Ведаць тое, аб чым пішаш
Ведаць тое, аб чым пішаш
Мастацкае асэнсаванне народнага жыцця ва ўсёй яго непаўторнай разнастайнасці і стварае, на мой погляд, галоўную задачу мастацтва сацыялістычнага рэалізму. Пры гэтым, мне здаецца, трэба зыходзіць з абавязковасці прызнання менавіта факта непаўторнай разнастайнасці жыцця, у якім кожны дадзены момант адбываецца няспыннае ўзаемадзеянне рознага роду характараў, увасобіць якія ў літаратуры можа толькі вобраз. Але вельмі няпроста гэта — праз адно выказваць другое ды яшчэ з неабходнай для рэалістычнага мастацтва глыбінёй і дакладнасцю. Для гэтага мала валодаць літаратурным талентам — трэба яшчэ вельмі многае ведаць, глыбока адчуваць і правільна разбірацца ў часта заблытаных жыццёвых сувязях, працэсах і з’явах.
Існуе парадаксальная на першы погляд думка, быццам для таго, каб перадаць дух часу, трэба адысці ад гэтага часу на адлегласць, бо з адлегласці ўсё відаць болей выразна. I сапраўды, сучаснасць цяжка ўлавіць для тыпізацыі. Куды болей падатлівы і паслухмяны час мінулы з яго ўстаялымі каштоўнасцямі і абкатанымі рэаліямі. Але вось чытаючы сёння некаторыя творы на тэму мінулай вайны, міжволі заўважаеш, як пры ўсёй бясспрэчнасці многіх палажэнняў і кананізаванай абавязковасці пэўных рэалій у іх адсутнічае нешта большае і значнае, без чаго гэтыя творы проста не ўражваюць, хоць гутарка ідзе, магчыма, аб самым галоўным для кожнага жывога — барацьбе за жыццё.
Так, рэалій і востра драматычных сітуацый там, мабыць, дастаткова, але адкуль аўтарам узяць душэўную напоўненасць, псіхалагічную дакладнасць пачуцця, якія немагчыма імітаваць, бо неабходна перажыць. Вось чаму на пытанні маладых літаратараў, што нарадзіліся пасля пераможнага мая 1945 года, ці можна тым, хто не ваяваў, пісаць пра вайну, я адказваю: можна, але лепш не трэба. Літаратура, кіно, тэлебачанне цяпер у стане забяспечыць вас поўным наборам расхожых сітуацый і штатных дэталей, але ніхто не перадасць вам пачуццяў, якія вы не адчулі і якія, быць можа, і складаюць самае істотнае ў кожным мастацкім творы.
Менавіта дакладнасць у перадачы чалавечай псіхалогіі, сіла пачуццяў і вышыня ідэалаў адрозніваюць лепшыя творы літаратуры сацыялістычнага рэалізму на тэмы мінулай вайны. Успамінаючы цяпер многія акалічнасці паяўлення так званай другой хвалі ваенных празаікаў, трэба прызнаць той факт, што галоўным у іх аповесцях і раманах была ўсё ж з нечаканай паўнатой і дакладнасцю выяўленая псіхалогія салдата ў баі. Адамовіч, Астаф’еў, Бакланаў, Багамолаў, Бондараў, Гусараў, Носаў стварылі кнігі, дзе выдатны талент іх аўтараў шчасліва спалучаецца з багатым асабістым ваенным вопытам, які і прынёс поспех прынцыповага значэння. У іх мы знаходзім складанасць, якая ўражвае ўяўленне, і сапраўдны цяжар ваеннага лёсу, самаадданасць і гераізм — увесь комплекс праўды самай крывавай, але і самай справядлівай з войнаў, што выпадалі на долю нашага народа.
Як вядома, усялякае прагназаванне звязана з той ці іншай мераю рызыкі, але ў дадзеным выпадку, здаецца, менш за ўсё рызыкуючы памыліцца, можна сцвярджаць, што лепшыя творы названых вышэй і некаторых іншых аўтараў аб вайне на доўгія гады застануцца ў залатым фондзе літаратуры сацыялістычнага рэалізму, бо ў іх ёсць псіхалагічная дакладнасць і вялікая праўда аб часе, які ніколі не знікне з чалавечай памяці.
[1979]