя ўспаміны хвалююць так моцна, як хвалявалі нас драматычныя акалічнасці зімы далёкага сорак пятага года.

У такія хвіліны мне жыва прыпамінаецца мой сябра лейтэнант Беражны. I хоць мы страцілі тады многіх, можа быць, не меней вартых за яго байцоў і камандзіраў, вобраз гэтага юнага ўзводнага ярчэй за іншых забітых праз гады свеціцца ў маёй памяці.

Тады мы займалі СТАР (супрацьтанкавы абарончы раён) у непасрэднай блізкасці ад перадавой, дзе разгарнуліся стралковыя батальёны. У адрозненне ад іх, нам, артылерыстам, было трошкі вальней, тым больш што на фронце некалькі дзён стаяла зацішша, і мы, камандзіры, дазвалялі сабе ненадоўга адлучыцца паблізу, наведаць сяброў, спаткацца з якімі ў звычайнай баявой абстаноўцы было немагчыма, і мы тыднямі не бачылі адзін аднаго.

Дзве 76-міліметровыя гарматы Беражнога стаялі паблізу ад маіх, з таго боку абсаджанага кустоўем прасёлка, і ў той ціхі вечаровы час Беражны прыйшоў на маю агнявую. Я дачытваў «Сястру Керы» Т. Драйзера, якую днямі ўзяў у яго і абяцаў, прачытаўшы, аддаць гэтым вечарам. Трэба зазначыць, што мы, маладыя, дужа сумавалі ў вайну па кнігах і прагна чыталі ўсё з таго нешматлікага, што выпадкам трапляла ў рукі, а за харошымі кнігамі заўжды былі чэргі. Беражны ж сярод нас вылучаўся сваёй начытанасцю і ўмеў пры ўсякіх абставінах здабываць кнігі. Заўжды ў яго туга набітай палявой сумцы было што-небудзь прыдатнае для чытання.

Кнігу ў той вечар я яму не вярнуў — мне не хапіла якойнебудзь гадзіны светлага часу, каб яе дачытаць, бо якраз прыйшоў мой камбат старшы лейтэнант Ахрын і загадаў падрыхтаваць асвятленне на выпадак начной стральбы. Якраз у сектары абстрэлу нашай гарматы стаялі наводдалек дзве сцірты саломы, і я разам з двума салдатамі пайшоў туды, каб на месцы вызначыць, як усё гэта зрабіць. Беражному я паабяцаў прынесці кнігу на другі дзень ранкам — мне заставалася якіх-небудзь сто дваццаць старонак тэксту, і я не думаў, што да ранку можа што здарыцца.

Аднак здарылася.

Здарылася, што я згубіў кнігу і назаўжды страціў майго сябра.

На світанні наступнага дня немцы абрынулі на нас шквал артагню, пад прыкрыццём якога танкі і бронетранспарцёры шостай танкавай арміі СС пад камандаваннем генерала Зепа Дзітрыха спрабавалі чацвёрты раз ад пачатку года прарвацца да Дуная. На гэты раз да Дуная яны не прарваліся. Сумеснымі намаганнямі войск Трэцяга Украінскага фронту іх прарыў на поўдзень быў хутка блакіраваны на канале Шыа і каля станіцы Шыманторнія.

Перш, аднак, чым гэта ўдалося, мы страцілі ў лютых баях палову асабовага складу палка і амаль усю яго матэрыяльную частку, жменька ўцалелых артылерыстаў на чале з камандзірам брыгады палкоўнікам Парамонавым сабралася ў нейкім фальварку на беразе канала Шыа, і мы суткі адбіваліся ад танкаў ворага. Мой сябра камандзір узвода лейтэнант Борматаў, калі не засталося гармат, супрацьтанкавай гранатай падарваў у дарожнай выемцы «тыгр», тым самым закрыўшы немцам выезд на пантонную пераправу цераз канал. Аднак усе нашы спробы прарвацца на той бок да сваіх не далі выніку. Наспех сфарміраваная пад маёй камандай група пяхоты, якая неяк прарвалася цераз баявыя парадкі нямецкіх танкаў, была сустрэта на беразе канала шчыльным агнём сваіх мінамётчыкаў, што прынялі нас за немцаў. Пакінуўшы некалькі чалавек забітымі і падабраўшы параненага старшыну нашай батарэі Жарава, мы змушаны былі адысці назад у фальварак. Пасля быў начны прарыў пад агнём цераз занятую ворагам пераправу і доўгія тыдні цяжкіх баёў за вышыню на поўдзень ад станцыі Шыманторнія, якія каштавалі нам немалых страт у пяхоце, артылерыі і ў танках. Мы страцілі ў гэтых баях, апроч некалькіх дзясяткаў салдат і сяржантаў, двух камандзіраў узводаў, самага вопытнага з камандзіраў батарэі капітана Кавалёва і, нарэшце, камандзіра палка падпалкоўніка Аўчарова, смяртэльна параненага снарадам з танка. Каля гарматы майго ўзвода, якой камандаваў старшына Лук’янчанка, была падбіта і згарэла з усім экіпажам наша «трыццацьчацвёрка», і яе абгарэлы корпус некалькі дзён служыў нам адзіным прыкрыццём ад знішчальнага агню з «тыграў». Аднойчы ранкам, калі вышыня на нейкі час была пакінута пяхотай, нашы агнявыя разлікі, застаўшыся без усялякага прыкрыцця, уцалелі толькі дзякуючы туману, які, раптам наплыўшы, схаваў нас ад немцаў.

Тыдзень цяжкіх баёў пад Шыманторніяй скончыўся магутным ранішнім выбухам, якім немцы ўзарвалі сваю пераправу цераз канал і пачалі таропкі адыход на поўнач, дзе ў іхнія тылы ўжо ўварваліся часці Другога Украінскага фронту. Разам з пяхотай наш артполк пачаў праследаванне і праз некалькі дзён зноў выйшаў на знаёмы прасёлак, дзе мы некалі займалі разгромлены свой СТАР. Тут у нас засталася некаторая колькасць боепрыпасаў, якія трэба было забраць, і некалькі чалавек на «студэбекеры» паехалі да агнявой пазіцыі Беражнога, дзе ён прыняў свой апошні бой з немцамі.

У мяне дагэтуль жыва стаіць перад вачамі той жахлівы малюнак, які красамоўна сведчыў аб трагічным фінале нядаўняга паядынку жменькі байцоў з нямецкімі танкамі. Уся падталая зямля вакол агнявой пазіцыі была разварочана шырокімі слядамі танкавых гусеніц, земляны бруствер сцёрты дарэшты, гармата разбіта двума ці нават трыма выбухамі цяжкіх 88-міліметровых снарадаў, ствол яе перабіты і звернуты набок, накатнік сарваны; адна станіна тырчала сашніком угару, другая, наадварот, была ўціснута глыбока ў зямлю. Паміж станінамі ніцма ляжалі два раздушаныя целы нашых байцоў у скрываўленых і ўжо засохлых шынялях, а побач, на брустверы, звесіўшы ў напаўзасыпаны акопчык ногі, распластаўся мой сябра лейтэнант Беражны. Кішэні ягонай расшпіленай гімнасцёркі былі вывернуты, пісталет з дзягі зрэзаны разам са скураной кабурой, ордэн Чырвонага Сцяга звінчаны з гімнасцёркі, а шэрыя, назаўжды застылыя вочы яго недаўменна пазіралі ў па-веснавому высокае венгерскае неба.

Цяпер праз шмат гадоў угледзеўшыся ў гэтае неба, я чамусьці бачу на ім гэты недаўменны позірк мёртвага дваццацігадовага сябра, які любіў кнігі і так заўчасна расстаўся са сваім маладым жыццём — усяго за два месяцы да нашай перамогі. Але вось нам пашчасціла дажыць да яе светлага дня, і наш неадплатны доўг перад забітымі да канца нашых дзён будзе ляжаць на нашым сумленні.

Зрэшты, можа, так і павінна быць. Таму што ў гэтай нашай трывожнай памяці — тая векавечная сувязь, якая назаўжды і непарыўна звязала нас, жывых, з мёртвымі.

[1975]